Білетны канцэрт у сапраўднай канцэртнай зале — падзея, якая не проста зацікавіла, а нават выклікала спадзяванне, што ў публікі ізноў вяртаецца цікавасць да жанру. Аптымістычныя чаканні былі папраўленыя рэальнасцю: сабралася толькі каля 40 гледачоў, прычым большасць з іх — асабістыя знаёмыя арганізатара канцэрта Алега Мізулы. Відавочна, што брак рэкламы адыграў сваю ролю.
Для знаёмых з творчасцю згаданай тройцы назва красавіцкага канцэрта гучала досыць нечакана — “Любоў і каханне”. У першую чаргу гэтыя аўтары праславіліся, усё ж, не лірычнымі спевамі. Але для гістарычнай і патрыятычнай тэматыкі ў назве было слова “любоў”. А ўвогуле, у канцэрце быў яшчэ адзін удзельнік — вядоўца і паэтка Ала Клемянок са Смаргоні, якая сваімі густоўнымі вершамі дапаўняла тэму “кахання”, калі яе не хапала ў бардаў. Хаця Андрэй Мельнікаў з зусім старэнькіх сваіх песень прыгадаў і “Ясну панну”, і “Казку” — “Дзверы адчыні, каханая мая”. Прагучала і “Зорка Венера” на верш Максіма Багдановіча. Зміцер Бартосік пачаў прысвячэннем любімай Вільні, а далей пастараўся адпавядаць тэме кахання “гарадскімі рамансамі” на вершы Віктара Шніпа. Алег Мізула адзначыўся песнямі для дзяцей — што яму вельмі добра ўдаецца, і парадаваў рамантычна-ляснымі баевікамі.
У якасці бардаў удзельнікі канцэрта выступаюць, можа, і нячаста. Але гітару яны ўсё ж бяруць у рукі. Андрэй Мельнікаў, які працуе навуковым супрацоўнікам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, робіць гэта і падчас сваіх экскурсій. Па-ранейшаму піша новыя песні — як на свае вершы, так і на творы іншых паэтаў. На працягу жыцця бард верны абраным тэмам — Радзіма, гісторыя, каханне. Зміцер Бартосік сустрэчы з чытачамі ў якасці літаратара праводзіць у суправаджэнні гітары. Шэсць гадоў таму ён падрыхтаваў альбом твораў бардаў савецкага часу — Высоцкага, Нікіціна, Акуджавы — перакладзеных на беларускую Рыгорам Барадуліным. Некаторыя прагучалі і ў канцэрце “Любоў і каханне”. А зусім нядаўна ў Зміцера напісаліся і свае песні на вершы Віктара Шніпа і Усевалада Сцебуракі, першае выкананне якіх адбылося якраз на гэтай імпрэзе.
Алег Мізула — неўтаймоўны і як артыст, і як чалавек. З дзясятак гадоў ён працаваў за мяжой, а цяпер у родных Жодзішках развівае аграсядзібу “Вялес”, стварае культурную прастору для ўсёй ваколіцы. Будуе амфітэатр, каб ладзіць там канцэрты. Як аўтар піша на розныя тэмы — і гістарычна-патрыятычныя, і турысцкія, мае асобную праграму для дзяцей. І вось адчуў у сабе сілы і жаданне паспрыяць развіццю бардаўскага руху ў цэлым. Лічыць, што сітуацыя з беларускімі бардамі патрабуе выпраўлення, бо хіба рэдкія творцы маюць магчымасць выйсці на сцэну, і асабліва складана маладым аўтарам. Таму гэтай вясной ён у розных гарадах Беларусі арганізоўвае “канцэрты на трох” са сваімі даўнімі таварышамі па бардаўскім цэху. Атрымліваецца гэта, як кажуць, з пераменным поспехам.
Але ў сваіх добрых памкненнях Мізула не спыняецца. Ён збіраецца летам правесці фестываль беларускай аўтарскай песні, сабраць на ім мэтраў і пачаткоўцаў, якія пішуць па-беларуску. І лічбу “нуль” у колькасці фэстаў замяніць на “адзін”.
Свае Жодзішкі ён хоча зрабіць не толькі турыстычным, але і песенным, культурным цэнтрам. І гэта ў яго павінна атрымацца.