Прычына недатыкальнасці

№ 23 (1410) 08.06.2019 - 14.06.2019 г

Не згодны я з некаторымі думкамі, што агучаныя ў суседнім матэрыяле: маўляў, калі твор мастацтва не з’яўляецца каштоўнасцю ў вачах грамады, закон тут бяссільны… Грамада — гэта ўвогуле паняцце плыткае. Таму часам няшкодна ўсё прапісаць чорным па белым. Вось вам добры прыклад. У сталіцы ёсць творы савецкага манументальнага мастацтва, якім нічога сёння не пагражае. Гэта і вітражы Гаўрылы Вашчанкі ў кінатэатры “Масква” і Чырвоным касцёле (тут прычына далёка не толькі ў яго цудоўным пробашчы), і насценныя мазаікі Аляксандра Кішчанкі (праўда, не ўсе)… Галоўная прычына іх “недатыкальнасці” наступная — нехта калісьці парупіўся ўнесці гэтыя знакавыя творы мастацтва ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў — не праз час іх стварэння (даволі нядаўні), але праз мастацкую вартасць. І цяпер яны абароненыя законам.

Адпаведна, ніякі “моцны гаспадарнік” ужо не спляжыць іх еўрарамонтам і не заменіць на нейкую безгустоўшчыну. Болей за тое — мінскі муніцыпалітэт, крытыка на адрас якога прагучала з вуснаў шаноўнага спадара Сітніцы, не так даўно выдаткаваў вельмі прыстойную суму на грунтоўнае аднаўленне тых жа “Партызанаў”, а цяпер рэстаўруе яшчэ і мазаікі ля мікрараёна “Усход”.

Іншая справа, што твораў такіх — унесеных у Дзяржспіс — вельмі мала. Здаецца, вышэй я прывёў бадай вычарпальны іх пералік. Але ёсць і добрая навіна: змяніць статус кво ў дадзеным выпадку цалкам магчыма.

Наўпрост паўздзейнічаць на “моцнага гаспадарніка” мы не можам — права ўласнасці яшчэ ніхто не адмяняў, як і права рабіць са сваёй уласнасцю тое, што пажадаецца (вядома, калі закон яго ў гэтым не абмяжоўвае). А вось абмежаваць права ўласніка цалкам дэ-юрэ — калі ласка! Для гэтага трэба не так і шмат: падрыхтаваць адпаведны спіс дакументаў і падаць заяўку на ўнясенне тых ці іншых аб’ектаў у Дзяржспіс. Дэ-юрэ гэта можа зрабіць любы грамадзянін.

Дэ-факта ж, як паказвае практыка, гэта пад сілу толькі грамадскім арганізацыям. Станоўчыя прыклады ўжо ёсць — тая ж Асмалоўка, якую адстойвала “Гісторыка”. Барацьбе за яе статус спадарожнічала цэлая кампанія, якая ўключала, у тым ліку, і даследаванне самой архітэктурнай спадчыны. І, канешне, папулярызацыю — што таксама вельмі важна.

Цалкам дарэчы было б правесці такое даследаванне і ў дачыненні да паваеннай манументалістыкі. Бо нават
няўзброеным вокам відаць, што далёка не ўсе яе ўзоры можна назваць шэдэўрамі (як гэта нядаўна зрабіў адзін модны сайт). Некаторыя творы мо і праўда не след захоўваць. Хаця, канешне, пералічаных у суседнім матэрыяле прыкладаў гэта не тычыцца.

Хто павінен быць суддзямі ў дадзеным выпадку? Зразумела, мастацтвазнаўцы. Менавіта іх прэрагатыва — зрабіць грунтоўную экспертызу і вынесці вердыкты. Бо ёсць такая бяда: “моцны гаспадарнік” можа не ведаць імя Літвінавай. Яму варта пераканаўча давесці, наколькі важны для гісторыі нашай культуры часова давераны таму Івану Іванавічу твор мастацтва. А найлепей на тое працуе акурат афіцыйны статус каштоўнасці.

Не, я, вядома, не намякаю, што “аганізаваць і ўзначаліць” грамадскі рух па рэвізіі дадзенага сегменту спадчыны добра было б самай вялікай грамадскай жа арганізацыі мастакоў краіны. Так, не сумняюся, што клопатаў у яе і без таго шмат.

Хаця, здавалася б, такі крок выглядаў бы цалкам лагічным. Пагатоў, адной з асноўных задач творчых суполак — як па мне — з’яўляецца абарона іх членаў. У тым ліку і ад “моцных гаспадарнікаў”.