— Рэзідэнцыя разлічаная найперш на тых аўтараў, што працуюць у памежнай зоне паміж навукай і мастацтвам, — тлумачыць яе ідэю Сяргей, які называе сябе куратарам праекта. — Галоўная ўмова — стварэнне сумесных твораў у калабарацыі з чайным грыбам. Вынікі могуць быць самымі разнастайнымі — і перформанс, і відэаарт, і фатаграфія. Усё залежыць ад таго, што прапануюць удзельнікі рэзідэнцыі, абраныя адмысловым журы (у яго, зразумела, уваходзіць і сам грыб). Добра, каб хтосьці здзейсніў падключэнне да штучнага інтэлекту — або, прынамсі, тых яго зачаткаў, якія на сёння існуюць.
— Што калі ў рэзідэнцыі захоча паўдзельнічаць мастак-традыцыяналіст?
— Выдатна! Лічу, на першым этапе наогул не павінна быць ніякай сегрэгацыі — хаця пэўныя перавагі, усё ж, будуць мець мастакі, якія займаюцца мультыдысцыплінарнымі праектамі і схільныя да эксперыментаў. Але праект адкрыты і для жывапісцаў або скульптараў. Мы не ўмешваемся ў мастацкі працэс і не хочам яго фарматаваць. Наша задача — толькі забяспечыць мастакам тэхнічную дапамогу ў рэалізацыі іх задумаў. Фігуральна кажучы, купіць ім пэндзлі і халсціну.
— А калі нейкі мастак будзе біць колбы з грыбам — у якасці ўзаемадзеяння?
— Тады мы ўмяшаемся і адхілім яго — па прычыне дрэнных паводзін. Але калі тая агрэсія будзе асэнсаваным мастацкім жэстам, тады… Тады трэба падумаць.
— Ці не здарыцца так, што атрыманыя ў выніку інтэрпрэтацыі будуць для цябе непрымальнымі?
— Глядзі: ёсць сацыяльныя сеткі, якія з’яўляюцца платформамі для сумоўя. Натуральна, там можа з’явіцца нейкі вычварэнец, але яго адразу спыняць і заблакуюць. Мы таксама прадастаўляем платформу, выступаючы ў ролі інстытуцыі: ёсць адбор, калегіяльнае прыняцце рашэнняў, і верагоднасць сур’ёзнай памылкі тут мінімальная. А ўласная інтэрпрэтацыя толькі вітаецца. Менавіта ў гэтым і палягае задача мастака — супрацьстаяць аднастайнасці мыслення.
— Я трохі не пра гэта. Чайны грыб — частка тваёй творчай практыкі. Але ты нібы дазваляеш “пакарыстацца” ёю іншым. Гэта як зубную шчотку пазычыць.
— Ды не, як у мастака ў мяне ёсць уласная кар’ера, і мой графік даволі шчыльна распісаны. Тое, што я трачу так шмат часу на прасоўванне іншага мастака — справа бескарыслівая, бо ніякіх дывідэндаў яна мне не прыносіць. Я мушу служыць яму ў якасці інструмента, што замяняе вочы, рукі і язык — грыб іх, зразумела, не мае. Ён здатны толькі ўплываць на мяне хіміка-біялагічным спосабам, накіроўваючы мае дзеянні. Але я, усё ж, не насякомае, а істота куды больш складаная, і таксама дэманструю сваю волю. Таму грыбу даводзіцца са мною дамаўляцца. Гэта дыялог, узаемадзеянне.
— На адрас жрацоў не раз высоўвалі прэтэнзіі адносна няправільнай трактоўкі волі вышэйшых сіл. Хто яго ведае — апрача цябе — як насамрэч будзе галасаваць гэты член журы…
— Не лічу сябе жрацом і ніколі шаманізмам не цікавіўся. Што мяне заўсёды вабіла, дык гэта навука. Я і па адукацыі біёлаг і хімік. Таму імкнуся быць рэалістам.
Далей наша размова перапыняецца — Сяргею трэба пакарміць свайго “калегу”, і ён палюбоўна залівае ў колбы з невыразнай па форме субстанцыяй літры свежазапаранай гарбаты. Па тых каментарыях, якія суправаджаюць гэты працэс, можна меркаваць пра даўнія і цёплыя стасункі паміж творцамі.
— Як ты наогул пазнаёміўся з чайным грыбам?
— Гадоў дзесяць таму я быў у гасцях у вядомага маскоўскага мастака Аляксандра Пятлюры. Ён аб’ездзіў са сваімі акцыямі ўвесь свет, і ў Нью-Ёрку адзін галерэйшчык даў яму чайны грыб. Адсюль мы і вядзём радаслоўную: адкуль грыб з’явіўся ў таго галерэйшчыка, я не ведаю. І вось, Пятлюра
падарыў мне дарослую асобіну. Яе абрысы на прасвет нагадвалі твар Дастаеўскага — таму і імя такое. На пачатку я не ведаў пра ягоныя планы стаць мастаком, а проста выкарыстоўваў яго ў якасці вытворцы напою — дарэчы, вельмі смачны ён атрымліваўся.
— Ці валодае грыб нейкімі чалавечымі якасцямі?
— Думаю, не. Мяркую, ён у поўным сэнсе слова нечалавек. Іншая форма жыцця. Ён жа нават не млекакормячае. Навука сцвярджае, што гэта наогул сімбіёз бактэрыі і дажджавога грыба. Адпаведна, дух супрацоўніцтва закладзены ў самой яго прыродзе.
— А чаму тады ты вырашыў, што Камбуча з’яўляецца мастаком?
— Толькі абапіраючыся на ўласны стан: я адчуў, што ён дыктуе сваю волю праз мяне. Ніякіх доказаў у мяне няма. Але паколькі той грыб, з якім мы ўступілі ва ўзаемадзеянне, увесь час знаходзіўся ў майстэрні, унутры мастацкай кухні, няма нічога дзіўнага, што ўрэшце ён і сам стаў займацца мастацтвам: магчымасці выбару ў яго былі невялікія. І ў нейкі момант, адчуўшы гэтую яго волю, я выставіў грыб у якасці аб’екта. Дакладней, гэта мастак Чайны грыб выставіў сам сябе — свайго кшталту перформанс зрабіў. Так адбыўся яго мастацкі дэбют. Потым Камбуча запрасілі на выставу ў рамках Маскоўскай біенале. А паколькі выстава была вялікай, спатрэбілася грыб размножыць — размнажаецца ён вегетытаўна. Так і з’явілася цэлая сям’я недзе з дзвюх соцень асобін. І яна пастаянна пашыраецца: грыб у мяне просяць іншыя мастакі, я ахвотна ім дзялюся. Думаю, гэты працэс яшчэ толькі ў самым пачатку.
— Ці паўплывала на грыб яго імя?
— Прозвішча “Дастаеўскі” паходзіць ад пачынальніка гэтай галіны роду. Ужо два яго наступнікі былі падобныя да сёстраў Чэхава. Ды і далей іх нешта ў рускую літаратуру панесла. Структура настолькі разгалінаваная, што па сямействе можна ўсю гісторыю пісьменства вывучаць.
— А як грыбы ставяцца адзін да аднаго? Ці ўзнікаюць паміж імі нейкія інтрыгі, супярэчнасці?
— Не, ніякіх! Па маіх адчуваннях, усе асобіны жывуць душа ў душу, як адно цэлае — нават знаходзячыся ў розных пасудзінах. У іх абсалютна няма канфліктаў. Большыя не ўціскаюць меншых.
— Мастакі, які патрапяць на рэзідэнцыю, атрымаюць магчымасць два тыдні працаваць у Мінску і зладзіць уласную выставу. А што чакаюць наўзамен арганізатары?
— Цягам эксперыменту нам трэба высветліць, якімі могуць быць адносіны грыба і творчага чалавека — бо гэта ж упершыню ў сусветнай гісторыі! Кожны з запрошаных мастакоў павінен будзе выпіць настаяны на Камбуча напой — свайго кшталту ініцыяцыя, патрэбная каб засяліць дадзеную культуру сабе ў кішэчнік. Дарэчы, такая самая магчымасць будзе і ва ўсіх ахвотных — мы плануем арганізаваць імправізаваную чайную. Спадзяюся, творчыя людзі заразяцца грыбам і ў прамым, і ў пераносным сэнсе.
— Ой-ёй…
— Нічога страшнага тут няма. Напой гэты карысны і вельмі смачны — ён нагадвае так любімы ў Беларусі бярозавік. Да таго ж, мы пачынаем супрацоўніцтва з Дзяржаўным цэнтрам сучаснага мастацтва Расійскай Федэрацыі. Яго прадстаўнік Вольга Рамнёва, якая спецыялізуецца на сайенс-арце, будзе мэтава скіроўваць да нас на рэзідэнцыю адабраных у Маскве мастакоў. Будзе таксама і шырокая адукацыйная праграма. Прыкладам, цягам маёй мінскай выставы прайшла надзвычай цікавая лекцыя вядомага беларускага біёлага Міхаіла Рудзевіча пад назвай “Грыбы: ворагі або сябры”. Так і не вызначыліся ў выніку з адказам. Думаем яе паўтарыць. Чайнаму грыбу, пэўна, таксама будзе цікава даведацца пра суродзічаў. Пакуль ён гастраляваў толькі па вялікіх гарадах — Нью-Ёрк, Масква, Мінск. Сельскае і лясное жыццё Камбуча зусім не ведае. Пэўна, чалавечы досвед яму цікавы. Хаця і сам ён валодае тым досведам, які нам і не сніўся.
— А якая, усё ж, галоўная ідэя рэзідэнцыі? Як вы тлумачылі яе фундатару — “Белгазпрамбанку”?
— Пошукі шляхоў руху ад антрапацэнтрызму, які так дрэнна сябе праяўляе ў цывілізацыйным маштабе, да біяцэнтрызму. Але сам грыб хацеў бы прарабіць адваротны шлях і пабываць у чалавечай скуры. Таму ён мне неяк сігналізаваў, што трэба стварыць антрапаморфную работу — і мы зробім ванну ў выглядзе чалавека, якую грыб пачне пакрысе запаўняць. Як падаецца, гэта наблізіць Камбуча да ягонай мэты — прынамсі, калі я правільна яе разумею. Цалкам магчыма, што ў яго ёсць і нейкая іншая мэта, утоеная. Што пад маркай усталявання кантакту з чалавекам ён шукае магчымасці, каб раптоўна нанесці ўдар.
— Ці няма тады страху ўвязвацца ва ўсю гэтую гісторыю?
— Яшчэ які! Але людзі дзеля чагосьці, усё ж, расшчапілі атам. Хаця ўжо тады ведалі, што гэта небяспечна. Такія ўжо мы па натуры.
— Ты далёка не першы мастак, які прыдумаў сваю вар’яцкую міфалогію. Быў такі, напрыклад, Далі… Але ці не баішся ты, што праз нейкі час творчае шаленства стане камерцыйнай фішкай і элементам поп-культуры?
— Я не ведаю, ці захоча чайны грыб трапляць у гэтую гісторыю. І не ўпэўнены, ці патрэбныя яму наогул грошы. Але не выключаю. Усё ж такі, яму ўжо захацелася заняцца мастацтвам...
— Ці няма небяспекі, што сапсуяце вы чайны грыб? Быў ён добрым, а стане… такім, як усе.
— Гэта вельмі своечасовае пытанне. Такая небяспека ёсць.