“Нязручны” інтэлектуал

№ 22 (1409) 01.06.2019 - 07.06.2019 г

Нават у свае 80 Вадзім Салееў застаецца адным з самых запатрабаваных навукоўцаў і выкладчыкаў у нашай гуманітарнай сферы. Так, многія лічаць яго “нязручным”. Але ў кожным разе прызнаюць: гэта выбітны эрудыт і адзін з нешматлікіх спецыялістаў, якія могуць гарантаваць належны вынік пры любых умовах. Працаваць з Салеевым будзе цяжка, але — плённа. Бо ён надзейны і адказны.

/i/content/pi/cult/747/16204/14.JPGУсё жыццё прафесара Салеева звязана з Беларуссю. Але ці не першае, што адчуваеш пры асабістым знаёмстве з Вадзімам Аляксеевічам — тое, наколькі ён “не адсюль”. Нарадзіўся ў Ленінградзе, юнацкія гады правёў у Абхазіі, у аспірантуры навучаўся ў Маскве. Гэтыя старонкі біяграфіі нібы праглядаюцца ў яго памкненні да тонкіх праяваў мастацкасці, бурным тэмпераменце, рэзкіх амбітных выказваннях.

Ёсць і іншыя рысы характару, якія Вадзім Аляксеевіч паказвае не кожнаму. Ён кранальна ўспамінае сваю бабулю Еўфрасінню, якая чытала яму маленькаму “ўніяцкую” Біблію. Піша хоку і апавяданні, дзе адчуваецца напор маладосці.

Вадзім Аляксеевіч неаднаразова браўся за “медыйныя” праекты — узначальваў часопісы. Напрыканцы 1990-х ён выпускаў “Асновы мастацтва”, некалькі гадоў быў галоўным рэдактарам “Мастацтва”, цяпер робіць “Артэфакт”. Праект каштуе неверагоднай колькасці высілкаў, але стварае такую неабходную прастору для дыялогу.

Для мяне Вадзім Салееў адкрыў свет тэатра. Давёў, што тэатр увасабляе ў сабе ўсе лепшыя праявы гарадской культуры, што імкнуцца туды для інтэлігента гэтаксама натуральна, як дыхаць.

Вадзім Аляксеевіч — жывы сведка ці не самых цікавых дзесяцігоддзяў развіцця айчыннага тэатра. І тое, як ён супастаўляе самыя розныя падзеі, як ацэньвае актуальны працэс з вышыні свайго вопыту — гэта заўсёды вельмі цікава і грунтоўна. Імкнуцца да таго, каб твой голас гучаў асобна ў натоўпе, а тваё бачанне нешта дадавала да агульнай карціны — вось місія крытыка-інтэлектуала.

Неабходна адзначыць: некалькі разоў я быў сведкам, калі Вадзім Аляксеевіч прызнаваў, што не меў рацыі. Бо ведае: сэнс размовы пра мастацтва ў тым, каб паспрабаваць сфармуляваць ісціну, а не пераспрачаць. Для мяне гэта быў таксама вельмі важны ўрок.

Наведваць прэм’еры і творчыя вечарыны, уважліва занатоўваць свае рэфлексіі, не пакідаць без іх ніводнага спектакля, не баяцца рэзкіх меркаванняў, але пры гэтым імкнуцца да аб’ектыўнасці, суадносіць пабачанае з шырокім мастацкім кантэкстам — паводле Вадзіма Салеева, менавіта гэта з’яўляецца правільным спосабам жыць напоўненым тэатральным жыццём. Няспешная прагулка з ім пасля прэм’еры была для мяне найлепшым навучаннем тэатральнай крытыкі. Яго метад заснаваны на сістэмным аналізе: падрабязны разбор кожнага складніка спектакля (свае нататкі ён пачынае са схемы сцэнаграфіі), фіксацыя акцёрскіх знаходак і рэжысёрскіх рашэнняў.

Я добра ведаю сям’ю Вадзіма Аляксеевіча. Яна далёкая ад стэрэатыпаў кансерватыўнага шлюбу, дзе муж — гэта гаспадар і патрыярх. У адным з інтэрв’ю яго жонка Марыяна распавяла: усведамленне таго, што муж дае ёй больш, чым бярэ, прыйшло не адразу. Але і ён прызнае, што ў гэтых далёка ўжо не юначых стасунках змяніў сваё колішняе стаўленне да сямейных абавязкаў, значна больш дбае пра патрэбы жонкі і двух сыноў. Ён рызыкнуў ажаніцца на дзяўчыне, маладзейшай за яго на 35 гадоў, і шлюб гэты, які цягнецца ўжо больш за два дзесяцігоддзі, паказвае, наколькі Салееў умее быць удзячным.

Апошнія гады Вадзім Салееў радуе сябе літаратурнай дзейнасцю. Ён актыўны ўдзельнік аб’яднання “Полацкая галіна”, друкуецца ў часопісах, ездзіць на фестывалі. Дзве кніжкі апавяданняў — рэалізацыя даўняй амбіцыі зрабіцца пісьменнікам, ад якой у свой час ён рашуча адмовіўся на карысць навуковай кар’еры. Але ўсяму свой час. Мажліва, менавіта сродкі мастацкай літаратуры найбольш спрыяюць таму, каб перадаць назапашаны за доўгія і плённыя гады эмацыйны досвед.

Аляксей СТРЭЛЬНІКАЎ