Пра сям’ю рэальную і ўяўную

№ 13 (1400) 30.03.2019 - 05.04.2019 г

Яшчэ летась выстава “Родны склон” у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў засведчыла, што сямейная фатаграфія можа быць вартай увагі. Як высветлілася, тое, што зразумела і здаецца блізкім толькі табе, можа знайсці водгук у многіх. Сёлета ўдалы праект атрымаў свой працяг, зноў прадэманстраваўшы пераканаўчую сілу асабістых і чужых архіваў. Куратары “Роднага склону — 2” Дзіна Даніловіч і Алена Пратасевіч сабралі выказванні 14 мастакоў.

/i/content/pi/cult/738/16026/12.JPGБацькоўства як яно ёсць

У фокусе ўвагі Вольгі Савіч, якая прадставіла праект Frautest — уласная цяжарнасць, асэнсаванне і адчуванне мацярынства. Вось мы бачым, як паступова праяўляецца на кожным новым тэсце другая палоска — прыкмета таго, што гераіня чакае дзіця. Побач з гэтым, лічы, дзённікам — фатаграфіі цела Вольгі, шчыры аўтапартрэт уласнага “я”, што змяняецца з кожным месяцам. Неверагодны фотаздымак “з верхняй кропкі”: фатографка здымае свае ступні, і шлях да іх паступова перакрывае вялізны “пагорак” жывата. За непасрэднай фотадакументацыяй — яскравае разуменне таго, што тваё цела — ужо не зусім тваё. Ды і ты — ужо не зусім ты. А УЗІ-здымак дзіцяці — гэты нібыта першы партрэт яшчэ ненароджанага. І, нарэшце, той, хто хаваўся ў “пагорку”, узнікае на руках маці. Кароткая серыя — але “тактыльнасць” гэтых фатаграфій б’е напавал.

Побач з досведам усведамлення сябе маці — расповед пра тое, што значыць быць бацькам. Гэткі своеасаблівы мужчынскі тэст на бацькоўства праходзіць Максім Швед (“Другая палова”). Хаос аматарскіх здымкаў запаўняе сцяну. Малады бацька фатаграфуе сваё дзіця, імкнучыся ўхапіць не толькі аблічча дачкі Мелісы, але і сваё станаўленне ў новай якасці. Атрымалася асабістая хроніка любові і разгубленасці. Перад новым пачуццём, абавязкамі ды часам. Калейдаскоп уласных сполахаў-успамінаў, зробленых часта нібыта выпадкова.

І сумны фінал гісторыі — разарванае сямейнае фота. Максім піша ў анатацыі, што пасля разводу падчас падзелу маёмасці камянём спатыкнення стаў менавіта сямейны альбом. Кожны хацеў пакінуць хроніку тых сумесных дзён сабе. Дык чаго болей у тых фотаздымках — болю ці шчасця? Як падзяліць тое, што сышло — ці ўсё яшчэ жыве?

Бацькоўства як досвед уласнай трываласці і вялікай любові. І напамін пра тое, што нягледзячы на расстанне, ты ўсё роўна застаешся бацькам.

Умоўны лад шлюбу

Ад рэальнага досведу сям’і — да яе ўяўных мадэляў. Умоўны лад шлюбу выяўляе чэшская аўтарка Дзіта Пепе. У сваім праекце “Аўтапартрэты з мужчынамі” яна задаецца пытаннем: што было б, калі б я выйшла замуж вось за гэтага? Ці за гэтага? А можа за гэтага? І Дзіта пачынае прымяраць на сябе розныя ідэнтычнасці, не толькі ствараючы ў фатаграфіях “альтэрнатыўнае” ўласнае аблічча, але і інсцэніруючы свой магчымы стыль жыцця. Вось яна ходзіць па раёне з нейкім бяззубым тыпам з пластыкавай сумкай у клетку. Вось, апранутая ў паласатую фуфайку, стаіць разам з “мужам” у касцюме бэтмана побач з чорнай машынай. На першым плане — іх маленькая дзяўчынка ў ружовай сукенцы. А вось аўтарка — ужо ў вечаровай сукенцы разам з мужчынам артыстычнага выгляду.

І гэтак далей. Але Дзіта Пепе не проста гуляецца ў магчымыя “сцэнарыі жыцця” — яна распавядае пра час і аблічча сваёй краіны падчас пераходу ад сацыялізму да капіталізму. Аўтарка дасціпна прадстаўляе нам класы і тыпажы мінулай і сучаснай Чэхіі, якія можна сустрэць і ў нашых пенатах. Сям’я як адлюстраванне эканамічных і палітычных варункаў.

А вось з гісторыяй ужо зусім далёкай прапануе пазнаёміцца Настасся Маркелава з Расіі. Яе праект PLEASE RETURN нарадзіўся амаль выпадкова: падчас падарожжа па Шры-Ланцы аўтарка набыла ў антыкварнай лаўцы архіў невядомай брытанскай сям’і. Настасся пачала даследаваць фатаграфіі і дазналася, што яны належаць багатаму роду Растаў, які ў ХIХ — ХХ стагоддзях меў уладанні ў Брытанскіх калоніях. Гэтыя арыстакраты захапляліся фатаграфіяй і мастацтвам, падарожнічалі па ўсім свеце і не мелі недахопу ў сродках. Падчас свайго даследавання Настасся спазнала радасць і расчараванне: яна знайшла чалавека, які быў знаёмы з апошняй прадстаўніцай роду, пабывала на магіле Хелен Раст, і высветліла, што архіў выбітных фатографаў невыпадкова “пыліцца” на паліцах антыкварнай лаўкі — род згас, бо ў Хелен і яе сёстраў не было дзяцей. Па сутнасці, сама Настасся стала спадкаемніцай фотаспадчыны Растаў, ператварыўшы чужыя адбіткі ў фотаздымкі амаль блізкіх сабе людзей.

У вялізнай фатаграфіі англійскай ледзі адмыслова зроблены адтуліны — каб наведвальнікі глядзелі на фотаздымкі Растаў праз “вочы” Хелен. Пазнаёміўшыся з гісторыяй пошукаў, можна сябе спытаць: а што застанецца пасля нас? Што здольныя прапанаваць нашы прыватныя архівы? Распавесці гісторыю якой краіны? Якой эпохі? Ці нават так: гісторыю якога роду?

Смерць і каханне

/i/content/pi/cult/738/16026/11.JPGАд экзістэнцыяльнай праблематыкі — да метафізікі. Інсталяцыя Андрэя Анро “Грамадства шчаслівай смерці”, у якой задзейнічаны не толькі фатаграфія, але і аб’екты, робіць нечаканы паварот да тэмы сыходу з жыцця. Галоўная лінія праекта — гісторыя бабулі мастака Лены, шчырай каталічкі, якая, пахаваўшы свайго мужа, нецярпліва хоча сысці з гэтага свету, літаральна чакаючы шчаслівай смерці. У цэнтры інсталяцыі — рознакаляровы дыван, які мы прызвычаіліся бачыць на сценах пакояў нашых бабуль і дзядуль. Насупраць — фатаграфія самой гераіні, якая, лежачы на ложку, чакае збаўлення ад гэтага жыцця.

Андрэй распавядае, што квяцісты дыван, на які і глядзіць яго бабуля — нібы абяцанне таго самага раю, куды яна марыць патрапіць. Фрагменты выяў чырвонага агню, вядомы вобраз, што прысутнічае на іконах і фрэсках, абрысы аблічча Божай Маці, а побач — адрэзаныя з пэўнай нагоды косы жанчын роду: хрысціянскія матывы пераклікаюцца ў праекце з паганскімі.

Асаблівым дыханнем вечнасці поўныя фотакалажы аўтара, на якіх бабуля мастака знаходзіцца ў пэўным навакольным атачэнні. Аднак твар жанчыны на выяве адсутнічае, ён стаўся часткай пейзажу. Праект Андрэя можна было б называць вусцішным, але гумар і аўтарская іронія змягчаюць пасланне — якое закранае не толькі смерць, але і жыццё з яго ўстаноўкамі, забабонамі, ды, вядома, верай. За яе мы трымаемся, калі сіл жыць ужо,
падаецца, і няма.

Што можна супрацьпаставіць згасанню, як не каханне? У сваім праекце “Сям'я — гэта зэдлік” Таццяна Ткачова спрабуе схапіць штосьці невымоўнае, фатаграфуючы пары, якія шмат гадоў пражылі ў шлюбе. Аўтарка прасіла мужа і жонку распавесці пра тое, як яны пазнаёміліся: і кожны сумесны фотаздымак пары суправаджаецца іх асабістай гісторыяй нараджэння кахання. Аказваецца, у кожнага з пары ёсць свая версія іх сустрэчы, а некаторыя не памятаюць дату роспісу. Але імгненне сумеснай медытацыі, якое фіксуе аўтарка, выкрывае нябачную агульную прастору блізкіх людзей.

Андрэй Карачун у сваім праекце “Чатыры гады” адкрыта дзеліцца асабістым шчасцем. Сумесныя вандроўкі разам з жонкай — гэта і падарожжа ў новае “быццё-разам”. Каханая Андрэя — цудоўная і прыгожая. Ды серыя фатографа — растварае нас у райскім садзе, якім становіцца для закаханых увесь свет.

Аднак “Родны склон” — гэта хронікі не толькі нашай любові і радасці, але і болю ды разгубленасці. Пагатоў, у той сферы, якой прысвечаны праект, яны часцяком знітаваныя.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"