Аўдыя & Відэа

№ 14 (1401) 06.04.2019 - 14.04.2019 г

Cакавіцкія аўдыя / відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць арт-дырэктар клуба, музыкант гурта Tornado Андрэй “Ангус” ПIПКО (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

АЎДЫЯ

/i/content/pi/cult/739/16048/_opt.jpegГурт “Грязь”, міні-альбом “ДК Дэнс”

А.: Відавочны закос пад цяперашні расійскі рэп-рынак — у цэлым жудасны, але сякія-такія цікавыя імёны ў ім ёсць, няхай іх і мала. Дык вось, лепшыя яго прадстаўнікі бяруць яшчэ і прадзюсарствам. У нашым выпадку яго няма: усё атрымліваецца, як Бог на душу пакладзе. Таму і маем горшы варыянт творчасці “старэйшага брата”. І хоць нейкіх намёкаў на тое, што дадзены прадукт мае шанец у нешта развіцца, я не пачуў.

B.: І такая творчасць мае права быць... Святла, сонца, свежага ветру, радасці, задавальнення ад таго, што проста жывеш, у гэтым рэпе няма. А ёсць шэрыя будні пакалення тых, хто не ведае, навошта з’явіўся на Зямлі, дні змрочныя, тужлівыя, безнадзейныя. Аднак дадзеныя трэкі — пры адпаведным прасоўванні — цалкам могуць стаць камерцыйна паспяховымі. Пасылы іх зразумелыя, тэксты складзеныя ўмела. Не варта не заўважаць такое мастацтва ды рабіць выгляд, нібы ўсё, пра што чытае магілёвец Дзяніс Астапаў, існуе толькі ў яго галаве. Не, яно побач, у нашым жа двары. Пра гэта — непрывабнае — пішуць газеты, гэта — так, часам менавіта бруднае — на экранах тэлевізараў і ў інтэрнэце. Гэта таксама жыццё.

/i/content/pi/cult/739/16048/Groosha_opt.jpegGroosha, альбом Left the Town

A.: Пачатак заінтрыгаваў, успомніліся Аланіс Марысэт і Шэрыл Кроў. А потым усё звялося ў адну бясконцую сумную песню. Незразумелымі мне здаліся тэкставыя скачкі — ад англамоўных кампазіцый да рускамоўных, і наадварот. І не пераканала “першынства” фартэпіяна. Па адчуваннях, такая музыка, хутчэй, павінна быць шматінструментальнай.

B.: Пад фруктовым псеўданімам хаваецца спявачка Настасся Верцель, якая з 2013 года жыве ў Нью-Ёрку. У Штатах паралельна з асноўнай працай яна выпускае свае рэлізы і выступае. Але пра Мiнск не забывае і перыядычна прыязджае пагасціць на радзіму. А выконвае наша Насця так званы піяна-поп — музычны жанр, які дасюль дзіка папулярны ў некаторых прасунутых колах меламанаў Захаду і які гадоў дзесяць таму з падачы грамадзянкі Літвы Аліны Арловай паступова здабыў пэўную армію фанатаў на постсавецкай прасторы. (Цікава, што адным з лідараў гэтага кірунку там, за акіянам, з’яўляецца Рэгіна Спектар, якая нарадзілася ў СССР.) Меланхолія, прыемны, лёгкі вакал, голас часам ледзь манерны, калі таго патрабуе драматургія песень. А яны — іранічныя і сур’ёзныя, пра пачуцці. Калi яны “зойдуць” у самы раз? Напрыклад, калі вы прастылі, сядзіце дома і глядзіце ў акно на тое, як квітнее вясна. Або калі малюеце карціну, не важна — пейзаж або нацюрморт.

/i/content/pi/cult/739/16048/Mustel_opt.jpegПраект Mustelide, альбом “Жанчына-жэньшэнь”

A.: Альбом “зайшоў” з першых гукаў і далей мяне ніколькі не расчараваў, а нават і натхніў: можа сённяшняе пакаленне музыкантаў складаць небанальную музыку, можа! І яшчэ павеяла настальгіяй: я як быццам перанёсся на шмат гадоў назад, у тыя часы, калі ў мінскім кінатэатры “Салют” праходзілі рэйв-паці, і я — тады зацяты хэві-металіст — з задавальненнем іх наведваў. Знаходзіў я там нешта для сябе! Як знайшоў і тут. У асацыятыўным жа шэрагу з гэтым рэлізам — Браян Іна, Пітэр Гэбрыэл, Genesis і нават Дэвід Боўі.

B.: Наталля Куніцкая лічыцца адным з лідараў сучаснай айчыннай музыкі — не толькі электроннай, а наогул. Можа, так яно і ёсць. Не могуць жа падманвацца многія і многія знакамітыя крытыкі з многіх і многіх краін свету, якія ацэньваюць творчасць яе праекта вельмі высока. Значыць, са мной нешта не так. Для стварэння гэтага альбома артыстцы спатрэбіліся зламаныя аркестравыя інструменты, сабраныя ў нейкім амерыканскім музычным каледжы. Дакладней — музычныя фрагменты, народжаныя з дапамогай гэтага хламу. Сэмплы былі выкладзеныя ў інтэрнэт, і ўвесь музычны свет пачаў перакройваць іх кожны на свой лад. І наша Наташа таксама, напяваючы пра свае дзявочыя “мары”. Я не ведаю, навошта і каму гэта трэба, але хай будзе — крытыкам на радасць.

ВІДЭА

/i/content/pi/cult/739/16048/Untitled-3_opt.jpegГурт Nizkiz, кліп на песню “Інтраверт”

А.: Шчыра кажучы, пра кліп я нічога не магу сказаць — ні добрага, ні дрэннага. Калі гукавы шэраг мне нецікавы, то і нішто іншае не можа прыцягнуць маю ўвагу. А гэтым гуртом я расчараваны. Два гады таму, калі я ўпершыню яго пачуў, мне падумалася, што з яго можа вырасці нешта вартае, тое, што прыйдзе на змену заслужаным айчынным рокерам. Беларускамоўныя трэкі былі нядрэнныя. А потым каманда нібы чагосьці спалохалася і стала ўсё больш вяртацца да таго, з чаго пачынала — з песень на рускай мове. Немалая частка якіх аддае ўсялякімі “сплинами” і “би-2”. Нявыключана, што гурт стаў закладнікам незвычайнага голасу лідар-вакаліста: тэмбр не дазваляе рабіць больш разнастайныя аранжыроўкі. Няма руху — і, баюся, ужо не будзе.

B.: Колькі я ні намагаўся, колькі ні выклікаў духаў-тлумачоў, але так і не зразумеў, пра што гэты кліп. Аднак прыгожа. Карацей, аднаго мужыка чамусьці “ламае”. Хутчэй за ўсё, не выходзіць у яго чарговая каменная кветка, але ў якой менавіта галіне — таямніцай для мяне засталося. Ці то творца ён які, ці то мысляр, ці то навуковец… А Саша Ільін з магілёўскага гурта Nizkiz спявае пра інтраверта. Маўляў, не адчайвайся, тыпу ён і ёсць ты. Прыгожая песня. А астатнія ўдзельнікi калектыву сядзяць на канапе. З дзяўчатамі. Прыгожымі. А вынаходнік той, так і не дабіўшыся чарговай каменнай кветкі, мяркуючы па фінальных кадрах, стаміўся канчаткова і назаўжды. Вось такі энд, але не хэпі.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"