Аляксандр КАЦІКАЎ: “Для мяне “Песняры” скончыліся ў 1979-м”

№ 24 (1411) 15.06.2019 - 22.06.2019 г

Ён быў сярод тых музыкантаў, што ўліліся ў склад “Песняроў” у пачатку 1990-х — тады яшчэ пры жывым і здаровым Уладзіміры Мулявіне — і якіх некаторыя біёграфы легендарнага калектыву называюць “апошняй сапраўднай “песняроўскай” крывёю”, людзьмі, якія цалкам адпавядалі духу ансамбля. Аляксандр КАЦІКАЎ, каментуючы гэтае меркаванне, адзначае, што ў тыя гады “Песнярамі” было створана за сотню новых песень, выпушчана некалькі праграм. Аб чым гэта гаворыць? Што кроў гэтая прыйшлася да двара. Як і сам артыст, гутарку з якім мы вам сёння і прапануем.

/i/content/pi/cult/749/16240/19.JPGНе ўсе тыя “песняры”, што “Песняры”

— Аляксандр Дзмітрыевіч, са спазненнем, але “К” віншуе вас з юбілеем: 31 сакавіка вам споўнілася 60! І як адзначылі круглую дату?

— У цёплай атмасферы. Сабраў сяброў у рэстаране, дзе мы і павесяліліся. Я дазволіў сабе зрабіць свой сольны канцэрт з уласных твораў. І ўсе вымушаныя былі іх слухаць. Увогуле добра правялі час.

— А як “Беларускія песняры” збіраюцца адзначыць 50-годдзе “Песняроў”? Ці атрымаў ваш калектыў запрашэнне ад Беларускага дзяржаўнага ансамбля на ўдзел у юбілейных мерапрыемствах?

— Хоць мы сябе, па сутнасці, і не атаясамліваем з “Песнярамі”, але на кожным сваім канцэрце згадваем пра юбілей. Але асабіста маё меркаванне такое, што той ансамбль спыніў існаванне годзе ў 1979-м — 1980-м.

— Гм… Патлумачце, калі ласка.

— Той рост, што пачаўся пасля таго, як у канцы 1960-х было пасаджана збожжа “Песняроў”, праз дзесяцігоддзе скончыўся. Так, трансфармацыі з музыкай адбываліся, усё было выдатна, на вельмі высокім, прафесійным узроўні, але тая ідэя, аўтарамі якой былі Мулявін, Місевіч, іншыя музыканты першага складу, у жыццё ўжо ўвасобілася, яна сваё адыграла.

— Стала быць, стаўленне да “Песняроў” у вас змянялася — як у слухача, як у прафесійнага музыканта?

— У розным узросце я і ўспрымаў іх па-рознаму. У дзяцінстве гэта было шчанячае захапленне, з часам жа, слухаючы шмат іншай сусветнай музыкі, атрымаўшы музычную адукацыю, прафесійна развіваючыся, я пачаў аналізаваць іх творчасць, супастаўляць свае магчымасці з магчымасцямі музыкантаў ансамбля. Эмоцыі адышлі на другі план, а гэта значыць, што, слухаючы “Песняроў”, унікаючы ў іх музыку, я стаў думаць іншымі катэгорыямі. Больш “халодна” ці што... З пункту гледжання прафесіянала.

— Ну, дык усё ж, што з юбілейнымі мерапрыемствамі?

— На тое, што пройдзе ў рамках “Славянскага базару ў Віцебску”, атрымалі запрашэнне некаторыя артысты “Беларускіх песняроў”. Чаму не паклікалі іншых удзельнікаў? За адказам на гэтае пытанне трэба звярнуцца, напэўна, непасрэдна да Беларускага дзяржаўнага ансамбля.

— Для Аляксандра Кацікава важным было б выйсці на сцэну ў такім канцэрце?

— Я б не адмовіўся. Але не ў якасці асобнага ўдзельніка, а з калектывам, у якім працую. Бо большая частка музыкантаў “Беларускіх песняроў” мела самае непасрэднае дачыненне да “Песняроў”, а Уладзіслаў Місевіч і ўвогуле з’яўляўся суарганізатарам ансамбля. Я шэсць гадоў прапрацаваў з Мулявіным. Здаецца, мала, але гэта ж і дзясятая частка майго жыцця! Паўтару, што, не атаясамліваючы сябе з “Песнярамі”, творчасць “Беларускіх песняроў” выбудавана і на тым, што звязвала два гэтыя калектывы.

Мара спраўджваецца

— Дзесяцігадовым вы слухалі “Песняроў”?

— Вядома! Я ў той час ужо тры гады хадзіў у музычную школу. Натуральна, захапляўся музыкай і ніяк не мог не пачуць гэтую прыгажосць. Збіраў нататкі аб гэтым ансамблі, выразаў карцінкі з часопісаў. Памятаю, калі мама купіла першую пласцінку “Песняроў”, я яе за дзень праслухаў незлічоную колькасць разоў. І мама мне на раніцу сказала, што я ўсю ноч у сне спяваў тыя песні! А пасля пятага класа, на лета, я ўладкаваўся працаваць паштальёнам у сябе ў Астраўцы — чвэрць горада абслугоўваў. І на восеньскіх вакацыях мяне зноў паклікалі на гэтую працу. Дарослыя калегі распавядалі, што людзям падабалася, што пошту летам ім разносіў вельмі вясёлы хлапчук, які ўвесь час нешта спяваў. У тым ліку “Песняроў”.

— Пасталеўшы марылі трапіць у ансамбль?

— Задумваўся над гэтым, але разумеў, што гэта недасягальная для мяне рэч. І калі я трапіў у “Песняры”, быў трошкі здзіўлены, што мара ажыццявілася. Хоць некаторыя мае сваякі і сёння кажуць, што калісьці я нават сцвярджаў, што абавязкова буду ў “Песнярах”!

— У 33 гады вы ў іх аказаліся…

— Па рэкамендацыі Алега Молчана. А гадоў за дзесяць да таго, як я ўвайшоў у склад “Песняроў”, мы перасекліся з ім у гурце “Диалог”. Ён грунтаваўся ў мінскім Палацы культуры чыгуначнікаў і граў джаз-рок. Я тады акурат скончыў музычнае вучылішча і спяваў у “Диалоге” некалькі песень, граў на флейце, а пры гурце была яшчэ і маладзёжная студыя — у ёй і граў Алег. Вельмі яму ўдзячны за тое, што праз гады ён пра мяне ўспомніў і запрасіў у “Песняры”. Ніколькі не вагаўся — ці заставацца мне музыкантам у рэстаране, якім я быў у той час, ці не — адразу пагадзіўся пайсці ў “Песняры”. Хаця, калі б не асабістае запрашэнне Мулявіна, не ўпэўнены, што пайшоў бы ў ансамбль, пакліч мяне ў яго хто-небудзь іншы.

— Як праходзілі агледзіны ва Уладзіміра Георгіевіча?

— Ансамбль тады грунтаваўся ў Севастопальскім парку — у школе для дзяцей з парушэннем слыху. Алег прывёў мяне на “кропку”, прыйшоў Мулявін, папрасіў што-небудзь праспяваць і сыграць. І ўжо праз два дні я паехаў з ансамблем на канцэрт у Шклоў, а з 13 мая 1992 года стаў у “Песнярах” працаваць.

— Молчан успамінаў, што, будучы чалавекам маладым, тым больш толькі прыйшоўшы ў ансамбль, не ўлазіў у тыя канфлікты, што раз’ядалі калектыў ужо тады.

— Я таксама нікуды не лез, таму што быў не ў курсе таго, на глебе чаго ўзнікалі сваркі. А ўпершыню сутыкнуўся з тым, што ў калектыве не ўсё ў парадку ў плане чалавечых адносін, калі мы ўсім ансамблем у жніўні 1992-га адпачывалі ў Керчы — ці то ў санаторыі, ці то ў прафілакторыі. І далі некалькі канцэртаў. А пасля аднаго з іх Валерый Дайнека не атрымаў належны яму ганарар. Я пацікавіўся ў яго: калі я не хачу быць звязаным з такой несправядлівасцю, то, можа, мне варта падаць заяву аб звальненні? Але Валера мяне адгаварыў ад гэтага кроку, маўляў, сам разбярэцца ў сітуацыі. Дзякуй яму, вядома, што спыніў, інакш бы я дроў мог наламаць, і хто ведае, як склаўся б мой лёс у далейшым. Увогуле неяк абстрагаваўся я ад гэтых разладаў, займаўся музыкай, што і было правільным. Для мяне было дастаткова таго, што я трапіў у ідэальны калектыў з музычнага пункту гледжання. Мая задача заключалася ў тым, каб максімальна паглыбіцца ў яго музыку. Але, вядома, наступствы ўсіх гэтых сутычак, калізій, перамоваў я потым адчуў. Спачатку пераважала і пачуццё гонару за тое, што я аказаўся ў такім ансамблі. А слова “Песняры” тады аказвала магічнае ўздзеянне на людзей. І бацькам было прыемна, што я стаў працаваць у іх, і былым аднакласнікам, і сябрам.

— У “Песнярах” вы гралі на бас-гітары і спявалі. Нейкія яшчэ абавязкі на вас ускладаліся?

— Дзесьці праз паўгода пасля майго прыходу ў ансамбль да мяне літаральна прыстаў Молчан. “Давай, — казаў, — пачынай пісаць! — Не ўмею. — Я табе дапамагу, найграю што-небудзь на клавішах. Ты, галоўнае, спрабуй!” І дзякуючы яго настойлівасці я і стаў пісаць. Першая мая аранжыроўка — “Жураўлі на Палессе ляцяць”, прычым у блюзе. Што аказалася зусім нікому не патрэбным. Асабліва Мулявіну, які блюз не пераносіў.

— Вось як: акрамя джаза ён і блюз не любіў?!

— Страшна не любіў! Калі мы перад канцэртам настройваліся, гралі нейкія блюзавыя ноты, ён проста кіпеў ад абурэння! І натуральна, што першая мая работа была адпраўлена ў смецце. Але так я паступова і пачаў складаць — аранжыроўкі, музыку. Тэксты для песень мне пісаў Лёша Казлоўскі — наш знакаміты бас-гітарыст, які ўжо доўгі час жыве ў ЗША. Аднойчы “Песняры” ў Гомелі давалі канцэрт і Мулявін сказаў мне: “Давай тваю песню на англійскай мове паставім”. І пад фанаграму мы яе выканалі. Гледачы проста ачмурэлі — яны прыйшлі на класічных “Песняроў”, а тут ім песню на англійскай падсунулі. Ледзь-ледзь папляскалі, з ветлівасці. Рэакцыя Мулявіна таксама была адпаведнай, тыпу: “А я табе што казаў?!” Але апетыт, як вядома, прыходзіць падчас ежы, і я ўсё больш і больш стаў складаць — усялякага. Адной з першых маіх аранжыровак, якая “Песнярам” падышла, — “Ой, сівы конь бяжыць”.

Рэнесанс і рэгрэс

— Тыя шэсць гадоў, што вы прапрацавалі ў “Песнярах”, былі часам апошняга рэнесансу Мулявіна?

— Мне здавалася, што ён расквітнеў тады. Музыканты прыносілі яму вельмі шмат сваіх твораў — тыя ж Молчан, Аверын. І твораў класных — Уладзімір Георгіевіч толькі паспяваў іх зацвярджаць. Гэта быў ідэальны перыяд для творцы, які сам ужо стаў пісаць менш, але нюх на добрае не страціў і сваімі мазкамі даводзіў складзенае іншымі да завяршальнай стадыі. І ў слухачоў стваралася ўражанне, што аўтарам усяго новага з’яўляецца Мулявін — настолькі гэта былі “яго” песні, настолькі ён іх пераканаўча, па-гаспадарску спяваў. Вучні, якія прыйшлі ў “Песняры” ў пачатку 1990-х, сталі, на маю думку, сапраўднай дапамогай Мулявіну... Калі я ўспамінаю 1998 год, час нялёгкіх размоў з ім, думаю, што яму трэба было згаджацца з Місевічам і Дайнекам, якія і прапаноўвалі Уладзіміру Георгіевічу “пасаду” караля, які, калі спатрэбіцца, рыхтаваў бы новыя песні, спяваў нешта з іх. Захацеў — паехаў бы на гастролі, не — застаўся б дома. Мы ж і так, здаралася, ездзілі на канцэрты без яго. І публіка, у рэшце рэшт, пранікалася да нас даверам — без Мулявіна.

— Што здарылася такога, што Аляксандр Кацікаў — не за кампанію, сам — прыняў аднойчы рашэнне пакінуць ансамбль?

— Гэтаму паспрыяла канкрэтная падзея: “Песняроў” перавялі на кантрактную сістэму працы, калі дамова з намі заключалася на год. Стала зразумела, што пры той напружанай атмасферы, якая ўжо склалася ў калектыве, працадаўца па заканчэнні года мог любога чалавека “папрасіць” з ансамбля, нават пры тым, што свае абавязкі як музыканта той выконваў. Выпадак з Ігарам Пенем таму прыклад, калі ён у канфліктнай сітуацыі выступіў супраць Мулявіна і яго не ўзялі на канцэрт у Маскву. Тым самым артысту паказалі, што яго чакае. Тады я зразумеў, што і са мной можа здарыцца тое ж самае. Думак шмат у галаве было: што рабіць — заставацца, але быць гатовым да таго, што ў любы момант мяне могуць выкінуць з ансамбля? Або сыходзіць, але куды — зноў у рэстаран? І тут мне хлопцы сказалі, што ёсць ідэя стварыць ансамбль. Тады ў мяне і спрацаваў інстынкт самазахавання. Потым шмат разоў я задаваў сабе пытанне: а ці правільна я зрабіў? Ці здраднікі мы — тыя, хто сышоў ад Мулявіна, — як пра нас некаторыя кажуць да гэтага часу? Неаднаразова размаўляў на гэтую тэму са святарамі і атрымаў адказ, што чалавек не можа ўсё жыццё быць чыімсьці вучнем, што рана ці позна трэба вызначацца — або па-ранейшаму заставацца з настаўнікам, або выбіраць свой шлях... Але... Дакараю сябе — за тое, што не пайшоў супраць забаронаў і так і не наведаў Уладзіміра Георгіевіча ў бальніцы.

— З Мулявіным была сустрэча тэт-а-тэт з нагоды сыходу?

— Не…

— Чым “Песняры” засталіся ў вашым сэрцы?

— Гэта мой шлях. Цяжка ўявіць, кім бы я цяпер мог быць, калі б не яны. Вялікае шчасце, што “Песняры” былі ў маім жыцці. І застаюцца — у памяці. Ні ў якім разе я не хацеў бы змяніць свой лёс так, каб у iм не было гэтага калектыву. “Песняры” — гэта глеба, на якой сёння растуць многія і многія культурныя артэфакты, і не толькі ў Беларусі. Але такіх, як “Песняры”, больш няма. Напэўна, і не будзе — хоць неяк параўнальнага…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"