“Дзявочае войска” і супольны “Кракавяк”

№ 25 (1412) 22.06.2019 - 30.06.2019 г

У мінулую нядзелю праваслаўныя і каталіцкія вернікі святкавалі Троіцу, таму ўрачыстыя богаслужэнні з гэтай нагоды прайшлі ў сотнях цэркваў і касцёлаў Беларусі. Але ж, натуральна, гэтае свята таксама адзначалася і ў многіх сельскіх клубных установах краіны. Бо ні для каго не сакрэт, што традыцыі правядзення Троіцы, або, як яе яшчэ называюць у народзе, Сёмухі, Зелянца, Зялёных святак, у беларускіх вёсках бытуюць здаўна і ажно да сёння.

/i/content/pi/cult/750/16262/19.JPGКуст стаіць ці рухаецца?

Вось і ў аграгарадку Меркулавічы Чачэрскага раёна, як піша нам Людміла Мельнікава, днямі прайшоў старажытны абрад “Ваджэнне куста” — мясцовая народная традыцыя, звязаная са святам Троіцы.

“Дзяўчына, якая адыгрывае ролю “куста”, з ног да галавы пакрыта галінкамі клёна, ліпы, на яе галаве красуе вянок з палявых кветак, — піша аўтарка допісу. — У час гэтага дзіўнага шэсця па Меркулавічах дзяўчына сапраўды нагадвае куст у руху.”

Святочная працэсія спявае “куста” — адмысловую абрадавую песню. Дайшоўшы да аднаго з двароў, члены гурта, у якім задзейнічаны ўдзельнікі народнага фальклорнага калектыву “Меркулавіцкія вячоркі” Меркулавіцкага цэнтральнага сельскага Дома культуры, ходзяць карагодам і спяваюць, выклікаюць гаспадароў з хаты. Калі гаспадыня і яе родныя з’яўляюцца перад гасцямі, спявачкі працягваюць “карагодзіць”. Атрымаўшы дары ад гаспадароў, “дзявочае войска”, як яе называе Людміла Мельнікава, рухаецца далей з карагодам і спявае: “Троіца, Троіца, Святая Багародзіца, а ў нашых Меркулавічах добра куст паводзіцца…”

Такі ж самы абрад “Ваджэнне куста” зладзілі і ў вёсцы Семернікі Ашмянскага раёна. Мясцовыя клубнікі Троіцу адзначылі ўрачыста і, што называецца, з размахам. Як напісалі нам супрацоўнікі аддзела метадычнай работы Ашмянскага РЦК, у самім паселішчы прайшоў ужо названы абрад, а на пляцоўцы каля мясцовага клуба-бібліятэкі былі арганізаваны разнастайныя конкурсы, сумесныя гульні для дзяцей і дарослых, а таксама насычаная канцэртная праграма з удзелам клубных творчых калектываў. Завяршылася свята “завіваннем бярозкі” — на яе галінкі ўдзельнікі абраду вешаюць стужкі з пажаданнямі здароўя, шчасця, дабра, міру — і ваджэннем вакол яе вясёлых карагодаў.

Сваё буйное свята зладзілі з 14 па 16 чэрвеня і ў горадзе Дуброўна, што на Віцебшчыне. Сюды, для ўдзелу ў XXVІ Міжнародным фестывалі песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, з’ехаліся госці з многіх куточкаў Беларусі, а таксама з Польшчы, Расіі, Латвіі, Літвы і Малдовы. У рамках фестывалю прайшлі канцэртныя і конкурсныя выступленні калектываў мастацкай творчасці, парад удзельнікаў фестывалю, тэатралізаваныя дзеянні і арганізаваныя масавыя гулянні, святы музыкі, выставы-кірмашы работ майстроў розных відаў народнага мастацтва, народных промыслаў (рамёстваў), майстар-класы ды многае іншае. Карацей, у Дуброўне сёлета, як і заўжды, кожны мог выбраць сабе любое мерапрыемства па душы.

Ад тэорыі да практыкі

/i/content/pi/cult/750/16262/20.JPGДаўнавата ў нас не было інфармацый з Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Ліст, які прыйшоў у рэдакцыю ад бібліятэкара аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мастоўскай раённай бібліятэкі Алены Дараховіч, парадаваў сваім расказам пра пасяджэнне аматарскага аб’яднання для пажылых людзей “Зносіны”. Дзея ладзілася ў Пескаўскай сельскай бібліятэцы і насіла назву краязнаўчых вячорак “Багатая на таленты родная зямля”. Падчас мерапрыемства адбылося знаёмства прысутных з кнігамі Элізы Ажэшка, Піліпа Пестрака, Петруся Макаля, а таксама з творчасцю мастака Аляксея Багустава.

Як піша Алена Дараховіч, усе члены аматарскага аб’яднання — творчыя людзі: нехта з іх піша вершы, хтосьці займаецца вязаннем і вышыўкай, а кагосьці вабяць кулінарыя ці краязнаўства. Што ж, таленавітыя людзі ёсць у любым куточку нашай Беларусі. І не мае значэння, маладога ці сталага яны веку, галоўнае, што ў кожнага з іх ёсць свая ўлюбёная справа, якой яны аддаюць свае сэрцы і душы.

А каб удасканальваць сваё майстэрства, кожнаму аматару і нават прафесіяналу можна і, мабыць, варта бываць на розных семінарах-практыкумах. Напрыклад, на такім, якое ў мінулую суботу (15 чэрвеня) зладзілі на базе Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Тут прайшоў семінар-практыкум для спецыялістаў устаноў культуры клубнага тыпу на тэму “Свята як культурны брэнд тэрыторыі”.

Як піша нам Андрэй Струнчанка, намеснік дырэктара Віцебскага АМЦНТ, падчас семінара вопытам арганізацыі і правядзення рэгіянальных святаў і фестываляў падзяліліся супрацоўнікі ўстаноў культуры Гарадоцкага і Полацкага раёнаў — Таццяна Аўсянка і Ірына Крыванос. Але ж, як вядома, тэорыя без практыкі — справа мёртвая. Таму ў якасці практычнага занятку адбыўся таксама і выезд удзельнікаў семінара ў санаторый “Чыгуначнік” (Віцебскі раён), дзе
мясцовыя культработнікі зладзілі адкрыты раённы фестываль “Волаты Прыдзвіння”. Балазе, паглядзець там сапраўды было на што: карнавальны парад-шэсце, тэматычныя конкурсы і гульні, выступы цыркавых калектываў і тэатраў мод, адкрыццё інсталяцый і арт-аб’ектаў “Парк мініяцюр” і “Парк веліканаў” ды многія іншыя акцыі і мерапрыемствы.

Карагоды + спевы

9 чэрвеня ў Смаргонскім раёне ў аграгарадку Жодзішкі прайшло свята побытавых танцаў “Жодзішкаўскі карагод — 2019”. “Карагодам адкрыцця” стаў народны танец “Кракавяк” у выкананні ўсіх танцавальных калектываў, удзельнікаў і гасцей фестывалю. А іх, як піша нам загадчык аддзела традыцыйнай культуры Гродзенскага АМЦНТ Вольга Шлавянец, сабралася нямала.

“Сваё майстэрства прадставіла музычная група-капэла “На Таку” з Мінска, з танцамі і майстар-класам на свята завітаў этнаграфічны клуб “Кола” з Маладзечна, пазнаёміў з танцамі свайго рэгіёна аматарскі танцавальны калектыў з аграгарадка Альхоўка Астравецкага раёна, узорны фальклорны калектыў “Нальшчаначка” ДУА “Жодзішкаўскі яслі-сад-сярэдняя школа”, — адзначаецца ў допісе. — Непаўторныя мелодыі прагучалі ў выкананні ўзорнага ансамбля народнай музыкі “Гулянок” Смаргонскай дзіцячай школы мастацтваў імя Міхала Клеафаса Агінскага. А сапраўднай інтрыгай фестывалю стаў танцавальны конкурс “Вуліца на вуліцу” паміж вуліцамі аграгарадка, удзельнікі якога спаборнічалі ў выкананні мясцовых побытавых танцаў “Полька-бабачка”, “Лысы” або “Карапэт”, “Какетка”, “Ойра”.

Але гэта яшчэ не ўсе навіны са Смаргоншчыны. Як піша нам наша сталая аўтарка, дырэктар Смаргонскага раённага цэнтра культуры Галіна Крацянок, у мясцовым клубе аграгарадка Залессе адбылася святочная канцэртная праграма “Святочны выклік”, прысвечаная Дню медыцынскага работніка. Фестываль талентаў “Хвіліна зорнай славы” прайшоў у аддзеле культуры і вольнага часу Вішнеўскі Дом культуры. У фэсце прынялі ўдзел 15 юных і таленавітых жыхароў аграгарадка Вішнева. Акрамя таго, супрацоўнікі Крэўскага, Залескага, Лылойцінскага дамоў культуры працягваюць радаваць жыхароў аддаленых вёсак канцэртнымі праграмамі ў рамках абласной акцыі “Ваенная агітбрыгада”.

Да слова, святочны канцэрт напярэдадні прафесійнага свята Дня медыцынскага работніка, зладзілі і супрацоўнікі Палаца мастацтваў горада Бабруйска. У канцэртнай зале ўстановы медыкаў са святам віншавалі народны ансамбль песні “Весялуха”, узорны харэаграфічны калектыў “Крынічка” ды многія іншыя музычныя гурты і выканаўцы.

А ў Навагрудку 14 чэрвеня быў зладжаны ІІІ Дзіцячы творчы форум “Летні калейдаскоп талентаў, або Вясёлыя канікулы”. На сцэнічнай пляцоўцы мясцовага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці выступіла таленавітая дзятва з усяго Навагрудскага раёна і раённага цэнтра. Хлопчыкі і дзяўчынкі спявалі ды чыталі са сцэны, дэманстравалі фотаработы ды вырабы, зробленыя сваімі рукамі.

Як адзначае дырэктар Навагрудскага РЦКіНТ Наталля Кавальская, ні адзін удзельнік форуму не застаўся без увагі і ўзнагарод. Таму пералічым хаця б тых, хто заваяваў першыя месцы ў розных намінацыях. Так, у намінацыі “саліст-вакаліст” Дыплом І ступені заваяваў Арцём Ляскоўскі (сярэдняя ўзроставая група) і Карына Аліевіч ды Ала Мянько (старшая ўзроставая група). У намінацыі “вакальны ансамбль” Дыплом І ступені заслужана атрымала вакальная група “Крышталікі” з Навагрудка, а ў намінацыі “чытальнік” перамогу святкаваў Захар Чырвоный. Віншуем лаўрэатаў і жадаем ім новых перамог!

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"