Віктар Грамыка паспеў адзначыць 96-ты год жыцця. Нарадзіўся ў Савецкай Беларусі, заспеў суверэнную Беларускую дзяржаву. У сваіх успамінах ён згадвае, што, калі ў дзяцінстве ў яго праявіліся мастацкія схільнасці, чалавек з немалым жыццёвым досведам яго з гэтым павіншаваў такімі словамі: “Маеш талент! Гэта небяспечна!” І сапраўды ягоны жыццёвы і творчы шляхі не былі простымі. Але былі плённымі. Пра гэта сведчаць напісаныя ім карціны.
Ніякімі словамі не выказаць адчуванні ад такой страты, але ўсё ж ніжэй прывяду ўспаміны пра творцу, пачутыя днямі ад ягоных калег.
“Надаў краявіду пачуццёвасць”
Мастак Віктар АЛЬШЭЎСКІ:
— Я не буду арыгінальным, калі скажу, што ўнёсак Віктара Грамыкі ў скарбніцу нашага мастацтва цяжка пераацаніць. Асабліва, калі гаварыць пра пейзаж. Менавіта Віктар Грамыка надаў беларускаму краявіду пачуццёвасць у спалучэнні з манументальнай маштабнасцю. Гэта адзін з самых яркіх творцаў Савецкай эпохі — часу, калі быў утвораны той грунт, на якім мы трывала стаім і сёння, ад якога адштурхоўваемся ў нашых творчых пошуках і эксперыментах. Скончылася тая культурная эпоха разам са знікненнем з палітычнай карты свету Савецкага Саюза.
Пачынаючы з 1990-х гадоў, беларускае мастацтва мае іншыя эстэтычныя арыенціры, іншую філасофію, зрэшты скіравана на іншую аўдыторыю. Але мы яшчэ доўга будзем асэнсоўваць зробленае людзьмі творчых прафесій у Савецкі час. Так, былі ідэалагічныя каноны, але творчасць такіх асоб, як Віктар Грамыка, сілкавалася рэальным жыццём, якое ні ў якія каноны не ўплішчыш. Сёння карціны Віктара Грамыкі з’яўляюцца не толькі каштоўным гістарычным дакументам, але і своеасаблівым адбіткам беларускай ментальнасці ў тым няпростым часе.
“Ужо наша класіка”
Мастак Міхась БАСАЛЫГА:
— За мастака гавораць ягоныя творы. У гэтым сэнсе месца Віктара Грамыкі ў нашым мастацтве заўжды будзе пачэсным, незалежна ад таго, як новымі пакаленнямі будзе трактавацца час, ў які гэты творца жыў і працаваў. Ад сябе ж зазначу, што яму было вельмі нялёгка спалучаць на справе творчасць і функцыі адміністратара, бо пэўны час ён узначальваў наш Саюз мастакоў. Пасада лічылася наменклатурнай, людзі на ёй былі падкантрольныя непасрэдна ЦК КПБ. У іпастасі прадстаўніка ідэалагічнай наменклатуры ён мусіў рабіць тое, што як мастаку яму было і нецікава, і непатрэбна. Памятаю, ён атрымаў партыйную вымову за тое, што станоўча характарызаваў маладога мастака для паездкі ў замежжа, а той узяў і ў тым замежжы застаўся. Гэта сёння едзь, куды хочаш — хоць на нейкі час, хоць назаўсёды, а тады… Думаю, у больш спрыяльных для творчасці ўмовах ды маючы магчымасць засяродзіцца выключна на творчасці, ён і зрабіў бы болей. Але нават тое, што зроблена — ужо наша класіка.
“Адзін з апошніх волатаў вялікай эпохі”
Мастак, старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор СІТНІЦА:
— Можа, гэта і гучыць пафасна, але з жыцця пайшоў адзін з апошніх волатаў вялікай эпохі ў нашым мастацтве. У часовым вымярэнні яна прыпадае недзе на перыяд з сярэдзіны 1960-х па сярэдзіну 1980-х гадоў. Але такога плённага для мастацтва часу ў нас не было ні раней, ні пазней. Зрабілі ж тое 20-годдзе эпохай, можна сказаць, дзясятак асоб, сярод якіх і Віктар Грамыка. Лічу ягонай вялікай заслугай тое, што ён унёс лірычныя ноты ў драматычны аповед пра Вялікую Айчынную вайну, пры гэтым ні на крок не адступіўшы ад гістарычнай праўды. Без Віктара Грамыкі немагчыма ўявіць не толькі згаданы час у нашым мастацтве, але ўвогуле беларускую культуру.
“Здолеў убачыць Беларусь з нечаканага гледзішча”
Уладзімір ТОЎСЦІК:
— У ягоных карцінах мяне вабіць майстэрскі выбудаваная кампазіцыя палатна і рэжысура святла. Я найперш маю на ўвазе пейзажныя палотны. У іх Віктар Грамыка здолеў убачыць Беларусь з нечаканага гледзішча. Ужо аднаго гэтага хопіць, каб гэты творца застаўся ў гісторыі нашага мастацтва.
Занатаваў Пётра ВАСІЛЕЎСКІ