Я прыйду дзеля настальгіі. А мой сын?

№ 17 (1404) 27.04.2019 - 04.05.2019 г

Нават калі мастак ці творчая суполка высока трымаюць планку прафесіяналізму, эфектна вылучаюцца з цэхавага асяроддзя, маюць трывалую падтрымку сваёй аўдыторыі і іншыя падставы для самапавагі, гэта не значыць, што кожная сустрэча такіх творцаў з публікай (выстава, канцэрт, спектакль) абавязкова атрымаецца вартай увагі і стане падзеяй, будзе мець розгалас станоўчы ці хаця б проста розгалас. Творчасць — гэта не планавая дзейнасць з прагназуемым вынікам. Шмат у чым яна была і застаецца латарэяй.

Хіба ўдакладню: цяжка бывае ўявіць, што аўдыторыю прывабіць і зачэпіць. А вось тое, што пакіне яе абыякавай, звычайна вядома загадзя. І тым не менш, выдаюцца кнігі, якія ніхто не чытае; ставяцца фільмы, на якія ніхто самахоць не пойдзе, ладзяцца мастацкія выставы, на якіх экспанатаў больш, чым ахвочых на іх паглядзець. І галоўнае: тое, што так будзе, было зразумела яшчэ на стадыі праектавання.

Хтосьці скажа: “творчы эксперымент”, “артхаўс”, “мастацтва не для ўсіх” — і ў шэрагу выпадкаў будзе мець рацыю. Калі вектар творчасці насамрэч скіраваны на мэтавую аўдыторыю, на мізэрны тыраж, а само такое мастацтва здатнае падтрымліваіць у шчыльнага кола спажыўцоў комплекс эліты і пачуццё абранасці, дык шырокае сацыяльнае наваколле можна ігнараваць.

Іншая справа, калі творца свядома і асэнсавана звяртаецца да грамадства. Тады ён мусіць гаварыць мовай, усім зразумелай, і пра рэчы, якія ўсім цікавыя. Да прыкладу, калі на выставе Сальвадора Далі ў Мінску будзе няшмат наведвальнікаў — дык гэта нармальна. А калі ў сталіцы не будзе мець поспеху выстава суполкі Беларускага саюза мастакоў “Пагоня” — дык ёсць пра што задумацца.

Гэтыя думкі прыйшлі да мяне на выставе “Зорны шлях Язэпа Драздовіча” ў сталічным Палацы мастацтва. Экспазіцыю складалі творы прысвечанага яму мастацкага пленэру, ініцыятарам якога была суполка, з дадаткам работ розных гадоў, якія маюць нейкае дачыненне да нашага “вечнага вандроўніка”. Цвіком жа экспазіцыі можна лічыць узоры пісьма самога Язэпа Нарцызавіча. Зразумела, куды больш своечасовай была б гэтая выстава летась, калі святкавалася 130-годдзе з дня нараджэння мастака. Але як атрымалася, так атрымалася.

У мяне язык не павернецца сказаць, што выстава кепская. Але і хваліць яе ўдзельнікаў не стану. Я высока цаню зробленае сябрамі суполкі на мяжы 1980 — 1990-х, у “нулявыя”. Але ці адпавядае яна сённяшнім рэаліям? Я, скажам, прыйду на выставу суполкі дзеля настальгіі, дзеля сустрэчы са старымі знаёмцамі. А майму сыну што там рабіць? Мяне на выставе не пакідала ўражанне, што я знаходжуся ў памятным з маладосці коле рамантызаванай этнаграфіі. Мне яно цікава — як момант пошуку сваёй самасці. А маладзейшым?

За часы Незалежнасці нарадзілася пакаленне, якое, шануючы Беларусь, усведамляе сябе грамадзянамі свету. Адпаведна, і Беларусь для іх частка сусветнай прасторы. Як, дарэчы, і для Язэпа Драздовіча, які, стоячы на роднай зямлі, назіраў “нябесныя бегі”. Думаецца, менавіта на тэзе адзінства Беларусі і Сусвету і павінны старэйшыя ладзіць сумоўе з тымі, хто ўвасабляе заўтрашні дзень краіны. Калі, зразумела, хочуць захаваць свой аўтарытэт.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"