Адысея на чатырох колах

№ 28 (1415) 13.07.2019 - 20.07.2019 г

Аўтамабіль не раскоша, а сродак перамяшчэння? Толькі не ў тым выпадку, калі збіраешся ў тэатр. Магчымасць хуценька даехаць, каб забегчы ў глядзельную залу ўсё ж да таго, як уздымецца заслона, часта разбіваецца праз жорсткую рэальнасць: паркоўкі ля большасці тэатраў адсутнічаюць. Ад слова “зусім”.

Возьмем самую тэатральную вуліцу сталіцы, на якой змешчаны адразу тры тэатры: Купалаўскі, Тэатр лялек і ТЮГ. Сюды мной пратаптаныя шматлікія сцежачкі. Менавіта пратаптаныя: з метро лёгка патрапіць у кожны з будынкаў. А вось для вадзіцеля гэты тэатральны рай ператвараецца ў бермудскі трохкутнік, у якім ці сам заблукаеш, ці машыну страціш, бо ад эвакуатараў ніхто не застрахаваны.

Ля Купалаўскага маецца лапік умоўна названай паркоўкі. Хто першы прыехаў — той і заняў месца. Праўда, у выйгрышы часцей аказваюцца супрацоўнікі тэатра, якія, як ні круці, з’яўляюцца ля будынка раней за гледачоў. ТЮГу пашчасціла яшчэ менш: насупраць размешчаны гатэль і бальніца, таму любое гіпатэтычна свабоднае месца, не схаванае пад знакам “Паркоўка забаронена”, хутчэй за ўсё будзе занята наведвальнікамі тых устаноў. Насупраць Тэатра лялек — Адміністрацыя Прэзідэнта, і побач ніяк не прыпаркуешся. Ёсць утапічная надзея знайсці кавалачак вольнага асфальту ва ўнутраным двары суседняга жылога дома. Аднак вы ж разумееце, што пачуеце (і — падкрэслю — справядліва!) ад тутэйшых жыхароў. Ды і паводле правілаў дарожнага руху гэта будзе парушэннем.

Хтосьці з’едліва зазначыць, навошта сунуцца ў цэнтр горада, калі ёсць метро. Слушна? Не зусім. Сітуацыі бываюць розныя. Маленькім гледачам тэатра лялек можа быць ад трох гадоў, а на вуліцы — залева, моцны мароз ці яшчэ якая анамалія прыроды. Прасцей было б пад’ехаць да будынка, каб хутчэй туды ўбегчы.

Ці іншая лагістычная задачка з асабістага досведу. Збіраемся з сынам на прэм’еру ў ТЮГ. На маё шчасце, ён ужо не немаўля, але зыходныя дадзеныя нашага намеру: спектакль пачынаецца а шостай, я знаходжуся ў рэдакцыі ў раёне Акадэміі навук, сын вучыцца ў другую змену на Паўднёвым Захадзе. Як дабрацца да глядзельнай залы да трэцяга званка, калі машыну, на якой я даімчу да гімназіі, дакладна няма дзе будзе паставіць? Па сакрэце скажу, што даўно вынайшла для сябе “перахватвальную” паркоўку: пакідаю аўто ля метро “Грушаўка” і дабіраюся да цэнтра на грамадскім транспарце. Толькі на Грушаўцы такіх хітрых становіцца ўсё болей, а адзіную грамадскую стаянку колькі часу таму закрылі з-за будоўлі шматпавярховіка. Што будзем рабіць, калі месца ўздоўж дарогі скончыцца (тамтэйшы прыватны сектар ужо абураецца наплыву “чужынцаў”)?

Часцей за ўсё на перакладных даводзіцца дабірацца да Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Каб не вагацца ў антракце трохгадзіннага спектакля — ці з’ехаць зараз, ці застацца да канца, аднак быць гатовым, што дома апынешся апоўначы, стараюся ехаць туды на ўласным транспарце. Не так даўно ў былы будынак Маладзёжнага тэатра, што таксама месціцца непадалёк ад РТБД, перабраўся яшчэ і Тэатр-студыя кінаакцёра, так што навігатар у два разы часцей будзе шукаць вуліцу Крапоткіна. З бясплатнымі стаянкамі і там справы так сабе. Выратоўваюць парковачныя месцы ўздоўж трамвайнага шляху, якія ўвечары вызваляюць тамтэйшыя офісныя супрацоўнікі. І ўсё ж…

З усіх тэатраў хіба Вялікі можа пахвастацца афіцыйнай стаянкай для супрацоўнікаў і наведвальнікаў. Праўда, падчас “Балетнага лета” за 40 хвілін да пачатку спектакля тая паркоўка была запоўнена, на вуліцы Алаізы Пашкевіч транспарт не пакінеш (суседнія двары, зразумела, перапоўненыя “прыхаднямі”). І здзіўляцца няма чаму: зала разлічаная на 1200 гледачоў, што не скажаш пра пляцоўку для аўтамабіляў.

Пытанне з паркоўкамі самі тэатры разруліць не могуць. Таму ж Тэатру лялек, напрыклад, няма дзе захоўваць дэкарацыі — у гэтай сітуацыі зусім не да другасных пытанняў. Тут, хутчэй, чакаеш паразумецца з гарадскімі ўладамі. Сапраўды, ці не дзіва, што прыватныя гандлёвыя цэнтры думаюць пра наведвальнікаў змешчаных у іх кінатэатраў, дазваляючы ўладальнікам кінабілетаў пакінуць сваю машыну бясплатна на некалькі гадзін на паркоўцы, а дзяржаўным тэатрам даводзіцца рабіць выгляд, што яны вышэйшыя за гэтую праблему?

Застаецца толькі марыць, што калі-небудзь хаця б побач з тэатральнай вуліцай Энгельса з’явіцца выдаткаваныя для аматараў мастацтва машынамесцы, дзе можна будзе па білеце на спектакль спакойна пакінуць чатырохколы рыдван, не баючыся пабачыць на экране смартфона званок бескампраміснага інспектара ДАІ.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"