“Навігатар” вядзе дадому

№ 23 (1410) 08.06.2019 - 14.06.2019 г

Пётр Шумаў і Восіп Цадкін — ураджэнцы нашай зямлі — доўга і мусова “бадзяліся” па іншых землях свету. Адзін рабіў фотапартрэты выбітных асобаў першай паловы ХХ стагоддзя — Шагала, Бакста, Маякоўскага, Цвятаевай, Эйнштэйна ды іншых. Другі спрабаваў сродкамі манументальнага мастацтва зрабіць адбітак свайго няроўнага і непрадказальнага часу ў такіх выбітных скульптурных выявах, як “Навігатар”, “Музычнае трыа”, “Менады”, “Хрыстос”, “Разбураны горад”… І вось на гэтым тыдні яны вярнуліся да нас. Пётр Шумаў — шыкоўнай выставай фотапартрэтаў у Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, Восіп Цадкін — скульптурай “Навігатар”, усталяванай на вуліцы Прытыцкага ў Мінску.

/i/content/pi/cult/748/16213/IMG_8087-666664543-S.jpgПазаўчора, 6 чэрвеня, сквер ля галоўнага офіса “Белгазпрамбанка” назвалі імем аднаго з найбуйнейшых прадстаўнікоў авангарднага мастацтва скульптуры ХХ стагоддзя — Восіпа Цадкіна, бо менавіта там усталявалі яго трохметровага бронзавага “Навігатара” (скульптуру таксама часам называюць “Носьбіт дароў” ці “Пасланнік”).

— Гэта па-сапраўднаму знакавая падзея для нашай краіны, — адзначыў старшыня праўлення “Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка. — Праект “Арт-Беларусь” ад пачатку задумваўся намі, каб наглядна паказаць, які ўнёсак зрабілі ўраджэнцы нашай краіны ў агульнасусветнае мастацтва.

На працягу многіх гадоў “Белгазпрамбанк” займаецца вяртаннем культурных каштоўнасцяў у Беларусь, і нам вельмі прыемна падзяліцца гэтым цудоўным творам Цадкіна з Мінскам і мінчукамі. Мы хацелі не проста ўсталяваць скульптуру ў горадзе, але стварыць пэўную культурную прастору, вартую сталіцы еўрапейскай дзяржавы. Стварыць яшчэ адну артыстычную кропку ў нашым горадзе. Каб было ўсведамленне таго, што нашы мастакі — гэта таксама частка нашага жыцця.

Мастацкі востраў воддаль ад цэнтра

“Навігатар” набыты “Белгазпрамбанкам” на таргах Christie’s у 2016 годзе. Гэта сёмая па ліку з адлітых у бронзе яго выяў (першапачаткова зроблена скульптарам у дрэве ў 1937 годзе). У Беларусь разам з іншымі набытымі творамі Цадкіна вагой больш за 1200 кілаграмаў скульптура дастаўлялася двума паветранымі транспартнымі бартамі — з Нью-Ёрка ў Варшаву і з Варшавы ў Мінск.

— “Навігатар” мы наўмысна ўсталявалі не ў цэнтры горада, дзе ўжо склалася яго мастацкая карціна і ёсць шмат помнікаў нашым гістарычным асобам ці падзеям, а менавіта на перыферыі, — кажа дырэктар Цэнтра выяўленчых і медыямастацтваў “Новая культурная ініцыятыва” і куратар карпаратыўнай калекцыі “Белгазпрамбанка” Аляксандр Зіменка. — Гэта, можна сказаць, public art, гэткі культурна-мастацкі востраў воддаль ад цэнтра… І скульптура тут цудоўна глядзіцца, бо будынак “Белгазпрамбанка” нагадвае нейкую кубістычную архітэктуру. І сёння ў нас не проста свята, а мастацка-гістарычнае падарожжа ў Парыж першай паловы ХХ стагоддзя, дзе жыў Цадкін. Яго постаць доўгія гады была недаравальна забытая ў нашым культурным кантэксце, але ўвага, якую мы назіраем сёння, невыпадковая — гэта мастак, які пераасэнсаваў скульптуру мінулага стагоддзя, надаў ёй новы фармат і змест.

/i/content/pi/cult/748/16213/pages-12-13-copy-S.jpg

Усё часцей гучыць слова “вяртанне”

Некалькімі днямі раней у Мінску “сустракалі” іншага нашага земляка — ураджэнца Гродна і аднаго з самых знакамітых фатографаў Еўропы пачатку ХХ стагоддзя Пятра Шумава. У экспазіцыі — партрэты Марка Шагала, Льва Бакста, Уладзіміра Маякоўскага, Марыны Цвятаевай, Альберта Эйнштэйна, Клода Манэ, Фёдара Шаляпіна, Максіма Горкага, Ігара Стравінскага… Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры застаўлены таблічкамі “Фатаграфаваць забаронена” — такая ўмова парыжскага фонду Parisienne de Photographie — Roger-Viollet, які прадаставіў копіі 33 фотаздымкаў для выставы “Пётр Шумаў. Вяртанне дадому”.

— Але мы ўсё-такі спадзяёмся, што гэта толькі пачатак, — зазначыў ініцыятар праекта, журналіст і фотамастак з Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Аляксандр Ласмінскі. — Асоба Пятра Шумава для нас вельмі дарагая. Хаця пра яго да апошняга часу мы нічога не ведалі, а ягоныя фотаздымкі друкаваліся ў савецкіх падручніках.

Цікавы факт з жыццяпісу Пятра Шумава: выхадзец з сям’і царскага чыноўніка, ён пайшоў наперакор сямейным звычаям і царскаму рэжыму, восем разоў арыштоўваўся, а ў Парыж патрапіў на пачатку мінулага стагоддзя акурат з Сібіры, прачнуўшыся не проста фатографам, але фотамастаком, які рабіў фота не на памяць, а на ўсё жыццё.

— Гэта — наша з вамі гісторыка-культурная спадчына, — адзначыў на адкрыцці выставы намеснік міністра культуры краіны Сяргей Шарамецьеў. — Асоба Пятра Шумава дае нам яшчэ адну падставу дзеля культурнага яднання дзвюх краін — Беларусі і Францыі. Мы разам з’яўляемся спадкаемцамі творчай дзейнасці фатографа, гэта яднае нас у адзінай еўрапейскай культурнай прасторы.

Выстава арганізавана ў тым ліку дзякуючы высілкам пасольства Рэспублікі Беларусь у Французскай рэспубліцы і асабіста былога пасла Беларусі ў Францыі Паўла Латушкі, зараз генеральнага дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

— І да Шумава нашы выдатныя культурныя дзеячы таксама імкнуліся ў Парыж: Міцкевіч, Манюшка, Агінскі, Орда, Дамейка… Ці знайшоў там Шумаў новае для сябе шчасце — мы не ведаем. У яго не запытаешся, — разважаў падчас Павел Латушка. — Але дзякучы Пятру Шумаву мы можам зазірнуць у вочы ўнікальным постацям першай паловы ХХ стагоддзя. Можаце сабе ўявіць: Купрын, Маякоўскі, Блюм, Керанскі, Стравінскі, Дункан, Эйнштэйн — ён ведаў усіх іх асабіста. І я шчыра ганаруся, што ў нас нараджаліся, нараджаюцца і будуць нараджацца выключныя беларусы, якія прымаюць непасрэдны ўдзел у культурным жыцці свету.

— Вельмі прыемна, што на музейных імпрэзах усё часцей гучыць слова “вяртанне” — вяртанне нашай гісторыі, нашых імёнаў, нашай спадчыны, — заўважыў на вернісажы дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Павел Сапоцька.

Кім будзе для нас цяпер Пётр Шумаў? Беларускім фатографам, які фатаграфаваў людзей, што зрабілі культуру ХХ стагоддзя? Чалавекам, з якім звязана нашае ўяўленне пра першую палову ХХ стагодддзя? Можа быць… І што тычыцца прамоўшна гэтай асобы, вялікую ролю тут грае не толькі выстава ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, але і, напрыклад, дакументальны фільм пра яго “Пётр Шумаў. Чорна-белы лёс”, зняты нашым знаным кінадакументалістам Уладзімірам Бокунам, які таксама прыйшоў азнаёміцца з экспазіцыяй.

— Гэтыя партрэты — найвялікшая каштоўнасць, — сказаў Уладзімір Бокун. — Нават кінахроніка не можа так перадаць пульс той эпохі, як фотапартрэты.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

/i/content/pi/cult/748/16213/pages-12-13-copy-2-S.jpg