Ці варта трымацца “за бараду?”

№ 14 (1401) 06.04.2019 - 14.04.2019 г

У адным са сваіх інтэрв’ю вядомы графік Павел Татарнікаў распавёў такую гісторыю. Яму патэлефанавалі з выдавецтва, якое рабіла школьны падручнік. Мастацкі рэдактар — мабыць, нядаўняя выпускніца — выбрала на вокладку з ліку ягоных работ у Сеціве выяву казачнага персанажа — барадатага босага дзеда, які цягне снапы з палёў. — Там пастаральнае асяроддзе — поле, жнейкі, вёска, царква, касцёл. Але што атрымліваецца? — гаворыць мастак. — Дзяўчына, якая нядаўна сама сядзела за партай, чамусьці падумала, што для вокладкі школьнага падручніка па беларускай літаратуры не знайсці нічога лепшага… Такі стэрэатып ідзе з савецкіх часоў, калі з нас ляпілі сялянскую нацыю. Я выдавецтву адмовіў.

/i/content/pi/cult/739/16045/_opt.jpegЗ чымсьці падобным сустрэўся і я падчас узнагароджання пераможцаў фотаконкурсу “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. Ён прадугледжваў мноства тэм, і сярод іх — патрыятызм, гістарычная спадчына, традыцыйныя каштоўнасці, беларуская нацыя, гісторыя народа, малая радзіма. У конкурсе бралі ўдзел дзве ўзроставыя групыі — 11 — 13 і 14 — 17 гадоў. Будзьма шчырымі: у гэтым узросце мала хто мае ўласны светапогляд і здольны на самастойнае мысленне. Дзеці звычайна знаходзяцца пад уплывам стэрэатыпаў, якія пануюць у грамадзе і пераказваюць тое, што чуюць у сям’і і школе.

Дык вось, мяркуючы па большасці фотаработ, адзначаных прэміямі, тыя, каму хутка атрымліваць пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, хоць і нарадзіліся ў суверэннай дзяржаве, але дасюль падуладныя тым стэрэатыпам савецкай пары, пра якія згадваў у сваім інтэрв’ю Павел Татарнікаў. Беларусь для іх — толькі сенажаць і палеткі, нацыянальная культура — толькі ганчарны круг і старажытныя кросны, а ўвасабленне гісторыі — дзядуля на фоне вясковай хаты. Усё астатняе — адроджаныя храмы і замкі, сучасная забудова гарадоў, іншыя рэаліі сённяшняй новай Беларусі, з якіх складаецца вобраз дынамічнай сучаснай дзяржавы — засталіся па-за іх увагаю. Я можа крыху ўтрырую сітуацыю, але сутнасна яно так.

Калі б вясковая этнаграфія трактавалася як толькі адзін з чыннікаў нашай гісторыі і рэчаіснасці — хай сабе. Але калі ўвагу засяроджваюць выключна на ёй, калі гэтаму надаюць перавагу, малюючы вобраз Беларусі, дык такое нельга лічыць аб'ёктыўным і рэалістычным.

У сярэдзіне 1970-х мы разам са светлай памяці Міхасём Раманюком і такімі ж, як я, студэнтамі выпраўляліся ў вандроўкі па вёсках на пошукі ўзораў этнаграфіі і народнага мастацтва, якая ўжо тады адыходзіла ў нябыт пад націскам гарадской культуры. Нават у тыя часы нам не ўдалося пабачыць тую архаічную вёску, якую хтосьці і цяпер чамусьці трактуе як эталон беларушчыны. Тым больш, яе па вызначэнні не можа быць сёння ў індустрыяльнай дзяржаве, якой з’яўляецца Беларусь.

Згадваючы інтэрв’ю Татарнікава, скажу, што не варта еўрапейскай краіне з тысячагадовай гісторыяй і моцным культурным патэнцыялам трымацца за стэрэатыпы. На іх немагчыма выхаваць новае пакаленне патрыётаў Беларусі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"