“Так шмат пустых сцен”

№ 20 (1407) 18.05.2019 - 25.05.2019 г

Фестываль урбан-арту Vulica Brazil, дзякуючы якому ў Беларусі ўпершыню з’явіліся легальныя роспісы на фасадах будынкаў, сёлета адновіцца пасля двухгадовага перапынку. З 26 ліпеня па 11 жніўня ў Мінск з’едуцца мастакі, архітэктары, эколагі, урбаністы з розных краін. У хуткім часе з’явіцца праграма фэсту са спісам удзельнікаў, але ўжо цяпер вядома, што Мінск зноў наведаюць OSGEMEOS — мастакі-блізняты Густава і Атавіа Пандольфа з Сан-Паулу. Гэта іх “Жоўты гігант” вітае мінакоў на вуліцы Энгельса, а графіціст з балончыкам фарбы — на Кастрычніцкай. Гэта Бразілію і Беларусь іх вачыма можна ўбачыць на адным з вагонаў метро, чакаючы цягнік на Аўтазаводскай лініі. А ўлетку яны створаць у Мінску штосьці яшчэ. Што менавіта, даведаемся пазней, а пакуль жа “К” пагутарыла з мастакамі пра іншае.

/i/content/pi/cult/745/16176/21.JPGПра галоўнае захапленне

— Мы пачалі маляваць гады ў чатыры. Канечне, не адразу на сценах — спярша на паперы. Але гэта назаўжды стала нашым галоўным захапленнем. Мы займаліся рознай працай, каб проста зарабляць грошы на жыццё, але кожны раз кідалі ўсё і вярталіся да малявання. У 1993 годзе наша захапленне стала працай, бо мы канчаткова зразумелі, што трэба дабівацца поспеху ў мастацтве, калі ўжо з іншымі заняткамі нічога не атрымліваецца. Гэта адбылося ў тым ліку і дзякуючы знаёмству з амерыканскім вулічным мастаком Бары МакГі, які ў той час прыязджаў у Бразілію і падзяліўся з намі сваім вопытам, а таксама пазнаёміў з заснавальнікамі анлайн-часопіса 12ozProphet — аднаго з першых выданняў пра графіці і стрыт-арт (менавіта інтэрв’ю 1997 года ў ім адкрыла свету мастацкі дуэт OsGemeos — “К”).

Пра вуліцу

— Усяму, што робім, мы навучыліся менавіта на вуліцы. Галоўнае — быць шчырымі з самімі сабой і гледачом. Для нас графіці заўжды было спосабам адчуваць свабоду, змяняць выгляд горада і проста прыемна праводзіць час з сябрамі. Зараз мы малюем на вуліцы ў розных жанрах, а таксама робім скульптуры ці інсталяцыі для выстаў у галерэях, але дзе б тое ні адбывалася — гэта заўжды стварэнне ўласнага Сусвету, куды прапануем зазірнуць іншым людзям. Нам цікавы стрыт-арт, бо мы лічым, што мастацтва мусіць быць даступным для ўсіх, нават для тых, хто ніколі не быў у музеі ці галерэі. Каб мінак мог убачыць нейкі твор — і забыць пра тое, хто ён і куды яму трэба. Але нават калі мы працуем у галерэі, мэта застаецца гэткай жа. Таму для нашых выстаў мы імкнёмся задзейнічаць літаральна кожны сантыметр прасторы — сцены, падлогу, вокны. Гук, святло, карціны, фотаздымкі — усё гэта наш свет фантазій.

Пра тэлепатыю

— У нас часта пытаюцца, як мы працуем удвух. Але такое нават не патлумачыш, таму што разам мы з нараджэння. І гэта настолькі неверагодна, што тлумачэння і не патрабуе. Нам не трэба казаць адзін аднаму, што мы хочам зрабіць, як развіць ідэю і гэтак далей, бо мы добра знаходзім паразуменне і без слоў. У нас ёсць іншыя браты і сястра, але з імі мы не маем такой моцнай тэлепатычнай сувязі.

/i/content/pi/cult/745/16176/22.JPGПра любоў да жоўтага

— Наш родны Сан-Паулу — шэры горад, і нам хацелася расфарбаваць яго. Мы выбіралі колеры і ў выніку вырашылі спыніцца на жоўтым — яскравым, вясёлым, насычаным, радасным. Скура нашых персанажаў заўжды менавіта такая. Мы не задумвалі жоўты колер як нейкі фірменны знак, так атрымалася — проста гэта колер жыцця. Чаму б не дадаць яго?

Пра цягнікі

— У апошні наш прыезд у Мінск мы размалявалі звонку вагон метро. Адзін яго бок прысвечаны бразільскай культуры (яго бачна, калі ехаць у напрамку станцыі “Каменная горка” — “К”). Другі — Беларусі (да станцыі “Магілёўская” — “К”). Гэта ўсё нейкія гарадскія матывы, знакавыя аб’екты, вядомыя будынкі. Для нас такая праца — вельмі важны вопыт, таму што мы рабілі падобны праект у Бразіліі, дзе ўвогуле вельмі распаўсюджана графіці на цягніках і іншым транспарце. Упершыню яшчэ ў пачатку 2000-х мы разам з іншымі мастакамі распісалі цэлы цягнік. І гэта была не толькі творчая акцыя, але і сацыяльны праект, бо цягнік праязджаў праз самыя розныя гарады (часам вельмі бедныя, дзе ўвогуле рэдка ўбачыш штосьці звязанае з мастацтвам), і ў кожным мы ладзілі майстар-класы па маляванні ў мясцовых школах. Былі і іншыя праекты такога кшталту, таму нам прыемна падзяліцца сваім досведам у вашай краіне, дзе такая дзейнасць пакуль у навіну.

Пра Беларусь і Бразілію

— Мы адкрылі для сябе Беларусь, калі ўпершыню прыехалі на фестываль Vulica Brazil у 2015 годзе. У Бразіліі людзі такія адкрытыя, што, сустрэўшы кагосьці на вуліцы, могуць з кожным гаварыць як са старым сябрам. Беларусы адрозніваюцца. На першы погляд, яны нясмелыя і сарамлівыя, але трэба толькі пагутарыць з імі — і яны табе адкрываюцца. Гэта такая ўнутраная прыгажосць, якую адразу не ўбачыш. Фестываль і цікавы тым, што мы даследуем адзін аднаго. Мы ж прыязджаем не для таго, каб штосьці мяняць, а каб дзяліцца тым, што мы робім у сябе ў краіне, проста паказаць на ўласным прыкладзе, што сёе-тое можа быць па-іншаму. Напрыклад, стаўленне да вулічнага мастацтва.

У вас культура роспісу сцен існуе не так даўно — усяго гадоў шэсць — сем. У Бразіліі ж нашмат даўжэй. Першае, што мы адзначылі, калі прыехалі ў Мінск: “Так шмат пустых сцен!” Бо, напрыклад, у нашым родным Сан-Паулу складана знайсці чысты лапік, каб штосьці намаляваць. І мы вельмі радыя, калі можам дадаць штосьці новае ў аблічча вашай краіны менавіта праз мастацтва. Гэта вельмі важна для агульнага ладу жыцця — каб было мастацтва. Ведаеце, калі мы рабілі сцяну ў Нью-Ёрку, у нас было ўсё самае лепшае — фарба, пад’ёмнікі… Але такога жадання дапамагчы нам, якое было ў Беларусі, мы больш нідзе не сустракалі! Нас больш за ўсё ўражвае тое, з якім трапятаннем людзі адносяцца да нашай працы, як яны імкнуцца зрабіць усё, што толькі могуць, каб нам было прасцей. Вось што важна.

Даведка

/i/content/pi/cult/745/16176/23.JPGOSGEMEOS (у перакладзе з партугальскай мовы “блізняты”) — бразільскія мастакі Густава і Атавіа Пандольфа. Нарадзіліся ў 1974 годзе ў Сан-Паулу. Падчас навучання ў мясцовым тэхнічным каледжы пад уплывам хіп-хоп культуры напрыканцы 1980-х сталі маляваць графіці. У пачатку 1990-х пачалі мэтанакіравана даследаваць вулічнае мастацтва і яго кірункі, затым ад стрыт-арту паступова перайшлі і да галерэйна-выставачнай дзейнасці. Удзельнічаюць у выставах сучаснага мастацтва і міжнародных фестывалях, выконваюць камерцыйныя замовы, супрацоўнічаюць з сусветна вядомымі брэндамі кшталту Nike ці Louis Vuitton. У той жа час працягваюць маляваць графіці і ў самых бедных раёнах роднага Сан-Паулу.

Афіны, Бостан, Лісабон, Лодзь, Нью-Ёрк, Сан-Францыска — далёка не поўны спіс гарадоў, у якіх можна ўбачыць іх муралы. Працы OsGemeos знаходзяцца і ў калекцыях музеяў Сан-Паулу, Пуэрта-Рыка, Токіа, Лондана.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"