Прамяняць казіно на тэатр. Але — не жыццё

№ 17 (1404) 27.04.2019 - 04.05.2019 г

Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Валянціна ЕРАНЬКОВА святкуе свой юбілей. Паводле традыцыі, афіша Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, дзе яна працуе ўжо 23 гады, цягам тыдня складалася з яе найлепшых спектакляў: “Пясняр”, адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, а таксама Нацыянальнай тэатральнай прэміяй, “Утаймаванне свавольніцы”, якое вытрымала больш за сотню паказаў, “Інтымная камедыя”, “Небяспечныя сувязі”, “Жаніхі”. Акрамя гэтага, віноўніца ўрачыстасцяў падрыхтавала прэм’еру — лірычную камедыю “Дзявочнік” па аднайменнай п’есе амерыканскай пісьменніцы Лоры Канінгем. І нават дзіва, што ў такім напружаным графіку Валянціна Рыгораўна ўсё ж знайшла час для грунтоўнай размовы.

/i/content/pi/cult/742/16103/5.JPG— Вы многія тэатры бачылі “знутры”: працавалі ў Бабруйску, Магілёве, нашым ТЮГу, Маладзёжным. Стажыраваліся ў Берліне, Маскве, у Швейцарыі. Атмасфера ў тэатры — як яна складаецца, ад каго залежыць?

— Атмасфера — гэта не будынак, а людзі. Традыцыі. Гэта тая субстанцыя, якая змяняецца ў залежнасці ад таго, хто ў калектыў прыходзіць-сыходзіць — не толькі артысты і кіраўніцтва, але і ўсе, хто працуе на тэатральны працэс: бутафоры, дэкаратары, краўцы, якія шыюць касцюмы. Гэта ж анёлы! Выратоўваюць у складаныя моманты, падтрымліваюць ва ўсіх пачынах.

Любы тэатр, як і чалавек, праходзіць пэўныя этапы сваёй біяграфіі: нараджэнне, станаўленне, пошук індывідуальнасці, сталасць. Бываюць моманты, калі штосьці буксуе, калі мы, як я звычайна кажу, пачынаем з кірмашу вяртацца. Тыя хвалі, прылівы-адлівы і ствараюць дух тэатра. А найбольш яркія асобы фармуюць аўтарскія тэатры — той жа “Ленком”, якім ледзь не паўстагоддзя кіруе Марк Захараў і дзе ўсё падпарадкавана яго эстэтыцы. Ці Тэатр Рамана Вікцюка з яго шалёнай энергетыкай і экстравагантнымі канцэпцыямі.

— У Захарава вы стажыраваліся. Няўжо і ў Вікцюка таксама?

— Я не толькі да Вікцюка — ва ўсе тэатры, што мяне цікавілі, імкнулася патрапіць падчас той маскоўскай стажыроўкі. І найперш не на спектаклі, а менавіта на рэпетыцыі. Мне пашчасціла пабываць і ў Пятра Фаменкі, і ў Сяргея Яшына. Памятаю, неяк адна заможная дама, з якой я пасябравала ў Маскве, запыталася: “А ты была калісьці ў казіно?” — “Не, ніколі”. — “Дык паехалі! Мы звозім цябе ў Лос-Анжалес”. — “Прабачце, не магу: у мяне рэпетыцыя ў Марка Анатольевіча”. — “Вар’ятка! У тэатр заўсёды паспець можна”. А мне і сапраўды рэпетыцыя была важней. Я адчувала, быццам вырвалася з пустыні, і кожная кропля расы — як шанец і вера: жыццё магчымае! Шкада, што сёння такіх абменаў мала, бо творцам гэта неабходна. Той жа “М.@rt.кантакт” у Магілёве дае і гораду, і вобласці, і ўсяму нашаму мастацтву вельмі многа, бо там не толькі спектаклі, але і майстар-класы, абмеркаванні, творчыя сустрэчы. І асаблівая ўвага — моладзі.

— Пэўна, і вашы выхаванцы па магчымасці туды ездзяць? У вас, наколькі мне вядома, сёлета ў Акадэміі мастацтваў выпускаецца курс маладых рэжысёраў-завочнікаў.

— Так, цяпер у іх вельмі адказны момант — выпуск уласных спектакляў. Перажываю, што я не магу дапамагаць ім на кожным кроку. А з іншага боку, я дала што магла, надалей жа ім плысці самім. І творчую самастойнасць трэба выявіць ужо цяпер. Выпрабаванне? Так. І сёння яно больш жорсткае і набліжанае да рэалій жыцця, чым бывала раней. Калі дыпломныя спектаклі ладзіліся на вучэбнай сцэне, рэжысёры мелі ўсё для паспяховай рэалізацыі творчых планаў. А сёння яны павінны і касцюмы шыць, што называецца, сваімі рукамі, і з артыстамі дамаўляцца. З усім гэтым ім давядзецца сустрэцца ў сваёй творчасці і надалей — і чым раней у іх з’явіцца досвед, тым лепей. Вядома, я ўсё роўна дапамагала: з тэатрамі дамаўлялася, з мастакамі. І вельмі радая, што ў наш даволі прагматычны час, калі ўсё вымяраецца грашыма, застаюцца людзі, гатовыя штосьці рабіць бескарысліва — проста таму, што ім цікава. Тая ж мастачка Таццяна Лісавенка ніколі не адмовіць у дапамозе.

— А вы самі як і калі зразумелі, што ваш лёс — тэатр? Ведаю, у дзяцінстве вы на фартэпіяна ігралі. Можа, і ў школьных пастаноўках былі задзейнічаны?

— Не, ні ў якай мастацкай самадзейнасці ніколі не ўдзельнічала. Я была дзіцём вуліцы.

— Ой, не пужайце мяне! Звычайна з вуліцай звязваюць дрэнныя схільнасці: маўляў, добраму там не навучаць.

— Ды я сама заўжды была лідарам! І столькі цікавага мы рабілі! Вершы чыталі, сцэнкі разыгрывалі. А была яшчэ сярод нас старэйшая дзяўчынка, якая гімнастыкай займалася. І ладзіла з намі ўсялякія фігуры, піраміды. А потым мы клікалі бацькоў на сваё “прадстаўленне” — гэткае паэтычна-пластычнае. Дарэчы, пластычная частка мне заўсёды болей падабалася: станавіцца на “мосцік” для мяне было куды больш захапляльна, чым мастацкае слова. Але кнігі чытаць любіла! У мяне ж маці — педагог, выкладчыца рускай і беларускай мовы і літаратуры. Ёй ужо 93, яна жыве ва Украіне, але і дагэтуль размаўляе па-беларуску, чытае на памяць Купалу, Коласа, Багдановіча. У яе нейкі ўнутраны дар даносіць утоены змест кожнага тэксту. Калі яна вучылася, яе нават на радыё запрашалі вершы чытаць і рубрыку пра пісьменнікаў весці. Мабыць, нейкія гены мне ад яе перадаліся?

А ў бацькі быў акардэон — італьянскі. Не трафейны, а наградны — за баявыя заслугі. Нават дакумент на яго далі. І тата ў вольны час садзіўся на крэсла (а ў нас было такое старадаўняе вялізнае крэсла) і, бы той вожык у тумане, іграў “Амурскія хвалі”. Мама часам галасіць пачынала: ну вось, зноў сваё піліканне завёў! А мне падабалася. Ён не быў музыкантам, усяму сам навучыўся, на слых.

— Атрымліваецца, ён пачаў вучыцца пасля таго, як інструмент падарылі?

— Так, яшчэ на фронце. Ён жа ўсю вайну прайшоў — і кожны прывал скарыстоўваў, каб той акардэон засвоіць. Працягваў, можна сказаць, родавыя традыцыі, бо ў яго ўся сям’я была музычнай. Калі мы прыязджалі да сваякоў ва Украіну, без спеваў ніводная сустрэча не абыходзілася. Ды як спявалі! Асабліва ягоная сястра — ну проста неверагодны голас. Я пражыла там 11 гадоў, потым бывала толькі наездамі. Але нацыянальны каларыт (і асабліва калядаванні), гасціннасць, шчодрасць, сонечнасць тых таленавітых людзей на мяне паўздзейнічалі.

Увогуле, мае продкі з боку дзядулі па бацькоўскай лініі — запарожскія казакі. Так што я паходжу, лічыце, з тых скіфскіх месцаў, апетых у мастацтве. А з боку бабулі, таксама па лініі бацькі — з Палтаўшчыны. Таму і гогалеўскія павевы ўва мне прачынаюцца ды шукаюць выйсця.

— Дык вось адкуль ваша прага да музычна-пластычных фантазій у тэатральных пастаноўках! Плённае супрацоўніцтва з вашым мужам, музыкантам і кампазітарам Аляксеем Ераньковым, было наканавана вам, можна сказаць, спрадвеку. А атмасфера ў сям’і — ад каго залежыць?

— Лічу, ад жанчыны. Мы захавальніцы агменю, на нас ускладзеная гэта гістарычная місія. Пры ўсім жаданні кіраваць караблём або пабываць у космасе, нельга забываць пра хатні агмень. Нам гэта не проста прадпісана звыш — нам гэта дадзена, мы гэта можам. Не трэба спісваць нястачу часу на вытворчыя праблемы-клопаты. Кожны можа вынесці столькі, колькі на яго ўскладзена. Але ж мы часам лянуемся, перакладаем адказнасць. Справа не ў побытавых рэчах, а найперш у псіхалагічных стасунках. Хтосьці, можа, не пагодзіцца, але гэта мае разважанні з вышыні пражытых гадоў. Мы расплачваемся за райскае месца, за яблык, што з’елі. Гэта ж не прыпавесць ці нейкая метафара — гэта жыццёвая праўда.

Мы самі адказваем за сваё жыццё. Я многае ў ім падмяняла тэатрам — гэта ўжо не паправіць. А чалавек павінен больш задумвацца пра тое, што ён пакіне пасля сябе. І не толькі на сцэнічных падмостках або ў архівах, каб на нейкі юбілей было што паказаць ды ганарыцца двума радкамі ў энцыклапедыі. Куды важней, каб засталіся людзі, якія ўзгадаюць цябе добрым словам, паставяць свечку ў царкве...

— Давайце лепей пра кветкі ды іншыя радасці жыцця. Вы да кожнага юбілею змяняеце імідж ці хаця б прычоску?

— І не абавязкова да юбілею! Я не падпарадкоўваю сваё жыццё нейкім святам. Кожная нават мінімальная змена майго аблічча — адлюстраванне таго, які ў мяне настрой. Я была ўсялякая — не толькі брунеткай ці бландынкай, была і чырвонай, бардовай, сівой. Няма колеру, які б не паспрабавала. Устала ранкам, зірнула ў люстэрка — хочацца чагосьці новага. Чаго — невядома. Але ж хочацца. Чаму б не паспрабаваць? Мне падабаецца сачыць за модай, глядзець, куды яна развіваецца, як апранаецца моладзь, якія тэндэнцыі з’яўляюцца. Нечага не прымаю — тыя ж змены жаночай моды ў бок мужчынскай, а мужчынскай — у бок жаночай. З чымсьці ўнутрана спрачаюся, пратэстую. Мне хацелася б бачыць жанчыну ў пышнай спадніцы — гэткі вобраз чэхаўскай Душачкі.

Ці абліччы пасляваенных працаўніц, якія тагачасную разруху і
неўладкаванасць побыту пераадольвалі сваім знешнім выглядам, намагаючыся несці прыгажосць, разбураную вайной. У гэтым не толькі жыццёвая мудрасць, але і вялізны філасофскі пасыл. А яшчэ псіхалагічныя хітрыкі, бо мы такія, якімі сябе адчуваем. Гэта ж і мужчын выхоўвае! Ім хоцькі-няхоцькі трэба “адпавядаць”.

Так, сёння “ў трэндзе” — быць на паверхні, у цэнтры ўвагі, а штосьці важнае стала сыходзіць. Пакутую, калі адораныя людзі пакідаюць нашу прафесію, калі падмяняюць яе сутнасць знешнім шалупіннем, растрачваюць атрыманы ад педагогаў і дадзены звыш творчы імпульс. Можа, мы таксама не мелі рацыі, калі перабольшвалі дух вернасці, адданасці тэатру. Тая апантанасць дапамагала, але ж і шмат забірала, не пакідаючы месца іншаму. Сёння ўсё іначай. Можа, проста больш спакусаў? Не ведаю, як правільна. Кожны сам абірае сваю дарогу. Хтосьці не спраўляецца, збочвае. Што ж, праблема духоўнага выбару была і застаецца. Не толькі ў нас — на ўсёй зямлі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"