Алфавіт Саўчанкі

№ 27 (1414) 06.07.2019 - 12.07.2019 г

Персанальная выстава Ігара Саўчанкі “Галоўная драпіна” сталася заўважнай падзеяй Міжнароднага фестывалю “Арт-Мінск”. У зале Музея гісторыі беларускага кіно прадстаўлены больш за 100 работ фатографа-канцэптуаліста: яго знакамітыя творы 1987 — 1996 гадоў, а таксама — новая фатаграфія, зробленая ўжо ў 2007 — 2017 гадах. Па-сутнасці, мы маем справу з 30-гадовым творчым адрэзкам, які ўключаў у сябе розныя перыяды — і ў вольным ключы глядач можа з імі пазнаёміцца.

/i/content/pi/cult/752/16294/pages-8-9-copy-2-S.jpgПрыхільнікі мастацтва хоць у агульных рысах, але ведаюць перыяды творчасці Пабла Пікаса — блакітны, ружовы, афрыканскі, кубізм... Дык вось, у беларускага мастака Ігара Саўчанкі падобныя творчыя адрэзкі таксама ёсць: фатаграфічны, калі мастак працаваў з выявай архіўных фота 1930 — 1960-х; умоўнай фатаграфіі — калі сэнсавая нагрузка ў творах пачала пераносіцца на тэкст; фатаграфіі ўяўлення — калі мастак адмаўляецца ад візуальнага складніка, пакідаючы гледачу адно сітуацыю, створаную з дапамогай тэксту ці гуку. Ды яшчэ перыяд унікатаў, які распачаўся ў 2007 годзе і доўжыцца акурат зараз. Цікава? Яшчэ як! Даступна? Больш, чым вы падумалі. Калі мы патрапім у залу з жывапісам Пікаса, інтуітыўна здолеем атрымліваць асалоду ад яго твораў амаль без адмысловых ведаў. З творамі Ігара Саўчанкі — амаль што таксама. Іх энергетычны складнік — надзвычай моцны, і нават не падрыхтаваны глядач будзе ўражаны эмацыйнай праводнасцю яго работ. Але калі занурыцца ў матэрыял глыбей, многія рэчы стануць больш зразумелымі, раскрываючы сваю сутнасць і ціхі геній мастака.

Перыяд фатаграфічны

Любімы час, які прыцягвае ўвагу аўтара — гэта 1930 — 1960-я.

— Вельмі шмат таго, што існуе на старых фотаздымках, ужо немагчыма паўтарыць, — тлумачыць Ігар Саўчанка свой метад працы з архіўнай выявай. — І якая розніца тады для фатографа, што перад аб’ектывам яго камеры? Ці жыццё, якое праходзіць цяпер, ці тое ж жыццё, якое хтосьці спыніў пэўны час таму? Для мяне асабіста было цікава другое. І тут няма ніякай настальгіі па мінулым — гэта проста своеасаблівае ўзаемадзеянне з часам.

Так, усё гэта на першы погляд падаецца складаным, але толькі ў апісанні. Пры непасрэднай сустрэчы з творамі Ігара Саўчанкі — публіка ў першую чаргу рэагуе на аўру работ, якую часта называюць містычнай, ды на вібрацыю часу, якую Саўчанка вылучае найдалікатнейшым чынам, дазваляючы архіўным фатаграфіям “мігцець” ды пагружаць нас у транс ажыццёўленага мінулага. Калі людзі з фатаграфій глядзяць на нас безабаронна, яшчэ не ведаючы сваёй будучыні. Недалёкае аддаленае раптам адкрываецца ў сваім пачатку і росквіце. Мастак кажа пра ўзаемадзеянне з часам — і мы заўважаем яго прыкметы.

Напрыклад, на адбітку з серыі “Містэрыі” мужчына ў касцюме на фоне сада задрапаны чымсьці вострым — яго аблічча “сцёртае” невядомым. На фатаграфіях з цыкла “Без твару” — людзі на пэўных выявах не маюць твараў, іх, па-сутнасці, запаўняе святло, пакідаючы нам адно магчымасці яго пераламлення.

Работы з серыі “Алфавіт жэстаў”: на іх мастак акцэнтуе ўвагу на жэстах людзей, дотыкаў адзін да аднаго — ці гэта не ключ, што раскрывае нам штосьці большае пра эпоху, чым проста рэтра-антураж і касцюмы? Зазіраючы ў гэтыя “акенцы часу”, не магу не прамовіць слова “ўтопія”: на адным баку яе — чысціня думак і памкненняў, на другім — крах і кроў. Прызнацца, мастак не вельмі вітае выключна сацыяльную трактоўку сваіх работ, і ён мае рацыю. Але ўзіраючыся ў выявы, не магу пазбавіцца адчування дотыку да чагосьці падсвядомага, да пэўнай мяжы, за якой ужо — бездань нябачнага. У работах аўтара дотыкі людзей, жэсты, паставы, прастора, у якой яны знаходзяцца, распавядаюць пра калектыўную свядомасць нашых бацькоў. Аднак блізкасць самых розных трагедый ды самай глабальнай чалавечай катастрофы — Другой сусветнай вайны — не ў стане пазбавіць чалавека вітальнай прагі жыцця. І яна супрацьстаіць нашаму погляду з будучыні.

Перыяд умоўнай фатаграфіі

Калі фатаграфія як эмацыйны ўсплеск складаецца не толькі з таго пасылу, што закладвае фатограф, але ўлічвае таксама настрой таго, хто глядзіць, тады што яна з сябе ўяўляе? Развіваючы гэту думку, Ігар Саўчанка крочыць далей. Ён пачынае фатаграфаваць ціхія, амаль нейтральныя чорна-белыя пейзажы — і дае да іх пашыраныя подпісы, такім чынам ствараючы для гледача пэўную эмацыйную матрыцу (серыі “Сакральныя ладшафты” і “Каментуемыя ландшафты”). Сэнсавая нагрузка твораў змяшчаецца на словы.

Наступны крок — і на месца амаль бязлюдных ландшафтаў “прыходзяць” неэкспаніраваныя простакутнікі стужкі. Мы бачым, па-сутнасці, выяву zero, якая не адбылася ў выніку пэўных абставін. Вось, да прыкладу, подпіс да адной з работ: “Яе партрэт, зроблены ім адзін раз — пры іх апошняй сустрэчы; вечка аб’ектыву, забытая ім, засталася не знятай”. Фатаграфія знікае на нашых вачах, застаючыся адно ценем. Яна ператвараецца ў момант, які мы аднойчы ўбачылі ці ўяўвілі. Фатаграфія як паўза, спыненне ў плыні жыцця больш не мае патрэбы ў візуальным пацверджанні.

/i/content/pi/cult/752/16294/pages-8-9-copy-S.jpgПерыяд адмовы ад фатаграфіі ці ўяўнай фатаграфіі

У 1996 годзе Ігар Саўчанка прыходзіць да адмовы ад фатаграфіі. Мастак звяртаецца да тэксту і гукаў як мастацкіх інструментаў перадачы аўтарскай думкі і эмоцый. На выставе гэты перыяд, што я называю “ўмоўнай фатаграфіяй”, не прадстаўлены.

Перыяд унікатаў

Але вяртанне нечаканым чынам адбываецца. Праз дзесяць гадоў. Ідэя здымак на фарматную камеру з канструкцыяй канца ХІХ стагоддзя дазваляе аўтару ўбачыць новыя бакі фатаграфіі.

— Калі вы знаёмыя з класічнай паслядоўнасцю фотапрацэсу — то гэта напачатку здымкі на негатыўны матэрыял, а потым — друк, — нагадвае аўтар. — Атрымліваецца так, што можна зрабіць здымкі сёння, а праявіць негатыў калі заўгодна — праз дзень, месяц ці нават год. А надрукаваць — дык яшчэ праз пяць гадоў. Але што ёсць фатаграфія, калі не фіксацыя моманту, прывязанага да часу і месца?

Адмаўляючыся ад пасрэдніцтва ў атрыманні выявы, мастак пачынае рабіць унікаты — з дапамогай фотаапарата з адмысловай канструкцыяй здымаць адразу на паперу. “У такой форме няма сутнаснага разрыву паміж матэрыялам, што захаваны ў момант здымкі, і тым, што мы паказваем у фінале”, — тлумачыць аўтар.

Чым жа ўнікаты адрозніваюцца ад звычайных, тых жа аналагавых фатаграфій, спытаецца зацікаўлены чытач. Адказваю: амаль нічым — за выключэннем канцэптуальнага складніку. Але гэта вельмі істотна. Уявіце: тое, што мы бачым на выяве, фатограф надрукаваў літаральна ў момант націскання на затвор. Фатаграфія нібыта вызваляецца ад яе маніпуляцыйнага выкарыстання — дарысоўкі, згушчэнняў колеру, скажэнняў, вяртаючы сваё прызначэнне — пісаць святлом і ценем пэўныя хвіліны жыцця. Мне падаецца, што невыпадкова аўтар выбраў, у тым ліку, унікаты 2017 года ў якасці выявы для сувенірных паштовак да выставы — нібыта даючы гледачу магчымасць адчуць магію сучасных імгненняў, што адбываюцца ў пэўным часе і месцы.

Усё разам

Але вернемся да пачатку. Зрабіўшы такі значны экскурс у творчасць мастака, цяпер можам прызнацца: экспазіцыя прапанавала нам самы дэмакратычны варыянт прачытання мастацкіх твораў. Творы ранняга перыяду побач з позднім Саўчанкам ды наадварот — і гэта была наў-
мысная пазіцыя мастака і куратара Алены Пратасевіч.

— І пачуццёва, і сэнсава, на выставе ёсць свае ландшафты, — каментуе мастак. — Перапады рэльефаў, абрывы, прорвы і вяршыні. Меркавалася, што такі метад будзе цікавым, прадуктыўным і для гледача, і для мяне.

— Гэта выстава — спроба адказаць на пытанне: а можа і няма ў Ігара Саўчанкі некалькіх асобных перыядаў? — дадае куратар Алена Пратасевіч. — Можа гэта адзіная агульная гісторыя?

Занурваючыся ў пытанне, адкажам наступным чынам: і так, і не. Так — таму што ўбачанае падштурхнула пазначыць гэтыя розныя перыяды мастака ды захапіцца глыбінёй асэнсавання Ігарам Саўчанкам феномена фатаграфіі. Не — бо многія рэчы для гледача засталіся непраяўленымі, пакінулі адно чыстую радасць непасрэднай сустрэчы з творам мастацтва.

Вам падаецца, што аўтар гэтых радкоў сабе ж супярэчыць? Гэта не так.

Перафразую знакамітую фразу з вядомага фільма “Для Атоса — гэта надта многа, для графа де Ля Фэр — надта мала” і дадам: для фатографа Ігара Саўчанкі — гэтага, можа быць, і дастаткова, але для Ігара Саўчанкі як канцэптуальнага мастака — на жаль, мала.

“Так, а дзе тут галоўная драпіна?” — пачула я пытанне напрыканцы сустрэчы з аўтарам, што ладзілася ў рамках падтрымкі выставы. Маленькія чырвоныя кропкі і чырвоныя лініі, драпіны, што можна заўважыць на ранніх работах мастака, нагадваюць нам пра тое, што ёсць у часе штосьці, што мы не можам убачыць і зразумець у бягучы момант. Яно праяўляецца потым і напаўняе нашы сэрцы тугой, страхам і святлом. Не трэба шукаць галоўную драпіну дзесьці на паверхні — яна знаходзіцца ўнутры вас. Яна ўжо даўно свярбіць на вашым сэрцы і ніколі не дасць вам спакою.

Фота www.igor-savchenko.com і Вольгі КІРЫЛАВАЙ

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"