“Тарцюф”: казка і выкрыццё?

№ 23 (1410) 08.06.2019 - 14.06.2019 г

У Магілёўскім абласным драматычным тэатры акурат у 131-ю гадавіну з дня яго адкрыцця адбылася прэм’ера “Тарцюфа” па аднайменнай п’есе Мальера. Спектакль паставіла Кацярына Аверкава, якая параўнальна нядаўна з’яўлялася галоўным рэжысёрам тэатра, трывала забяспечыўшы магілёўскім гледачам цікавасць да сваёй творчасці і праз некалькі гадоў пасля свайго ад’езду.

/i/content/pi/cult/748/16223/pages-8-9-copy-2.jpg

Класічная п’еса, якую ставілі па ўсім свеце незлічоную колькасць разоў, у цяперашняй версіі знайшла незвычайную, крыху эпатажную, умерана фантасмагарычную, месцамі правакацыйную, у нечым казачную форму існавання. Жанр вызначаны як камедыя, а класічны змест у ёй набывае такую нечаканую форму, што на першы погляд падаецца, нібы ўсё разам апынаецца на грані фолу.

Але напрыканцы прыходзіць разуменне, што спектакль утварае адзінае цэлае, у ім няма недарэчных частак або прэтэндэнтаў на выбыванне. Казка, шызафрэнія, фантасмагорыя, клубная тусоўка ці жыццё — напэўна, кожны сам вырашыць, што ў “Тарцюфе” чым з’яўляецца. Калі з’яўляецца нечым рэальным наогул.

Сама па сабе гісторыя, якую Мальер напісаў больш за тры з паловай стагоддзі таму, сёння ўяўляецца не такой актуальнай, як у часы каралеўскай Францыі. Але яна засталася камедыйнай — не праз дыялогі, а за кошт акцёрскай ігры. Назіраць за сцэнічным дзеяннем цягам больш як дзвюх гадзін не надакучвае, бо з пыльнага тэксту рэжысёрка зрабіла сапраўдную цукерку. Дарэчы, кампазітарам выступіла сама Аверкава, і музычнае афармленне ўпісваецца ў агульную канву вельмі аб’ёмным і дарэчным узорам.

У спектаклі некаторыя героі выглядаюць як прыхільнікі кітч-культуры, іншыя — як жыхары казачнага каралеўства. Усе разам — бы асобны пласт падсвядомасці: нечага, што не можа існаваць у рэальнасці, аднак прымаецца за рэальнасць, як гэта часта бывае ў жыцці. Падзея, якой не было і якую, аднак, мы прымаем за факт, што адбыўся і паўздзейнічаў на далейшае самавызначэнне і самаўспрыняцце.

Увогуле, пастаноўка зроблена так, што глядзець яе магчыма і “з адключаным гукам”, без слоў. Бо сцэнаграфія (мастак — Алена Ігруша) у сукупнасці з акцёрскімі эмоцыямі стварае наратыў, які лёгка счытваецца. Здаецца, няма нічога зашыфраванага, схаванага ад непадрыхтаванага, як у нас любяць казаць, гледача.

Чалавечыя заганы, хай і прыкрытыя багамольнасцю, не могуць не праявіцца. У самым пачатку спектакля пра гэта кажа сцэна, дзе Тарцюф (Аляксей Цыбін, у іншым складзе — Дзмітрый Дудкевіч) чытае тэкст на латыні, а жыхары дома не вытрымліваюць напружання, іх нацягнутыя ўсмешкі і нервовыя рухі ў адзін момант пераходзяць у бескантрольную фазу. Калі святло змяняецца і час нібы спыняецца, героі атрымліваюць шанс праявіць сапраўдныя пачуцці — скачуць, крычаць.

Да заганаў таксама адсылаюць і іншыя сімвалы, выкарыстаныя рэжысёрам: расстаўленыя па паўкруглым стале ружовыя шклянкі, яблычны сок з сокавыціскалкі пасля таго, як Тарцюф і Эльміра (Вераніка Баранава ці Наталля Калакустава) з’ядаюць яблык — сімвал грэхападзення. Нарэшце, ружовы колер лядоўні-келлі ці труны, у якой большасць часу знаходзіцца Тарцюф. Усё гэтае адсылае нас да поп-культуры і адначасова ўяўляе з сябе скажэнне і смерць веры. Аднак сэнсы тут даволі рухомыя, плыткія, яны трансфармуюцца цягам спектакля. Дый крыж на лядоўні аказваецца здымным, і Тарцюф носіць яго перавернутым, калі размаўляе з Аргонам (Чэслаў Вількін).

Феерычны фінал, аднак жа, пакідае пытанні без адказаў. Бліскаўкі і эратызаваныя танцы афіцэра (Вадзім Арціменя ці Павел Зароўскі), які прыбыў абвясціць выратавальнае для сям’і Аргона рашэнне караля пакараць Тарцюфа, — выглядаюць эфектна. Як і той момант, калі гэты персанаж займае месца самога падманшчыка ў лядоўні-труне, дзе ласуецца вінаградам. На месцы адкормленага, апранутага ў футра і нешта падобнае да залатога какошніка Тарцюфа апынаецца афіцэр, які нібыта толькі выйшаў з тэматычнай вечарыны ў клубе. Адзін ідал замяняе сабой другога — а значыць, сітуацыя не мяняецца кардынальна, бо сляпое пакланенне там, дзе павінна быць вера, наўрад ці прывядзе да дабра.