У сітуацыі бясконцых “вось-вось”

№ 23 (1410) 08.06.2019 - 14.06.2019 г

Дзіўна, але правядзенне — упершыню за пяць гадоў! — маштабнага конкурсу “Спадчына ў дзеянні” не выклікала нармальнага ажыятажу (ды ладна: хаця б проста ўвагі) з боку маіх калегаў. Таму і прэс-тур, які Беларускае бюро ICOMOS зладзіла па выніках таго спаборніцтва (пра яго мы ўжо падрабязна пісалі), не спарадзіў бураны ў сацсетках. Хаця дарэмна. Мы пабачылі шмат цікавага, пазнаёміліся з прыемнымі людзьмі і ў чарговы раз пераканаліся: калі нешта ў нас са спадчынай і робіцца, то найперш дзякуючы ім — прыемным людзям.

/i/content/pi/cult/748/16220/pages-6-copy.jpg

/i/content/pi/cult/748/16220/pages-6-copy-2.jpgСтанькава: на “перасечанай мясцовасці”

Архітэктар Алег Масліеў са сваёй шыкоўнай барадой і ў фрэнчы — сам нібы родам з тых часін, калі жыццё ў сядзібе Чапскіх віравала, калі дамы каталіся на лодках, на беразе граў аркестр, а прыручаныя мядзведзі-кур’еры выконвалі дробныя даручэнні.

Але няма таго, што было раней. Кнігі з шыкоўнай графскай бібліятэкі згарэлі ў пячурках тутэйшага люду. Палац у савецкую пару быў узарваны (па адной з версій — каб не прыцягваць увагу турыстаў: тут знаходзіўся важны вайсковы аб’ект). Сёння тэрыторыя сядзібы падзеленая паміж рознымі ўласнікамі (кажуць, мясцовыя ўлады раз-пораз і дасюль падліваюць алею ў агонь, “наразаючы” новыя ўчасткі) і забудаваная шэрымі спарудамі з сілікатнай цэглы ды прыватнымі дамкамі з агародамі.

Аднак сярод “перасечанай мясцовасці” — мноства цікавостак. Гэта і камень у гонар Статута ВКЛ, і дуб, на якім параўнальна нядаўна маланка выпаліла абрысы Багародзіцы, і брама — дакладней, яе зарослыя хмыззём рамантычныя руіны, дзе сёння можна здымаць фільмы пра вайну. Хаця насамрэч вайна тут не вінаватая: яшчэ ў 1983 годзе прыбудова да брамы была жылая. Але потым мясцовыя жыхары пачалі хадзіць туды па дармовыя будматэрыялы.

Наглядны доказ выхаваўчага патэнцыялу спадчыны (або яго адсутнасці) мы атрымалі, наведаўшы ўжо трохі прыведзены да ладу ўчастак сядзібнага комплексу — прыстань на сажалцы.

— Гэтую альтанку пачалі псаваць у першы ж дзень, калі яна толькі з’явілася, — распавёў Алег Масліеў. — Дэкаратыўныя элементы на мосце зніклі таксама вельмі хутка.

Журналістаў не магла не прывабіць яшчэ адна тутэйшая цікавостка, якую Алег Масліеў прамінуў без каментарыяў — музей пластыкавага трэш-арту, створаны нейкім рупліўцам на сваім падворку. Побач з ім шыльда: філіял сядзібы Чапскіх. Жарты жартамі, але пакуль гэта адзіны музей, які чакае турыста ў Станькава. Ёсць яшчэ невялічкі школьны — ужо за тэрыторыяй сядзібы. Але туды не так і проста патрапіць.

Здавалася б, пра месца для музею парупіліся самі Чапскія (якія, дарэчы, мелі тут адзін з найбагацейшых прыватных музеяў Еўропы). Найпрыгажэйшы элемент комплексу — неагатычны будыначак скарбцу — даўно чакае на вяртанне свайго адпачатнага функцыяналу. Ён і выглядае няблага — не тое што тая брама. Але давесці яго да ладу ўсё ніяк не атрымліваецца.

У школьным музеі, якім палюбоўна (і на грамадскіх, вядома, пачатках, апякуецца Алег Масіліеў) ёсць і ягоны макет адноўленай сядзібы. Выглядае ён, канешне, зусім не так, як нягеглая рэчаіснасць. Але спадар Алег марыць, што зваротны працэс — рэгенерацыі і Рэнесансу — вось-вось распачнецца. І марыць ужо
даўно. Гісторыяй Станькава ён усур’ёз цікавіцца недзе чвэрць стагоддзя таму. І не раз у яго расповедах праслізгвала паведамленне: пакуль фінансаў няма, але вось-вось — і ўсё закруціцца.

“Вось-вось” цягнецца доўга. Што нават дзіўна для такога аб’екта: блізкасць да сталіцы, раскошная гісторыя і папулярнасць колішняга мэра Мінска (прынамсі адно яго дзецішча — бровар — не забывае свайго дабрадзея) прывабілі б мноства наведвальнікаў. Думаецца, не меней, чым турыстычны комплекс, які — тыповы для нас парадокс! — паўстаў у чыстым полі за кіламетр ад сядзібы.

Пакуль жа аднавілася толькі царква знакамітага расійскага архітэктара Канстанціна Тона (стваральніка Храма Хрыста Збаўцы!). Прычым аднавілі яе, кажуць, нават на “яйкавых” злучніках замест цэменту — не кажучы ўжо пра еўрарамонт.

Згодна з пададзенымі на конкурс дакументамі, комплексны праект рэгенерацыі сядзібы распачаты яшчэ ў 2007 годзе. Яго фінал прадбачліва аднесены ажно да 2035 года. Але калі кіравацца логікай “вось-вось”, нават і гэтага часу можа не хапіць.

Нясвіж: у вежы пакуль галубы

Наступны прыпынак — ля колішняга бенедыктынскага кляштара, дзе ўжо з ХІХ стагоддзя рыхтуюць настаўнікаў. Яго надбрамную званіцу бакавым зрокам бачаць многія дзясяткі тысяч турыстаў. Апошнія маглі б і ўскарабкацца на яе верх, пакінуўшы на ўваходзе пару рублёў — балазе, краявіды на ставы і паркі адтуль адкрываюцца шыкоўныя. Як распавяла дырэктар каледжа Алена Жураўлёва, такія задумы былі, толькі не рэалізаваліся яны па той самай, усім сумнавядомай прычыне. Таму пакуль што ў вежы валадараць галубы.

Але не яна нас цікавіць. Журналістаў сустракае Ігар Шыкулаў — яшчэ адзін чалавек-унікум. Прафесійны мастак-рэстаўратар з легендарнай суполкі “Басталія” раз на тыдзень выпраўляецца з Мінска ў Нясвіж, каб зладзіць заняткі для вучняў каледжа. Таго заробку, які ён там атрымлівае, не хапае нават на бензін!

Навошта яму гэта? Бо ягоны дзядуля родам з Нясвіжа, працаваў яшчэ ў Радзівілаў. Да ўсяго, разам з жонкай ён ладзіць у каледжы цікавы праект, мэта якога — далучыць выхаванцаў (пераважна з вёсак або малых гарадоў) не толькі да спадчыны, але і ўвогуле да сусветнай культуры, адкрыць перад імі новыя далягляды.

Невялічкае памяшканне спрэс напоўненае сэнсамі, якія лёгка счытваюць маладыя розумы. Тут і зандажы, што адкрываюць воку кладку часоў Бернардоні, і гібрыд “Вітрувіянскага чалавека” з “Мадулорам” Ле Карбюзье, і геаметрычныя абстракцыі а-ля Мадрыян… Спадар Ігар падкрэслівае: гэта не музей і не спроба рэканструкцыі аўтэнтычных інтэр’ераў на патрэбу турыстаў. Гэта рабочая прастора, навучальныя майстэрні.

Тое, што ягоны праект быў прызнаны найлепшым у сваёй намінацыі, падаецца заканамерным. У Беларусі вельмі шмат архітэктурных помнікаў сёння належаць установам адукацыі. Але як выкарыстоўваецца імі гэты багаты гістарычны бэкграўнд? Часцяком ніяк. Што дзіўна: варыянтаў тут настолькі багата, а плён настолькі відавочны — і як дадатковы чыннік выхавання маладняку, і як спосаб павысіць прэстыж самой установы. І галоўнае: усе гэтыя варыянты маюць шанец пераўтварыць адукацыйную руціну ў несупынны творчы працэс. Спадар Ігар гэта зразумеў. А вы?

Капыль: а чаму б не Малевіч?

Пераязджаем досыць уяўную цяпер мяжу паміж Усходняй і Заходняй Беларуссю — і неўзабаве мы ўжо ўскарабкваемся ў Капыль. Ландшафт тут настолькі альпійскі, што захапленню няма межаў.

Узгор’і, якія знаходзіліся на шляху з варагаў у грэкі, былі заселены яшчэ ў спаконвечныя часы — як сведчаць археолагі, стагоддзяў гэтак пяць да Нараджэння Хрыстовага. А вось з памяткамі даўніны Капылю не тое каб надта пашчасціла: у горадзе назбіраецца хіба з дзясятак стогадовых камяніц.

І менавіта таму новае кіраўніцтва райвыканкама не толькі аддала адну з іх пад пашырэнне музейных плошчаў (у наяўнай “гарбарні” экспазіцыя, канешне, дыхтоўная, ды надта ўжо маленькая), але і запланавала новы, звышшыкоўны праект. На пакручастай Замкавай гары, а таксама ў яе ваколіцах — і для турыстаў (пакуль збольшага патэнцыйных), і для “сваіх”.

І вось тут мяне вельмі ўзрадавала адна акалічнасць. Мясцовыя ўлады не сталі пракладаць шлях да сваёй мэты саматужна, шукаючы прасцейшыя варыянты. Як, напрыклад, зрабіў муніцыпалітэт аднаго не самага беднага ў нас горада, што мае падобныя з Капылём праблемы. Прадстаўнік
мясцовых уладаў неяк выхваляўся мне, што замест навукоўцаў, якія за свае эфемерныя праекты рэканструкцый бяруць шалёныя грошы, “запрасілі” да працы мясцовых зэкаў. Сэканомілі! І ў выніку такога падыходу атрымаўся першы прэтэндэнт на званне найгоршай інтэрпрэтацыі археалагічнага помніка (дарэчы, ICOMOS збіраўся ўручаць і антыпрэміі, але, здаецца, перадумаў).

Капыльцы ж звярнуліся да саміх “ікамосаўцаў” (а сярод іх ёсць і прафесійныя архітэктары). І тыя падышлі да пытання з веданнем трэндаў: ніякіх псеўдавежаў і драўляных гармат, ніякай прафанацыі мінуўшчыны! І ніякай рэканструкцыі, якую ў нас часцяком называюць рэстаўрацыяй. Толькі крэатыў, толькі ландшафтны дызайн, куды — чыста асацыятыўна — уплішчаныя і Казімір Малевіч з Аленай Кіш. Калі другая ў вас пытанне не выкліча, то наконт першага магу патлумачыць: ёсць версія, што нарадзіўся ён акурат у гэтых пенатах. А міфы, як вядома, паліва для творчай думкі.

Карацей, варта пажадаць дырэктару музея Валянціне Шураковай, каб той праект увасобіўся. Ён рызыкоўны, але папраўдзе прарыўны. Эксперымент будзе карысным для многіх паселішчаў (асабліва на ўсходзе Беларусі), дзе нічога цікавага, акром археалагічных помнікаў, ужо і не захавалася. Дарэчы: чуў, у адным з такіх месцаў пачалі “капаць” — у пераносным, канешне, сэнсе — у бок эксперыментальнай археалогіі. Гэта, калі не ведаеце, яшчэ адзін сусветны трэнд. Капайце далей!

Грушаўка: усё пачынаецца з дзірачкі ў даху

Думаецца, ужо не варта ў нас тлумачыць, што гэта за аб’ект. І, канешне, я вельмі ганарыўся, калі нашу рэдакцыю прыгадвалі сярод тых, хто спрычыніўся да яго захавання.

Калі вы прапусцілі мінулыя серыі, гісторыя тут такая. Закінутай сядзібай зацікавіліся валанцёры — і найперш Зміцер Юркевіч, які ставіць за мэту жыцця, каб наш нацыянальны герой Тадэвуш Рэйтан, чый лёс з гэтай Грушаўкай і павязаны, успрымаўся так, як належыць. Натуральна, мы іх падтрымалі.

У кожным разе, нешта ў Грушаўцы зварухнулася. Наколькі на гэта паўплываў Зміцер, а наколькі — Генпракуратура нашай краіны, якая паведамляла мясцовым уладам, што цяперашні стан сядзібы — ужо само па сабе парушэнне заканадаўства — я казаць не вазьмуся. Галоўнае — вынік.

І вось, архітэктары з “Брэстрэстаўрацыі” ўжо засвойваюць першую частку еўрагранту. Праўда, цудаў чакаць пакуль не выпадае: грошай хопіць адно на вонкавы рамонт сядзібнага дома і аднаўленне знакамітай капліцы, што знаходзіцца пасярод лесу. Пакуль туды без каскі ўваходзіць не рэкамендуецца: можа і “прыляцець”.

Зрухі ёсць, але... Навідавоку і адваротны працэс: папраўдзе шыкоўны сядзібны комплекс разбураецца на вачах. Я пра свае вочы кажу, калі што! Той унікальны, на думку сур’ёзных даследчыкаў спадчыны, свіран, пра які мы шмат ужо пісалі, на сёння захаваўся прыблізна напалову. Хаця, на маёй памяці, усё пачыналася з невялічкай дзірачкі ў даху.

Не так даўно падобная дзірачка ўтварылася і ў кароўніку — які яшчэ пару гадоў таму займала мясцовая гаспадарка, чыё стаўленне да спадчыны Рэйтанаў
заўсёды выклікала ў мяне непрыемнае здзіўленне. І вось, гаспадарка сышла, кароўкі даўно ў кілбасе — а зайшоўшы ў кароўнік, я зразумеў, што праблемаў толькі паболела.

Не мне вырашаць, хто, калі і навошта спілаваў жалезныя слупы, аслабіўшы тым самым канструкцыю даху. Хай гэтым зоймуцца кампетэнтныя органы. Тут ясна адно: кароўнік трэба ратаваць! Бо іначай ён стане такім самым, як блізкая да яго стайня — там ужо мала што ўратуеш.

Суцяшае тут толькі адно. Надзея цяпер — не толькі на Змітра ды іншых валанцёраў, якія стварылі часовы штучны дах па-над самай каштоўнай часткай комплексу — Мураванкай — але і на мясцовыя ўлады. Памятаю, была ў мяне на старонках “К” перапіска — на жаль, “безответная” — з адным работнікам гаспадарчай групы, які не вельмі спяшаўся выконваць свае абяцанні. Дык што: у яго ёсць шанец выправіцца! І вось толькі не трэба гэтых “вось-вось”!

Фота аўтара