Аўдыя & Відэа

№ 20 (1407) 18.05.2019 - 25.05.2019 г

Красавіцкія аўдыя / відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць прадзюсар Віталь СУПРАНОВІЧ (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

АЎДЫЯ

/i/content/pi/cult/745/16170/Pali_opt.jpegPalina, альбом “Сумныя песні”

А.: Стаўшы, як я зразумеў, сольнай выканаўцай (хочацца верыць, што часова), Паліна занурылася ў дэпрэсію. У той перыяд, калі настрой у яе песнях быў розным, спявачка мне падабалася значна больш. Чамусьці здаецца, што гэтыя перамены не пададуцца цікавымі і многім з тых, хто калісьці ўпадабаў артыстку. І яшчэ: я не прыхільнік таго, калі ў рэлізе прысутнічаюць кампазіцыі на розных мовах, у нашым выпадку — на беларускай і рускай. Паліна, як цяпер відаць, стала лічыць інакш: напэўна, сапраўды, ранейшы яе “канцэпт” памяняўся.

З песень жа адзначу “Апошнія спробы”, “Пінкі” i “Твітар”.

B.: Другі альбом — ён цяжкі самы. Гэта вам не адзін выканаўца скажа: тых, хто пачынаў як надзея і адкрыццё ў музыцы, такі рэліз звычайна і экзаменуе на важкасць. А вось той, хто заяўляў пра сябе больш сціпла, можа прад’явіць на суд слухача свае сапраўдныя таленты — натуральна, пры іх наяўнасці. Паліна Паланейчык — з першых. Дык вось, авансы адносна тэкстаў артыстка па-ранейшаму апраўдвае — гэтыя жыццёвыя гісторыі, перажыванні, суб’ектыўны погляд на нейкія падзеі і проста рэчы падаюцца сапраўды цікавымі. Радкі добра пашытыя, адзначаеш рыфмаваныя знаходкі.

З музыкай горай. Напэўна, “падпарадкаванасць” канцэпту — сумным песням — адбілася на мелодыях запамінальных: іх няма (да хітоў, мабыць, варта аднесці толькі трэк “Твітар”). Ёсць хараство ў гэтых мінімалістычных аранжыроўках, але мне гэтага здалося замала. Чакаю трэцяга альбома.

/i/content/pi/cult/745/16170/Zanzi_opt.jpegГурт Zanzibar, альбом “Таксiкоз”

A.: У альбоме спадабалася ўсё — як сыграна, заспявана, заранжыравана, запісана. Спадабалася сацыяльная накіраванасць тэкстаў і музыка. Думаю, у праекта гэтага вялікі патэнцыял, бачу яго ў розных фарматах — і як гурт фестывальны, ідэальна прыдатны для вялікіх пляцовак, і як клубны, як у “зборніку”, так і ў сольным варыянце. Гэты “электронны панк” усюды зойдзе выдатна.

B.: Чарговы знаёмы ход у айчыннай альтэрнатыўнай музыцы, калі ўдзельнікі гурта хаваюць свае твары за маскамі. Праўда, крайні на сёння такі калектыў, які сапраўды заслугоўвае ўвагі — гэта каманда Zet, якая апошні раз засвяцілася на сцэне гадоў дзесяць таму. То сапраўды была магутная фармацыя з гучнай, агрэсіўнай гітарнай музыкай. Яе “паслядоўнікі” таксама, быццам бы, “граюць у андэрграўнд”, але з адчувальным украпваннем электроннага гучання — прычым, яно тут дарэчы.

Гэта значыць з саўнд-падачай усё нармальна, што ж тычыцца лірыкі… Асабіста мяне яна не прабіла — пасылы да слухача тут прагназаваныя і шаблонныя. Маглі б здзівіць нечаканыя рыфмы, метафары, сімвалы, але чаго няма, таго няма. Не думаю, што склад у такім выглядзе працягне доўга. Менавіта як вучняў Лявона Вольскага — з ацэнкамі “здавальняюча” — і варта разглядаць гэтую супольнасць.

/i/content/pi/cult/745/16170/Akute_opt.jpegГурт Akute, альбом V

A.: Дэпрэсія — гэта і другая назва дадзенага калектыву. У нечым яго прадвеснікам, як вядома, з’яўляўся гурт “Глюкі”, чыя музыка мне была непараўнальна бліжэй. З тых часоў творчасць удзельнікаў бэнду памянялася кардынальна. А ў гэтым альбоме магілёўцы і зусім пераўзышлі сябе, змяніўшыся зноў — у бок гітарна-электроннага гучання. Для сябе я вылучыў у рэлізе толькі песню “Весела”, астатняе — не па мне.

B.: Вядома, і магілёўцы не змаглі абысціся без “эксперыментаў” з электронікай, на якія ці не кожная рок-каманда аднойчы ды пускаецца. На такія перамены, магчыма, падштурхнула музыкантаў і тое, што папярэдні альбом калектыву быў прыняты слухачамі і крытыкамі неадназначна. Асноўныя прэтэнзіі зводзіліся да таго, што каманда, маўляў, апапсела. Мне ж такія метамарфозы тады здаліся цалкам сімпатычнымі: сустрэліся дзве адзіноты (гітарны саўнд і меладычнасць), “развялі ля дарогі вогнішча” — і атрымалася горача па хітовасці.

У гэтым рэлізе калектыў нібы спецыяльна вырашыў адмовіцца ад яе, абмежаваўшыся толькі парай шлягераў — трэкамі “Весела” і “Самая халодная”. Астатняе — нейкае роўнае. Цяпер каманда “атрымае” і за гэта — зрэшты, па-ранейшаму застаючыся адным з лідараў айчыннай альтэрнатывы.

ВІДЭА

/i/content/pi/cult/745/16170/Naka-2_opt.jpegГурт Naka, кліп на песню “Я буду жыць”

А.: Нейкага пэўнага ўражання ні песня, ні кліп на яе ў мяне не пакінулі. Ідэя кампазіцыі зразумелая, і відэа акцэнтуе на ёй увагу, але мяне не тое, каб зусім не кранула — хутчэй, не ўдалося мяне прымусіць на ўсе 100 працэнтаў суперажываць праспяванаму і знятаму. Выбачайце.

B.: Твор пра смерць. Быццам бы, мінорная па сэнсе песня гучыць перыядычна ледзь не бравурна — прытым, што ў тэкставым пасыле ніякіх аптымістычных нотак няма: калі чалавек сышоў, то ўсё далейшае ў гэтым свеце будзе адбывацца без яго. Высокi смутак. Калі перайсці на трохі пафасны тон, кампазіцыю можна было б ахарактарызаваць менавіта так. У запісе і ў кліпе фронтвумэн Naka Настассі Шпакоўскай дапамаглі Аляксандр Ільiн з Nizkiz і Алесь Лютыч з :B:N:.

Відэа, зразумела, вытрыманае ў чорна-белай гаме. Паміраюць людзі — а жыццё працягваецца, без іх. Але творчасць, якую яны пакінулі пасля сябе — вечная.