Імгненні як дакумент часу

№ 18 (1405) 04.05.2019 - 10.05.2019 г

Пачну здаля. У кастрычніку 2017-га ў Нацыянальным тэатры оперы і балета Беларусі адзначалі 70-гадовы юбілей славутага харэографа Валянціна Елізар’ева. Адзначалі двума маштабнымі праектамі — аднаўленнем спектакля “Спартак” і гала-канцэртам зорак сусветнага балета.

/i/content/pi/cult/743/16134/20190407_173912-S.jpgВалянцін Мікалаевіч прыходзіў у рэпетыцыйныя залы, каб “пачысціць” уласны спектакль, пастаўлены ў далёкім 1980-м, парэпетаваць з салістамі і кардэбалетам.

Елізар’еву ў тыя дні спадарожнічаў фатограф Аляксей Казнадзей. І здымаў шмат: самога балетмайстра ў працэсе рэпетыцый, тлумачэнняў і паказаў, артыстаў падчас танцу. Потым Аляксей здымаў і дзве выніковыя балетныя імпрэзы. І вось, лепшыя фота тых сесій праз нейкі час склалі альбом. У сціслай рэцэнзіі на яго я пажадала аўтару і ягонаму герою, каб нагоды для такіх выданняў узнікалі часцей.

На шчасце, нядаўна пажаданне спраўдзілася. Працягам першага альбома стаўся другі — “Імгненні. Рамэа і Джульета. Валянцін Елізар’еў”. Ён адлюстраваў падзеі лістапада і снежня 2018 года — перыяд працы над новай рэдакцыяй балета на музыку Пракоф’ева.

Спектакль той уразіў маштабам. Размахам увасаблення вядомага шэкспіраўскага сюжэта, канфлікту тагачаснага і пазачасавага, насычанасцю пластыкі эмоцыямі і сэнсам. Уражваў неверагодны, сапраўды рэнесансны жывапіс Эрнеста Гейдэбрэхта, віртуознасць танца і высокі напал пачуццяў. Невыпадкова тыя два паказы “Рамэа і Джульеты” сталі аншлагавымі і мелі шырокі грамадскі розгалас.

У новым альбоме дамінуе і ўладарыць прыгажосць танца. Узнёсласць вытанчаных твараў — якія, здаецца, лепіць цяжкая, знясільваючая штодзённая праца. Адухоўленасць і паэтычнасць ліній. Гармонія прапорцый чалавечага цела. Экспрэсія дуэтаў, паядынкаў, масавых сцэн. Танцы маляўнічага веронскага натоўпу і экспрэсіўная, “ламаная” пластыка абагуленага персанажа пад назвай Варожасць. І паўсюль у рэпетыцыйных залах — люстэркі, якія памнажаюць адбіткі.

У асобных кадрах пазнаеш Ірыну Яромкіну (Джульету), Юрыя Кавалёва (Тыбальда), Канстанціна Героніка (Меркуцыа). Твары салістаў ажыўленыя, узнёслыя і стомлена-расчараваныя. На наступных старонках — фрагменты дуэтаў і паядынкаў. Бачыш педагогаў-рэпетытараў — Людмілу Бржазоўскую, Таццяну Яршову, Канстаціна Кузняцова.

У выданні шмат буйных, на ўсю старонку партрэтаў Валянціна Мікалаевіча. Кожны харэограф па вялікім рахунку яшчэ і артыст. Па сутнасці характару, па зменлівасці і рухомасці эмоцый. Таму надзвычай цікава сачыць, якія думкі і які стан адбіваецца на твары пастаноўшчыка.

Новы альбом вырашаны ў тым самым фармаце, што і першы. Ён крыху нязвыклы, амаль квадратны. Увогуле, акцэнт зроблены на працэсе рэпетыцый. Няшмат кадраў, якія адлюстроўваюць сам спектакль і два ягоныя склады выканаўцаў. Мо таму, што выключнае багацце касцюмаў і сцэнаграфіі Гейдэбрэхта патрабавалі колеру, а альбом свядома вытрыманы ў чорна-белай гаме.

Выкажу думку больш шырокую: імклівае развіццё лічбавых тэхналогій справакавала неверагодную, татальную цікавасць сучаснага чалавека да візуальных вобразаў. Нішто так не пераконвае, як фотаздымак. Тэкст тэкстам — у ім можна нафантазіраваць, нават дадаць няіснае. А фота — гэта дакумент. Дакумент часу, які пераконвае: усё было менавіта так! Таму да яго заўжды ставішся з павагай і даверам. У выніку новы фотаальбом успрымаецца як дэталёва адлюстраваны фрагмент гісторыі. І беларускага балета, і славутага харэографа.

Уважліва разгледзеўшы выданне першы, другі і трэці раз, у пэўны момант адчула, што “не наелася”. Інакш кажучы, хацелася б, каб альбом аказаўся ў два разы таўсцейшым. Шкада, што малы ягоны наклад — усяго 99 асобнікаў. Частка разыдзецца на падарункі, частку прададуць перад спектаклямі. І выданне ператворыцца ў рарытэт.

Крыху суцяшае, што ў тэатры аднаўляюцца і іншыя спектаклі Елізар’ева. 24 красавіка публіка пабачыла “Кармэн-сюіту”, з якой у 1974-м пачалася новая эпоха ў беларускім балеце. На 2020 год плануецца вяртанне “Балеро”. Так што ў Аляксея Казнадзея, відаць, узнікне думка пра новыя фотаальбомы. А прыхільнікі айчыннага балета атрымаюць магчымасць папоўніць сваю бібліятэку.

Таццяна МУШЫНСКАЯ