Пра тое, як публіка падтрымлівае гэты фэст і, шырэй, тэатральнае мастацтва ўвогуле, шмат гаварылася на прэс-канферэнцыі, якая папярэднічала форуму. Як падкрэсліў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар, грошы ад рэалізацыі квіткоў на “М.@rt.кантакт” пакрываюць 60 працэнтаў агульных фестывальных выдаткаў. Гэта надзвычайны вынік, які можна параўнаць хіба са “Славянскім базарам у Віцебску”. Аднак там важныя для грамадства і культуры, але апрыёры несамаакупныя праекты ўраўнаважваюцца камерцыйна паспяховымі канцэртамі зорак.
На “М.@rt.кантакце” такога падзелу няма. Задача Міністэрства культуры, як паўтарыў Юрый Бондар — падтрымліваць некамерцыйнае мастацтва Беларусі. Але адной толькі бюджэтнай дапамогі было б замала. Прыемна, што гледачы цікавяцца тэатральным форумам, і гэта дапамагае выбудоўваць перспектыўную фестывальную мадэль.
Увогуле, увага айчыннай публікі да тэатральнага мастацтва апошнім часам расце. Як сведчыць статыстыка, летась у тэатрах Беларусі пабывала на 60 тысяч гледачоў больш у параўнанні з мінулым годам.
Уласна адкрыццё магілёўскага форуму, бы тая мазаіка, складалася з розных пазлаў. Быў і духавы ансамбль на вуліцы перад будынкам тэатра. І альтэрнатыўная музычная “ўверцюра” на сцэне: праход артыстаў у белых касмічных скафандрах з бочкамі-барабанамі праз залу, дудзенне ў доўгія трубы, якія нагадваюць альпійскі рог, але зроблены з вытворча-побытавай “арматуры”.
А разам з тым — афіцыйныя і неафіцыйныя прамовы. І цудоўнае візуальнае адлюстраванне фестывальнага дэвіза: “Класіка і сучаснасць”. Быў і адмысловы фантазійна-старадаўні строй вядучай, і спраўныя скокі на хадулях вядучага. Фестываль адкрыўся! А цуд кантакту мастацтва з публікай будзе несупынна адбывацца да наступнай серады.