“Малюся, натхняю, кажу кампліменты”

№ 17 (1404) 27.04.2019 - 04.05.2019 г

Зрабіць спектакль па-за межамі рэпертуарных тэатраў — задача не з простых. Трэба сабраць каманду, знайсці пляцоўку, атрымаць гастрольку на паказ, зрабіць рэкламу, прадаць білеты — не кожны за гэта возьмецца. Але менавіта незалежныя праекты заўжды прыцягваюць увагу публікі. Адзін з такіх магнітаў цяперашняга сезона, пра які ідзе пагалоска “Трэба глядзець!” — “Гэтамы” па нашумелай кнізе Андруся Горвата “Радзіва “Прудок”, пастаўлены ўкраінскім рэжысёрам Стасам Жырковым з беларускімі артыстамі. Прадзюсар праекта Марына ДАШУК распавяла “К”, як рабіць спектаклі без тэатра і чаму ўсё часцей галоўнай лічыцца роля чалавека за кулісамі.

/i/content/pi/cult/742/16120/23.JPGШто робіць тэатральны прадзюсар?

— Калі гадоў 15 таму я пачынала працаваць, увогуле не называла сябе прадзюсарам, бо да канца не разумела, што гэта значыць. Пра такое ж нідзе не распавядалі. Прадстаўлялася то дырэктарам, то менеджарам. Але цяпер лічу, што я менавіта прадзюсар — суаўтар праектаў, а не толькі выканаўца нейкіх асобных задач. Мне важна, з кім я працую, над чым і як, таму магу выбіраць. Хаця нават людзі тэатральныя ў мяне часта пытаюцца: “А што ты робіш?” І бывае рэальна складана патлумачыць.

Неяк чытала пра даследаванне, падчас якога тэатральныя прадзюсары коратка адказвалі, чым яны займаюцца. Варыянтаў назбіралася шмат: малюся, натхняю, кажу кампліменты, пішу лісты, ледзь на сцэну не выходжу, шукаю — грошы, матэрыял, каманду… Карацей, як прадзюсар ты робіш усё, што спатрэбіцца, каб праект (спектакль) з’явіўся і жыў далей. Я ўвогуле лічу, што самая складаная прафесія на свеце — гэта акцёр. Мне падабаецца працаваць з артыстамі, вельмі люблю іх, для мяне гэта важныя людзі. А ў любой прафесіі галоўнае — любіць тое, што ты робіш. У маім выпадку — яшчэ і разумець спецыфіку.

Чаму ён неабходны тэатру?

— Гэта новая прафесія, але яна становіцца ўсё больш запатрабаванай у сучасным тэатры. У нас пакуль тэатр яшчэ рэпертуарны, дзе ёсць дырэктар і мастацкі кіраўнік, ён жа рэжысёр. У такім разе працэнтаў 80 рэпертуару — пастаноўкі аднаго чалавека, а гэта значыць: адна і тая ж публіка, чаканні, аднастайная праца для акцёраў… Таму большасць тэатраў паступова пераходзіць да іншай мадэлі кіравання, дзе ролю мастацкага кіраўніка выконвае прадзюсар — ён займаецца рэпертуарнай палітыкай, запрашае рэжысёраў на пастаноўку, клапоціцца аб артыстах. Думаю, такая канфігурацыя лепшая, бо ў прадзюсара іншыя інтарэсы — ужо хаця б проста таму, што сам ён не рэжысёр.

Напрыклад, у Чэхіі ёсць нацыянальны драматычны тэатр, оперны, а ўсё астатняе — тэатры праектныя, калі кожны раз мяняецца каманда, пляцоўка і гэтак далей. На Чэшскай танцавальнай платформе я ўпершыню ўбачыла, што галоўная ўзнагарода ўручаецца прадзюсару, затым — мастаку па святле, толькі потым — харэографу. У Еўропе пад кожны праект шукаюць сабе прадзюсара. Але ёсць і дзяржаўныя тэатры, якія прадзюсараў наймаюць. Я так таксама працавала, калі, напрыклад, групу з Варшавы запрасілі на пастаноўку ў Шчэцін. У Беларусі пасля кароткага перыяду ў Купалаўскім гады чатыры займалася незалежнымі праектамі — “Камедыяй” Андрэя Андросіка і “Артам” Мікалая Пінігіна.

У 2013 годзе я пераехала ў Польшчу і мяне запрасілі ў драмтэатр у Беластоку менавіта на пасаду прадзюсара, але мастацкі кіраўнік і рэжысёр усё адно ставіла свае спектаклі, а я была вымушана як менеджар выконваць задачы, таму ў выніку перайшла да праектнай працы. Хаця я лічу, што ў любым дзяржаўным тэатры мусіць быць прадзюсар, мне важна ні ад каго не залежыць, і для сябе я выбрала іншы варыянт.

Часта для мяне ўвогуле не мае значэння, дзе я знаходжуся — у мяне ўся праца ў камп’ютары. Магу на тыдзень паехаць у Прагу і сядзець з ноўтбукам у якім-небудзь прыгожым месцы. Так нават можна зрабіць больш спраў і хутчэй.

Як атрымаць адпаведную адукацыю?

— Нягледзячы на запатрабаванасць, прадзюсарскае аддзяленне ёсць далёка не ў кожным універсітэце. Я скончыла наш Інстытут культуры ў 2004 годзе, атрымала дыплом культуролага. Але мне хацелася працаваць у тэатры. Я прыйшла ў Купалаўскі і сказала, што магу штосьці рабіць нават бясплатна. Там акурат рыхтаваўся другі фестываль “Панарама”. На мяне, канешне, дзіўна паглядзелі, але пагадзіліся: “Ну давай! У нас ёсць праект On-line — збіраюцца чатыры драматургі і рэжысёры, рыхтуюць эскізы. Шукай людзей”. А гэта ж яшчэ быў час, калі ўсё рабілася нейкімі тэлеграмамі-тэлефонамі. Я тады нічога не ведала і нічога не баялася — што мне і дапамагло.

Гэты праект даў мне добры старт — я атрымала досвед, а таксама шмат кантактаў з рэжысёрамі, акцёрамі, драматургамі. Затым, каб стаць прадзюсарам, я шмат інвеставала ў сябе сама: ездзіла на шоукейсы розных краін, бо перадусім фестываль — гэта новыя кантакты. З-за таго, што я ўжо шмат паездзіла, мае дадзеныя ёсць у базах розных фестываляў, таму пастаянна атрымліваю запрашэнні. Пра беларускі тэатр не так шмат дзе ведаюць, трэба самому рухацца.

Ёсць некалькі прафесійных сетак, што аб’ядноўваюць тэатральных менеджараў і прадзюсараў — IETM, EEPAP. Ты рэгіструешся ў іх на сайце, плаціш унёсак — і трапляеш у вялікую міжнародную базу, дзе людзі могуць адшукаць твой кантакт і прапанаваць табе супрацоўніцтва. Гэтыя аб’яднанні праводзяць сустрэчы і дыскусіі ў розных краінах свету, выдаюць трэвэл-гранты на паездкі. Часам яны запрашаюць кудысьці самі і ўсё аплачваюць, а часам езджу на сустрэчы за свой кошт — бо гэта важна. Калі ёсць жаданне сур’ёзна займацца прадзюсарствам, трэба шмат ездзіць, каб ведаць, што адбываецца ў тэатральным свеце і знаёміцца з яго людзьмі. Звычайнага адпачынку летам у мяне няма —
заўжды выбіраю нейкі фестываль, каб наведаць яго як госць. Апошнія пяць гадоў гэта Славакія: лета, горы, людзі з усяго свету і крутыя спектаклі.

Спачатку я траціла на такія вандроўкі свае грошы, якія дзе толькі не зарабляла — напрыклад, як менеджар па продажах у газеце “З рук у рукі” ці ў McDonald’s. Цяпер мне ўжо не трэба так рабіць, бо я працую і зарабляю на тэатральных праектах. Але на гэта спатрэбілася амаль дзесяць гадоў. Адукацыя ж ніколі не заканчваецца. Цяпер я атрымала стыпендыю імя Кіркланда, якая дае магчымасць вучыцца два семестры ў любым універсітэце Варшавы — магу хадзіць у якія заўгодна навучальныя ўстановы, сама выбіраць сабе прафесараў, але ў фінале мушу напісаць работу. Вось і пішу пра тое, хто ж такі тэатральны прадзюсар.

Каманда, пляцоўка, грошы — з чаго пачынаць праект?

— Амаль на ўсе нашы спектаклі першапачаткова ў нас не было ні грошай, ні пляцоўкі — нічога. Але былі людзі і вялікае жаданне зрабіць штосьці. Калі, напрыклад, мы рабілі “Спектакль № 7”, з намі хацелі працаваць лепшыя беларускія артысты і ні ў каго нават не ўзнікала пытання пра грошы. Потым Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі даў нам пляцоўку і мы гралі там з аншлагамі. Для пастаноўкі “Латэнтных мужчын” спатрэбіліся толькі лямпы, бялізна, пісуары — і ў выніку спектакль пасля паказаў у Беларусі паехаў па міжнародных фестывалях, артысты атрымлівалі ганарары. Гэта вельмі круты варыянт, калі ты не залежыш ні ад якіх спонсараў і справаздач.

Грошы часам нават псуюць справу. Я працавала на праектах з вельмі вялікімі бюджэтамі, а спектакль, які атрымаўся ў выніку, ішоў усяго адзін раз. Таму што галоўнае — гэта людзі, іх энергія і ідэі. На “Гэтамы”, які цяпер паказваем у Мінску, мы таксама не патрацілі ні капейкі — гэта праект, які нібыта адбыўся сам сабою, пачаўшыся як воркшоп Міжнароднай тэатральнай акадэміі ў Мюнхене. Я ўбачыла фінальны паказ і падумала: “Гатовы спектакль. Гэта трэба паказаць у Беларусі”. Усе былі такія шчаслівыя пасля паказу, што хацелі працягваць працу ўжо дома. У гэтым сэнсе я так сабе менеджар — не раблю ніякага бізнес-плану, проста трапляю ў
нейкую плынь, паддаюся ёй і плыву.

Ці можна працаваць прадзюсарам у Беларусі?

— Я працую і ў Варшаве, і ў Кіеве, і ў Мінску. Магу параўноўваць. У тэатральным жыцці Беларусі пакуль мала што адбываецца. Усе раз’яднаныя, хаця наадварот трэба
разам трымацца! Вось тая ж Славакія, якую я ўжо згадвала — невялікая краіна, дзе доўгі час таксама нічога не адбывалася. І гадоў дзесяць таму яны прыдумалі сабе фестываль Kiosk. У апошнія выхадныя ліпеня ўсе тэатралы з’язджаюцца ў Жыліну, робіцца праграма спектакляў, але нават калі не ўдзельнічаеш, можаш ехаць — там вялікі палатачны гарадок. Кожную раніцу абмеркаванне — усе распавядаюць, хто дзе быў за год, куды можна паехаць, з кім пасупрацоўнічаць… Прычым спектаклі бываюць абы-што, і ты можаш спакойна пра гэта сказаць, ніхто не пакрыўдзіцца. У гэтага сёння атрымалася, у таго не — дык што з таго? Заўтра ўсё зменіцца. Галоўнае — ідзе дыялог.

Я езджу на гэты фестываль зараджацца энергіяй. Вось каб у Беларусі сабраць так усіх разам! Так, у нас ёсць TEART, дзе можна ўбачыць зорак сусветнага маштабу. Але нам патрэбны яшчэ фестываль, каб у вольнай форме абмяркоўваць, што ў нас саміх адбываецца, куды мы рухаемся, што можна рабіць разам.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"