Здзіўленне атмасферай

№ 24 (1411) 15.06.2019 - 22.06.2019 г

VII Міжнародны фестываль нямога кіно і сучаснай музыкі “Кінемо”, што распачаўся 13 чэрвеня і прадоўжыцца па 11 ліпеня ў некалькіх гарадах Беларусі, сёлета абяцае самую насычаную праграму пад адкрытым небам. Ужо сёння ўвечары на Летняй сцэне магілёўскага Музея імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі праект святкуе 130-годдзе Чарлі Чапліна. У праграме — кароткаметражныя стужкі вялікага “бадзягі”, а таксама музыка ды лекцыя аб нямым кінематографе і лепшых фільмах яго эпохі.

/i/content/pi/cult/749/16245/kinemo-13-S.jpgТакім чынам, “Кінемо” за наступны месяц пабывае ў Мінску, Магілёве і Гродне. На адкрыцці фестывалю 13 чэрвеня ў сталічным Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура прагучала музыка чатырох кампазітараў — Максіма Круглага, Вікторыі Спарыш, Вольгі Падгайскай ды Алены Гуцінай, напісаная для чатырох кароткаметражных фільмаў. Ды наперадзе нас чакае твор Аляксандры Даньшовай з Германіі — кампазітарка стварае музыку да карціны “Ад світанку да поўначы” Карлхайнца Марціна. Аляксандра Хмялеўская з Польшчы пераасэнсоўвае ў музычным ключы ўнікальную “Горную котку” Эрнста Любіча. Наталля Котава і Валерый Баравікоў, слынны беларускі фартэпіянны дуэт, прадэманструюць сваё майстэрства імправізацыі на “Кінааператары” Эдварда Сэджвіка і Бастэра Кітана. А твор Вольгі Падгайскай да дзіцячай стужкі “Прыгоды паўрубля” Акселя Лундзіна прагучыць не толькі ў выкананні калектыву Five Storey Ensemble (галоўных выканаўцаў фэсту), але і хору дзіцячай музычнай школы №3 імя Фрэдэрыка Шапэна “Усмешка” (кіраўнік Настасся Бяспятава). У праграме возьме ўдзел і квінтэт медных духавых інструментаў Amadis Brass.

Арганізатары фестывалю “Кінемо” — праект Cinemascope.by, Асацыяцыя маладых беларускіх кампазітараў ды Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура — па-ранейшаму трымаюцца прынятага крэда: здзіўляць публіку разнастайным кіно, музыкай і непараўнальнай атмасферай.

Паказ праграмы фестывалю ў Гродне адбудзецца 5—7 ліпеня ва ўнутраным дворыку Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"