Камяні Вяда

№ 15 (1402) 13.04.2019 - 20.04.2019 г

Вяда — гэта вёска ў Івацэвіцскім раёне, вядомая з 1433 года. Аднойчы патрапіўшы ў гэтыя мясціны, расіянін Веніямін Бычкоўскі быў літаральна скароны іх прыгажосцю і трагічнай гісторыяй. І вырашыў сюды вярнуцца ды набыць дом. А потым — пабудаваць храм. Але не спяшайцеся прадказваць далейшыя сюжэтныя павароты, — новая дакументальная стужка “Вяда” Галіны Адамовіч, знятая на студыі “Летапіс”, абарочваецца нечаканым фільмам-палімпсэстам.

/i/content/pi/cult/740/16073/18.JPGВяда, Бабровічы, Тупічыцы, Красніца — гэтыя чатыры вёскі месціліся ля прыгажэзнага возера. Іх гісторыя трагічная: у 1942-м разам з жыхарамі яны былі спаленыя акупантамі. Бабровічы потым аднавіліся, астатнія — не. Унікальная прыгажосць тых мясцін ды такі страшны іх лёс і зацягнулі жыхара Уфы ў прастору Вяда. Ён вярнуўся сюды і асеў. Ды нават стаў у тых краях захавальнікам памяці пра загінулых.

На маляўнічым беразе возера мы ўпершыню і знаёмімся з ім. Вось Веніямін распавядае пра трагедыю, якая тут адбылася, пра ўрочышча, упадабанае маланкамі, пра асаблівую магію гэтых мясцін. Вядзе ў свой дом. Мы бачым, як ён ладзіць экскурсію для школьнікаў у сваім музеі сялянскага побыту, як перадае ім сваё захапленне культурай палешукоў. Ды паступова даведваемся пра асабістае жыццё героя.

І вось тут пачынаецца самае цікавае. Бо нечакана стужка, якая напачатку трымала курс на традыцыйнае асветніцкае нарыснае кіно, пачынае мяняць наратыўную структуру. Выяўляецца, што ў фільма не адзін герой, а два.

Жонку Веніяміна завуць Настасся. Яна аказваецца асобай не менш прыцягальнай за героя. Жанчына піша іконы, спявае ў царкоўным хоры ды з’яўляецца сузаснавальніцай невялікай мануфактуры, дзе ў адной камандзе працуюць людзі з асаблівасцямі ды звычайныя рамеснікі. Далучыце да гэтага яшчэ і выхаванне чатырох сыноў: двух ад першага шлюбу і двух ад другога. Яскравая, артыстычная, самаадданая і самастойная, Настасся напачатку падзяляла лад жыцця мужа, а потым усё ж такі абрала свой шлях. Гераіня прызнаецца: трэба было столькі год пражыць у глушы, у Бабровічах, каб цяпер атрымліваць асалоду ад зносін з людзьмі. Сёння Настасся жыве асобна ў Мінску з сынамі, і адчувае значную палёгку, паколькі можа сама кіраваць сваім лёсам.

/i/content/pi/cult/740/16073/19.JPG— Я не той творца, які лунае дзесьці ў горных вышынях, я — нармальная, — каментуе яна сваю пазіцыю. — Мне хочацца быць з людзьмі.

Нечакана праз такую спрэчку-паўзу ў стасунках сужэнцаў мы атрымоўваем два погляды на свет, — і, адпаведна, два лады жыцця, якія раскрываюцца праз галоўных герояў. Веніямін — як праваднік патрыярхальнага ўкладу, і Настасся — як памкненне да зменаў. Хто ж з іх мае рацыю? На гэтае пытанне гледачу прапаноўваецца адказаць самому, але рэжысёр дае яму магчымасць зразумець бок кожнага з герояў.

Цікава, як паступова кіно раскрывае нам іх абліччы. Напачатку мы бачым Веніяміна: даведваемся пра яго звычкі, захапленні, погляды — і потым прыходзім да кульмінацыі ягоных памкненняў: будаўніцтва капліцы-помніка ў памяць пра нявінна забітых палешукоў, якое ён ажыццявіў з людской дапамогай. Несумненна, гэтая справа пакіне пра яго добрую памяць.

З Настассяй мы знаёмімся на інтэрв’ю. Адбываецца яно ў сучасным гарадскім кафэ, і ўжо само месца дае нам знак, што гераіня належыць да іншай прасторы — не такой герметычнай і замкнёнай. Пра мінулае Настассі ды ў цэлым сям’і Бычкоўскіх мы даведваемся праз яе архіў. Але шмат дае і расповед жанчыны. Яна шчыра гаворыць пра свайго мужа, сыноў, сябе — і прызнаецца, што жыць у глушы ў галечы, маючы гадамі ў якасці апірышча адно высакародную справу мужа, было яшчэ тым выпрабаваннем. Плюс да ўсяго — выхаванне дзяцей трымалася збольшага на яе плячах. У расповедзе Настассі ёсць крыўда, але таксама і шмат надзеі, цікавасці, гумару.

Камянём спатыкнення ў сям’і стала выхаванне дзяцей. Веніямін шчыра лічыць, што ягоныя справы ўжо самі па сабе з’яўляюцца прыкладам для сыноў. І калі ў яго не хапала часу на дзяцей, то спадчына, якую ён пакінуў, гэта кампенсуе. “Я не ўпэўнены, што мае дзеці будуць лепш за мяне”, — дадае ён. Светапогляд Настассі іншы: яна ахутвае сыноў любоўю, увагай, апекай. Цудоўныя фотаздымкі сям’і на Вяда: дзеці бавяць час на возеры, Настасся — заўжды разам з імі. Выдатны ход, каб падкрэсліць досвед герояў, які ўтрымлівае і шчасце, і выпрабаванні, і станаўленне.

Атачэнне Настассі — гэта дзеці, майстэрня, горад, людзі. Свет Веніяміна — кнігі, камяні, хутар, возера. У кожнага, лічы, свой храм. “Мінулае — гэта Божая справа”, — кажа наш герой. Настасся жыве і хоча жыць цяперашнім.

Па-сутнасці, на расповед Веніяміна пра сваю справу жыцця наносіцца новы тэкст — пра ўнёсак у будучыню Настассі, якую яна бачыць найперш у абліччы дзяцей.

Дасціпнае адлюстраванне супрацьстаяння двух герояў агаляе змены, што адбываюцца ў сучасным грамадстве, калі галоўны дыскурс ужо не належыць камусьці адному, а кожны чалавек мае права на стварэнне сваёй гісторыі. Яго гісторыя і Яе гісторыя. Вёска і Горад. Творца і Супольнасць. Пры жаданні ў гэтым канфлікце можна ўбачыць шмат сэнсавых кодаў.

І тым не менш, мантаж дзвюх пазіцый урэшце абнадзейвае. “Але ён — душэўны чалавек, — дадае Настасся, кажучы пра мужа. — І ніхто не ведае, што будзе далей. Людзі могуць казаць адзін пра аднаго рознае. А потым — такая кульмінацыя, што “ух”!”

Кадр з прызнаннем гераіні перабіваецца прыгожай панарамай, знятай ля капліцы. У цэнтры кампазіцыі стаіць Веніямін. Яго постаць здымаецца з дапамогай дрону, што лётае вакол мужчыны, і герой паварочваецца, каб яго твар заставаўся ў кадры. Энергіі дадае музыка гурта “Троіца”. Гэтая пастановачная сцэна падкрэслівае маляўнічасць Вяда і жаданне Веніяміна захаваць на вякі сваё імя і справы.

І яны, безумоўна, вартыя ўхвалы. Але мы ведаем, што ён у гэтай гісторыі не адзін.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"