Напісана вайной — увекавечана літаратурай

№ 13 (1400) 30.03.2019 - 05.04.2019 г

Кінарэжысёр Сяргей Салаўёў усё ж дазняў сваю “Ганну Карэніну”. Здымкі расцягнуліся на гады па трывіяльнай прычыне: не было грошай. Зацікавілі развагі творцы на гэты конт. Ён, да прыкладу, упэўнены, што Леў Талстой, як і Аляксандр Пушкін, мелі, маюць і будуць мець уладу над расійскім народам. І цурацца такога ўплыву не варта, бо кожны твор класікаў утрымлівае генакод і архетып нацыі. Інакш кажучы, чытанне класікі выхоўвае грамадзяніна. Цяжка не пагадзіцца. Таму дзіўным падаецца тое, калі на экранізацыю нацыянальнага твора ў нацыі не хапае памкнення. З гэтай нагоды ў мяне пытанне да нашых чытачоў (перш за ўсё — бібліятэкараў). Шаноўныя, а каго з нашых літаратурных класікаў вы лічыце для ўвасаблення на кінаэкране? Свае адказы, калі ласка, аргументуйце. Лепшыя мы апублікуем у наступных аглядах пошты.

/i/content/pi/cult/738/16031/17.JPGСённяшні агляд — вельмі стракаты па змесце. Але тэма 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — самая галоўная на сёння. Яшчэ баліць сівая гісторыя. Яшчэ мроіцца ў снах, што гэта я іду замест бацькі ў штыкавую. І ў маладых яшчэ шмат пытанняў, на якія яны не знайшлі пакуль адказы. Памятаю, назіраў за тым, як у Хоцімскай дзіцячай бібліятэцы ўглядалася ў кніжныя стэлажы выпускніца Наста. “Пра каханне шукаеш?” — смяюся я. “Не, — кажа, — пра вайну”.

Мастоўская раённая бібліятэка разам з мясцовай газетай ініцыявалі прэс-акцыю “75 кніг пра вайну”. “Цягам года на старонках газеты, — напісала метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу згаданай установы Вольга Коршун, — будуць прапанаваны найлепшыя кнігі пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны: дакументалістыка, літаратурна-мастацкія творы, якія знаходзяцца ў фондах бібліятэк раёна. Некалькі артыкулаў ужо апублікавана”.

А вось ліст бібліятэкара аграгарадка Тышкавічы Іванаўскага раёна Іны Данілевіч. Сельскія бібліятэкары, піша яна, аб’ядналіся з работнікамі дома культуры, прадстаўнікамі ветэранскай арганізацыі, педагогамі, навучэнцамі сярэдняй школы і ДШМ ды правялі Вечар памяці, прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі і Іванаўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мерапрыемства ладзілася ў рамках раённага агляду-конкурсу сярод бібліятэк на лепшую пастаноўку работы па краязнаўстве і патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі “Помнім. Славім. Ганарымся”. Гаворка ішла пра кнігі аб вайне, гучалі ўспаміны сведкаў тых трагічных падзей, адкрылася кніжная экспазіцыя “Напісана вайной — увекавечана літаратурай”. Цягам акцыі была прэзентавана кніга “Помнікі Іванаўшчыны распавядаюць…” А яшчэ гучалі вершы і песні, выступіў вакальны ансамбль “Журавушка”.

Гродзенская вобласць працягвае адзначаць 75-годдзе свайго ўтварэння. Прайшоў, да прыкладу, фінальны этап раённага конкурсу канцэртных праграм “Лідскі падворак”. Творчую справаздачу трымалі Ганчарскі, Крупаўскі дамы культуры і Гудскі цэнтр творчасці і вольнага часу. Журы палічыла канцэртныя праграмы беззаганнымі. Тым часам у фае працавалі выставы работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Мастацкі кіраўнік Палаца мастацтваў Бабруйска Наталля Шулікова працягвае забяспечваць наш агляд свежымі навінамі. У гарадскім палацы Бранска адбыўся VII Міжнародны фестываль-конкурс выканальніцкага майстэрства “Адкрыты творчасці сэрцы”. Мерапрыемства арганізавала аўтаномная некамерцыйная арганізацыя “Цэнтр развіцця культуры і мастацтва “Час Талентаў”. У мерапрыемстве бралі ўдзел 110 калектываў з Бранскай, Смаленскай, Белгарадскай, Арлоўскай, Калужскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Бабруйск прадставіў Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны хор народнай песні імя Віктара Балаханава Палаца мастацтваў (кіраўнік — Васіль Петракоў, хормайстар — Ірына Казлова). Па выніках конкурснага выступлення бабруйскі калектыў стаў лаўрэатам І ступені і быў запрошаны на Фінальную Міжнародную прэмію ў галіне культуры і мастацтва “Час Талентаў”, якая будзе ўручацца ў ліпені ў Сочы.

Пра яшчэ адзін конкурс распавядае вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклоры Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Ірына Глушэц. Гэта IX абласны конкурс выканаўцаў народных побытавых танцаў “Вытокі”, прымеркаваны да Года малой радзімы. Мерапрыемства адбудзецца ў гарадскім пасёлку Уваравічы Буда-Кашалёўскага раёна і ў Калінкавічах 6 і 13 красавіка. Сёлета абласны конкурс адзначае 20-годдзе. За гэты час праз яго выпрабаванні прайшло больш за паўтары тысячы ўдзельнікаў. На конкурс пададзена каля сотні заявак з 18 раёнаў Гомельшчыны. Танцоры ад дзевяці да 82 гадоў выканаюць 21 народны побытавы танец. Ацэньвацца будуць веданне кампазіцыі, музычнасць выкананння, захаванне мясцовага стылю, самабытнасць і адметнасць манеры, адпаведнасць касцюмаў, сцэнічная культура і этыкет.

Галіна Гашчук са Століна распавядае, што новую пастаноўку паводле п’есы французскага драматурга Марка Камалеці “Бесталкоўшчына” (16+) падрыхтаваў народны драматычны тэатр “Вестуны” Гарадскога дома культуры (рэжысёр Іна Філановіч). Прэм’ера камедыі адбылася ў Белавушскім СДК.

У аддзеле культуры і адпачынку аграгарадка Жупраны Ашмянскага раёна ладзілі літаратурную гасцёўню “Па старонках твораў знакамітага земляка Францішка Багушэвіча”. Мерапрыемства складалася з расповеду пра творчасць аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры і адказаў дзяцей на пытанні, звязаныя з яго біяграфіяй. Удзельнікі гасцёўні наведалі і помнік паэту.

Загадчык гарадской бібліятэкі Ашмян Людміла Зарэцкая распавяла пра дзень праваслаўнай кнігі. Настаяцель храма Уваскрэсення Хрыстова айцец Пётр гаварыў пра ролю слова ў духоўным і свецкім жыцці. На кніжнай выставе прэзентавалася не толькі праваслаўная літаратура з фондаў бібліятэкі, але і мастацкія творы, што ўтрымліваюць слова духоўнае.

Дзень праваслаўнай кнігі прайшоў і ў Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі. Пра гэта паведаміла галоўны бібліятэкар установы Роза Васюк. Вучні гімназіі, зазначыла яна, прадэманстравалі свае даследаванні пра Буквар 1618 года.

У пяты раз у Свіслацкім раёне прайшоў конкурс “Я — Сяльчанка”. Сёлета ўдзельніц і гасцей сустрэў аграгарадок Ханявічы. Сем кабет змагаліся за званне ўзорнай сяльчанкі. А прыз і саламяную карону атрымала Жанна Турак з Поразава. Яна скончыла аграрны каледж, цяпер — індывідуальны прадпрымальнік.

21 сакавіка на Дзятлаўшчыне дадзены старт абласному агляду-конкурсу аматарскіх аб’яднанняў “Свет захапленняў”, які ладзіцца па ініцыятыве Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра. Аб’яднанне “Нам гады не бяда” сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці (загадчыца Ганна Харлінская) выступіла першым. Потым было пасяджэнне клуба “Мода на трэці ўзрост”. Аналагічныя справаздачныя мерапрыемствы прайшлі ў Дварэцкім і Данілавіцкім дамах культуры.

У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі працуе 47-я гарадская выстава дзіцячай тэхнічнай творчасці. Прысвечана яна Году малой радзімы. Метадыст аддзела тэхнічнай творчасці Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Наталля Егунёва піша, што інавацыямі гэтай выставы сталі конкурс навукова-даследчых работ “Вечны рухавік” (ніяк тут свет не супакоіцца!) і конкурс юных дызайнераў “Вясна ў кардонным горадзе”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"