Лондан — Мінск: “Сямейны партрэт”

№ 24 (1411) 15.06.2019 - 22.06.2019 г

Сёння ў сталіцы адкрываецца выстава “Эмі Уайнхаус. Сямейны партрэт”, галоўнай цікавосткай якой сталі не столькі экспанаты, колькі навіна, што продкі артысткі — родам з нашай краіны. Каралева блюзу, соўлу і джазу, фэшн-ікона, уладальніца ўнікальнага голасу — так пра Эмі Уайнхаус кажуць часцей за ўсё. Выстава ж распавядае пра таленавітую дзяўчынку, якой яе ведалі блізкія людзі. Створаны ў 2013 годзе ў Яўрэйскім музеі Лондана, праект ужо быў паказаны ў Амстэрдаме, Вене, Мельбурне, Тэль-Авіве ды на іншых замежных пляцоўках. Мінск — адзіны на ўсёй прасторы СНД і ўвогуле апошні горад свету, які прымае гэтую выставу ў сябе. Днямі Мастацкую галерэю Міхаіла Савіцкага асабіста наведала сям’я Уайнхаус, што ўпершыню апынулася ў Беларусі, а “К” даведалася, чаму ж яна даўно марыла прыехаць сюды.

/i/content/pi/cult/749/16229/1.jpgВыстава не апісвае гісторыю жыцця ці музычнага поспеху легендарнай спявачкі, але распавядае пра яе праз асабістыя і дарагія ёй самой рэчы. Яшчэ задоўга да смерці артысткі, загінулай восем гадоў таму, у яе брата Алекса была задума напісаць кнігу пра іх сям’ю. Гэтага так і не адбылося, але з цягам часу дзякуючы Яўрэйскаму музею Лондана гісторыя ўсё ж прагучала і вельмі зацікавіла людзей па ўсім свеце. Сёння яна гучыць у нас.

— Я ўбачыў тыя ж вуліцы, па якіх калісьці гуляў мой прапрадзед, а сёння гуляем мы. З таго часу нічога не захавалася, але штосьці можна захаваць і ў сваёй галаве, — разважаў на адкрыцці выставы Алекс Уайнхаус, які ўпершыню прыехаў у Мінск разам з жонкай Рывай і маленькім сынам Косма. — Беларусь аказала велізарны ўплыў на свет, вы самі гэтага нават не ўяўляеце. Калі мы раслі, нам з Эмі казалі, што мы родам з Расіі, але цяпер мы ведаем, што наша сям’я родам з Мінска. І заўжды будзем памятаць, дзе нашы карані.

— Мы з’яўляемся сведкамі вяртання ў Беларусь культавай сусветнай спадчыны, — адзначыў на адкрыцці выставы намеснік міністра культуры краіны Сяргей Шарамецьеў.

Яшчэ раз і падрабязней: што за выстава і чаму ў нас?

Чамадан з калекцыяй сямейных здымкаў, любімыя кнігі, сукенкі, плыткі, гітары, кнігі, магніты з лядоўні — падавалася б, звычайныя рэчы, якія можна ўбачыць дома ў любога чалавека. Але яны невыпадкова былі дома менавіта ў спявачкі. Спецыяльна для таго, каб паказаць іх, стваралася адмысловая прастора. Напрыклад, сцены галерэйнай залы пафарбаваны ў любімыя колеры спявачкі — ружовы, блакітны і бэжавы. Па словах арганізатараў, гэта быццам яскравыя вокны ў яе асабістую прастору. Фонам гучаць песні з плэйліста Уайнхаус, бо дома яна не стала б слухаць сваю музыку — толькі тое, што
натхняе. Усе рэчы захаваныя менавіта ў такім выглядзе, у якім яны засталіся ад артысткі, бо сям’я настойвала, каб да іх не ставіліся як да музейных экспанатаў і ніяк іх не апрацоўвалі.

Кожны з прадметаў суправаджаецца цытатамі з допісаў самой Эмі і яе брата Алекса, які фактычна стаў сукуратарам выставы. У адным з яго выказванняў тлумачыцца, што праект — гэта не спроба змяніць чыёсьці меркаванне пра артыстку, а толькі паказаць тое, што не было бачна са сцэны, але што прымусіла яе рухацца наперад і паўплывала на тое, кім яна стала.

— Экспазіцыя складаецца з некалькіх частак: сям’я, школа, музыка — пазначае важныя моманты станаўлення асобы, — кажа Мая Кацнэльсон — заснавальніца Цэнтра беларуска-яўрэйскай спадчыны, які спрычыніўся да арганізацыі выставы ў Беларусі. — Эмі Уайнхаус была глыбокай і інтэлігентнай дзяўчынай, што бачна, напрыклад, па яе літаратурным гусце. Але, як распавядаў яе брат, чамусьці саромелася сваёй інтэлігентнасці і томікі Дастаеўскага і Набокава хавала ў шафе. Ужо ў падлеткавым узросце яна слухала Фрэнка Сінатру, Тоні Бэнета, Элу Фіцджэральд. А яе прафесійнай заслугай стала тое, што яна першай у музычнай культуры быццам аднавіла эпоху гэтых выканаўцаў нанова ўжо ў сучасным гучанні, хаця яна казала, што слухае шмат музыкі 1950-х, але сама — маладая жанчына, таму будзе пісаць свае песні пра тое, што ведае. Таму гэта зусім не мемарыяльная выстава асабістых рэчаў, не расповед пра тое, што і так усе ведаюць, а менавіта партрэт, які пралівае святло на раней не вядомыя моманты. А таксама распавесці, як паходжанне паўплывала на станаўленне асобы, і на прыкладзе адной канкрэтнай сям’і згадаць гісторыі іншых — чаму і куды з’язджалі, як станавіліся на новай зямлі, чаму для іх важна памятаць пра свае карані. Упэўнена, шмат хто пазнае на здымках і сваю сям’ю падчас нейкіх сумесных абедаў і сустрэч.

/i/content/pi/cult/749/16229/2.jpgНяўжо продкі Эмі Уайнхаус з Беларусі?

Так, хаця гэта навіна сапраўды стала сюрпрызам для шматлікіх прыхільнікаў артысткі. Падчас падрыхтоўкі да выставачнага праекта ў Лондане праводзілася даследаванне, да якога прыцягнулі архівістаў, гісторыкаў і сацыёлагаў. І высветлілася наступная гісторыя.

Мінск, 1890 год. Харыс Вінхаус, як ён сябе тады запісваў, пасля чарговай хвалі пагромаў, звязаных з умовамі пражывання яўрэяў на мяжы аселасці, пакінуў Мінск і вырушыў да Нью-Ёрка, але чамусьці апынуўся ў Лондане. Там і застаўся. Спачатку ён паехаў адзін, каб асвоіцца і падняцца на ногі. Яму было каля 28 гадоў, а ў Беларусі ў яго засталася жонка з двума дзецьмі. Захаваліся архіўныя дакументы, у якіх згадваецца, што ў 1891 годзе ўся сям’я жыла ўжо разам у раёне Іст-энд, а іх прозвішча з Вінхаус было перайначана на англійскі манер — Уайнхаус.

Працаваў Харыс краўцом — гэтая прафесія ўвогуле стала тады папулярнай для эмігрантаў-яўрэяў у Лондане. Прычым, у адрозненне ад мясцовых краўцоў, Харыс шыў адзенне менавіта для бедных людзей, што было вельмі запатрабавана. З цягам часу ў яго, хутчэй за ўсё, з’явіўся невялікі бізнес кшталту крамы ці майстэрні, бо згадваецца ён ужо не проста як кравец, а як master — майстар і ўладальнік нейкай маёмасці.

Яго сын Бэнджамін нарадзіўся ў Мінску літаральна за два-тры гады да пераезду сям’і ў Лондан. Пасталеўшы, ён таксама займеў сваю справу — адкрыў цырульню, ці, хутчэй, як сказалі б зараз, барбершоп пад назвай Ben The Barber (Бэн — цырульнік) у тым жа будынку, дзе жылі тады Уайнхаўсы. Цырульня прапрацавала 50 гадоў і лічылася духоўным цэнтрам сям’і, дзе ўсе збіраліся разам. Бэн дажыў да 97 гадоў і нават паспеў пазнаёміцца са сваёй праўнучкай Эмі.

— На выставе ёсць фотаздымак з таго барбершопа, дзе Бэн разам з сынамі, — кажа Мая Кацнельсон. — У адной з цытат Алекса і Эмі акурат згадваецца, што іх прапрадзед родам з Мінска, але нейкім чынам апынуўся ў Лондане, і зараз уявіць, што яны маглі б быць адкуль-небудзь яшчэ, проста немагчыма — яны асацыююць сябе менавіта з гэтым горадам і любяць яго, але пры гэтым ведаюць і цэняць свае карані. Пра што сведчыць і тое, што гэтыя гісторыі — хто, адкуль і куды трапіў — перадаюцца ў сям’і з пакалення ў пакаленне.

Больш за тое, уся гэтая інфармацыя перадаецца не толькі на словах — захавалася генеалагічнае дрэва, што “расце” ад Харыса Уайнхауса. Яно захоўвалася дома ў бабулі Эмі Уайнхаус Сінціі — жонкі сына таго самага Бэна.

— Яна акурат была тым чалавекам, з якім у Эмі была моцная сувязь і які падштурхоўваў яе да шляху артысткі, — распавядае Мая Канцэльсон. — Па яе лініі ў родзе таксама былі прафесійныя музыканты, а сама яна да таго, як выйсці замуж за Уайнхауса, сустракалася з вядомым джазменам Роні Скотам. Убачыўшы фотаздымкі бабулі ў маладосці, Эмі нават у нечым пераняла яе стыль. Памятаеце прычоску з белай пасмай валасоў? А на руцэ ў спявачкі была татуіроўка ў пінап-стылі з подпісам Cynthia. На выставе ёсць здымак з фотасесіі для вокладкі Rolling Stone, дзе яна яе дэманструе.

/i/content/pi/cult/749/16229/3.jpg

/i/content/pi/cult/749/16229/4.jpgВыстава “Эмі Уайнхаўс. Сямейны партрэт” будзе суправаджацца дадатковай праграмай мерапрыемстваў як непасрэдна ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага (дзе, напрыклад, будуць праходзіць лекцыіі аб культурнай спадчыне Беларусі), так і на гарадскіх пляцоўках — у прыватнасці 23 чэрвеня на плошчы Свабоды падчас Вялікага брытанскага фестывалю запланаваны канцэрт-трыб’ют спявачкі. Праект паказваецца ў Мінску да 31 жніўня, пасля чаго ён будзе расфарміраваны, а ўсе экспанаты вернуты ўладальнікам.

— Мне падаецца асабліва важным, што сям’я Уайнхаус не проста ўпершыню наведвае гістарычную радзіму, а робіць гэта яшчэ і ў якасці ўдзельнікаў культурнага працэсу, які тут адбываецца, — адзначыла Мая Канцэльсон.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"