“Дызайн — гэта заўсёды пра чалавека”

№ 18 (1405) 04.05.2019 - 10.05.2019 г

Чалавек займаецца дызайнам з таго часу, як прырода саступіла яму сваю эвалюцыйную функцыю, і ён пачаў актыўна пераўтвараць сябе і навакольны свет. І хаця само слова design з’явілася ў ХVI стагоддзі, яго вытокі можна знайсці яшчэ ў каменным веку. Але ж доўгая гісторыя не паспрыяла стварэнню ўніверсальнай формулы. Што значыць быць дызайнерам сёння, распавядае “К” Уладзімір ГОЛУБЕЎ.

/i/content/pi/cult/743/16138/Golubev.jpgЭўрыстычная сістэма навучання

— З асабістага досведу ведаю, што вашы лекцыі па гісторыі дызайну здатныя не толькі структурыраваць любую кашу ў галаве студэнта, але і захапіць людзей, далёкіх ад тэмы. У той вялізнай і грунтоўнай сістэме, якую вы прапануеце, яскрава адчуваецца ваша ўласная пазіцыя і вопыт.

— Магчыма. Я маю вялікі досвед, і, як мне ўяўляецца, распавядаю пра рэчы важныя і слушныя. Мяркую, што мае лекцыі дапамагаюць студэнтам развіваць сябе, а не капіраваць сваіх настаўнікаў. У гэтым хібы сістэмы адукацыі, пабудаванай на методыцы “рабі як я” або на жорсткіх шаблонах вучэбных планаў. Дызайн-адукацыя ад пачатку будавалася як эўрыстычная: у ёй няма правільнага адказу — ёсць розныя варыянты і ступені набліжэння да ідэальнага праектнага рашэння.

— Але ж пры гэтым вы абапіраецеся на фундаментальныя філасофскія веды...

— Дызайн — гэта не толькі мастацкая практыка і тэхналагічныя аспекты, звязаныя з вынаходніцкай дзейнасцю. Гэта перш за ўсё гуманітарны, сацыякультурны, чалавекаарыентаваны наратыў, без якога дызайн ператвараецца ў афармляльніцтва. Што мы бачым вакол сябе дастаткова часта. Але выключна афармляльніцкая задача перад дызайнам ніколі не стаяла. Наадварот, яго развіццё цягам апошніх 200 гадоў адбываецца менавіта праз адрыў ад гэтай мадэлі, якая навязваецца непрафесіяналамі.

— Такім чынам, дызайнерам становіцца той, хто ўсведамляе глабальнасць сваёй задачы?

— Так. Пад дызайнам варта разумець прадметна-пераўтваральную дзейнасць, якая фарміруе чалавека праз яго асяроддзе. Пры гэтым яна арыентуе асобу на дабро, прыгажосць і ісціну. Таму важна, калі ў студэнта ёсць гэтая ўстаноўка, а таксама цяга да новага і гнуткасць пры вырашэнні задач. Тады ён адкрыты для праектнай творчасці. Дызайн — у першую чаргу мысленчая дзейнасць.

Кропка апірышча

— Ці можа дзейнасць дызайнера адначасова быць скіраванай на дабро і пры гэтым мець яскравы камерцыйны характар?

— Так, заходні дызайн у “савецкай” традыцыі заўсёды ўспрымаўся як камерцыйны, скіраваны на атрыманне максімальнага прыбытку любой цаной. Але і ў гэтым дыскурсе ў сусветным дызайне ёсць правіла: дызайн — гэта заўсёды пра чалавека. А ці можна назваць чалавекам таго, для каго дабро, ісціна і прыгажосць не з’яўляюцца безумоўнымі каштоўнасцямі?

Хаця на самой справе ўсё не так проста. У наш век любая тэорыя ўступае ў канкурэнтную барацьбу за права прызнання яе навукай і грамадствам. У час фэйкаў і жаху перад новай тэхнікай, якая пакрыху перамолвае чалавека, нярэдка перамагае папулізм. Сёння кожны асабіста сутыкаецца з праблемай пошуку кропкі апірышча, захавання ўнутранай цэласнасці. І гэта таксама важная сфера для роздуму дызайнера.

— Калі ў пачатку ХХ стагоддзя свет літаральна на вачах змяняўся з-за імклівага развіцця вытворчасці, шмат дызайнераў супраціўляліся панаванню машын і не жадалі ў гэтым працэсе ўдзельнічаць. Ці паўстаюць сёння маральныя пытанні, што выклікаюць “унутрыцэхавыя” спрэчкі?

— Сапраўды, дызайн заўсёды знаходзіцца недзе на “пярэднім краі” новых праблем, што паўстаюць перад чалавекам. Так, у канцы ХIX стагоддзя Уільям Морыс, Джон Роскін, прадстаўнікі знакамітага руху мастацтва i рамёстваў былі шакаваныя і прыгнечаныя магутнасцю паравой машыны, якая ўварвалася ў свет і пачала яго пераўтвараць. У ХX стагоддзі, асабліва пасля ядзерных выпрабаванняў, мы зразумелі, на якую мяжу выжывання прыводзіць чалавека навука. Сёння мажлівасцей знікнення цывілізацыі становіцца ўсё больш. Таму сярод прафесіяналаў ідзе фундаментальная дыскусія, ці застаецца дызайн па-ранейшаму служкам індустрыяльнага грамадства, у якім галоўным механізмам з’яўляецца рынак і грошы. Ці не павінен дызайн настолькі трансфармавацца, каб сысці са звыклага індустрыяльнага рэчышча і стаць дызайнам для новага чалавека — як вельмі складанай, супярэчлівай асобы, а не вінціка ў механізме машыннага або дыгiтальнага монстра? Усе гэтыя пытанні паставіў перад намі Мадэрн.

— Але ўжо час постмадэрнізму. У чым галоўная адметнасць яго дызайну?

 — Каб не заблытацца ў тэрміналогіі, удакладнім, што “мадэрнізм” з маленькай літары — гэта кірунак у мастацтве. “Мадэрн” з вялікай — вялізны гістарычны, навукова-тэхналагічны і сацыякультурны перыяд, які пачынаецца з канца XVII стагоддзя і яшчэ працягваецца. А “мадэрн” з маленькай — толькі стыль, які ў кожнай еўрапейскай краіне мае сваю назву.

Ужо зразумела, што індустрыяльную тэхналогію нельга адмяніць, але погляд на яе мяняецца. Існуе пэўная матрыца дзейнасці чалавека, вырвацца з якой можна толькі пры ўмове змянення ці разбурэння яе структуры. Тады, напэўна, і адкрыецца новы перыяд, назву якому мы пакуль не гатовы даць. Усе гэтыя пытанні ўжо паўстагоддзя абмяркоўваюць у грамадстве, і праблема не вырашана.

— І тым не менш, прайшло 50 гадоў...

— Гэта храналагічна. У плане вырашэння праблем нічога не змянілася. Вы пыталіся, як постмадэрнізм звязаны з дызайнам? Мой калега Аляксандр Длатоўскі кажа, што ганарыцца тым, што ў яго працоўнай кніжцы напісана “мастак-канструктар”. Дызайнераў цяпер шмат, а вось Мастакі і Канструктары сыходзяць. Раней дызайну была выдзеленая асобная ніша, залежная ад ступені індустрыялізаванасці грамадства і рынку. Сёння ён паўсюль, але пачаў губляць філасофскую глыбіню, драбнець і знікаць. Размываюцца паняцці добрага — дрэннага. Зноў жа, “арт-дызайн” — гэта сусветны трэнд, але, магчыма, шмат хто думае, што ёсць у ім нейкая хлусня, пра якую дамовіліся прафесіяналы. Што яшчэ характарызуе прастору постмадэрнізму — гумар, сарказм, сцёб. Мы часта чуем, што сучаснае мастацтва павінна разбураць традыцыйныя каштоўнасці. Але як? Усе інструменты разбурэння гвалтоўныя, акрамя гумару. І мне здаецца, што ў гэтым кірунку ў постмадэрнізму ёсць яшчэ вялікі патэнцыял.

— Навошта разбураць усё ўшчэнт?

— Дзеля рэканструкцыі. Каб эвалюцыя ішла далей, нам патрэбна абнаўленне наратыву. Пастаяннае паўтарэнне адных і тых жа пытанняў вядзе да застою грамадскай свядомасці. Кожны дзень мы павінны адкрываць новы вектар развіцця і перабудоўвацца на хаду. Сёння за жыццё трэба змяніць пяць прафесій і дзесяць месцаў жыхарства.

А што там далей?

— У якой сферы сёння дызайн найбольш прадуктыўны?

— ІТ-тэхналогіі, лічбавы свет, у якім людзі працуюць за тысячы кіламетраў ад заказчыкаў, пераносяць не фізічнае, а творчае цела. Але што там далей? І Мадэрн, і Постмадэрн не даюць нам адказу. Сёння ніхто не скажа, што будзе праз дзесяць гадоў, не возьмецца сфармуляваць ідэю прагрэсу, якая натхняла ў ХVIII стагоддзі навукоўцаў, мастакоў, літаратараў. Але і ўнутры сябе чалавек пачаў знікаць як асоба. Ён знаходзіць вельмі камфортныя нішы, у якіх можна спакойна функцыянаваць як персанаж-лялька. З гэтай прычыны сучаснае мастацтва любіць выраз “вывесці гледача з зоны камфорту”. Таму кожны дзень чалавек мусіць працаваць над сабой. Гэта і ёсць тая самая перабудова, пра якую мы кажам. Яна дае
надзею, што і грамадства зменіцца.

— У чым для вас галоўны кайф ад дызайну?

— Калі ў цяжкі час падумаеш пра дызайн, а ўнутры цепліцца радасць. Ёсць такі анекдот пра ката: “Вось я, напрыклад, кот, а ты хто?” Я тады кажу сам сабе: “Я дызайнер, а вы хто?”

Іна НАРКЕВІЧ

Фота Яўгена ЗАЛУЖНАГА