Маціс нават і не прадбачыў…

№ 16 (1403) 20.04.2019 - 28.04.2019 г

Клеччына: крэатыўшчыкі ёсць, піяршчыкаў няма
Запытаўся ў знаёмага кіраўніка аддзела культуры, ці ведае ён, што на Міншчыне ёсць абласны фестываль народнай творчасці, пераможца якога атрымлівае легкавік. Знаёмы, стомлены аўтамабільнай нішчымніцай, бязмежна здзіўляецца: “Не, не ведаю… Якія малайчыны!” Між тым, “Напеў зямлі маёй” ладзіцца ў Мінскай вобласці ўжо ў пятнаццаты раз. І два разы легкавікі забірае Клецк. Больш за тое, спачатку “Газель”, а потым “Пежо” атрымлівае адна і тая ж установа — Клецкая дзіцячая школа мастацтваў. Вось вам і першая інтрыга. Хто, як і за што?

/i/content/pi/cult/741/16096/16.JPGЦягам пяці апошніх гадоў пераканаўся, што культура Міншчыны — досыць кантрасная. У адным раёне СДК “выхваляецца” шчылінамі, у якія ці не кулак пралазіць, а ў другім і база надзейная, і дысцыпліна трывалая.

Клецкі раён уражваў зграбнасцю і паяднанасцю высілкаў, скіраваных на няўхільнае развіццё рэгіянальнай культуры. Захапленне — не надта добрая якасць для журналіста. Але не гэтае пачуццё было галоўным. Ці не на кожным кроку ахоплівала здзіўленне: “Чаму я пра гэта не ведаю? Чаму цягам апошніх гадоў нават маленькая навіна з Клеччыны не патрапіла на старонкі “К”? Чаму іх набыткі не сталі метадычнай дапамогай для калег з іншых раёнаў іншых абласцей?” Натуральна, ёсць у гэтым і мая віна: даўно ў Клецк варта было завітаць.

Прыклады для пераймання

Дык вось, справа журналісцкая нагадвае прафесію здабытчыка золата. Каб заблішчэла, трэба адкінуць сотні кілаграмаў друзу. У Клецкім раёне гэтыя залацінкі цікавага досведу заўважныя адразу. Да прыкладу, тут вам ніколі не скажуць, што недахоп сцэнічных касцюмаў для самадзейных калектываў (у тым ліку для 18 народных і
ўзорных) — гэта праблема. Пры скасаванні камбіната бытавога абслугоўвання начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Чалык паклала вока на двух прафесійных краўцоў. Марыя Уласень працуе цяпер касцюмерам у дзіцячай школе мастацтваў, а Галіна Яраш — у раённым цэнтры культуры. А касцюмерныя нагадваюць пярэстыя бясконцыя лабірынты.

Я даўно пераканаўся: у добрага гаспадара ўсё ідзе ў справу. Проста трэба ўмець дбайным вокам вызначыць, дзе гэтае “ўсё” знаходзіцца і як “яго” лацвей да справы далучыць ды спарадкаваць. Святлана Чалык, па ўсім бачна, — гаспадар. Пацвярджае гэта і намеснік старшыні Клецкага райвыканкама Генадзь Буйвіла. Будынкаў, што патрабуюць капітальнага рамонту, у раённай культуры няма! Усе бібліятэкі маюць камп’ютарную тэхніку і выхад у інтэрнэт (помніцца, у свой час праз адсутнасць апошняга карэспандэнт “К” Юрый Чарнякевіч Клецкі раён крытыкаваў). З бягучым рамонтам спраўляецца гаспадарчая група. У большасці клубных устаноў — па два камплекты апаратуры. У распараджэнні аддзела — пяць(!) аўтамабіляў.

За што ж канкрэтна быў атрыманы “Пежо” па выніках “Напеву зямлі маёй”? Я паспрабую апісаць словамі, але гэта трэба бачыць.

Цягам сямі хвілін народны хор настаўнікаў ДШМ, дзіцячы хор “Звонкія галасы” і харэаграфічная група прэзентавалі на конкурсе літаратурна-музычнае прысвячэнне “Прамова аб малой радзіме” паводле твораў Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Міколы Засіма з выкарыстаннем музычнага матэрыялу знакамітых “Харошак”, народных напеваў Клецкага раёна і песні Васіля Раінчыка “Красуй, Беларусь”. Я паглядзеў дзею, запісаную на смартфон. Нават у такім спрошчаным фармаце яна выклікае настолькі магутны прыліў гонару за Радзіму, што “Пежо” падаецца мінімумам удзячнасці за прафесійна зробленую патрыятычную сюіту.

Сем хвілін дынамічнага руху (яго трэба здымаць некалькімі камерамі, у тым ліку і зверху) — гэта не толькі сімвал еднасці пакаленняў. Гэта ўвасабленне нацыянальнай ідэі: нацыя вытрывае ўсё і застанецца нацыяй. Нумар варта паказваць у якасці сацыяльнай рэкламы ды ўсяляк пераўтвараць у клецкі брэнд.

Ёсць на Клеччыне крэатыўшчыкі? Ёсць! А піяршчыкі? Няма! Не, можа яны недзе і ёсць, але хваліцца ім сорамна і яны заняты іншым клопатам. І з гэтым трэба штосьці неадкладна рабіць.

“Чырвоныя рыбкі”. Перастварэнне

Наступны код мясцовай творчай непаўторнасці я адшукаў у гуртковых кабінетах раённага цэнтра культуры. Шыкоўная, дарэчы, установа, якой вельмі спакойна і ўзважана кіруе Алег Матусевіч (да слова, многія пасады ў сферы культуры ў раёне займаюць мужчыны).

Метадыст па народнай творчасці Вольга Пялецкая — эксперыментатар. Са сваімі юнымі мастакамі яна толькі што завяршыла незвычайны праект. Пасля разгляду творчасці Анры Маціса гурткоўцам было прапанавана зрабіць копіі карцін знакамітага фавіста. Пялецкую цікавіла ўспрыняцце колеравай гамы Маціса дзіцячымі вачыма. Атрымаліся не копіі, а вельмі незвычайныя перастварэнні — настолькі цікавыя, што праект завяршыўся рэзананснай выставай. Ці прадбачыў Маціс, што калі-небудзь патрапіць пад такі дэталёвы “спектральны аналіз”?

Васьмігадовая Соф’я Дашкевіч сарамліва схавалася (кардон быў ці не з дзявочы рост) за “Чырвонымі рыбкамі” Маціса. У рыбак, як
падалося, крыху разгублены выгляд. Выстава ўскалыхнула горад. А чаму не вобласць і не рэспубліку?

Я пра што? Давайце зробім свята і самі здзівімся яго шматзначнасці. А потым прымусім здзівіцца ў іншых раёнах і абласцях. Запросім спецыялістаў са сталіцы (мастакоў, музыкантаў, пісьменнікаў) — няхай яны расставяць усе кропкі над “і”, каб нам было лягчэй рухацца наперад. Так, падаецца, і нараджаюцца канцэпт-ідэі, якія можна працяглы час відазмяняць і развіваць на ўсеагульную карысць. Так з’яўляюцца брэнды, якія павінны даводзіць, што маленькі гарадок — не расслабленая правінцыя, а цэнтр энергічнага творчага думання.

Гэтымі днямі Вольга Пялецкая са сваімі гурткоўцамі рыхтуе чарговы праект “Маляваны рай” (у яго аснове — маляванкі зямлячкі Алены Кіш). І зноў фіналам стане дзіцячая выстава. Чаму не пераўтварыць яе ў маштабную піяр-акцыю, сапраўднае свята інсіту? Няхай на ім выступяць музыканты — цікава, ці ёсць у гэтай сферы нейкі адпаведнік інсіту?

І ўвогуле — давайце не губляць уменне здзіўляцца. Менавіта гэтая якасць, як мне падаецца, і прымушае нас быць творцамі.

Менавіта такім мне падаўся дырэктар райбібліятэкі Сяргей Казлоўскі: вытанчаны, узнёслы, сапраўдны мастак і паэт. Сярод кніжных стэлажоў — выстава ягоных работ. І тут не толькі жывапіс, але і нацыянальныя паясы. Сапраўды, калі чалавек таленавіты, дык таленавіты ва ўсім.

А ў гуртку саломкапляцення мы сустрэліся з маленькай Дарынай, якую зранку бачылі ў ДШМ: дзяўчынка яшчэ і на цымбалах грае. А яе сяброўка Паліна, патлумачыла, што гурток мае ўнікальную калекцыю строяў, зробленых з саломы, і апранула адзін з іх. Твар у модніцы свяціўся. Такім можа быць толькі шчаслівы чалавек.

А наконт саламяных сукенак… Быў упэўнены, што такім праектам займаюцца толькі ў Горацкай школе рамёстваў. Аднак, як выявілася, ужо не толькі. Ды, на жаль, пра “саламянае дэфіле” ў Клецку я і не даведаўся б, каб не ўбачыў яго на ўласныя вочы. Мясцовая сціпласць?

Зёлкі, кубельца і песня

Цяпер — пра вясковыя ўражанні. Але найперш карціць усё ж са сціпласцю да канца разабрацца, каб больш і не згадваць пра яе. У гэтым артыкуле, прынамсі. Разам з крэатыўшчыкамі з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў “К” цягам 2018 года змяшчала цыкл публікацый пад рубрыкай “Лабараторыя”. Лейтматыў кожнага артыкула наступны: сельскі работнік культуры прыйшоў на месца працы не для таго, каб грошы з бюджэту выпрошваць, а каб свет перайначыць, зрабіць яго больш асэнсаваным. А піяр праектнай дзейнасці — не самарэклама, а спроба ўцягнуць у гэтую дзейнасць як мага больш аднадумцаў у раёне, вобласці, краіне…

У аграгарадку Шчэпічы мы патрапілі на фіта-чаяпіцце. Бібліятэкар Ірына Лосева — траўніца ў трэцім пакаленні. Сабрала вакол сябе сяброў. Якраз на іх сустрэчы мы і пабывалі.

Прыемна ўразіла вось што. Кіраўнік мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі Аляксандр Кісцень, даведаўшыся пра мой прыезд, захацеў абавязкова сустрэцца. Па маёй класіфікацыі, Аляксандр Мікалаевіч хоць і не “капітальны” спонсар, а “бягучы”, але свой, пастаянны і надзейны. Добраўпарадкаванне і азеляненне культурнага цэнтра Шчэпічаў — гэта адзін з сумесных праектаў мясцовых гаспадарнікаў і бібліятэкараў з клубнікамі. Дарэчы, СДК кіруе таксама мужчына — Сяргей Дучынскі. Гаспадарку ён трымае як след, ды і якаснай апаратуры ў бібліятэцы і клубе хапае.

Між іншым, вельмі хацеў сустрэцца з прадстаўніком “К” і старшыня райвыканкама Анатоль Ладыга. Час не дазволіў: у раёне пачалася сяўба. Дамовіліся пра грунтоўнае інтэрв’ю, але ўжо недзе ўлетку.

У Морачы таксама рэй вядуць мужчыны: дырэктарам дома рамёстваў з’яўляецца Анатоль Крыцкі, а СДК кіруе Уладзімір Снарскі. У РДР працуюць рэдкія на сёння разбяры па дрэве (робяць лыжкі, кубельчыкі для сала, іншы важны рыштунак для гаспадынь), саломкапляцельшчыкі, вязальшчыкі. Бабулі з народнага клуба народнай творчасці паказалі кашулю і спадніцу, у якіх старэнькія жанчыны просяць іх пахаваць — каб “свае пазналі ды прынялі”.

Песні Морачы — гэта тэма асобная, важная і вельмі, як падаецца, перспектыўная. Гутарка пра яе і галоўную пявунню вёскі Морач — у наступным раздзеле. Але выснову зраблю тут: ні Шчэпічы з зёлкамі ды кубельчыкамі, ні Морач з мудрымі ды сумнымі песнямі — абсалютна не раскручаныя.

/i/content/pi/cult/741/16096/17.JPGЯк сама царыца…

Ірына Мінец — вельмі ўладарная. Легкавіком кіруе лёгка і ўпэўнена, як і творчасцю мясцовай. А Морацкі народны хор — знакаміты (урэшце!) на ўсю Беларусь. Галасы ўнікальныя. Я тут — невялікі знаўца, у вакальныя дэталі заглыбляцца не буду. Спашлюся на Ірыну, якая не стамляецца сцвярджаць: “Зямля гэтая незвычайная. Здавалася б — лес, тарфянікі бясконцыя, балота, а зямля — урадлівая. На памідоры з гуркамі, ды на песні. Прычым і жанчыны з дзяўчатамі былі спеўныя, і хлопцы з мужчынамі. Напэўна, сум туманнага краявіду нейкая вышэйшая сіла кампенсавала марачанцам уменнем самім сабе настрой уздымаць. Спяваюць ды маладзеюць.”

Сюды варта турыстаў вазіць. Маўляў, дзень з мясцовымі паспяваеце — на тыдзень памаладзееце.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў Ірына вучылася завочна. З 18 гадоў кіравала драматычным гуртком СДК. Пасля навучання стала мастацкім кіраўніком мясцовага СДК. Ніхто не быў супраць. Ужо тады добра адчувалася, што дзяўчына не толькі песенным мастацтвам як след валодае, але і душамі аднавяскоўцаў.

А хор вось якую структуру мае. Сталыя жанчыны аб’яднаны ў гурт “Спадчына” (шэсць кабет толькі засталося). Дзяўчаты, у тым ліку і 16-гадовая дачка Ірыны Марына, уваходзяць у склад ансамбля “Марачаначка”. А ўсе разам дапаўняюць харавы калектыў. Тэмбры звонкія, галасы — чыстыя, вочы гараць любоўю да роднай марачанскай зямлі. Тут растуць грыбы і ягады, шчодрай квеценню нараджаюцца песні. Два любімыя заняткі ў Ірыны Мінец: праца на зямлі і спевы.

Старшыня Марачанскага сельсавета Аляксандр Сасіновіч спяваць можа суткамі. Не адступае ад яго і дырэктар СДК Уладзімір Снарскі, які кажа, што з гармонню нарадзіўся. Ірына Мінец смяецца: яна ў гэтым незвычайным трыа — нязменная салістка з гэткім жа бясконцым песенным рэпертуарам. Час ад часу перажывае: занадта ўжо шмат сумных песень. А спадар Уладзімір сітуацыю злёту ацаніў: пачаў складаць песні на вершы нашых самых вядомых паэтаў. Заўтрашняя песенная спадчына закладаецца сёння.

Ірыне ёсць каму перадаць праз час (вялікі!) сваю справу. З чатырох гадкоў водзіць яна ў СДК Аню Абабурка. Сёння яна салістка “Марачаначкі” — прыгажуня, якая ўжо і “на рэспубліцы” лаўрэацтвам адзначаная.

 

Ці ажыве сядзіба?

Пра колішнія Радзівіламонты з рэшткамі знакамітага класіцыстычнага палаца пісалі, напэўна, усе, каго трывожыць стан нашай спадчыны. Знаходзіцца аб’ект і ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Але гэта не ратуе сядзібу ад паступовага разбурэння.

Па словах Святланы Чалык, некалькі гадоў таму нібыта знайшоўся новы гаспадар сядзібы. Але як нечакана знайшоўся, так неўпрыкмет і знік. Між тым аб’ект, па маім меркаванні, застаецца вельмі перспектыўным, бо знаходзіцца ў Мінскай турыстычна-рэкрэацыйнай зоне.

І рытарычнае пытанне ў якасці высновы: калі б Клеччына была як след раскручана ў культурным плане і заставалася б на слыху ў аматараў даўніны, дык мо і з пошукам інвестараў не было б праблем?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"