Танцуюць — усе. А глядзяць?

№ 21 (1408) 25.05.2019 - 31.05.2019 г

Праект TheatreHD — адно з найлепшых “вынаходніцтваў” апошняга часу. Так, можна колькі заўгодна казаць, што жывога ўспрымання спектакля не замяніць — і з гэтым немагчыма не пагадзіцца. Але фармат высакаякаснай відэатрансляцыі на велізарным экране кінатэатра пашырае творчыя далягляды, дае магчымасць убачыць прэм’еры, якія адбыліся далёка за межамі Беларусі, у тых залах, куды не заўсёды і не ўсе могуць патрапіць. Але ці выкарыстоўвае гэтую магчымасць айчынная тэатральная супольнасць?

Спяшаючыся ў кінатэатр “Цэнтральны” на вечар трох аднаактовых балетаў Музычнага тэатра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі, я была ўпэўнена, што ўбачу поўны аншлаг. Бо, па-першае, усе яны былі вылучаныя на расійскую нацыянальную прэмію “Залатая маска”, а па-другое — адзін з іх яе атрымаў, прычым літаральна за некалькі тыдняў да трансляцыі. Прыкінула, што калі сабраць хаця б сталічных удзельнікаў таго ж IFMC — штогадовага Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, то не надта вялікая зала цалкам запоўніцца. Бо сучасная харэаграфія — у модзе, і колькасць тых, хто ёй займаецца (а гэта і прафесіяналы, і безліч аматараў), усё расце. Дый самі пастаноўкі — зусім свежыя. “Найстарэйшай” — усяго 20 гадоў (а не 120, як гэта бывае з некаторымі іншымі нашымі спробамі далучыцца да “сучасных” харэаграфічных кірункаў). Ці ж не цікава нашай танцавальнай браціі даведацца, чым займаюцца іх замежныя калегі?

Якім жа было маё здзіўленне, калі сярод публікі я ўбачыла хіба асобных прадстаўнікоў неабсяжнай танцавальнай культуры ці “далучаных” да яе. Прасякнулася павагай за маладога харэографа Сяргея Мікеля, якому гэта было папраўдзе цікава. А што ж астатняя моладзь?

Затое нельга было не парадавацца за публіку. Побач са мной сядзелі дамы бальзакаўскага веку (дарэчы, гэты сацыяльны пласт — адзін з самых актыўных сярод тэатральных заўсёднікаў). Было відавочна, што яны прыйшлі “на балет” — іншымі словамі, на класіку. У лепшым выпадку, на тую неакласіку, дзе з піетэтам развіваюцца запаветы Пеціпа. Бо калі я душылася ад смеху, гледзячы, як удала ўмее іранізаваць над усім гэтым шведскі харэограф Аляксандр Экман у “Цюле”, выводзячы на сцэну “хохмачкі” балетнага закулісся, яны кідалі на мяне поўныя гневу і пагарды позіркі: маўляў, як можна?

Але ў антракце, запоўненым інтэрв’ю з пастаноўшчыкамі і артыстамі (гэта, дарэчы, “бонус” для кінагледачоў, бо ў тэатры такія перапынкі звычайна не прадугледжваюць нічога падобнага), ніхто не сышоў. А ў фінале мае суседкі канчаткова “злавілі кайф”, бо забыўшыся на кінаэкран, пачалі паводзіць сябе як заўзятыя тэатралы і апладзіраваць стоячы.

Дык было чаму! У згаданым “Цюле” мінімалізм з яго бясконцымі паўторамі станавіўся адным з сімвалаў балетнага рэпетыцыйнага працэсу, а сцэны гэткай “экскурсіі ў музей танца” нагадвалі, што мода на высокія жаночыя абцасікі з’явілася праз балетны рамантызм з яго пуантамі.

“Адзінокі Джордж” Марка Гёке з Германіі прыцягваў шалёнай энергетыкай, элементамі тэхнікі харэаграфічнага “арыгамі” з яго абвостранасцю, рэзкімі прамавугольнымі згінамі частак цела.

“Мінус 16” Ахада Нахарына (Ізраіль) распачынаўся размовай пра распрацаваную харэографам тэхніку гага, заснаваную на імправізацыйнасці, вызваленні ўнутраных памкненняў руху, не скаваных пастаянным кантролем над сваім адбіткам у люстэрку. Стылёвы сінтэз у лепшых традыцыях постмадэрна спалучаўся тут, як і ў іншых работах харэографа, з аўтацытатамі: заўсёднікі Міжнароднага фестывалю TEART маглі з радасцю пазнаць фрагменты яго “Мінус 2”, які мы бачылі ў 2012-м.

Але галоўны сюрпрыз быў “на закуску”. Менавіта ён вымусіў больш за ўсё пашкадаваць, што мы перад экранам, а не ў тэатральным партэры. Бо артысты спускаліся ў залу і вярталіся на сцэну, прыхапіўшы з сабой у партнёры гледачоў самых розных узростаў і камплекцый. Так што фінал быў пабудаваны ў адпаведнасці са знакамітай кінацытатай: “Танцуюць — усе!” Але вымусіў згадаць не кінакамедыю “Іван Васільевіч змяняе прафесію”, а прынцыпы тэатральных “прадстаўленняў” трупы Ігната Буйніцкага пачатку мінулага стагоддзя: папулярызуючы беларускія песні і танцы, яны завяршалі свае выступленні гэткім жа прыёмам. Праўда, мэты былі рознымі. Колішнія артысты развучвалі з публікай пэўныя рухі (цяпер з гэтым удала спраўляецца тэлебачанне). А ў “Мінус 16”, хаця выкліканыя на сцэну гледачы спраўна паўтаралі зададзенае прафесіяналамі, акцэнтаваўся сам факт разнявольвання.

Што ж, нашы танцавальныя гурты, практыкуючы сучасную харэаграфію, таксама займаюцца “самавыяўленнем”. І гэта цудоўна! Ды ўсё ж няблага далучаць да гэтага яшчэ і самаадукацыю, назіраючы за тым, што робяць іншыя. У тым ліку, праз TheatreHD — які, паверце, дрэннага не параіць. Няўжо больш модна варыцца ва ўласным саку і скардзіцца, што няма ўмоў для далейшага развіцця?

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"