— Сёння мы праслаўляем мужнасць воінаў, гераізм партызанаў і падпольшчыкаў, тытанічныя намаганні працаўнікоў тылу, — зазначыў у сваёй прамове Кіраўнік дзяржавы. — Менавіта на беларускай зямлі савецкія салдаты развянчалі міф аб непераможнасці ваеннай машыны Трэцяга рэйха.
Яскравым эпізодам сёлетняга святкавання стаў канцэрт “Бессмяротныя песні” тэлепраекта “Плошча Перамогі — 2019”. Яго арганізатарамі выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінгарвыканкам і Белтэлерадыёкампанія.
Ля Палаца спорту адбыўся вялізны канцэрт з удзелам прафесійных творчых калектываў і выканаўцаў, а таксама пераможцаў Мінскага гарадскога конкурсу патрыятычнай песні.
Кожны раён сталіцы ладзіў свята па-свойму. Гэткую ж задачу перад сабой ставілі работнікі культуры абласных і раённых цэнтраў краіны.
Як і заўжды, завяршыўся Дзень Перамогі фантастычнымі салютамі. Напэўна, гэтакімі ж незабыўнымі яны былі, як і семдзясят з гакам гадоў таму.
Перамога над нямецка-фашысцкімі захопнікамі — не абстрактнае паняцце. Яе рабілі канкрэтныя людзі — салдаты, партызаны, падпольшчыкі, работнікі тылу. Мы павінны памятаць кожнага. Не для патрыятычных справаздач, а для самапавагі. І ў атаку байцы ішлі не за партыю і Сталіна, а за маму, тату, каханую і родны кут зямлі. Таму памяць жыве ў кожнай беларускай сям’і. У гэтым вялікі сэнс Вялікай Перамогі. І цудоўная акцыя “Беларусь памятае”, якая ідзе па ўсёй краіне, не павінна заканчвацца 3 ліпеня. Гэта не сезоннае мерапрыемства. Гэта — назаўжды, як сумленне, як разуменне таго, што без памяці няма роду…