Магчымасці выхаду

№ 23 (1410) 08.06.2019 - 14.06.2019 г

58-я Венецыянская біенале: няўжо перамены — праклён?
(Заканчэнне. Пачатак у № 22)

/i/content/pi/cult/748/16228/page-15.jpg“Сонечныя зайчыкі” і “Шляхі знікнення”

Латвійская мастачка Дайга Гранціна, як і яе літоўскія калегі, таксама закранула тэму сонца. Але пайшла зусім іншым шляхам: яе аб’екты з металу, пластыку і каляровых фрагментаў нагадваюць мудрагелістыя расліны. Куратарскі тэкст Валянцінаса Клімасаўскаса і Інгі Ласе сведчыць, што разумець інсталяцыю варта як квітнеючае поле магчымасцяў чалавека. Промні “сонца” і гульня ценяў, арганічныя матэрыялы побач з сінтэтычнымі, рух асобных фрагментаў “сонечных раслін” выклікаюць у свядомасці гледача аптымістычныя адчуванні, прычым з адсылкай на касмаганічны міф.

Дарэчы, той жа ўхіл у міфалогію быў і ў павільёне Латвіі 2017 года: тады Мікеліс Фішарс у бліскучай “Структуры неспакою” паказаў вытанчаныя графічныя работы з постапакаліптычнымі істотамі. Зрэшты, пасыл мастака тады быў зусім іншым.

У цяперашнім латвійскім праекце няма наратыву: ён не “распавядае гісторый”, але прапануе нам іншую мову камунікацыі — праз форму і аб’ём, колер і фактуру розных матэрыялаў.

Дыяметральна супрацьлеглая тэма — у харвата Ігара Грубіча (куратар Кацярына Грэгас) у “Шляхах знікнення”. Гэта венецыянскі дэбют мастака з таго пакалення, якое заспела распад Югаславіі і пераход Харватыі да новай сацыяльнай фармацыі. Прыватызацыя, джэнтрыфікацыя, фінансавыя махінацыі і гэтак далей. Тры акты “Шляхоў” — серыя дакументальных фотаздымкаў дэпрэсіўнага раёна, відэа пра жыццё яго насельнікаў і кадры з паўразбуранымі індустрыяльнымі ландшафтамі. Візуальна моцнае, вельмі шчымлівае сведчанне часу пераменаў у яго чалавечым вымярэнні наводзіць на думку: часіны-та памяняюцца, а лёсы людзей, якія ад гэтага пацярпелі, ужо не выправіш.

Грубіч не гаворыць ні пра палітыку, ні пра ідэалогію, наўмысна не ўступаючы на поле міфаў і постпраўды — і куратары падкрэсліваюць гэты момант. У яго прамой фатаграфіі ёсць свайго роду паэзія, што нечаканым чынам рэзаніруе з самой Венецыяй — горадам, які пакрысе “знікае”. Празмерны турызм, паводкі, пагаршэнне стану архітэктурнай спадчыны — гэта таксама праблемы пераменаў.

Эстонскі павільён размясціўся на выспе Джудэка. І тут таксама, як у літоўцаў, гучаць оперныя спевы — прычым яшчэ больш стылізаваныя. Крыс Лемсалу — маладая мастачка, якая паспела папрацаваць у Лондане і Вене. Яе скразная тэма — нараджэнне, як фізічнае, так і ментальнае. Замацаванае ў традыцыйных медыя, але кожны раз новае.

Паказанае ў Венецыі “Нараджэнне V — прывітанне і бывай” уключае не толькі вакальны перформанс, але і два фантастычныя аб’екты ў экспазіцыі. Адзін — мнагарукая істота ў лодцы, другі — істота не толькі мнагарукая, але шматгаловая, і яна нараджаецца з вады. Абодва знарочыста рукатворныя і адсылаюць да эпасу, але ў той жа час саркастычныя, нават злавесныя. Другі монстр, ростам да самай столі, у розных руках трымае мяч, музычны інструмент, вінаград. Мабыць, там, на вышыні піраміды перараджэнняў, у чалавека/грамадства ёсць шанцы заняцца сваімі справамі. Але з традыцыйнымі ўяўленнямі аб пераменах/нараджэннях новага аўтар відавочна развітваецца. Ці гучыць усё гэта сучасна? Думаю, так: для “Нараджэння V” абрана мова коміксу, кітчу, нагрувашчванне сімвалаў маскультуры. Нават гукавы складнік у праекце характэрны для клубнага фармату.

Дзве польскія гісторыі

У нацыянальным павільёне Польшчы — як заўсёды, вельмі прыкметным, відовішчным і забяспечаным грунтоўнай канцэпцыяй — велізарны паўразбураны самалёт. Праект Flight (мастак Раман Станчак) нагадвае пра крушэнне Ту-154 і гібель прэзідэнта Леха Качыньскага і польскага кіраўніцтва. Але мастак не ўспамінаў бы аб трагедыі, калі б не механістычнасць вобразу і магчымасць сродкамі дэканструкцыі паказаць след падзей, перамену як катастрофу. Шматслаёвую і, у тым ліку, персанальную,

Яшчэ адна польская мастачка, Аляксандра Карповіч, дэманструе на Джудэцы праект “Цела як дом”. Персаналізацыя ў яе канцэпцыі куды больш відавочная: гэта тры відэа з дзвюма аголенымі гераінямі на фоне самых розных пейзажаў у прыродным і гарадскім асяроддзі. Ідэя, безумоўна, прыгожая, але ў праекце ёсць лёгкае адценне гламура — у кожным разе, аўтарская дыстанцыя ў адносінах да мадэльнай жаночай цялеснасці не счытваецца. Верагодна, гэты праект можа служыць прыкладам для тых, хто ўпэўнены ў “жаночым характары” 58-й біенале: жанчын, нібыта большасць сярод аўтараў і куратараў. Дый нават рашэнні для часу пераменаў — пераважна жаночыя. Шчыра скажу: з гэтай перспектывы я біенале не разглядаю.

Пытанні для хатняга задання

А зараз — пра адзін з самых старых венецыянскіх павільёнаў: бразільскі. Тут сёлета пануе Swinguerra (Барбара Вагнер і Бенджамін дэ Бурка) — культурны феномен, які аб’ядноўвае і танцавальныя традыцыі краіны ў прынцыпе, і асобныя школы самбы, і вулічны танец. Гэта гарызантальныя практыкі канкурэнцыі і супрацоўніцтва, гендэрная праблематыка — і свайго роду панарама культуры Бразіліі. А прэзентавана Swinguerra, як няцяжка здагадацца, дзвюма серыямі фатаграфій і відэа. Яны перанасычаныя эмоцыямі, музыкай, энергіяй і нават агрэсіяй. Думаецца, аўтары пастараліся паказаць сваю краіну “тут і цяпер” без лакавання.

“Адзін дзень з жыцця Ноа Пiўгатук” — канадскі праект, і калегі запэўніваюць, што ў апошнія гады ўжо бачылі яго версіі. Гэта некалькі гісторый пра племя інуітаў, якія калісьці жылі ў паўночных рэгіёнах краіны. Выхадзец з далёкага пасёлка распавядае пра сваю сям’ю, пра рыбную лоўлю і традыцыйныя промыслы.

Я сведка: публіка непрафесійная, як зрэшты і прафесійная, пакорліва глядзела тры відэа з жыцця этнічнай групы аднаго з карэнных народаў Паўночнай Амерыкі. Відэа былі розныя, але доўгія.

Адсюль пытанне, якое мы абмяркоўвалі шматкроць: што можа паказаць Беларусь з такіх вось лакальных гісторый, толькі нашых, непаўторных? Ці ёсць у нас мастакі з новымі ідэямі і добрай прэзентацыяй праектаў? Ці цікавыя нам перфарматыўныя практыкі, фатаграфія, відэа-арт, ці здатныя мы годна іх прадставіць? Адказ амаль заўсёды быў “так”, але ж заўсёды былі і агаворкі ды спрэчкі.

Што ж, думаю, абмеркаванне венецыянскіх праектаў і нашых перспектыў на біенале будзе працягнута. Важна толькі бачыць вынік у канцы тунэлю.

Але, з іншага боку: што лічыць вынікам? Тут таксама меркаванні могуць быць рознымі.

Любоў ГАЎРЫЛЮК

Фота аўтара