Неўтаймоўны ксёндз Завальнюк

№ 27 (1414) 06.07.2019 - 12.07.2019 г

Тры серыі жыцця пробашча Чырвонага касцёла
— Якія 70?! Вы што! 8 ліпеня 2019-га будзем адзначаць маё 150-годдзе! — жартуе ён. — Лічыце: 45 гадоў з дня хіратоніі (пасвячэння ў сан святара) і 35 гадоў служэння ў Беларусі. Цяпер складзіце гэта ў слупок, дадайце мой узрост — вось і атрымаецца раўнютка 150!

/i/content/pi/cult/752/16298/page-14-15-copy-3-S.jpg

Пралог. Па слядах Вайніловіча

Каб зняць шчыры дакументальны фільм пра выдатную жанчыну, мне напачатку трэба яе выслухаць — здаралася, што й чатыры гадзіны запар. З мужчынамі прасцей: збліжае застолле, якое робіць іх “шчырэйшымі”.

У дачыненні да фундатара Чырвонага касцёла Эдварда Вайніловіча гэты рэжысёрскі прыём не працаваў: ён пакінуў наш свет яшчэ ў 1928-м…

Ксёндз Завальнюк, ужо апантаны новым праектам, працягнуў руку да белага бюста вусатага мужчыны шляхетнай знешнасці і пафасна прамовіў:

— Вось герой нашага фільма!

Ні ў яго, ні ў мяне тады, у 2006-м,
не было прадбачання, што фільма — не адзінага.

— Калі я прыняў гэтую святыню, дык таксама нічога не ведаў пра яе фундатара, — прызнаецца святар. — Памятаю, у адным газетным інтэрв’ю выклаў усё, што раней чуў: нейкі Вайніловіч пабудаваў касцёл у памяць сваіх памерлых дзетак. Газета трапіла ў Раёўскую школу, што непадалёк ад Савічаў — былой сядзібы Вайніловічаў — і настаўнікі напісалі мне: “Ксёндз, прыязджайце, мы вам распавядзем”.

Вось і мы адной студзеньскай раніцай 2006-га рушылі, як гаворыцца, “па слядах Вайніловіча”. Доўгай дарогай у цёплым легкавіку ксёндз не спяшаючыся расказаў пра сябе… Старонкі жыцця, лічу, вартыя мастацкага трохсерыйнага кіно.

Серыя першая. Лялька на матацыкле

У СССР усе хлопчыкі хацелі быць касманаўтамі. Але юны Улад выбраў бадай самы дзіўны для свайго пакалення жыццёвы шлях — святарства.

Ва ўсёй краіне засталіся ўсяго дзве каталіцкія семінарыі: у Вільні (там рыхтавалі святароў толькі для Літвы) і ў Рызе. Туды і прыехаў з Украіны выпускнік дзесяцігодкі Уладзіслаў. Але ў яго — ні прапіскі, ні ведання латышскай мовы.

Думаеце, гэта яго спыніла? Ды ні ў якім разе! Ён два гады “ўколвае” на будоўлях: у выніку — і прапіска, і мова. Паступіў, адвучыўся. Па заканчэнні семінарыі — прызначэнне ў Кішынёў.

А ў тыя часы адзінай нагодай, калі ўлады дазвалялі людзям сабрацца на малітву, было пахаванне. Чуткі пра зусім незнаёмага нябожчыка імгненна разляталіся па невялікай Малдавіі. На хаўтуры ў нейкую вёску з’язджаліся сотні католікаў, каб разам з ксяндзом “узнесці модлы” Усявышняму.

Касцёл у Кішынёве даўно зачынены. Адзіны на ўсю рэспубліку стары ксёндз рэдкія імшы праводзіў у капліцы на армянскіх могілках пад пільным наглядам усюдыісных прадстаўнікоў “бдящего” ведамства. Але вось памёр і ён. Новага чакалі нібы Месію.

Малады Завальнюк у 1975-м прыбыў у Кішынёў пробашчам парафіі, якой не існавала. Напачатку адстойваў зачынены касцёл — безвынікова. Затым паспрабаваў узвесці храм на падмурках некалі існага — забаранілі. Потым з удзелам вернікаў пабудаваў невялікую капліцу ў мястэчку Рашкаў. У суседняй воінскай частцы набыў спісаныя каларыферы, іх уладкавалі пад лавамі — і ў Малдавіі з’явіўся першы храм з ацяпленнем!

Здараліся і проста дэтэктыўныя сюжэты. Часам ён выязджаў з Кішынёва ў калясцы матацыкла ў адным — адсочаным міліцыяй — напрамку, недзе сярод поля кукурузы перасаджваўся ў сялянскі вазок-каруцу ці ў дабіты легкавік і, затаіўшыся на заднім сядзенні, рушыў зусім у іншым напрамку. А ў калясцы матацыкла далей каціла лялька — у самым простым сэнсе слова. І гэта яшчэ не ўсё! Часам каб збіць са следу “асаў сачэння”, Завальнюку нават даводзілася пераапранацца ў жаночае адзенне.

Ішоў жорсткі пераслед маладога пастыра, які нёс людзям Слова Божае. Бо яно скарала чалавечыя сэрцы, куды ніяк не ўдавалася трапіць прапагандыстам партыйнай “жуйкі”.

А колькі было налётаў міліцыі на начныя патаемныя імшы ў сялянскіх хатах са шчыльна занавешанымі вокнамі ці пры свечках у склепе — сярод паліц з банкамі-закруткамі і віннымі бочкамі!

І службы ішлі, вядома ж, па-малдаўску: гэты ксёндз заўсёды звяртаўся да паствы на яе мове.

Не ведаючы, як пазбавіцца ад неўтаймаванага святара, улады вырашылі прызваць яго ў войска. Ён паслухмяна з’явіўся ў ваенкамат у святарскай сутане, якую адмовіўся зняць. Запатрабаваў патлумачыць, які пункт “Палажэння аб парадку яўкі на прызыў” агаворвае адзенне прызыўніка. Такіх нормаў не існавала: прыходзь служыць, у чым хочаш.

Але цярпенне ўладаў лопнула. Касцёл у Рашкаве змялі бульдозеры…

Ксяндза саслалі ў цалінны Казахстан — за 200 кіламетраў ад Караганды, у голы стэп, дзе ў чалавека не магло ўзнікнуць нічога, акрамя адчаю і безнадзейнасці.

На гэтым першая серыя прыгод Завальнюка завяршылася.

Серыя другая. З агня ды ў полымя

Ён і ў голым стэпе працягваў місіянерскую дзейнасць. Імшы спраўляў там, дзе і жыў: у зямлянцы. На падлозе і сценах вада, дах з жэрдак, на іх гліна, а зверху двухметровы пласт снега. Паўгода такая завіруха, што ажно з ног збівае. Але траншэі ў снезе да “падземнага касцёла” заўсёды былі пратараваныя. Збіраліся там усе вернікі: каталікі і праваслаўныя, уніяты і пратэстанты, мусульмане і іўдзеі, дый нават будысты.

У 1980-м грымнуў арышт. Ксяндза Уладзіслава змясцілі ў “псіхушку” — рэжымную бальніцу для вар’ятаў у Даўгаўпілсе.

Гляджу на яго і дзіўлюся: як пасля ўсяго перажытага ён можа распавядаць пра былое са светлым тварам, з усмешкай? Як ён увогуле не развучыўся ўсміхацца?

У Савічах ад маёнтка Вайніловічаў нічога не засталося — хіба толькі камяні былой лядоўні. Сярод поля ля бетоннага дота — курган з разбуранымі радзіннымі пахаваннямі: перавёрнутыя камяні з высечанымі надпісамі, паваленыя каменныя крыжы… Тут і набылі спакой дзеці Эдуарда — Сымон і Алена.

Узвышаецца над курганам вялікі драўляны крыж, усталяваны нядаўна руплівым Завальнюком.

У Цімкавічах, Кунцаўшчыне, Макранах, Браткаве, Чырвонай Дуброве — разбураныя палацы і цэрквы, разрабаваныя фамільныя пахаванні Вайніловічаў у сутарэнні зруйнаванага касцёла… Завальнюк аглядаў іх моўчкі, жалобна сціскаючы вусны.

— Што тутэйшыя шукалі ў трунах? Золата? Дык Вайніловічы ж не егіпецкія фараоны… Сорамна, землякі, сорамна.

Гэта ішла ўжо трэцяя, “мінская” серыя жыццярыса святара.

Серыя трэцяя. Справа жыцця

У 1986-м Завальнюка — пэўна, праз яго “ваярскія” якасці — прызначылі пробашчам Чырвонага касцёла, які на той час з’яўляўся Домам кіно. Каб вярнуць храм, вернікі ставілі намёты і бамбілі высокія кабінеты петыцыямі. Амаль чатыры гады ішло “перацягванне каната”. Урэшце, аслабелая ўлада здалася, “кіно” пераехала ў іншае памяшканне, а касцёл расчыніў дзверы вернікам.

А за дзвярыма…

Канешне, добра, што тут некалі размясцілі не склад, а ўсё ж установу культуры. Але давалася ў знакі тое, што яна мела свецкі характар: прастора была падзеленая па гарызанталі перакрыццем на два паверхі, дзе знаходзіліся кіназала, прыбіральні, гардэроб, пакоі для працы кінасекцый, выставачнае фае, невялічкі бар. Аднак дах не працякаў, камунікацыі функцыянавалі, шматлікія вітражы былі ў цэласці.

Завальнюк прыгадаў свой “малдаўскі досвед”: стаў архітэктарам і прарабам. Знішчыў міжпаверхавае перакрыццё, вычысціў заваленыя смеццем сутарэнні, увесь двор ператварыў у катлаван, а потым перакрыў яго плітамі. Сёння пад касцёлам у зале на 190 чалавек працуе тэатр “Зьніч”, побач бібліятэка імя Міцкевіча, выставачная зала, класы дзіцячай нядзельнай школы, капліца…w У сакрыстыі рэпеціруюць тры хоры, размешчаны офіс выдавецтва, канферэнц-зала, кабінет самога пробашча.

Але яму ўсё адно зацесна.

Абсталяваў крынічку ля “падшэфнага” касцёла ў Вішнева, пабудаваў над ёй каплічку, пасадзіў 300 саджанцаў вішань.

У Будслаў па вадзе прывёз з Вільні крыж з бярвёнаў, якія 500 гадоў таму былі сплаўлены адсюль, з пушчы. Туды ж даставіў і копію іконы Маці Божай Будслаўскай — апякункі Беларусі, — якую нашы альпіністы ўзнеслі на гімалайскую вяршыню Ай-дзі-Кайлас і на чатыры бакі блаславілі ёю свет. Для пілігрымаў пабудаваў насупраць касцёла жылы комплекс. Вернікі з дзецьмі абсадзілі яго тэрыторыю чарэшнямі — больш за 200 саджанцаў! Усе прыняліся, усе зазелянелі! 1 мая прывёз у Будслаў на верталёце Папскага нунцыя, які асвяціў сядзібу.

Менавіта ксёндз Завальнюк папрасіў мяне зрабіць для камісіі UNESCO ролік пра Будслаўскі фэст. Было тое гадоў пяць таму. Я зрабіў — і, прызнацца, ужо нават забыўся. І раптам у мінулым лістападзе з выспы Маўрыкій прыйшла сенсацыйная вестка — заяўка Беларусі задаволеная! Яшчэ адна перамога “ўзбуджальніка спакою”.

У дадатак да ўсіх сваіх клопатаў Завальнюк ачольвае аб’яднанне пчаляроў Беларусі. Болей за тое — яго намаганнямі і аўтарытэтам у верасні наступнага года чарговы Міжнародны кангрэс пчаляроў пройдзе ў Мінску. Улады Беларусі падтрымалі ініцыятыву: у нас гасцям заўсёды радыя!

Яго Чырвоны касцёл прымае славутых музыкантаў, выдае газеты, кнігі, календары.

Пад лагатыпам “Вытворчасць Чырвонага касцёла” ўжо зняты і неаднойчы прайшлі ў эфіры фільмы “Каля Чырвонага касцёла”, “Перасячэнні ў прасторы і ў часе”, “Стагоддзе з бясконцым працягам”, “Малітва за Беларусь”, “Рой”, “И о чём-то другом”. А для тэлеканала АНТ я зняў у праекце “Зваротны адлік” фільм “Чырвоны касцёл. Гісторыя пакушэнняў”. Амаль усе гэтыя карціны адзначаны прызамі міжнародных фестываляў.

Але галоўнае, на чым ён, як цяпер кажуць, “падвіс” і чым заахвоціў мяне — гэта постаць Эдварда Вайніловіча.

Ад ксяндза я дазнаўся, чаму касцёл названы ў гонар Сымона і Алены. Аказваецца, так звалі ягоных дзетак, якія памерлі ў юнацтве. Вялікі прыбытак ад родавых “латыфундый” і бровараў быў Вайніловічу ўжо непатрэбны ні на пасаг Алене, ні на вучобу Сымонку. І вялікі экуменіст усё ахвяраваў на ўзвядзенне касцёла ў Мінску, які асвяцілі ў 1911-м.

Але маліліся там нядоўга. Грымнула Першая сусветная вайна, якая “пракацілася” якраз па землях Вайніловіча, затым “чырвоны кастрычнік”, у Мінск прыйшлі атэісты-бальшавікі, касцёл зачынілі, сядзібу ў Савічах тутэйшыя разрабавалі ўшчэнт…

Вайніловіч апынуўся ажно ў польскім Быдгашчы. Імкнуўся і там займацца дабрадзейнасцю, ствараў прытулак для бяздомных дзяцей… Але ўжо не тыя меў сродкі, не той узрост.

Там, на Старафарных могілках і паклалі яго ў 1928-м.

Пра гэта дазнаўся Завальнюк. Паставіў за мэту: вярнуць парэшткі пана Эдварда ў Мінск, пакласці ў крыпту пад мурамі Чырвонага касцёла. А калі ксёндз паставіў перад сабой мэту…

Як доўга і якім чынам ён вёў перамовы з урадамі Беларусі і Польшчы, з уладамі Мінска і Быдгашча, ніхто, акром яго, не ведае. Я адно быў сведкам урачыстай імшы ў тамтэйшым касцёле, прыхаджанінам якога да скону быў пан Эдвард. Прычым спяваў на ёй вялікі хор Чырвонага касцёла “Голас душы”. Вядома ж, падрабязны сцэнарый урачыстасці напісаў неўмаймоўны ксёндз Завальнюк.

Парэшткі Вайніловіча змясціліся ў паліраванай труне 60*40*40 сантыметраў. Клопаты з перавозам такога незвычайнага груза праз мяжу — таксама галаўны боль святара.

Але 16 чэрвеня 2006-га на плошчы перад касцёлам пры шматтысячным наплыве вернікаў адбылося ўрачыстае перазахаванне Эдварда Вайніловіча. У роднай зямлі ён знайшоў ужо сапраўды вечны спакой.

Шмат новага пра шляхціца-дабрадзея дазналіся мы з ксяндзом ад Ірыны Шкуцько, настаўніцы з Цімкавічаў. Яна калісьці занатавала ў сшытак успаміны бабулі — тая памятала паноў!

Калісьці даўным-даўно настаўніца — тады яшчэ маладая — заўважыла сярод будматэрыялаў вялікі абцясаны брус мармура з надпісам лацініцай. Ад суседзяў прынесла вядро вады, адмыла пліту… Гэта была частка надмагілля “Сымона з роду Вайніловічаў”. Пліту з дапамогай суседзяў Фалітараў перакінулі праз плот на іх агарод, закідалі дзёрнам і травой — і так камень праляжаў 18 гадоў, ажно пакуль у 2007-м ім не зацікавіўся Завальнюк.

Канешне ж, праз некаторы час мы прыехалі на вялікай машыне, каб забраць мармуровую пліту вагой у цэнтнер. І гэтая сцэна, вядома, увайшла ў фільм.

Цяпер у цэнтры Мінска мемарыяльная пліта Сымонкі побач з магілай бацькі. Урэшце ўз’ядналіся…

А ў неўтаймоўнага Завальнюка новая мэта: надаць Вайніловічу стан Слугі Божага. З Ватыкана, дзе разглядалася кандыдатура, прыязджалі камісіі, ездзілі па “вайніловіцкіх” мясцінах, знаёміліся з дакументамі... Сітуацыя ўскладнялася тым, што Эдвард быў не святаром, а свецкай асобай. Але ўрэшце прашэнне Папскія службы задаволілі, і працэс беатыфікацыі распачаўся. 10 красавіка 2016 года ў Чырвоным касцёле пра тое абвясцілі вернікам.

— На родавым гербе Вайніловічаў — крыж і якар, — прамовіў тады ксёндз-пробашч. — Крыж — ён і ёсць якар, выратаванне. Крыж — над усім нашым існаваннем.

Замест эпілога

З 8-га ліпеня 2019-га сваеасаблівы каляндар ксяндза пачынае адлік свайго 151-га года. Што за новыя ідэі, планы, праекты выношвае Уладзілаў Завальнюк? Ведаю адно дакладна: усё на карысць і славу Беларусі.

Будзем сведкамі, будзем дапамагаць, будзем маліцца за яго і разам з ім.

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр