На плошчы Перамогі

№ 19 (1406) 11.05.2019 - 19.05.2019 г

Эпіцэнтрам святкавання 9 Мая заканамерна стала мінская плошча Перамогі. Менавіта тут прайшлі асноўныя мерапрыемствы ўсенароднага свята. Ва ўскладанні вянкоў бралі ўдзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, Нацыянальнага Сходу, замежнага дыпламатычнага корпуса… Кветкі, прынесеныя да Вечнага Агню, дадалі ўрачыстага святла пахмурнаму надвор'ю.

/i/content/pi/cult/744/16144/8.JPG— Сёння мы праслаўляем мужнасць воінаў, гераізм партызанаў і падпольшчыкаў, тытанічныя намаганні працаўнікоў тылу, — зазначыў у сваёй прамове Кіраўнік дзяржавы. — Менавіта на беларускай зямлі савецкія салдаты развянчалі міф аб непераможнасці ваеннай машыны Трэцяга рэйха.

Яскравым эпізодам сёлетняга святкавання стаў канцэрт “Бессмяротныя песні” тэлепраекта “Плошча Перамогі — 2019”. Яго арганізатарамі выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінгарвыканкам і Белтэлерадыёкампанія.

Ля Палаца спорту адбыўся вялізны канцэрт з удзелам прафесійных творчых калектываў і выканаўцаў, а таксама пераможцаў Мінскага гарадскога конкурсу патрыятычнай песні.

Кожны раён сталіцы ладзіў свята па-свойму. Гэткую ж задачу перад сабой ставілі работнікі культуры абласных і раённых цэнтраў краіны.

Як і заўжды, завяршыўся Дзень Перамогі фантастычнымі салютамі. Напэўна, гэтакімі ж незабыўнымі яны былі, як і семдзясят з гакам гадоў таму.

Перамога над нямецка-фашысцкімі захопнікамі — не абстрактнае паняцце. Яе рабілі канкрэтныя людзі — салдаты, партызаны, падпольшчыкі, работнікі тылу. Мы павінны памятаць кожнага. Не для патрыятычных справаздач, а для самапавагі. І ў атаку байцы ішлі не за партыю і Сталіна, а за маму, тату, каханую і родны кут зямлі. Таму памяць жыве ў кожнай беларускай сям’і. У гэтым вялікі сэнс Вялікай Перамогі. І цудоўная акцыя “Беларусь памятае”, якая ідзе па ўсёй краіне, не павінна заканчвацца 3 ліпеня. Гэта не сезоннае мерапрыемства. Гэта — назаўжды, як сумленне, як /i/content/pi/cult/744/16144/9.JPGразуменне таго, што без памяці няма роду…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"