Святочныя дзеі пад знакам Незалежнасці

№ 28 (1415) 13.07.2019 - 20.07.2019 г

На мінулым тыдні Беларусь святкавала Дзень Незалежнасці, з нагоды чаго многія ўстановы культуры зладзілі маштабныя святочныя мерапрыемствы — прычым, як у сваіх сценах, так і ў фармаце open-air. Зразумела, менавіта пра гэта згадваюць у сваіх лістах нашы карэспандэнты з розных куткоў краіны. А таксама, натуральна, і пра некаторыя іншыя адметныя мерапрыемствы, што адбыліся днямі ў Беларусі.

/i/content/pi/cult/753/16308/17.JPGРэквіем і памяць

Штогод у мемарыяльным комплексе “Шавулічы”, што ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці, на месцы спаленай разам з 366 жыхарамі беларускай вёскі, праходзіць мітынг-рэквіем, прысвечаны памяці ахвяр фашызму. Не стаў выключэннем і гэты год. Як пішуць нам супрацоўнікі Ваўкавыскага РМЦ, днямі тут, у вёсцы-помніку, прайшла тэатралізаваная рэканструкцыя падзей таго жахлівага дня — 7 ліпеня 1943 года. А пазней сваякі загінулых, а таксама людзі, якія прыйшлі на мітынг, усклалі кветкі і вянкі каля помніка жыхарам Шавуліч.

У Ашмянскім раёне, як піша нам супрацоўнік аддзела метадычнай работы Ашмянскага РЦК Кацярына Рудзік, гэтымі днямі ладзіліся святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня Незалежнасці і 75-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Напрыклад, у аграгарадку Гальшаны адбыўся святочны канцэрт “Беларусь — гэта імя Перамог!”

На помніку, што стаіць у паселішчы, як напамін пра тыя далёкія часы, высечаны прозвішчы 28 воінаў. Сярод іх імёны Аляксандра Аўдзеева і Пятра Страленкі — членаў экіпажа 43-га авіяпалка, якія скіравалі свой самалёт у калону нямецкіх танкаў. Памяць герояў была ўшанавана хвілінай маўчання.

Свае імпрэзы з нагоды свята зладзілі і ў Лідскім раёне. Так, Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці прыняў удзел у акцыі “Вальс Перамогі”. Дзеля гэтага супрацоўнікі ўстановы культуры арганізавалі ў раёне святочныя мерапрыемствы і пляцоўкі, дзе ў вальсе кружыліся сотні пар.

Акрамя таго, у самой Лідзе прайшоў XIV фестываль нацыянальных культур Лідчыны “Суквецце сяброўства”. Дзея адбылася ў рамках святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцскіх захопнікаў і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

— З фестывальнай сцэны дарылі сваю творчасць гасцям мастацкія гурты грамадскіх аб’яднанняў палякаў, літоўцаў, украінцаў, яўрэяў, расіян і беларусаў, якія жывуць на Лідскай зямлі, — пішуць нам супрацоўнікі мясцовага РЦКіНТ. — Усім творчым калектывам, якія выходзілі на сцэну, а таксама асобным салістам былі ўручаны дыпломы за ўдзел у фестывалі.

Успаміны з вайны і пра вайну

Працягну тэмы святкавання Дня Незалежнасці інфармацыяй з Мастоў. 3 ліпеня яркія і незабыўныя эмоцыі жыхарам і гасцям райцэнтра падарыў “Літаратурны палявы прывал”, які быў арганізаваны Мастоўскай раённай бібліятэкай да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Як піша нам метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мастоўскай “кніжніцы” Вольга Коршун, вялікай папулярнасцю ў гасцей свята карыстаўся галоўны атрыбут пляцоўкі — бібліёбус, стылізаваны пад ваенны аўтамабіль. А асаблівую атмасферу для ўсіх прысутных стваралі супрацоўнікі бібліятэкі, пераапранутыя ў ваенную форму, якія прапаноўвалі кожнаму ахвотнаму паўдзельнічаць у перасоўнай мабільнай анлайн-віктарыне “Я ведаю! Я ганаруся!” Удзельнікамі віктарыны, да слова, былі як дзеці, так і дарослыя, а пераможцам уручаліся прызы.

На “Літаратурным палявым прывале” аматары кнігі і чытання змаглі пагартаць копіі плакатаў і газет ваеннага часу, пазнаёміцца з матэрыяламі выставачнай экспазіцыі “Подзвіг — бессмяротны, памяць — вечная”. Дарэчы, Мастоўскай раённай дзіцячай бібліятэкай для маленькіх гасцей была арганізавана гульнявая пляцоўка “Бібліядворык”, на якой размясціліся кніжкі-цацкі, дзіцячыя часопісы, настольныя гульні, размалёўкі, батут. Хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі пазмагацца ў настольны футбол і аэрахакей, а зона аквагрыму “Чароўныя ўзоры” парадавала дзяцей і дарослых і дапамагла ім пераўвасобіцца ў любімых персанажаў.

У Палацы мастацтваў Бабруйска да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь зладзілі музычна-пазнавальную праграму “Мы — дзеці сваёй краіны”. Як піша нам загадчыца сектарам па рабоце з дзецьмі ўстановы культуры Вольга Паўкалас, для выхаванцаў школьных лагерах розных устаноў адукацыі райцэнтра былі прадэманстраваны цікавыя музычныя тэматычныя віншаванні.

Разам з усёй краінай адзначылі Дзень Незалежнасці і бібліятэкі Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Браслаўскага раёна. Святочныя мерапрыемствы, як піша нам загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Браслаўскай ЦБС Ірына Макарэвіч, прайшлі ва ўсіх філіялах сістэмы напярэдадні 3 ліпеня.

Так, цэнтральная бібліятэка горада прысвяціла гістарычным падзеям разгорнутую кніжную выставу на адкрытай пляцоўцы побач з галоўнай плошчай Браслава, на якой у гэты час адбываўся святочны мітынг. Выстава складалася з раздзелаў, прысвечаных падзеям вызвалення Беларусі, Віцебшчыны і Браслаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, сучасным дасягненням краіны, вобласці і раёна. Да слова, імпрэзы ў фармаце open-air, як абяцаюць браслаўскія бібліятэкары, будуць ладзіцца імі на пастаяннай аснове.

Ад ліста з Браслава пяройдзем да інфармацыі са Шчучына. Як піша нам метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Шчучынскай раённай бібліятэкі Кацярына Кіселар, у святочны дзень супрацоўнікамі кніжніцы на пляцоўцы ў гарадскім скверы была прадэманстраваная электронная слайд-прэзентацыя “Ваш бессмяротны подзвіг у нашай памяці і ў сэрцы”. Названая прэзентацыя з’яўляецца своеасаблівым вынікам віртуальнага марафону сярод бібліятэчных устаноў Шчучынскага раёна, які прайшоў пад назвай “Нам жыць і помніць”.

Таксама ў рамках святочных мерапрыемстваў прысутныя ўбачылі відэаролікі з рэдкай кінахронікай вызвалення Беларусі, самымі важнымі падзеямі аперацыі “Баграціён”, праектам “Хроніка. Мінск ад Дня вызвалення і да нашых дзён”. А для самых маленькіх гасцей свята ў гэты дзень Шчучынская дзіцячая бібліятэка падрыхтавала пазлы, інтэрактыўныя гульні і размалёўкі.

Ад свята да свята

І крыху пра іншыя святы, якія ўсё ж так ці іначай звязаныя з галоўнай датай мінулага тыдня. Напрыклад, у Ашмянах якраз напярэдадні Дня Незалежнасці прайшла акцыя “Дзень вышыванкі”. Па меркаванні нашай аўтаркі Інгі Гіз, калі казаць пра асацыяцыі, звязаныя з нашай краінай, то адразу пасля бульбы і буслоў будзе стаяць такая рэч, як вышыванка.

І з гэтымі словамі цалкам можна пагадзіцца. Не надта вядомая яшчэ гадоў дзесяць таму вышыванка цяпер фактычна з’яўляецца адным з найбольш вядомых сімвалаў беларусаў. Не ведаю, як хто, а я часта бачу маладых людзей у майках і тэнісках з арнаментам на вуліцах Мінска. Ды і сам ужо хачу займець сабе такую. А ўвогуле, як піша аўтарка допісу, сёння вышыванка — гэта “візітная картка Беларусі”. Таму цалкам зразумела, што сёлетняе свята ў Ашмянах прайшло з поспехам і пры ўдзеле вялікай колькасці маладых людзей.

— На падобным свяце заўсёды шмат беларускай мовы, музыкі і сімволікі, — піша Інга Гіз. — Узоры нават намаляваць на сабе можна было: працавала зона з аквагрымам. Квэст-забег з інтэлектуальнымі іспытамі адкрыў забаўляльную частку праграмы, якая працягнулася канцэртам.

Яшчэ адна святочная дата ўрачыста адзначалася ў Светлагорскім раёне. Адна з вёсак паселішча — Казлоўка — адсвяткавала свой 380-гадовы юбілей. Паселішча, дарэчы, некалі мела іншую, цікавую і незвычайную назву — Глебапечы. Як піша нам бібліятэкар Казлоўскай сельскай бібліятэкі Валянціна Пятрова, галоўнай тэмай святочных мерапрыемстваў сталася 75-годдзе вызвалення вёскі ад фашысцкіх захопнікаў.

На святочную дзею сабраліся не толькі вяскоўцы, а і цяперашнія гараджане. Вялікую зацікаўленасць у прысутных выклікала “Партрэтная галерэя людзей, якімі ганарыцца Казлоўка”, што з’явілася ў выніку бібліятэчнага праекта “10 імёнаў Казлоўкі”. Шмат ахвотных фатаграфаваліся ў дзвюх фотазонах, падрыхтаваных бібліятэкай. У іх аздабленні выкарыстоўваліся экспанаты бібліятэчнага ”Музея малой радзімы”: кулямёт, салдацкія каскі, вінтоўкі, кацялок, палатка… Таксама арганічна ўпісалася ў праграму літаратурна-музычная кампазіцыя “Помніць сэрца і ніколі не забудзе”, якая нагадала пра падзеі ваеннага часу. А ўзнёслы настрой для ўсіх прысутных стварылі самадзейныя артысты цэнтра вольнага часу і ансамбль “Маладзіцы” Баравікоўскага СДК.

Мяркую, праз некаторы час варта “К” завітаць у Казлоўку і ў даволі цікавы мясцо-
вы Музей малой радзімы. Прычым, не чакаючы святочнай нагоды або 400-годдзя паселішча, а нашмат раней…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"