Бег чалавека з беглымі пальцамі

№ 24 (1411) 15.06.2019 - 22.06.2019 г

Кірыл КЕДУК — беларускі піяніст, якога вельмі цяжка вылавіць для сустрэчы, паколькі амаль увесь час ён праводзіць за межамі нашай краіны і пакуль не скарыў хіба адну Аўстралію. Steinway Hall у Нью-Ёрку, Зальцбургскі Мацартэум, Маскоўская кансерваторыя, зала Каралевы Лізаветы ў Антверпене, Марыінскі тэатр у Пецярбургу, зала Вердзі ў Мілане, Bridgewater Hall у Манчэстэры, Тэатр Гарыбальдзі ў Палерма, Маскоўскі міжнародны Дом музыкі і Hamarikyu Asahi Hall у Токіа — музыкант шмат выступае як сольны выканаўца ды супрацоўнічае з рознымі аркестрамі з усяго свету, але і беларускіх слухачоў не абмінае ўвагай. “Культура” ўлучыла момант паміж канцэртамі на радзіме і пагутарыла з піяністам пра яго планы на будучыню, сучасную беларускую музыку і аркестравую хімію.

/i/content/pi/cult/749/16232/8.jpgСправы, якія не забываюцца

— Першае пытанне — пра ваш стыль жыцця. Вы знаходзіцеся ў рэжыме пастаяннага руху, нават бегу. Ці не стамляецеся ад гэтага? Не хочацца часам спыніцца, падумаць, ці варта ў такім тэмпе працягваць далей?

— Часам такое жаданне ўзнікае, але часцей за ўсё ненадоўга. Літаральна пара спакойных дзён — і я адчуваю голад. Мне важна, каб жыццё было хуткім.

— Вам прыходзіцца вельмі шмат часу праводзіць у раз’ездах. Чым звычайна займаецеся падчас далёкіх пералётаў або асабліва працяглых паездак?

— Пішу мэйлы, адказваю на званкі, сам тэлефаную. Дарэчы, калі няма сувязі (часцей за ўсё такое бывае ў самалётах), гэта якраз добры час, каб проста падумаць, усё ўзважыць.

— І пра што вы думаеце ў такія моманты?

— Спрабую скласці пазл, усё ўпарадкаваць, каб на секунду ўздыхнуць спакойна, зразумець: так, гэта зрабілі, гэта паспелі, а гэта даробім заўтра. Нават у вельмі рэдкія хвіліны спакою я думаю пра справы (смяецца).

— Вы выступалі як сольны выканаўца на вельмі вялікіх пляцоўках, у прыватнасці ў Steinway Hall у Нью-Ёрку. Што вы адчувалі, калі выходзілі на такую вялікую сцэну ў першы раз? Збоку гэта выглядае, быццам гладыятар выходзіць адзін на адзін з тыграм у Калізеі.

— Мяне гэта ўсё ж такі больш натхняе, чым палохае, на шчасце. Вялікая перапоўненая зала надае мне новыя сілы. Мне хочацца паказаць гэтым людзям, што я ўмею. На сцэне ў мяне быццам з’яўляюцца дадатковыя магчымасці. Мозг працуе хутчэй. Уласна, гэта ўсё і вырашае — бо пальцы рухаюцца не самі па сабе.

Сувязі, якія важна захаваць

— Год таму ў інтэрв’ю вы пералічылі групы, якія слухаеце...

— Ну як слухаю (смяецца), хутчэй, магу слухаць.

— Добра, музыка, якая часам гучыць у навушніках. Там былі Sting, The Prodigy. Можа быць, за мінулы год адкрылі для сябе нешта новае ў папулярнай музыцы?

— Насамрэч удалых праектаў хапае, перыядычна яны з’яўляюцца, але пры гэтым вялікіх адкрыццяў я для сябе не зрабіў. The Prodigy мне было цікава паслухаць, таму што пасля доўгага перапынку ў іх выйшаў вельмі ўдалы альбом “Invaders Must Die”, але цяпер рэдка да іх вяртаюся. Нядаўна адкрыў для сябе нашу Паліну Рэспубліку — убачыў яе выступленне на ўкраінскім “X-фактары”, гэта было вельмі крута.

— Ці сочыце яшчэ за кім-небудзь на беларускай сцэне?

— Бачыў у “Фэйсбуку”, што нядаўна выйшаў рэп-альбом на беларускай мове. Я паслухаў кавалак — вельмі добра і цікава. Зусім нязвыкла для мяне, але ад таго і крута ўспрымаецца яго гучанне.

— Але ці не ўзнікала думка папрацаваць з якімі-небудзь беларускімі музыкамі?

— Узнікала, было нават сёе-тое канкрэтнае ў планах, але сарвалася. З той жа Палінай Рэспублікай я хацеў бы папрацаваць. Насамрэч у нас нават запланаваны сумесны выступ, але пакуль не ведаю, пацвердзіцца ён ці не.

— Працуеце зараз над нейкім сольным праектам?

— Так, планаў вельмі шмат, але мне не хочацца раскрываць карты. Лепш казаць, калі ўжо ўсё гатова, ёсць што паказаць. У любым выпадку, мне хочацца, каб тое, што я раблю, было “смачным”. Няма жадання скочвацца ў праславутую папсу ў самым чыстым выглядзе, але пры гэтым мне цікава было б папрацаваць з папулярнымі жанрамі. Хутчэй за ўсё, гэта будзе нешта джазавае, таму што ў рок-музыцы раяль не вельмі патрэбны. А вось у рэп-музыцы, якую я люблю, 1980—1990-х гадоў, напрыклад, The Notorious B.I.G., ёсць шмат невядомых сапраўдных амерыканскіх гангста-рэпераў, у якіх музычны бок моцна хіліцца да джазу. Але пры гэтым самому мне цікава зрабіць блюз-джаз-поп.

— Вы цяпер часцей выступаеце за мяжой. Як шмат у бліжэйшы час плануеце канцэртаў у Беларусі?

— Дастаткова, але мне не хочацца, каб іх было зашмат. Гэта не павінна ператварацца ў графаманства. Вядома, кажу гэта самому сабе з доляй іроніі, але тут і праўда патрэбны камерцыйны падыход. Напрыклад, адзін выканаўца можа рабіць 500 запісаў на працягу года, а другі — толькі тры. Але гэтыя тры — тая музыка, якую дакладна трэба паслухаць. Такі абдуманы падыход да продажу самога сябе. Я не так часта пра гэта разважаю, але мне праўда не хочацца выступаць занадта шмат.

Пакаленне, якое аказалася добрым

— Вы выступіце на канцэрце ў Белдзяржфілармоніі 31 чэрвеня, дзе, акрамя вас, прымае ўдзел шмат таленавітых маладых беларускіх выканаўцаў, якія ўжо заваявалі ўвесь свет. Яны прыкладна аднаго ўзросту. Як вы для сябе тлумачыце тое, што ваша пакаленне аказалася настолькі “музычным”?

— Проста добрае пакаленне (смяецца). Пакаленне пераходу ад савецкай сістэмы да новай. Гэта час вялікіх перамен, але ў мяне няма канкрэтнага адказу на пытанне. Проста рэнесанс.

— Ці ёсць нейкія асаблівыя музыканты, якія могуць быць не вельмі вядомыя ў нас, але якіх раіце паслухаць?

— Яго ведаюць у нас як мінімум самі музыканты, але ўсё роўна назаву імя піяніста — Аркадзь Валадось. У любым выпадку, зараз ёсць інтэрнэт, таму пра ўсё можна падрабязней даведацца там.

Магія, якую не ўбачыў

— Вы з’яўляецеся частым госцем розных канцэртаў за мяжой, таму напэўна былі на нейкім выступленні, якое вас асабліва ўразіла.

— Шчыра кажучы, не магу нічога прыдумаць, але магу распавесці пра выступ, на якім я не быў і нават не мог быць фізічна, таму што ён адбыўся яшчэ да майго нараджэння, але на якім я марыў бы пабываць, — гэта канцэрт Уладзіміра Горавіца з Зубінам Метам у Нью-Ёркскай філармоніі (1978 год. — Ц.В.). Вельмі часта пераслухоўваю запіс гэтага канцэрта. Але нават не ведаю, чаму мне нічога іншага не прыйшло ў галаву…

— Можа, таму, што музыка стала для вас руцінай?

— Не, я не магу сказаць, што не адчуваю дзіўнага трапятання перад выхадам на сцэну. На шчасце, яно заўсёды прысутнічае. Мая збянтэжанасць звязаная з тым, што я, вядома, быў на многіх добрых выступленнях, але цяпер не магу ўспомніць нічога, што б мяне кранула, ад чаго захапіла дух. А вось канцэрт Уладзіміра Горавіца я нядаўна пераслухоўваў, калі не мог заснуць, і гэта вельмі яркае ўражанне. Кожны раз ад яго ўзнікае такое адчуванне, быццам я знаходжуся ў той зале.

— Што ў гэтым канцэрце такога асаблівага? Што за магія адчуваецца нават праз запіс?

— Ён у пэўным сэнсе ўніверсальны, таму што малады Зубін Мета, неверагодны дырыжор, што кіруе неверагодным аркестрам, які акампаніруе майму любімаму, найлепшаму піяністу ўсіх часоў Уладзіміру Горавіцу, — штосьці ўнікальнае. У гэтым канцэрце адчуваецца вялікая павага Зубіна Мета да Уладзіміра Горавіца. Дырыжор тонка адчувае ўсё тое, што выконвае саліст. Рукамі ён дырыжыруе сотняй людзей на сцэне, але пры гэтым слыхам ён звернуты менавіта да Горавіца і ідзе за ім, куды б той ні павёў, а вядзе ён у незабыўныя вышыні.

Хімія, якую цяжка знайсці

— Наколькі вялікая розніца ў адчуванні музыканта пры сольным выступе і з аркестрам?

— Калі выходзіш на сцэну сольна — ты быццам абсалютна голы, сам адказваеш за музыку, якую іграеш. Калі ёсць аркестр, адчуваецца хімія паміж салістам і дырыжорам, то ўзнікае зусім іншая энергетыка. Я не кажу, што нешта лепш ці горш, гэта проста зусім розныя рэчы.

— Ці бывае, што такой хіміі не ўзнікае?

— Вядома, гэта ж звычайнае чалавечае стаўленне да працэсу, але тады трэба шукаць кантакт, таму што бывае, што ён з’яўляецца нечакана на сцэне падчас выступу. Кантакт трэба шукаць заўсёды.

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Даведка

Кірыл КЕДУК нарадзіўся ў Гродне. Пачаў займацца музыкай у 6 гадоў. У 1997 годзе дэбютаваў на філарманічнай сцэне ў якасці саліста з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам РБ. Навучаўся ў Барыса Петрушанскага ў Міжнароднай фартэпіяннай Акадэміі Incontri col Maestro, у Пятра Палечнага ў Музычным універсітэце Шапэна ў Варшаве, скончыў аспірантуру ў класе Грэма Скота ў Каралеўскім Паўночным каледжы музыкі ў Манчэстэры. Лаўрэат больш як 15 міжнародных конкурсаў. У 2013 годзе выпусціў дэбютны альбом My Polish Diary, прысвечаны памяці бацькі і запісаны Delos Records — адным з самых аўтарытэтных амерыканскіх лэйблаў, які меў эксклюзіўны кантракт з Дзмітрыем Хварастоўскім. З’яўляецца ініцыятарам і стваральнікам міжнароднага музычнага фестывалю Tyzen House, які з верасня 2013 года ўжо традыцыйна праходзіць у Гродне.