Непрымітыўныя пытанні “Прымітываў”

№ 26 (1413) 29.06.2019 - 05.07.2019 г

Апошнім часам імя Алены Кіш гучыць усё часцей. Выйшла прысвечаная мастачцы дакументальная стужка. Казачныя ільвы з яе маляванак ужо становяцца сувенірамі. Выдаюцца календары і альбомы з рэпрадукцыямі дываноў, якія самавучка са Случчыны рабіла ў 1930 — 1940-я гады падчас вандровак па навакольных вёсках, каб зарабіць сабе на жыццё. Урэшце, да гісторыі жыцця адной з самых загадкавых асоб у гісторыі беларускага мастацтва звярнуліся ў тэатры — 27 чэрвеня ў сталічным культурным хабе Ok16 адбылася прэм’ера спектакля “Прымітывы”.

/i/content/pi/cult/751/16274/10.JPG— Праца над праектам пачалася два гады таму. Яго ініцыятарам была мастачка Ганна Балаш, а ўжо ад яе ідэі адштурхнуліся аўтар п’есы Аляксей Андрэеў і я, — распавядае рэжысёр Аляксандр Марчанка. — Насамрэч падзей, звязаных з іменем Алены Кіш, становіцца ўсё больш. Хаця нават два гады таму сітуацыя была крыху іншай. Так, Уладзімір Басалыга “адкрыў” для грамадства мастачку яшчэ ў 1970-я гады, але і да гэтай пары, нягледзячы на ўсю цікавасць да яе работ, убачыць іх не так і проста, нават калі спецыяльна паехаць у Заслаўскі музей, дзе захоўваецца большасць дываноў. Ну вось адкрылі яе, заняла яна сваё пачэснае месца ў энцыклапедыі, ужо нават пайшла ў народ праз сувеніры, праз пераасэнсаванне яе сюжэтаў у нейкіх іншых творах… Але яе самой па-ранейшаму нібы няма. З гэтай думкі ўсё пачыналася. І пра гэта мы і расказваем.

Прэм’ера — чарговая падзея ў межах вялікага асветніцкага праекта “Тэатр. Адукацыя. Кіно”, які ладзіцца Цэнтрам візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “Арт Карпарэйшн” цягам апошняга года. Таму стваральнікі спектакля падкрэсліваюць, што пастаноўка — гэта і сцэнічнае даследаванне, і запрашэнне ўсім ахвотным далучыцца да публічнай дыскусіі, кім з’яўляецца Алена Кіш нам, гледачам, сёння.

— Гэтаксама, як і большасць сучаснікаў, я не быў добра знаёмы з гісторыяй яе жыцця, пакуль мы не пачалі працаваць над спектаклем, — кажа Аляксандр Марчанка. — Для мяне гэта далёка не першая спроба паразважаць пра ідэнтычнасць сучаснага беларуса тэатральнымі сродкамі. Мне цікава, як у свядомасці людзей існуе ўсё тое, што мы можам назваць сваёй спадчынай. Яно ўвогуле ёсць — ці няма? Мы неяк з гэтым абыходзімся? І калі так, то якім чынам? То бок, гэта гісторыя, канечне, пра адносіны да Алены Кіш мяне і любога звычайнага чалавека, а не толькі пра яе самую.

У той самы час, спектакль апісвае гісторыю жыцця мастачкі, абапіраючыся на тыя звесткі і сведчанні, якія ўдалося адшукаць падчас працы над праектам.

— Перш-наперш, натуральна, мы пайшлі да Уладзіміра Басалыгі, бо ён адкрыў імя Алены Кіш, — расказвае рэжысёр. — У размове з ім прагучала прапанова з’ездзіць у Грозава, дзе яна пахаваная. Мы з’ездзілі. Там у школе ёсць музей, у якім захоўваюцца дзённікі аднавяскоўца Кіш — Рыгора Гардзея. Ён жыў з ёй у адзін час і апісваў літаральна кожны свой дзень. Там няма ніводнага слова менавіта пра мастачку, але ёсць падрабязны аповед пра побыт таго часу — 1930-я гады. Хто такі Рыгор Гардзей? На момант вядзення дзённіка яму не было яшчэ і 20 гадоў. Ён сельскі хлопчык, які ходзіць у нардом на сходы, прысвечаныя пытанням калектывізацыі, працуе ў агародзе, пасвіць коней, сцеражэ свіраны, марыць пра каханне. А пры гэтым назірае за жыццём вёскі, па якой ужо ездзяць абозы з высяленцамі. І менавіта на такім фоне з’яўляюцца вядомыя нам дываны.

Спецыяльна да прэм’еры былі запісаны і каментарыі Сяргея Харэўскага і Таццяны Бембель, якія выказваюць сваё меркаванне пра творчасць Алены Кіш з пункту гледжання мастацтвазнаўства. Стваральнікі спектакля таксама звярнуліся да людзей розных прафесій, якія так ці інакш маглі сутыкацца з гісторыяй мастачкі (гісторыкаў, філосафаў, культуролагаў…) з пытаннем, што яны чакаюць убачыць на сцэне. Гэты зрэз разважанняў прысутнічае ў пастаноўцы — у аўдыёфармаце. А вось рэпрадукцый дый увогуле выкарыстання пазнавальных вобразаў ці колераў з дываноў Алены Кіш чакаць не варта.

— Гэта спроба пераасэнсаваць гісторыю мастачкі, каб адказаць на пытанне, хто яна для нас сёння, — разважае Аляксандр Марчанка. — Бо мы ўвогуле жывём у такі час, калі пераасэнсоўваюцца шматлікія рэчы з мінулага. Сёння мы змяшчаем Кіш на хусткі — цудоўна. Змяшчаем на кубкі — цудоўна. Калі ты разглядаеш яе маляванкі, табе хочацца ўзяць іх сабе напамяць. Але ці ўзнікае ў гэты момант адчуванне нейкай сувязі: вось Алена Кіш і вось я, беларус, які жыве ў сваім часе? Урэшце, па вялікім рахунку, галоўная наша задача — неяк паспрыяць таму, каб кожны ахвотны калісьці атрымаў магчымасць трапіць у той ці іншы музей і ўбачыць у экспазіцыі ўсе яе дываны, набрынялыя дзівоснай энергіяй.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"