Імпрэзы, акцыі, выставы…

№ 19 (1406) 11.05.2019 - 19.05.2019 г

Мы працягваем публікацыю матэрыялаў пра развіццё культуры Аршанскага рэгіёна. Гэтым разам падборка навін тычыцца ўдасканалення бібліятэчнай справы. Інфармацыя прадастаўлена дырэктарам Аршанскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Аксанай Кулагінай.

/i/content/pi/cult/744/16147/10.jpg/i/content/pi/cult/744/16147/11.jpgНацыянальная бібліятэка Беларусі аказвае калегам з Аршаншчыны істотную метадычную дапамогу. Вось толькі адзін з прыкладаў. З 8 красавіка па 7 ліпеня цэнтральная бібліятэка імя Аляксандра Пушкіна займела тэставы доступ да баз дадзеных Wiley Online Library. Гэта кантэнт-платформа, з дапамогай якой можна карыстацца калекцыямі інтэрнэт-рэсурсаў па ўсіх галінах ведаў. Кампанія з’яўляецца крыніцай дакладнай інфармацыі для экспертаў, навукоўцаў, студэнтаў ва ўсім свеце. Карыстальнікі атрымліваюць рэцэнзаваныя публікацыі аб даследаваннях у сферы медыка-біялагічных, гуманітарных і фізічных навук, у медыцыне, грамадазнаўстве.

У гэтай жа ўстанове прайшла інфармацыйна-пазнаваўчая гадзіна “Чарнобыль — жыццё сёння” з удзелам спецыялістаў лабараторыі фізічных фактараў, аддзела па надзвычайных сітуацыях і навучэнцаў Аршанскага каледжа. Чарговае мерапрыемства цэнтральнай бібліятэкі было прымеркавана да 115-годдзя прафсаюзнага руху ў краіне.

Лялечны тэатр “Карусель” дзіцячай бібліятэкі імя Уладзіміра Караткевіча прыняў удзел у абласным фестывалі бібліятэчных тэатраў кнігі і лялечных тэатраў “Чароўная рампа”. Тэатр прывёз дахаты дыплом “Найлепшы лялечны калектыў, які дзейнічае пры гарадской дзіцячай бібліятэцы”.

Абласная бібліятэка імя Уладзіміра Леніна прэзентуе кнігу доктара педагагічных навук, прафесара, дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Рамана Матульскага “Бібліятэкі Беларусі. З мінулага ў будучае. 1917 — 1991”.

2 мая ў бібліятэцы імя Аляксандра Пушкіна шанавалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. А 9 мая ў гарадскім парку ладзілася патрыятычная культурна-адукацыйная акцыя “Подзвігу, доблесці — слава і гонар!”

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"