Фантастычныя апавяданні пра тое, куды ідзем

№ 28 (1415) 13.07.2019 - 20.07.2019 г

У Купалаўскім — прэм’ера. І не абы-якая — нацыянальная класіка ХІХ стагоддзя ў сучасным прачытанні: “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”. Вядомы твор Яна Баршчэўскага ператварыў у п’есу Сяргей Кавалёў. Аншлаг!

Кландайк для даследаванняў

Прэм’ера ў Купалаўскім — заўжды крыху больш, чым проста новы спектакль. Гэта яшчэ і чарговы адказ на вечнае пытанне: куды ідзем? Не толькі таму, што тэатр па праву носіць званне Нацыянальнага акадэмічнага, збіраючы лепшыя творчыя сілы краіны, але і таму, што прызваны звяртацца да найбольш актуальных, а часам і балючых пытанняў нашага жыцця. Гэта ў новым спектаклі — спраўдзілася на ўсе сто.

Дарэчы, гэта не першы зварот купалаўцаў да згаданага твора. Ранейшы быў монаспектаклем Генадзя Аўсяннікава і амаль не адыходзіў ад добра скарочанага тэксту арыгінала, перакладзенага з польскай на беларускую: мы бачылі менавіта фантастычныя, заснаваныя на беларускіх паданнях гісторыі-аповеды, цудоўна прыпаднесеныя знаным артыстам, літаральна народжаным для гэтай ролі. Вось і ў цяперашнім спектаклі мы бачым Аўсяннікава — Шляхціцам. На гэтым параўнанні паміж пастаноўкамі заканчваюцца. І не толькі таму, што новы спектакль — густанаселены, як і колішняя аднайменная кінастужка Віктара Турава. Бо праца Сяргея Кавалёва не зусім інсцэніроўка, як пазначана ў праграмцы. На аснове асобных апавяданняў ён стварыў завершаную, добра складзеную п’есу з паслядоўна разгорнутай інтрыгай — па ўсіх законах драматургічнай класікі: экспазіцыя, завязка, кульмінацыя, развязка. Легенды спляліся адна з адной, з’явіліся скразныя героі, некаторыя з іх сталіся збіральнымі, іншыя — бы перанесенымі з аднаго аповеда ў другі. Больш акцэнтаванымі сталі развагі пра нацыянальную самасвядомасць і незалежнасць — ледзь не з тонка пракладзенымі спасылкамі да найноўшых навуковых прац. І разам з тым узмацніліся паралелі з еўрапейскімі і сусветнымі архетыпамі, узніклі нават прамыя паралелі, уласцівыя постмадэрнісцкім прачытанням, што стала адметнасцю творчага почырку аўтара.

Параўнанне кнігі і спектакля — сапраўдны кландайк для даследаванняў. Не здзіўлюся, калі ў наступным вучэбным годзе з’явіцца безліч школьных сачыненняў ды курсавых на гэту тэму. Між іншым, яшчэ і таму, што спектакль абсалютна дакладна разлічаны на нашу сярэднестатыстычную (і, скажам шчыра, не самую “прасунутую” ў мастацкіх даляглядах) тэатральную аўдыторыю, уключаючы падлеткава-моладзевую. Тут ёсць усё, каб прыцягнуць публіку рознага ўзросту, куды маладзейшую за пазначанае тэатрам 16+ (пэўна, на ўсялякі выпадак, каб ніхто не прыдраўся).

Акцёрскі склад — зорны. Асабліва вылучаюцца Іван Трус (Доктар Шэльмер) і Аляксандр Казела (Белая Сарока), якія не маюць, як гэта заведзена, “дублёраў”. Іван вярнуўся ў сталіцу, прайшоўшы выдатную школу (ды што там школу — майстар-класы!) рэжысёра Саўлюса Варнаса ў Магілёве. Чаго каштуе адно тое, як ён умее трымаць паўзу. У Аляксандра адразу заўважна асаблівая музычнасць — ужо ў тым, як ён прыпадносіць сябе ў адметным строі. А як змяняецца Раман Падаляка (Пан Альберт), калі ў яго ўсяляецца Нячысцік!

Увогуле “карцінка” — вышэйшага ўзроўню, прычым зразумелая нават дзецям і зусім не страшная. Каларытны чарот, што апускаецца ў багну і зноў узрастае. Маштабная выява Чорнага пеўня з вокам-поў-
няй. Надзетыя на артыстаў маскі-галовы Ваўкалака, Цмока, Калядоўшчыкаў — прамыя спасылкі да вялізных арыгамі. А сам Цмок, якога артысты праносяць “у поўную велічыню”, бы навагодняга кітайскага дракона, аказваецца шкілетам гэткага дыназаўрыка. Ёсць і вялізная Рыбіна, што з’яўляецца з-пад ільду, бы Шчупак з казкі пра Ямелю. Што ні кажыце, а спектакль, дзякуючы працы мастакоў Кацярыны Шымановіч і Сяргея Ашухі ушчэнт разбівае міф пра тое, што ў жанры фэнтэзі тэатр ну ніяк не можа спаборнічаць з кінематографам.

Касцюмы рэальных персанажаў таксама вельмі стыльныя: фольк і шляхецтва ў іх азначаныя ўмоўна, але вельмі дакладна. Частка строяў увогуле магла б скласці добрую дызайнерскую калекцыю, прызначаную для вытворчасці. Дый колеравыя спалучэнні, не пазбаўленыя асацыятыўных шэрагаў, радуюць вока. Шыкоўна дапаўняюць відошча пластыка і танцы, пастаўленыя Вольгай Скварцовай, якая праз гэта і адметныя характары героям надала, і народныя скокі зрабіла ў меру фолькавымі — і ў меру фантазійна-сучаснымі.

Гэтак жа і музыка Віктара Кісценя, пабудаваная на спалучэнні розных полюсаў. Белая Сарока знітавана з барочнай цытатай. Сяляне — з аўтэнтыкай (між іншым, у такой манеры ўжывую спяваюць самі купалаўцы, што робіць ім гонар), апрацоўкай і стылізацыяй народных матываў. А колькі кампазітарскай фантазіі ў драматычных сцэнах, звязаных з адмоўнымі персанажамі! На жаль, тыя моманты не заўжды становяцца магутнымі кульмінацыямі, як гэта, пэўна, было задумана: запіс (па меншай меры, на перадпаказе) уключаўся часам надта ціхутка, бы нейкі шоргат-шамаценне. Фонасферу спектакля выдатна дапаўняюць і мікрафонныя рэплікі, і гучанне жывых інструментаў у запісу, што “разбаўляе” камп’ютарную аранжыроўку. Адзінае, чаго ў гэтым складніку бракуе, дык гэта нейкай агульнай “звышканцэпцыі”, да якой схільны ў падобных выпадках той жа Уладзімір Кур’ян, які працуе ў Купалаўскім загадчыкам музычнай часткі.

Але гэткі “сімфанізм мыслення” звычайна распрацоўваецца разам з рэжысёрам. Маладая Алена Ганум яго пакуль не набыла. Мяркуючы па гэтай і яе ранейшых пастаноўчых працах (“Шабаны”, “Зямля Эльзы”), яна добра і даступна “пераказвае” гісторыі, больш разлічвае на яркую візуальную вобразнасць, чым на размаітыя філасофскія асэнсаванні. Магчыма, з-за гэтага спектакль так і не выходзіць на шырокую прастору абагульненняў, а мог бы.

Дзве дзеі аказваюцца няроўнымі. Першая пакідае надзею калі не на творчае адкрыццё (бо для гэтага не стае моцнага рэжысёрскага стрыжня), дык на папраўдзе добры мастацкі вынік. Другая дзея гэты спадзеў разбурае. У ёй ёсць надзвычай запамінальныя сцэны, багатыя на алегорыі. Як шляхцічы-здраднікі, якім “кінулі костку” — нават быццам бы добры кумпяк, літаральна “паядаюць вантробы”. Ці як званы ператвараюцца ў людзей. Але фінальныя “слонікі” (у гэткім абліччы танчаць індусы, якія прывезлі Завальню тытунь) перакрэсліваюць усе здабыткі, ператвараючы відовішча ў капуснік ці ранішнік. Шкада…

/i/content/pi/cult/753/16314/25.JPG

 

Традыцыі ціснуць і не адпускаюць

Ці можа тэатр стаць крыніцай мемаў? Думка дзіўная, аднак пасля прэм’ернага “Шляхціца Завальні, або Беларусі ў фантастычных апавяданнях” Алены Ганум у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Янкі Купалы яна ўжо не падаецца беспадстаўнай. Пра слонікаў у фінале пастаноўкі не шуткуе толькі лянівы. А хацелася б, каб па завяршэнні спектакля глядач рэфлексаваў над больш глыбокімі алюзіямі.

Чаму так атрымалася? Мяркуючы па няроўнаму дзеянню, па нераўназначным фрагментам спектакля, па змяшчэнні акцэнтаў то на патэтычныя прамовы, то на дэтэктыўны сюжэт, маладому рэжысёру Алене Ганум не атрымалася да канца вызначыцца з галоўнай мэтай, дзеля чаго яна звяртаецца да культавага нацыянальнага твора.

У адным з інтэрв’ю напярэдадні прэм’еры спадарыня Ганум акрэсліла тэмы будучай пастаноўкі: радзіма і пераемнасць пакаленняў. Аднак на перадпаказе гэтыя ключавыя кропкі аказаліся пад тоўстым слоем даволі ілюстратыўнага пераказу падзей. Мяркую, свой уклад у гэта ўнесла інсцэніроўка Сяргея Кавалёва. Патэтычныя маналогі, зацягнутыя дыялогі, стаўка на сюжэтную лінію не давалі магчымасці для занурвання ў падтэкставыя глыбіні твора. Усё ж тэкст Баршчэўскага шырэйшы за збор нацыянальных міфаў.

Пакуль жа атрымалася так, што ў пастаноўцы дамінуе візуальная частка. “Шляхціца Завальню” хочацца менавіта глядзець, бо заварожвае сцэнаграфія Кацярыны Шымановіч і Сергея Ашухі. Фантастычны чарот, у якім блукаюць персанажы, адразу стварае атмасферу містычнасці. Месяц, што разгараецца вокам чорнага пеўня, з першых хвілін зацягвае, бы ў глыбіні таго самага магічнага возера Нешчарда, куды вяртаецца з паўночнай сталіцы Расійскай імперыі пляменнік шляхціца Завальні Ян. Снег, які ад пачатку засыпае прастору пад сафітамі, становіцца надзвычай маляўнічай дэталлю, якая апраўдвае ўсе гэтыя кажухі і валёнкі на сцэне.

Дадайце сюды цудоўную пластыку ад харэографа Вольгі Скварцовай — і вы зразумееце, чаму ў “плюсах” спектакля ўсе крытыкі адзначаюць відовішчнасць. Аднак хацелася б не толькі глядзець, але і мець больш прычын для разваг і паслятэатральных абмеркаванняў. Зараз “Шляхціц Завальня” бліжэй да школьнікаў: можна паглядзець на ўстаўны (і не самы абавязковы) нумар з калядаваннем, зрабіць выгляд, што напужаўся смешнага ваўкалака ці паверыў у бесцялеснасць цёмнага духа, паспяваць-патанчыць у фінале разам з акцёрамі. І ўсё ж спектакль не заяўлены ранішнікам…

Зараз ізноў пойдзе хваля абу-
рэння, маўляў, крытыкі толькі вышукваюць нагоду для абгавору, не разумеюць, колькі было ўкладзена творчых высілкаў у пастаноўку. Паверце, я цудоўна ведаю працэс стварэння спектакля. Назірала яго з дзяцінства, бо вырасла за кулісамі. Бачыла на свае вочы перажыванні, рэпетыцыйныя супярэчнасці і цяжар творчых пошукаў, калі працавала загадчыкам літаратурнай часткі ў сталічным тэатры лялек. Я паважаю імпэт калектыву, і таму яшчэ больш смуткую, што яго патэнцыял не быў выкарыстаны напоўніцу.

Так, усе адзначылі вытанчаную Белую Сароку, якую шыкоўна ўвасобіў Аляксандр Казела. Аднак талент спадара Аляксандра куды большы за такую прыкметную, але невялікую ды ў многім паўтараючую былыя вобразы ролю. Увесь свой магілёўскі багаж прад’явіў сталічным гледачам Іван Трус. Ягоны доктар Шэльмер атрымаўся бадай адзіным сапраўды таямнічым персанажам. Дык ці гэта дасягненне рэжысёра? Ад гэтага акцёра немагчыма было адарваць вачэй, а, напрыклад, бліснуўшы не так даўно ў Аляксандра Янушкевіча ў “Тадж-Махале” Іван Кушнярук згубіўся ў новым матэрыяле. Як і многія іншыя, бо падстаў для стварэння аб’ёмнага вобразу амаль няма.

Можна доўга пералічаць асобныя яскравыя моманты. Вось выстрэльвае фальклорна-гумарны дуэт Агапкі і Карпы (Крысціна і Андрэй Дробышы). Зрывае ў кароткай мізансцэне апладысменты заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Міронова — яе пакаёўка Мальгрэта становіцца найлепшым увасабленнем народнага духу. Публіка з задавальненнем слухае народнага артыста СССР Генадзя Аўсяннікава, хоць яму, на жаль, амаль і няма чаго тут іграць. Аднак я пералічаю фрагменты. У цэласную карціну яны, як не шкада, не склаліся. Традыцыі мусяць быць штуршком для рэалізацыі актуальнага, а не ператварацца ў чароўны вір, які паглынае ўсялякія спробы выказаць асабістае.

Складваецца ўражанне, што айчынныя рэжысёры існуюць у нейкай ізаляванай прасторы, таму і ходзяць па кругу. Дапускаю, не ўсе могуць даехаць у замежжа. Але ёсць жа міжнародны фестываль “ТЭАРТ”, які заманьвае ў Мінск выбітныя калектывы. У кінатэатрах у рамках праекта TheatreHD ладзяцца трансляцыі лепшых пастановак сусветных сцэн. А можна проста прыйсці на спектакль да калег, што зараз знаходзяцца на піку творчасці (Аляксандр Янушкевіч, Яўген Карняг, Вольга Лабоўкіна, Ігар Казакоў — спіс можна працягваць) і паспрачацца з імі ў варыяцыях раскрыцця задуманага. Часам менавіта ўнутранае спаборніцтва дапамагае нам перастаць таптацца на месцы.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"