Рака. Помнік. Музей

№ 19 (1406) 11.05.2019 - 19.05.2019 г

“Рэдкая птушка даляціць да сярэдзіны Дняпра”. Мабыць, цяжка знайсці чалавека, які б хоць раз у жыцці не пачуў гэтае выслоўе Мікалая Васільевіча Гогаля альбо не скарыстаў яго сам. Гэта літаратурны вобраз, дзе гіпербала — рэч натуральная, а часам і неабходная. А калі дапасоўваць яе да рэчаіснасці, то магу сказаць, што рэдкі журналіст або турыст даедзе да Лоева — які акурат і стаіць на згаданым класікам Дняпры. Мой калега Яўген Рагін, які ў рэдакцыі адказны за рэгіянальную культуру і праз гэта аб’ездзіў нашу краіну ўздоўж, упоперак і па перыметры ды бадай усіх адказных культработнікаў у твар ведае — нават ён у Лоеве не бываў!

/i/content/pi/cult/744/16158/25.JPGЛоеў — гарадскі пасёлак на Гомельшчыне, раённы цэнтр. Насельнікаў, паводле афіцыйнай статыстыкі, каля сямі тысяч. Сядзібнай забудовы значна болей, чым шматкватэрных дамоў. Лічы, мястэчка. Але гісторыю мае не менш насычаную, чым вялікія гарады. Вядомы з XVI cтагоддзя. Меў Магдэбургскае права. На гербе паселішча — старажытны замак і рачныя хвалі. У гэтай выяве ўвасоблена сутнасць Лоева як фарпоста на важным скрыжаванні водных шляхоў.

Тут Сож упадае ў Днепр. Прыгажосць выключная… Але раней, калі рэкі былі галоўнымі дарогамі, гэтае геаграфічнае становішча ўспрымалася найперш у прагматычным ракурсе. Калісьці ў Лоеве ладзілася з дзясятак кірмашоў у год!

Зразумела, што было шмат ахвочых усталяваць над Лоеўскім замкам свой сцяг і валадарыць над стратэгічна важнай прасторай. Таму неаднойчы даводзілася мясцоваму люду за зброю брацца, каб сваё бараніць.

Не зменшылася гэтая стратэгічная роля мястэчка і ў апошнюю вайну. Менавіта тут адбываўся адзін з важных эпізодаў адной з кульмінацыйных яе бітваў, якая так і называецца: за Днепр. Гэтаму прысвечаная галоўная сённяшняя знакамітасць горада і раёна — Музей бітвы за Днепр. Менавіта ён і быў мэтай маёй камандзіроўкі.

“Тут пачынаецца наша Радзіма”

/i/content/pi/cult/744/16158/26.JPGМузей складае адзіны комплекс з мемарыялам у гонар тых, хто штурмаваў “Усходні вал”, створаны акупантамі на Дняпры. Нямецкая прапаганда, таксама схільная да гіпербалізацыі, абвяшчала, што хутчэй рака пацячэ ад мора да сваіх ручаінак, чым савецкія войскі пяройдуць на яе правы бок. Ды, тым не менш…

Фарсіраванне Дняпра было цяжкім, лік ахвяраў штодня ішоў на тысячы. Але ўрэшце на правым беразе ракі былі створаны 23 плацдармы, у ліку якіх былі не толькі знакамітыя потым Букрынскі і Люцежскі, але і Лоеўскі. Пра напружанасць баёў на гэтым адносна невялікім адрэзку фронту сведчыць хаця б той факт, што Залатой зоркай Героя Савецкага Саюза за здабыццё Лоеўскага плацдарма былі ўзнагароджаны 365 ваяроў! Не ведаю, ці было на беларускіх землях яшчэ нешта падобнае…

Невыпадкова ў мясцовага кіраўніцтва ў свой час нават была фантастычная (інакш не скажаш!) думка дамагчыся прысваення Лоеву звання “Горад-герой”! Занесці яго ў адзін спіс са Сталінградам, Севастопалем, Масквой, Мінскам…

Зразумела, у прэстыжны (а пасля знікнення Савецкага Саюза ўжо і закрыты для новых сяброў) клуб прыдняпроўскае мястэчка не пусцілі. Але ініцыятыва ў любым выпадку не была безвыніковай: у 2009 годзе Лоеў атрымаў ад Прэзідэнта Беларусі Ганаровую грамату і Вымпел “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Цяпер разам са сцягам горада памежнікі выносяць гэты вымпел на важныя мерапрыемствы.

Чаму менавіта памежнікі, а не, напрыклад, вайскоўцы? Бо па Дняпры праходзіць дзяржаўная мяжа Рэспублікі Беларусь. Ва ўсіх гарадах нашай краіны, дзе я бываў, бачыў плакаты “Я люблю (далей назва горада)!” А ў Лоеве гасцей сустракае білборд “Тут пачынаецца наша Радзіма”. Асабіста мяне гэты слоган уразіў і ўсхваляваў. У ім, як у формуле, злучаны радзіма малая і Радзіма з вялікай літары.

Мясцовы брэнд, які мог бы стаць нацыянальным

/i/content/pi/cult/744/16158/27.JPG

Музей як турыстычны аб’ект уваходзіць у “Залатое кольца Гомельшчыны”. Адкрыўся ён 9 мая 1985 года. Такім чынам, у наступным годзе мае быць юбілей — 35 гадоў. Але, калі адштурхоўвацца ад пастановы пра ягонае стварэнне, прынятай двума гадамі раней, дык пачаць святкаваць можна было б ужо летась. У любым выпадку, музей мае сваю гісторыю — і даволі немалую, зважаючы на наш хуткаплынны век. Прынамсі, для некалькіх пакаленняў лоеўцаў ён стаў адметным знакам малой радзімы.

Менавіта жыхары Лоеўшчыны і прылеглых раёнаў складаюць асноўную частку наведвальнікаў установы. Хаця, пры пэўных варунках, мог бы Музей бітвы за Днепр стаць і нацыянальным брэндам, заняўшы пачэснае месца ў тым маршруце, дзе ёсць і мужны ды трагічны 1941 год, і пачатак вызвалення Беларусі, і трыумф Перамогі. Хацелася б…

Можа, некалі так яно і будзе, але, падазраю, не ў хуткім часе. Бо для гэтага сам Лоеў і прылеглы рэгіён трэба ўзняць на новую ступень развіцця, стварыць інфраструктуру, якая больш-менш адпавядае патрэбам сучаснага вандроўніка. Каб у людзей, неабыякавых да айчыннай гісторыі, была матывацыя выпраўляцца ў гэты няблізкі ад сталіцы свет.

Псіхалагічны дыскамфорт

Я матывацыю меў, таму што ехаў у Лоеў па справе. А вось калі б выпраўляўся як вандроўнік — па ўражанні і эмоцыі — дык, будзьма ўжо шчырымі, яшчэ падумаў бы, ці трэба мне тое. Паміж Мінскам і Лоевам недзе 320 кіламетраў. Са сталіцы наўпрост да Лоева на працягу дня ідзе некалькі маршрутак. Знаходжанне ў дарозе — пяць — шэсць гадзін. Але патрапіць на іх бывае досыць праблемна. А калі ехаць “на перакладных” (скажам, спачатку да Гомеля, а там перасаджвацца на нейкі транспарт да Лоева), дык дарога зойме ўжо мінімум гадзін сем. Каб прымусіць цікаўнага турыста ахвяраваць столькі часу, патрэбны адмысловы стымул.

Праз свае журналісцкія вандроўкі я прызвычаіўся да таго, што паўсюдна ўздоўж дарог бачыш прыблізна аднолькавыя адзнакі цывілізацыі — дагледжаныя вёскі, катэджныя пасёлкі, гіпермаркеты, кавярні. Паўсюль — па ўсіх напрамках, ва ўсіх рэгіёнах. Тут жа на працягу трох гадзін, пачынаючы недзе ад Парычаў, я бачыў за акном толькі роўнае поле, калі-нікалі з рэдкімі пералескамі. Жытло і прыдарожная інфраструктура адсутнічае. Пасажыры выходзяць на прыпынках пасярод роўнядзі і знікаюць у гэтым бязлюддзі як сталкеры ў Зоне… Калі я спытаўся ў маіх спадарожнікаў, а дзе ж тут людзі жывуць, мне адказалі: за некалькі кіламетраў ад дарогі.

Ужо потым, у Лоеве даведаўся: калісьці тракт насамрэч праходзіў праз вёскі — якія, што абсалютна лагічна, стаяць бліжэй да вады. Значыць, і краявіды з акна самахода (ці якой карэты) былі больш прывабныя. Потым збудавалі шашу, якая звязвае адносна буйныя паселішчы — Хойнікі, Брагін, Лоеў… Вёскі ж засталіся ўбаку. На працягу згаданых трох гадзін нашу маршрутку ніхто не абагнаў, ніхто не ехаў насустрач. Гэтая акалічнасць і сам краявід — роўнядзь без знакаў прысутнасці чалавека — прымусіла мяне згадаць песню “Степь да степь кругом, путь далёк лежит…” і далей пра тое, што “в той степи глухой умирал ямщик”. На некаторых участках дарогі адключалася мабільная сувязь. Падумалася: а што будзе, калі маршрутка зламаецца? Ці прыйдзе хто на дапамогу? Я разумею, што гэта не болей чым беспадстаўны жах жыхара мегаполіса, які трапіў у адкрытую прастору. І ўсё ж, псіхалагічны дыскамфорт — у наяўнасці…

Я ведаў, што лоеўская гасцініца — далёка не “хілтан”. Чакаў, што будзе нешта падобнае на ўжо звыклыя мне гатэлі ў райцэнтрах — скажам, у Паставах. Але тут я трапіў, лічы, у 50-я гады мінулага стагоддзя — тыя часы, калі людзі яшчэ добра памяталі ваеннае ліхалецце і лічылі за шчасце ўжо саму наяўнасць даху над галавой. Калі пра якасць жыцця, пра ўтульнасць, зручнасць, камфорт гаворка нават не ішла. Гарачая вада ў гатэлі адсутнічае хранічна. Мэбля, інтэр’еры — нібыта з забытых савецкіх фільмаў пра працоўныя подзвігі на далёкай цаліне.

Зрэшты, такі несамавіты стан побыту можна патлумачыць тым, што ў горадзе фактычна не бывае прыезджых, дзеля якіх варта было б завіхацца. А для сваіх і так сыйдзе. Дарэчы, у тых жа Паставах гасцініцу пачалі даводзіць да ладу, калі ў горадзе стала атабарыўся міжнародны музычны фестываль і давялося, што называецца, трымаць твар перад гасцямі, у тым ліку замежнымі. І гэта сімптаматычна.

У гатэлі і на аўтастанцыі немагчыма было расплаціцца карткай. Не дзейнічалі тэрміналы. А банкаматаў у горадзе небагата. Пагадзіцеся, усё гэта не спрыяе ператварэнню Лоева ў турыстычны цэнтр — нават пры наяўнасці цудоўных краявідаў і годнай гісторыі. Не дзіва, што госці бываюць тут зазвычай хіба праездам, дый тое пераважна з бліжэйшых раёнаў.

Ваенны помнік, знак часу

Дабраўся ў Лоеў я толькі позна ўвечары. Сустрэлі мяне дырэктар музея Ксенія Сямашка і старшы навуковы супрацоўнік Генадзь Сівохін. Ён мінчук. Да нядаўняга часу працаваў у нашай газеце, дзе асвятляў праблемы захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Ксенія нарадзілася ў Лоеве, скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Для яе вяртанне на малую радзіму было справай натуральнай. А Генадзь? Не ўтрымаўся запытацца: што яго падштурхнула пакінуць Мінск? Адказвае: цікавая работа! У Лоеве разам з сябрамі-паплечнікамі ён спрабуе рэалізаваць адметны праект — стварыць антываенны музей з ваеннай экспазіцыяй.

Мае суразмоўцы адразу ж зладзілі мне экскурсію па мемарыяльным комплексе, падрабязна і цікава распавёўшы пра яго стварэнне. Мемарыял немалы па сваіх маштабах: ён складаецца з абеліска ў гонар вызваліцеляў, які стаіць па цэнтры плошчы, помніка над пахаваннем ваяроў, што загінулі пры вызваленні горада, алеі герояў, пляцоўкі, дзе прадстаўлена баявая тэхніка, рэканструкцыі штабной зямлянкі і, уласна, будынка музея.

Абеліск нагадвае формай сціплае салдацкае надмагілле з чырвонай зоркай наверсе, якія ставілі непасрэдна на месцах баёў — але ў шмат разоў павялічанае. Ён з’явіўся раней за ўсе астатнія аб’екты мемарыяла і зыходна быў не такі высокі. У часе пазнейшай рэканструкцыі яго надбудавалі ажно на шэсць з паловай метраў. Алея героеў складаецца з памятных знакаў у гонар тых самых 365 Герояў Савецкага Саюза, якія адзначыліся ў баях на Лоеўскім плацдарме. Баявая тэхніка часткова аналагічная той, што была ў Вялікую Айчынную, а часткова — пазнейшая. Так што пра поўную гістарычную яе дакладнасць гаварыць не даводзіцца — але моладзі і дзецям цікава.

Мемарыял пачаў стварацца яшчэ ў тым самым 1943 годзе, калі з’явілася брацкая магіла. Завяршыліся працы ў 2015-м. Некаторыя элементы — той жа абеліск 1966 года — мне падаліся крыху архаічным. Відаць, цяпер рабілі бы інакш. Сёння гэта ўжо не толькі помнік вайсковай славы, але і ўзор эстэтыкі, якая адышла ў нябыт разам з савецкай эпохай. Да таго ж, адзначу, усе аб’екты добра ўпісаныя ў прыродны ландшафт і гарадское асяроддзе.

Музей з перабудаванага жытла

Канкрэтна ў музей я патрапіў ужо наступным днём. Стан яго не тое каб надта ўразіў. Няўзброеным вокам відаць, што сродкаў сюды ўкладаецца не надта шмат.

Што да пытання кадраў… Здавалася б, Лоеўшчына, у адрозненне ад суседніх Хойнікаўшчыны і Брагіншчыны, лічыцца чыстай ад радыяцыі. Аднак усё адно знаходзіцца не так і шмат ахвотных звязваць свой лёс з гэтым рэгіёнам. Пэўна, яго аддаленасць ад вялікіх гарадоў усё ж даецца ў знакі. Таму досвед спадара Генадзя — гэта, хутчэй, выключэнне.

Добра, што ёсць Музей бітвы за Днепр, кажа падчас экскурсіі спадарыня Ксенія. Добра што захоўваецца памяць пра Вялікую Айчынную. Я пагаджаюся, але і сам заўважаю, што памяшканне для музея не надта зручнае. І сапраўды, гэта не спецыяльны будынак, пры стварэнні якога зыходна ўлічваюцца музейныя стандарты і патрабаванні, а прыстасаваны пад культурную ўстанову колішні жылы дом на некалькі кватэр.

Амаль усю ягоную прастору займаюць дзве залы пастаяннай экспазіцыі. Тут узоры зброі, асабістыя рэчы ўдзельнікаў баёў, фотаздымкі… Для зменных выстаў адведзенае маленькае фае — што, вядома ж, вельмі нязручна. Фонды размешчаны на сямі квадратных метрах, увесь штат музея — чатыры супрацоўнікі — месцяцца на трынаццаці з паловай! Падзяліце — і вы зразумееце сутнасць вядомага выслоўя “людзі сядзяць на галавах адзін у аднаго”.

Пра вялікія падзеі праз чалавечыя лёсы

На думку Генадзя Сівохіна, рэгіянальным музеям ваеннай тэматыкі не трэба быць клонамі сталічнага Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У апошнім моцна выяўлены ідэалагічны чыннік, і гэта натуральна. Так робіцца і паўсюль у свеце. А вось па-за сталіцай, у невялікім гарадку, можна распавядаць пра нацыянальнага, больш таго, глабальнага маштабу падзеі ў іншай танальнасці — праз людскія лёсы, праз сямейныя гісторыі, праз побытавую канкрэтыку.

— У невялікім музеі ёсць болей магчымасцяў “працаваць” з мікрагісторыяй і канкрэтнымі асобамі, — кажа ён. — Вывучаць уплыў вялікіх гістарычных падзей на лёс мясцовых — тутэйшых — людзей. І менавіта гэта найперш цікава нашай камандзе.

У гэтым рэчышчы зроблены апошні на сёння праект музея — “Узгадваючы забытае”. Лоеўцы прынеслі ў яго сцены матэрыялы, датычныя перыяду Вялікай Айчыннай: сямейныя фатаграфіі, партрэты сваякоў, лісты… І атрымаўся аповед пра вайну з пазіцыі звычайнага чалавека, уцягнутага міма сваёй волі ў падзеі сусветна-гістарычнага значэння. Музейшчыкам заставалася толькі размясціць гэтыя дакументы на планшэтах.

Ні спадарыня Ксенія, ні спадар Генадзь не бачаць патрэбы радыкальнай перабудовы асноўнай экспазіцыі — прынамсі, гэта для іх зусім не самамэта. Па-першае, у ёй прадстаўлены ўнікальныя артэфакты. Па-другое, яна сама з’яўляецца ў
нейкім сэнсе помнікам гісторыі, бо паказвае, як ваенныя падзеі трактаваліся ў мінулым. Але абапіраючыся на гэты прадметны шэраг, можна паказаць тую вайну з трохі іншага ракурса, які многім можа падацца нечаканым.

Лоеўскія музейшчыкі маюць сярод мясцовага люду нямала аднадумцаў. У стварэнні музейных фондаў дапамагаюць валанцёры. Калі трэба, дапамагаюць уласным транспартам. Музей даўно стаў для жыхароў гарадка своеасаблівым клубам, дзе яны збіраюцца дзеля сяброўскага сумоўя.

Менавіта ў гэтым сумоўі я бачу асаблівую перспектыву. Калі музей людзям патрэбны, дык ён будзе.

Калі ішоў на аўтобус на зваротны шлях, зноў засяродзіўся на плакаце “Тут пачынаецца наша Радзіма”. Цудоўны слоган! Але большую частку жыцця я пражыў у Савецкім Саюзе, таму зямлю і на тым беразе Дняпра не ўспрымаю як замежжа. Гэтаксама думалі і салдаты, якія ў 1943 годзе фарсіравалі вялікую славянскую раку.

Не ведаю, ці пагодзіцеся вы са мною. Але я вельмі рады, што лоеўскія музейшчыкі як мелі супрацу з украінскімі калегамі за савецкім часам, так і цяпер яе доўжаць.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"