Сустрэліся неяк талковы зяць ды беззаганная цешча

№ 12 (1399) 23.03.2019 - 30.03.2019 г

21 сакавіка споўнілася 75 гадоў заслужанаму дзеячу мастацтваў Рэспублікі Беларусь Міколу Дудчанку, стваральніку і першаму кіраўніку харэаграфічнага калектыву “Харошкі”, рэжысёру-пастаноўшчыку і балетмайстру. Зборнік артыкулаў пра яго этнахарэограф і этнапедагог Мікола Козенка назваў пяць гадоў таму “Неўтаймаваны”. Вельмі дакладная характарыстыка. Мікола Дудчанка, шануючы мінулае, не забываецца і на перспектыву. Не раз выступаў у ролі старшыні экспертнай рады фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Надзвычай шаную тых людзей, якія віртуозна танцуюць. Як па мне, дык яны ведаюць яшчэ адну адмысловую мову —- мову зносін і асабістага волевыяўлення. Гарызонты для такіх пастаянна пашыраюцца. З днём нараджэння, Мікола Рыгоравіч!

/i/content/pi/cult/737/16012/21.JPGДаўно не было лістоў ад нашай актыўнай пазаштатнай аўтаркі з Барані настаўніцы Аршанскай дзіцячай школы мастацтваў № 3 Наталлі Латышавай. І ўрэшце вось яно: “Удзел у конкурсах, фестывалях, алімпіядах стаў для нашых выхаванцаў з’явай звычнай. Юныя цымбалісты Ганна Мамантава, Ганна Карповіч, Цімафей Шкрэдаў і гітарыст Данііл Забела прынялі ўдзел у V гарадскім адкрытым фестывалі-конкурсе “Звіняць струны звонкія”. У канцэртнай зале Аршанскай ДШМ у намінацыі “сольнае выканальніцтва” выступалі юныя канкурсанты з Оршы, Барані, філіяла Болбасава, Багушэўска, Віцебска, Лёзна і пасёлка Бабінічы. У выніку дыпломам лаўрэата І ступені ўзнагароджаны Цімафей Шкрэдаў, Ганна Мамантава, Ганна Карповіч і Данііл Забела атрымалі дыпломы лаўрэатаў ІІІ ступені”. Застаецца дадаць, што дасягнуць такіх вяршынь сваім выхаванцам дапамагалі настаўнікі Жанна Жыхарова (цымбалы) і Аляксей Вярэм’еў (гітара), канцэртмайстры Наталля Латышава і Галіна Усціновіч. Наталля Эдуардаўна, пастаянна ў гэтым пераконваемся, не толькі хораша піша, але і настаўнічае вынікова.

З гомельскім мастацтвазнаўцам Алегам Ананьевым мы таксама даўно знаёмыя, яшчэ з часоў маёй працы ў “ЛіМе”. Гэтым разам ён распавядае пра земляка — скульптара Дзмітрыя Папова. Дарэчы, ягонае 80-годдзе шчасліва супала з 80-годдзем Гомельскай вобласці. Папоў працуе ва ўсіх відах абранай творчай справы: ад дробнай пластыкі да манументальных твораў. Многія работы майстра арганічна ўпісаны ў аблічча абласнога цэнтра. Падчас нядаўняй персанальнай выставы ў Палацы культуры чыгуначнікаў Дзмітрый Аляксандравіч падарыў гэтай установе 17 сваіх работ.

Чарговая мастацкая выстава дзейнічае ў Палацы мастацтваў Бабруйска. Слова — мастацвазнаўцы Наталлі Куліковай, якая працуе ў аддзеле мастацкай творчасці згаданай установы. “Выстава карцін мастака Алены Нялюбінай — гэта свята для вачэй, — распавядае аўтар. — Можна бясконца доўга любавацца мудрагелістай гульнёй ліній у яе складаных графічных кампазіцыях, падобных на калейдаскоп, дзе раскрываюцца ўсе ракурсы абранага матыву”. Творца валодае рознымі тэхнікамі. На выставе экспануюцца акварэль, гуаш, малюнак каляровымі алоўкамі, гратаж, монатыпія. І пастаянна асвойваюцца новыя тэхнікі.

Як паказвае практыка, новыя формы працы пастаянна шукаюць і самадзейныя артысты. Напрыклад, другі год запар у аграгарадку Палата Полацкага раёна ладзіцца вячорка “Цешчыны зборы”. Летась свае таленты дэманстравалі толькі цешчы і зяці з Палатоўскага сельсавета, дык сёлета сабраліся прадстаўнікі 11 аграгарадкоў і вёсак Полаччыны. Кожнага зяця і цешчу суправаджала група падтрымкі. У каго — чэрці, а ў каго — дзяўчаты ў вобразе печкі. Маўляў, зяця неабходна сустракаць толькі гарачым пачастункам. Аднак і зяцю не варта забывацца на тое, што галоўны аргумент цешчы — качалка. Уяўляеце, колькі жартаў прагучала ў той вечар? Настрою ўсім дадаў народны ансамбль песні “Мельніца” Ветрынскага гарпасялковага дома культуры. А пасля ўсе сямейныя сваркі ды крыўды былі спалены на агульным вогнішчы. Пра незвычайнае свята нам паведаміла рэдактар Полацкага раённага цэнтра культуры Кацярына Паўловіч. Паболей бы такіх жыццясцвярджальных навін!

Гродзеншчына, як вядома, святкуе 75-годдзе ўтварэння. З гэтай нагоды стартавала акцыя “Равеснікі вобласці”. У Гродзенскім раёне такіх аказалася 279 чалавек. Юбіляраў будуць шанаваць работнікі культуры і старшыні сельскіх саветаў. Задзейнічаны ў рэалізацыі акцыі перасоўныя клуб і бібліятэка.

У Навагрудскай раённай бібліятэцы адбылася ўрачыстая перадача факсімільнага выдання Лаўрышаўскага Евангелля ў дар Навагрудскаму раёну. Лічыцца, што рукапіснае Евангелле было створана ў XIV стагоддзі. Яно напісана на пергаменце царкоўна-славянскай мовай. Змяшчае кананічны тэкст кніг Новага Запавету, а таксама тэксты разгорнутых запісаў XIV — XVI стагоддзяў пра ўклады ў манастыр дваровымі людзьмі, землямі, збожжам, грашыма, са згадкай пра мясцовыя прозвішчы і геаграфічныя назвы. Евангелле — каляровае, аздобленае вялікай колькасцю ініцыялаў і мініяцюрамі. Пераплёт — з дошак, абцягнутых аксамітам. На верхняй вокладцы — чатыры навугольнікі з бірузою. У цэнтры абклада на срэбнай пласціне — выява святога з дзідаю і шчытом. Евангелле зберагалася ў Лаўрышаўскім манастыры да 1822 года. Пасля захоўвалася ў прыватных калекцыях. Цяпер знаходзіцца ў бібліятэцы імя Чартарыйскіх у Кракаве. Аўтар навіны — дырэктар Навагрудскай раённай бібліятэкі Ірына Царук. Дзякуй Ірына Міхайлаўна, пустых паведамленняў у вас не бывае па вызначэнні.

Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Марына Бортка распавядае пра семінар бібліятэчных работнікаў “Духоўная спадчына ў кнігах і чытаннях: роля праваслаўнай кнігі ў духоўна-маральным выхаванні асобы”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

Інфармацыя з Маладзечаншчыны. Вядучы рэдактар цэнтралізаванай клубнай сістэмы Надзея Бондар піша: “Чысцінскі сельскі дом культуры мяркуе правесці ў красавіку сольны канцэрт Аляксея Нежавец-Прывалава. Музыкант, аўтар і кампазітар называе сваю праграму “Срэбныя струны” і прысвячае яе легендарным бардам мінулага стагоддзя: Булату Акуджаве, Уладзіміру Высоцкаму, Юрыю Візбару, Юрыю Кукіну, Аляксандру Гарадніцкаму, Аляксандру Дольскаму, Арону Крупу, Алегу Міцяеву…” Падборка аўтараў, сапраўды, бездакорная.

У Цэнтральнай бібліятэцы ЦБС Браслаўскага раёна адбылася міжнародная скайп-канферэнцыя “Выдавецкая дзейнасць — адзін з фактараў падтрымкі станоўчага іміджа бібліятэкі”. Дырэктар ЦБС Вольга Ляснеўская распавядае, што падчас канферэнцыі былі прэзентаваны вынікі 15-гадовага вопыту работы ўстановы па выпуску друкаванай прадукцыі ўласнай генерацыі: краязнаўчых буклетаў, гістарычных і біяграфічных даведак, рэкламнага матэрыялу. Досведам працы ў гэтым кірунку падзяліліся калегі з Пскова, Пензы, Вялікіх Лук. Скайп-канферэнцыя суправаджалася анлайн-трансляцыяй у сацыяльных сетках. Вось гэта маштаб! Вось гэта досвед!

Галоўны бібліятэкар Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі Роза Васюк даслала навіну пра бібліятэчныя намаганні ў прафарыентацыйнай дзейнасці. Да прыкладу, днямі тут ладзілася гутарка “Магу. Хачу. Трэба. Што важней у выбары прафесіі?” На сустрэчу са школьнікамі прыйшлі аграрыі, журналісты, работнікі культуры.

І звыклая ўжо пара навін-карацелек з Ашмяншчыны. У рамках раённага агляду-конкурсу канцэртных праграм сельскіх клубных устаноў у аграгарадку Жупраны прэзентавалася праграма “Аграгарадок талентаў”. Дэманстраваліся спевы, танцы, сцэнічная мова. Талентаў у Жупранах аказалася, сапраўды, шмат.

Аграгарадок Кальчуны стаў у чарговы раз цэнтрам сутыкнення моладзі з забытымі народнымі песнямі і танцамі. Удзельнікі клубнага аб’яднання сталых людзей “60+” дзяліліся досведам у названых жанрах нацыянальнага мастацтва. Усе разам вучыліся танцаваць і спяваць тое, што спрадвеку танцавалі і спявалі нашы продкі. Мадэратарамі мерапрыемства выступілі ансамбль народнай песні “Жытніца” і фальклорны гурт “Скарбніца”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"