Еўрабачанне: з Тэль-Авіва ў Амстердам

№ 21 (1408) 25.05.2019 - 31.05.2019 г

З года ў год фестываль “Еўрабачанне” называюць конкурсам самадзейнасці, забавай “хатніх гаспадынь”, малазначным і далёкім ад актуальнай музыкі мерапрыемствам. Але гэтак жа з года ў год жарсці па “Еўрабачанні” ўсё больш распальваюцца — і не толькі, як прынята лічыць, у краінах былога Савецкага Саюза. Чым адзначыўся сёлетні песенны форум у ізраільскім Тэль-Авіве?

/i/content/pi/cult/746/16192/21.JPGФактары росту

Фэст мацнее, гэта відавочна. Робіцца ўсё больш уплывовым і масавым. Расце агульны ўзровень канкурсантаў, само шоу даўно на належным узроўні. На сцэну выходзяць зоркі і суперзоркі — скажам, Джасцін Цімбэрлэйк ці Мадонна. Тыдзень “Еўрабачанне” трымаецца ў топе стужак навін і сацсетак. У нейкіх краінах за сваіх прадстаўнікоў перажываюць як за людзей, што адстойваюць гонар Радзімы, недзе за конкурсам сочаць са спартыўным азартам, недзе — як, напрыклад, у Швецыі, нацыянальны адборачны тур даўно стаў асобным бліскучым фестывалем з самымі моцнымі песнямі года. А ў Італіі ўдзел у “Еўрабачанні” — гэта прыз для пераможцы легендарнага фестывалю ў Сан-Рэма.

Акрамя таго, усе хочуць стаць гаспадарамі конкурсу, бо гэта шанс для папулярызацыі краіны на міжнароднай арэне… Вось у Вялікабрытаніі, кажуць, мала заўважаюць гэтае спаборніцтва, пра што сведчаць яе вынікі ў канцы турнірнай табліцы. Аўстралія ж, наадварот, з вялікім задавальненнем далучылася да еўрапейскага кантыненту ў гэтай вясёлай забаве і штогод радуе выдатнымі артыстамі і песнямі.

Скептыкі любяць прыніжаць “Еўрабачанне” аргументам, што там, маўляў, няма хітоў, няма зорак, што гэта ўсё састарэлае, аднаразовае… Калісьці так яно, можа, і было. Але скептыкі адсталі ад жыцця — “Еўрабачанне” ўжо многа гадоў радуе моднымі трэкамі ды рушыць за трэндамі сусветнай поп-музыкі, але пры гэтым не дае засумаваць дзякуючы крэатыўнасці і нацыянальнай адметнасці розных творцаў. Так што калі вы не любіце “Еўрабачанне”, вы проста “не ўмееце яго гатаваць”. Разнастайныя песні, артысты, чалавечыя лёсы, правалы з узлётамі, палітычныя падаплёкі, інтрыгі, сюрпрызы, азарт, святочная атмасфера — усё гэта разам як захапляльны спектакль.

/i/content/pi/cult/746/16192/22.JPGФеерычны стоп-кадр

На агульную думку, фэст у Тэль-Авіве прайшоў выдатна — і па атмасферы, і па ўзроўні саміх канцэртаў. Напружаная сітуацыя на Блізкім Усходзе і розныя пагрозы ў бок Ізраіля і песеннага свята ніяк не паўплывалі на настрой, і госці адчувалі сваю поўную бяспеку. Пра шоу арганізатары паклапаціліся не толькі з тэхнічнага боку — яны прыдумалі вельмі душэўную, а часам проста феерычную праграму. Згадайма хаця б такую кранальную рэжысёрскую знаходку, як “Камера пацалункаў” падчас выступлення пераможцы “Еўрабачання — 98” Даны Інтэрнэшнл. Усіх расчуліў і захапіў пазаконкурсны нумар ізраільскага гурта “Шалва”, які складаецца з людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі і які перамог у нацыянальным ізраільскім адборы, але ў выніку адмовіўся ад удзелу ў конкурсе з-за шабата.

Канешне, і ад выступленняў самой Нэты Барзілай, якая падарыла гэтае свята сваім суайчыннікам, патыхала радасцю. Гэткімі ж мілымі і ўсмешлівымі былі і вядучыя конкурсу разам з супермадэллю Бар Рафаэлі.

Феерычным атрымаўся нумар, калі на сцэну адзін за адным выходзілі ўдзельнікі і пераможцы конкурсу розных гадоў: блок адкрыла Канчыта Вурст, а закрыла спявачка Галі Атары, якая перамагла ад Ізраіля ў далёкім 1978 годзе — яна пры падтрымцы залы выканала сваю славутую на ўвесь свет Hallelujah. Апагеем феерыі было выкананне хіта Сярдзючкі “Лаша тумбай” леташнім сярэбраным прызёрам Элені Фурэйра з Кіпра, ды і сама Верка з мінулагодняй пераможнай песняй Нэты Барзілай.

Стоп-кадр, калі ўсе пяць артыстаў разам стаялі на сцэне, стаў хітом у інтэрнэце. З левага боку — Канчыта Вурст у купальніку, калготках і на высокіх абцасах, з правага — Верка Сярдзючка з зоркай на галаве, паміж імі пераможца 2015 года швед Монс Сельмерлёў, Элені Фурэйра з мінімумам адзення і Галі Атары, якой цяпер 65 гадоў. Бліскучая карцінка, у якой сабраліся асноўныя архетыпы конкурсу: якасны сучасны еўра-поп у асобе шведа Сельмерлёва, Элені Фурэйра як прадстаўніца прыгожых прывабных спявачак, фрыкі і трансвестыты (куды ж без іх?) і ўзор канкурсантаў даўніх гадоў — калі на конкурсе яшчэ “проста спявалі”, прычым нават пад жывы аркестр. Усе ацанілі дасціпнасць сцэнарыстаў фіналу.

У пэўным сэнсе феерычным было і выступленне Мадонны з дарагой яскравай пастаноўкай, якую ў зале “Еўрабачання” слухалі стоячы і з авацыямі. Але жывыя спевы легенды выклікалі ў многіх расчараванне.

Артысты не вінаватыя

Што тычыцца Беларусі, то яна сёлета адзначылася не толькі песнямі. Спачатку прагрымеў скандал, калі расійскі кампазітар Віктар Дробыш, прадзюсар нашай канкурсанткі Зены, публічна выказаўся ў недапушчальным для Еўропы тоне і нават пакпіў з “Еўрабачання”. Стаўкі Зены ў букмекераў — і да таго невысокія — абрынуліся да апошняга месца. Цяпер, дарэчы, той жа Віктар Дробыш абяцае Еўрапейскаму вяшчальнаму саюзу судовую справу, але перажывае ён не за сваю падапечную Зену, а за тое, што расійскі артыст Сяргей Лазараў не атрымаў свае “законныя”, як лічыць кампазітар, 12 балаў ад беларускага журы.

З беларускім журы звязаны інцыдэнт, які на скандал не цягне — з-за неасцярожных слоў прэсе пра тое, як ішло галасаванне, яго дыскваліфікавалі, і балы, якія падтрымалі аўтсайдараў, для абвяшчэння даслалі з Еўрапейскага вяшчальнага саюза. Дзякуючы гэтай сітуацыі 12 балаў “ад Беларусі” атрымаў Ізраіль — а не іншая краіна.

Беларускі ж канкурсант паўдзельнічаў у конкурсе па звыклай схеме — ціха, на перыферыі ўвагі букмекераў і публікі, з маленькімі радасцямі мясцовага маштабу — накшталт нечаканага выхаду ў фінал. Да самой Зены, зразумела, ніякіх прэтэнзій: яна са сваёй задачай справілася, і нават лепей, чым чакалася.

І ўвогуле, гэта заганная практыка — выказваць прэтэнзіі артыстам: іх выбралі такімі, якія яны ёсць. Але гледзячы і слухаючы канкурсантаў з іншых краін, ацэньваючы тое, за што цяпер аддае свае галасы еўрапубліка, са шкадаваннем згадваецца іншы ўдзельнік нашага нацыянальнага адбору — Mirex&BLGN, які, на мой погляд, на сёлетнім конкурсе быў бы абсалютна на сваім месцы.

Інтрыгі фінальнай табліцы

Фаварытам фестывалю стаў Дункан Лоўрэнс з Нідэрландаў, ён жа і перамог. Меладычныя, баладнага тыпу песні сёлета адваявалі сваё права быць у трэндзе. У нашых шыротах не ўсе ацанілі гэты нумар — не было ніякага экшна, як у нас любяць, ды і слоў многія не разумеюць. А вось масавую еўрапейскую публіку кранула не толькі мелодыя, але і змест кампазіцыі, прысвечанай любімаму чалавеку, які заўчасна пакінуў гэты свет. Пры гэтым сама мелодыя запамінальная і проста хітовая.

Але ж інтрыга трымалася да канца. Поўнае права на перамогу меў італьянец Мамуд з шыкоўнай песняй, якая адразу застаецца ў галаве, і таксама з сур’ёзным, не забаўляльным зместам. Але ў выніку — толькі другое месца. Сяргей Лазараў заняў трэцяе, не здолеўшы ўзяць запланаваны рэванш за 2016 год. Па шчырасці, сёлетняя кампазіцыя і нумар расійскага артыста моцна саступалі яго колішняй конкурснай песні, так што і “бронза” мне падаецца вялікай удачай. Асабліва калі паглядзець на тых, хто заняў месцы ніжэй — там спрэс сапраўдныя шлягеры, яскравыя нумары.

Песня юнага швейцарца Лука Хэні гатовы хіт летняга сезона — а ён жа яшчэ і танцуе! У Швецыі і Азербайджана вельмі моцныя і пранікнёныя мужчынскія нумары з актуальным гучаннем. Аўстралія хоць і заняла “толькі” дзявятае месца, але сёлета запомніцца нават лепей, чым хто іншы — спявачка з акадэмічным сапрана Кейт Мілер-Хайдке і яе касмічны нумар проста зачароўвалі, ажно немагчыма было адвесці вачэй. І яна магла б стаць пераможцай.

Нарвежскі гурт KEiNO па галасаванні прафесійных журы нават не ўвайшоў у Топ-10, але глядацкі плебісцыт узняў калектыў на пятую выніковую прыступку, і таму галасаванне за Нарвегію стала сенсацыяй конкурсу. А ўвогуле, журы здзіўляла — на другое месца ў іх выйшла прадстаўніца Паўночнай Македоніі Тамара Тодэўская з мілай, мабыць, сэрцу прафесіяналаў вакальнай кампазіцыяй. Але балы ад гледачоў расставілі ўсё па месцах, і Тамара апусцілася на восьмую прыступку. А па версіі журы перамог швед Джон Лундвік, які па суме балаў стаў толькі шостым.

Нямала ўвагі гэтым разам атрымалі і прадстаўнікі Ісландыі — Hatari. Гурт здзіўляў, шакаваў, правакаваў — у сэнсе, быў цалкам у фармаце “Еўрабачання”, калі згадваць хаця б фінаў Lordi. Таксама мог бы стаць пераможцам, калі б Фартуна павярнулася да яго тварам, і калі б не скандалы па-за сцэнай. Hatari маглі і не дапусціць на конкурс з-за іх выказванняў на тэму палесціна-ізраільскага канфлікту. Пашкадавалі, пусцілі, але па заканчэнні фіналу ісландскія маладзёны ўсё роўна зладзілі скандальчык, вывесіўшы сцяг Палесціны. І цяпер абмяркоўваецца нават магчымая дыскваліфікацыя Ісландыі на наступны год.

Не хапала на конкурсе ўкраінскіх артыстаў — цікава, як бы там выглядала Maruv са сваім трэкам. Вартая абмеркавання і тэма, чаму вельмі годныя выступленні Іспаніі, Германіі, таго ж Ізраіля амаль не атрымалі балаў ні ад журы, ні ад гледачоў. А як неверагодна сціплы і па вакале, і па эфектах нумар Славеніі вырваўся на высокія пазіцыі?

Можна згадаць, як праз некалькі дзён пасля заканчэння фестывалю перападлічылі балы, і наша Зена ў выніку стала не 25-й, а 24-й. Як яшчэ паступаюць заявы, патрабаванні пакараць, адмяніць, пераправерыць.

Але 64-ы конкурс песні “Еўрабачанне” ўжо стаў гісторыяй. Цяпер — паўгода зацішша, а потым ізноў — інтрыгі, скандалы, сюрпрызы… Ды, на шчасце — таксама і новыя песні ды новыя імёны.