Жыццё “як у кіно” прынцэсы-жэньшэнь

№ 16 (1403) 20.04.2019 - 28.04.2019 г

У назве свайго праекта Наталля КУНІЦКАЯ абыграла ўласнае прозвішча. Mustelide сугучна слову “куніца”. Пяць гадоў таму клавішніца групы “Серебряная свадьба” адарвалася ад калектыву, пачала сама ствараць музыку і практычна імгненна з поўнай невядомасці трапіла на старонкі модных выданняў, на фестывальныя сцэны, у спісы лаўрэатаў розных прэмій. І амаль адразу яе назвалі “электроннай прынцэсай”. Песні вабілі незвычайнасцю, у гэтым і быў сакрэт поспеху. Не так даўно адбылася прэм’ера ўжо трэцяй яе пласцінкі — Ginseng Woman, створанай з гукаў зламаных інструментаў. Гісторыя паўтарылася: песні Mustelide ізноў у цэнтры ўвагі. Наталля нястомна прадзюсіруе не толькі сваю музыку, але і сваю кар’еру. І пры гэтым няспынна парушае межы, бо лічыць, што ў ХХІ стагоддзі для музыканта іх няма — ні геаграфічных, ні творчых.

/i/content/pi/cult/741/16098/19.JPG— За пяць гадоў вы дасягнулі, здаецца, немагчымага для адзінокага творцы ў такім не самым масавым жанры як ваш. Тым больш для дзяўчыны, за якой ніхто не стаіць. Пра вас пішуць самыя ўплывовыя выданні, у вас канцэрты ледзь не па ўсім свеце, у вас кантракт з лэйблам Івана Дорна, вы паўдзельнічаеце ва ўрачыстым адкрыцці ІІ Еўрапейскіх гульняў... Здаецца, нейкі бясконцы шэраг поспехаў — як у кіно!

— Сапраўды, у апошнія гады жыццё ў мяне як у кіно. Але не пра ўсё я расказваю, многага публіка і не ведае. Увогуле, артыст — гэта чалавек, які абраў не самы лёгкі шлях, бо яму даводзіцца ахвяраваць стабільнасцю, упэўненасцю ў
заўтрашнім дні, часта сям’ёй. Я не выключэнне. Мне ўдалося стварыць свой свет пад назвай Mustelide, але ж ён разлічаны на даволі вузкую аўдыторыю. Сама дагэтуль у шоку, як гэта мяне не зламала.

— Думаю, калі вы пачыналі сольны праект, то і не разлічвалі на лёгкі поспех.

— Я ведала толькі адно: пісаць музыку хачу сама. У нейкі момант адназначна вырашыла — рызыкну. І пачала рэалізоўваць мару крок за крокам. У людзей часта не атрымліваецца задуманае, бо мару яны прыдумляюць, а свае магчымасці адэкватна не ацэньваюць. Я абапіралася менавіта на тое, што магу і ўмею, або чаму магу навучыцца. Тады ў Мінску з’явіліся курсы Ableton — камп’ютарнай праграмы па стварэнні музыкі. Я патрапіла ў самую першую групу, і за тры месяцы курсаў запісала першы альбом.

— Праз навучанне Ableton прайшлі і іншыя нашы адметныя аўтары-выканаўцы — Аня Жданава, Паліна Рэспубліка, Руся...

— Так, у нейкім сэнсе я стала прыкладам — паказала, што ёсць такі шлях ствараць музыку незалежна ні ад каго, што можна самой аранжыраваць і запісваць песні. Спачатку, магчыма, многія баяліся, асабліва дзяўчаты. Хацелася б верыць, што мой вопыт натхніў гэтых цудоўных артыстак.

— Ці не складана было перайсці на такое незалежнае існаванне — і ў творчым сэнсе, і нават у побытавым, калі няма ніякай гарантыі?

— Складана мне было працаваць у камандзе: я не люблю падпарадкоўвацца. А тут у мяне нарэшце расправіліся крылы. У матэрыяльным сэнсе я падрыхтавалася, забяспечыла сябе так званай “падушкай бяспекі”, бо не жадала апынуцца ў той сітуацыі, калі даводзіцца ісці ў кавер-бэнды, паколькі няма на што жыць. Але свабода была важнейшай за грошы. Мне зусім не карціць ляжаць у цёпленькім балотцы, дзе ўсё знаёмае і зразумелае — я хачу развівацца, бачыць новых людзей, новыя месцы, чагосьці дасягаць.

— Да сольнага праекта вы падышлі з сур’ёзным музычным бэкграундам. Музыка для вас — гэта невыпадкова?

— Я скончыла музычную школу, паралельна некалькі гадоў вучылася ў школе пры кансерваторыі. У 15 гадоў трапіла ў дзявочую групу, дзе мы гралі панк, ню-метал. У 16 гадоў я ўсё лета адпрацавала на рынку ў Ждановічах — развозіла каву з гарбатай, каб купіць сабе першы сінтэзатар. Прычым бацькі адгаворвалі, але мне было вельмі важна зарабіць самой, я хацела адчуць дарослае жыццё. У 17 гадоў трапіла ў групу Ulis і ўжо выступала на “Басовішчы”. Далей былі гучныя праекты Zombie Zoo і Clover Club — мы стваралі выдатную музыку. Апошняя мая група “Серебряная свадьба” — калектыў наогул славуты. Але цяпер разумею, што ўсё гэта было падрыхтоўкай. А вышэйшую адукацыю я атрымала ўсё ж не музычную: пайшла ў лінгвістычны ўніверсітэт на нямецкую мову.

— Як прадчувалі, што Берлін цяпер стане другім вашым домам і месцам працы…

— Сапраўды, як прадчувала! Я разумела, што замежныя мовы музыканту толькі дапамагаюць, а нейкая прафесія на той момант усё ж была патрэбная. Потым ні на хвіліну не пашкадавала, што пайшла ў лінгвістычны ўніверсітэт.

— У вас атрымалася з першымі ж трэкамі патрапіць у яблычак. У чым быў сакрэт?

— Я імкнулася нічога і нікога не паўтараць, стварыць нешта максімальна індывідуальнае. Прэм’ера Mustelide адбылася ў вядомым расійскім часопісе “Афиша” — я адправіла туды запісы, а мне адразу прапанавалі зрабіць вялікі матэрыял. Потым быў беларускі сайт experty.by з прэміяй за лепшы альбом у намінацыі інды-поп, іншыя ўзнагароды. Пасля прыпынення дзейнасці “Серебряной свадьбы” я пачала актыўна выступаць у Еўропе: Германія, Венгрыя, Іспанія, Польшча, Фінляндыя, Украіна і гэтак далей. У Расіі шмат дзе была, нават у Паўднёва-Сахалінску, у Казахстане... А гэтаму моцна паспрыялі шоукейс-фестывалі, якія давалі знаёмствы з прамоўтарамі. Магчымасці я выкарыстоўваю цалкам, і калі ехала ў нейкую краіну — глядзела, што там побач, якія гарады, якія клубы. Знаходзіла кантакты, адпраўляла запісы, у выніку грала там свае сэты. А я ж мабільная, ні ад кога не залежу. Так што няма ніякага цуду, гэта звычайная праца.

— І на шыкоўную творчую праграму ў ЗША трапілі без ніякага цуду?

— Проста падала заяўку. Я не чакаю, пакуль мне нешта дадуць, а раблю сама — бо гэта ж мне трэба, каб я магла быць музыкантам. З чатырох тысяч заявак адабралі 25 чалавек з 17 краін свету. Хто граў на афрыканскіх народных інструментах, хто на скрыпцы, хто на сінтэзатары… Суполка музыкантаў Found Sound Nation на дзяржаўныя грошы ладзіць праект, які скіраваны на аб’яднанне творчых людзей з мэтай “паўплываць на навакальнае асяроддзе пры дапамозе музыкі”. Спачатку мы жылі далёка ад цывілізацыі, у гарах, разам пісалі музыку, наладжвалі кантакты. Потым па гарадах ігралі многа канцэртаў — з такім яднаннем, з такой магутнай энергетыкай, што ледзь не да слёз.

Гэтыя два месяцы заняткаў музыкай і толькі музыкай, ды яшчэ і з паездкамі па такіх небанальных штатах з “кіношнымі” краявідамі, як Ваёмінг, Каларада, Айдаха, Арэгон, сталі для мяне быццам сном. Амерыканская прыгода — нібы кульмінацыя фантастычнага фільма, у які я трапіла з прыходам у групу “Серебряная свадьба”, з пачаткам сольнага праекта. Там перад намі не ставілі ніякіх задач і ўмоў — мы проста мелі магчымасць тварыць. І я яшчэ больш натхнілася не баяцца выходзіць за рамкі звыклай для нас музыкі.

— Новы альбом Ginseng Woman — “Жанчына-жэньшэнь” — з’явіўся праз тую ж арганізацыю…

 — Музыканты з Found Sound Nation пастаянна ладзяць розныя сацыяльныя праекты. У падвале аднаго каледжа ў Філадэльфіі яны знайшлі больш за 800 зламаных музычных інструментаў і вырашылі іх выратаваць, адрамантаваць. Зладзілі конкурс з прапановай стварыць музыку з сэмплаў гэтых інструментаў, з лепшых трэкаў зрабіць зборку і на атрыманыя грошы адрамантаваць інструменты. Я ў гэтым убачыла чарговую магчымасць для сябе. Конкурс, праўда, не выйграла (хаця маю кампазіцыю ўзялі ў выніковую складанку), але знайшла новы сродак для стварэння музыкі. І так захапілася гульнёй з гукамі зламаных інструментаў, што зрабіла цэлы альбом — і там няма ніводнага іншага гука, акрамя тых сэмплаў і майго голасу. Прычым гэта, ізноў жа, поп-музыка, гэта песні, няхай сабе і дзіўнаватыя.

— Тое, што цяпер вы супрацоўнічае з лэйблам Івана Дорна Masterskaya, таксама можна залічыць у поспехі?

— Спачатку я думала выдаваць новую пласцінку на якім германскім ці амерыканскім лэйбле. Але мне прапанавалі выпусціць яе на лэйбле Masterskaya, і я пагадзілася, бо хлопцы сапраўды шукаюць цікавую наватарскую музыку і даюць
табе поўную свабоду. Не параўнаць з тым, як калісьці мы абмяркоўвалі супрацоўніцтва з прадзюсарскім цэнтрам Макса Фадзеева. Гэта такі заводзік па вытворчасці артыстаў, калі ты цалкам аддаешся ў іх рукі і выконваеш усе загады.

— Альбом прынялі на ўра, ізноў вы нечым усіх зацікавілі…

— Так, многія ўразіліся. Хаця не верыцца, што ў наш час кагосьці яшчэ можна здзівіць музыкай. Але я давяла: музыку можна рабіць з любога хламу. А яшчэ ў гэтых гуках вабіць драма інструментаў, якія пражылі жыццё, іх хрыпы, усхліпы, разладжанасць… Гэта не камп’ютарны гук, там у кожнага сэмпла ёсць харызма, свой характар. Мне як прадзюсару было неверагодна цікава з імі працаваць.

— Як мне падаецца, слова “жанчына” ў назве пласцінкі невыпадковае — яно нясе нейкі мэсэдж.

— Альбом атрымаўся дастаткова шаманскім, на ўзроўні падсвядомасці я спрабую націснуць на нейкія энергетычныя месцы. Кампазіцыя Ginseng Woman хоць і з гумарам, але адлюстроўвае маё ўсведамленне ўласнай сілы. Цяпер тэма фемінізму папулярная, і ў мяне быў пасыл нагадаць, што жанчына — гэта сіла. А таксама і заклік адмаўляцца ад стэрэатыпаў — у дачыненні як да жанчын, так і да стварэння музыкі. Хаця самай хітовай кампазіцыяй альбома мне здаецца Zver, яна для танцаў. Усе трэкі розныя. Песню Telo Ogon, зробленую з гукаў струнных інструментаў кшталту арфы, гітары, балалайкі, можна параўнаць з кантры, Okno — у рытме боса-новы. А ёсць кампазіцыя Velvet in Heart, і там напрыканцы ўвогуле рок атрымліваецца, мая сястра падпявае, мама чытае ўласныя вершы. Такім чынам, у заключнай песні альбома я сабрала ўсіх жанчын маёй сям’і. І ў гэтым таксама ёсць нейкі сімвал — які я так люблю.

— Вы кажаце, што ваша музыка не для стадыёнаў. Тым не менш, на стадыёне вы неўзабаве выступіце…

— Так, 21 чэрвеня на адкрыцці ІІ Еўрапейскіх гульняў я выступлю са сваім нумарам, і гэта яшчэ адна прыгода ў маім жыцці. Але раней, 30 красавіка, у Мінску адбудзецца канцэртная прэзентацыя альбома Ginseng Woman. Цяпер я граю канцэрты ў гэтай частцы Еўропы.