Будынак у стылі “мадэрн”

№ 10 (1397) 09.03.2019 - 16.03.2019 г

Летась у Мастацкі музей у Дняпры я трапіў у апошні вечар перад ад’ездам, літаральна напрыканцы закрыцця ўстановы. А прыехаўшы сёлета на чарговы фестываль “Лествіца”, пра які ўжо нядаўна распавядаў чытачам “К”, рушыў да таго будынка ў стылі “мадэрн” амаль адразу па засяленні ў гатэль. Экспазіцыю паглядзеў уважліва, не аднойчы абышоўшы ўсе залы па рыпучым паркеце. І ўпэўніўся: адно дзеля гэтага музея варта наведаць Дняпро! Некалі пра той музей адзін ганарлівы мастацтвазнаўца напісаў: “Экспазіцыя вадкая, як суп”. Цяпер усё іначай: што называецца, лыжка стаіць!

/i/content/pi/cult/735/15977/24.JPGЗалаў няшмат: даецца ў знакі абмежаванасць плошчаў у старым асабняку. Вялікая колькасць ікон: праваслаўных, каталіцкіх, уніяцкіх, якія няцяжка было назбіраць па шматлікіх вясковых цэрквах і касцёлах. Зразумела таксама, адкуль узяліся і вельмі цікавыя дошкі, маляваныя вяскоўцамі-прымітывістамі: скажам, “Гапак” са скокамі пад бандуру (канец ХVІІІ стагоддзя).

Але ў экспазіцыі музея — і ўсе вядомыя рускія мастакі, прычым прадстаўлены яны часцяком не адной работай, а некалькімі. Адкуль жа з’явілася тут такое багацце?

Два шчаслівыя выпадкі

Аснову першапачатковага збору музея напрыканцы ХІХ стагоддзя склалі працы, ахвяраваныя Расійскай Акадэміі мастацтваў: так бы мовіць, адшкадаваныя сталічнай установай. Дадалі сёе-тое і Траццякоўка, Рускі музей, Эрмітаж.

А потым славуты Ілья Рэпін напісаў: “Адна надзея на спачуванне і прыхільнасць мастакоў, да якіх мы звяртаемся”.

І адгукнуліся! Пасля адкрыцця музея вясной 1914 года сюды пацяклі творы. Вось, аказваецца, адкуль такі шырокі спектр славутых сёння прозвішчаў! Сам вялікі майстра падарыў на адкрыццё музея вялікі “Партрэт банкіра Камінкі” (1908). Амаль тады ж туды трапілі палотны Івана Шышкіна, Валянціна Сярова, Філіпа Малявіна, Аркадзя Рылава, Абрама Архіпава…

Але далей — вось што ўражвае! — літаральна парад рускага жывапісу. Макоўскі, Бродскі, Грабар… Каго са славутых мастакоў Расіі тут толькі няма! Адкуль жа “прыплыло” сюды такое багацце?

Як выявілася, музею пашчасціла двойчы. Прыехаўшы ў 30-я гады на будову Днепрагэса, знакаміты мастак Ісаак Бродскі перадаў гораду каля 300 прац выдатных майстроў — усю ўласную калекцыю! Сёння ягоны дар складае каля траціны музейнага фонду твораў выяўленчага мастацтва.

Увагу прыцягвае знаёмая па Кіеўскім мастацкім музеі аўтарская копія Міколы Піманенкі “Ахвяра фанатызму” (1899): яўрэйскае мястэчка, натоўп гатовы забіць дзяўчыну за нешта, зробленае не па традыцыях — мо за каханне да хлопца іншай веры. Хочацца затрымацца, разглядзець рэакцыю кожнага з двух дзясяткаў дакладна характарызаваных мастаком персанажаў.

А вось працы грузінаў Ладо Гудзіашвілі і Рыгора Таідзе, армянкі Марыям Асламазян, творы літоўскіх, латышскіх, азербайджанскіх мастакоў — увесь СССР тут! Канешне, значнае месца займаюць свае, мастакі-“дняпроўцы”.

Пытаюся: як гэта ўсё ўдалося захаваць у гады Вялікай Айчыннай вайны? Горкі ўздых дырэктара Таццяны Шапарэнка. Высвятляецца: частку збору паспелі эвакуіраваць, і асела яна ў Акцюбінску. Частка з’ехала некуды яшчэ. Захаваўся толькі ліст дырэктара музея, датаваны 1942 годам недзе з Казахстана. Далей канцы губляюцца. Вялікая частка збору згінула… Добра, калі не загінула.

У гады акупацыі музей працаваў. Але як? Кажуць, захаваліся ў архіве цыдулкі нейкага мясцовага “фюрэра” Мюллера — вялікага аматара мастацтва. Па ягоным загадзе са сцен музея папросту забіралі творы, і потым яны знікалі ў невядомым напрамку. А было і іншае: на палотнах паверх выяваў пісалі партрэты галоўнага фюрэра і іншых “фюрэрчыкаў” рангам ніжэй.

/i/content/pi/cult/735/15977/25.JPGКарацей кажучы, у вайну зніклі 1003 экспанаты — можна сказаць, яшчэ цэлы музей!

З глухога забыцця

Сапраўднай сенсацыяй для мяне стала знаёмства з творамі Міхаіла Сапожнікава. Будучы сімвалістам, выяўляў ён патаемны свет міфалагічных, стыхійных і казачных вобразаў. Росквіт яго творчасці выпаў на жудасны час — паміж рэвалюцыямі 1905 і 1917 гадоў. Мо тым і тлумачыцца такая загадкавая тэматыка, містычнае ўвасабленне змроку і разгубленасці.

Як і многіх вялікіх мастакоў, яго напаткаў няшчасны лёс, і галоўнае — невылечная хвароба. Хаця пачыналася ўсё выдатна: Расійская Акадэмія мастацтваў у Санкт-Пецербургу, затым, па заканчэнні, практыка ў Мюнхене, дзе ён шмат і плённа працаваў. Урэшце, першая выстава ў сталіцы імперыі — амаль 200 работ! Яе дэвіз — “Адлюстраванне рэвалюцыі ў сімвалізме — люстэрку вечнасці”. Але на двары — люты 1917 года, Петраград! Анархія, голад, безуладдзе ў краіне. Да якой там выставы раз’юшанаму народу, да якога сімваліста-правінцыяла Сапожнікава…

Яшчэ адна ягоная выстава прайшла па “месцы жыхарства”, у родным Днепрапятроўску ў 1926-м.

Калі хвароба пазбавіла мастака магчымасці выходзіць з дома, ён маляваў краявіды Дняпра, што адкрываліся з яго акна: у розны час дня, у розныя поры года.

А далей — імя мастака літаральна “канула ў Лету” на доўгія паўстагоддзя.

І толькі ў 1960-я расчуў глухое рэха яго адметнага голасу дапытлівы днепрапятроўскі даследчык Сямён Шыла — і, як у дэтэктыве, “узяў след”.

Працы, здзёртыя з падрамнікаў і скручаныя абы як у рулоны, знайшліся на паддашку падмаскоўнага лецішча сына мастака Леаніда — хіміка-акадэміка. Шыла, убачыўшы іх стан, толькі і ўскрыкнуў:

— Трэба тэрмінова ратаваць!

Леанід Міхайлавіч аддаў усю спадчыну бацькі ў Мастацкі музей Днепрапятроўска, дзе за яе адразу ж узялася вялікая брыгада рэстаўратараў. Праца над некаторымі палотнамі з запаснікаў цягнецца і пагэтуль. Але паўтара дзясяткі твораў Сапожнікава сёння можна ўбачыць у асобнай зале музея. Гэта і “Малітва хваляў” — чорныя сцюдзёныя хвалі б’юцца аб камяні будынка з вогненымі вокнамі; і “Цар Змроку” — нібы сціснуты межамі палатна, нібы высечаны з граніту стары з прыплюснутым чэрапам, і “Сляпыя” — белыя постаці з выцягнутымі рукамі блукаюць на непраходным лесе, і “У затоцы”, дзе агеньчыкі прыморскага горада ўначы нагадваюць скручанага кракадзіла. “Пацалунак смерці”, “Страта”, “Неспакой”, “Бура”… Адны назвы ўжо могуць характарызаваць напрамак творчасці.

Яшчэ сёлета выйдзе першая манаграфія з каляровымі рэпрадукцыямі некаторых твораў і жыццяпісам ні на каго не падобнага мастака-сымбаліста. І будзе гэта сапраўднае адкрыццё.

І ўжо не забудземся на імя: Міхаіл Сапожнікаў.

Беларускі след

І раптам — дзіву даюся! Пад карцінамі, якія я бачу ў залах музея  — прозвішчы тых мастакоў, якія добра вядомыя мне дзякуючы грунтоўнай працы неўтаймаванага даследчыка Барыса Крэпака: яго багата ілюстраванаму і шыкоўна выдадзенаму двухтомніку “Вяртанне імёнаў”.

Вялікі падбор — ажно чатыры ладныя халсціны! — твораў мастака з-пад Ваўкавыска Станіслава Жукоўскага. Тэматыка і настрой — тыя самыя, што і ў дзясятку прац, якімі валодае наш Мастацкі. Чэхаўскія “вішнёвасадаўскія” сядзібы: спакой, белыя калоны, клумбы з вянучымі кветкамі, апошнія промні сонца, цішыня… Нібы прадчуванне адыходу эпохі “дваранскіх гнёздаў”. Сюды ж добра ўпісваецца знаёмы нам інтэр’ер пэндзля Жукоўскага “Гасцёўня з раялем”. Размешчаны гэтыя палотны згодна з запаветам аўтара: “калі трапяць у музей, каб віселі ўсе разам, побач, каб уражанне ад мастака было поўным”.

/i/content/pi/cult/735/15977/26.JPGГід дадае са ўздыхам: “Немцы забралі карціну “Паляўнічы ўзімку”.

Я ўдакладняю: “І забілі мастака ў канцлагеры”.

Мастака з Магілёўшчыны Сяргея Заранку ведаюць найперш дзякуючы “Партрэту скульптара Фёдара Талстога”, набытаму нашымі музейшчыкамі ў славутай спявачкі Лідзіі Русланавай. Усе, хто пазіраваў Заранку, пазіраюць проста на гледача. І тут — хлопчык з выразнымі вачыма, які літаральна пранізвае нас поглядам. “Партрэт Ванечкі (Аванэса) Лазарана” (1851) — заказ багатага армяніна Хрыстафора, які такім чынам абессмяроціў свайго нашчадка. Дарэчы, гэтага ж Ванечку маляваў і армянін Іван Айвазоўскі.

“Бубновавалетчык” Роберт Фальк удзельнічаў у кіпучым мастацкім жыцці беларускага Віцебска ў той час, калі яго параўноўвалі з Парыжам. Там і ўзяў шлюб са сваёй вучаніцай, віцябчанкай Раісай Ідэльсон. У экспазіцыі дняпроўскага музея — тры працы акурат гэтага перыяду: “Ля домны”, “Мужчынская постаць”, “Дзяўчына ў ліловым”… Мо гэтая “ліловая” карціна — партрэт каханай?

Ураджэнец Гродна Леон Бакст, афарміцель спектакляў легендарных дзягілеўскіх “Парыжскіх сезонаў”, прадстаўлены “Жаночым партрэтам” (1899), напісаным ім алеем па кардоне.

Апетая ў вершы Ахматавай Аляксандра Грыгаровіч-Экстэр, якая родам таксама з Гарадзеншчыны, так распісала фае і залу Камернага тэатра ў Маскве, так распрацавала аздабленне спектакля “Рамэа і Джульета”, што, па ўзгадках сучаснікаў, засланіла і рэжысуру Таірава, і ігру яго жонкі Алісы Каонэн. Прадстаўлены ў музеі эскіз касцюма Рамэа (1921) — амаль манахромны і такі ж кубічны, як іншыя вядомыя яе працы.

Натуральна, не абмінаю ўвагай пейзаж Вітольда Бялыніцкага-Бірулі.

“Месячнае святло” Аляксандра Тышлера — адна з частак яго трыпціха (1972): хлопец з дзяўчынай у цесных абдымках, аточаныя нерэальным святлом. Аўтар вядомы нам як асноўны сцэнограф Беларускага дзяржаўнага яўрэйскага тэатра. Я дзіўлюся: у 1972 годзе прамінула ўжо чвэрць стагоддзя, як той тэатр знік — а выкшталтаваная тады мастаком дэкаратыўнасць нагадвае пра сябе і ў яго творах апошняга перыяду жыцця.

Юзэф (Іосіф) Аляшкевіч, нарыс пра якога адкрывае першы том крэпакаўскага даследавання, — ураджэнец Міншчыны, “чарадзей ідэальных вобразаў”. У музеі — яго “Мужчынскі партрэт” (1817). Тэхніка незвычайная — алей на медзяной пласціне. Тыповы класіцыстычны твор.

“Вясёлка” Георгія Ніскага — індустрыяльны далягляд, напісаны мастаком у 1950 годзе, калі ён ужо пакінуў родныя мясціны. Белы арачны мост, наўпрост пад ім — белы цеплаход, удалечыні дымяць завадскія коміны, а па-над усім, у небе, якое займае дзве трэці вышыні халсціны — вясёлка. Гэта магло нагадваць уражанні дзяцінства: такі ж мост ёсць на яго радзіме пад Навабеліцай.

/i/content/pi/cult/735/15977/27.JPG“Свята восені” Гаўрылы Вашчанкі (1980) — шырокае застолле падчас дажынак. Мо яно ладзілася і ў яго палескай вёсцы: акно з завітай ветрыкам шторай, удалечыні — хаткі, галіны з налітымі яблыкамі, а на пярэднім плане святкуюць шчаслівыя людзі ўсіх узростаў! І каравай, які ставяць у цэнтр стала. Разгорнутасць, тэатральнасць вялікай кампазіцыі.

А зараз — пра горкае наступства колішняй дурасці.

Палачаніна Савелія Сорына ў музеі няшмат — усяго адна карціна. Але якая — “Хвіліна натхнення” займае ўсю сцяну! А яшчэ больш уражвае змест. У цэнтры ўвагі — драматычная актрыса, якая крыху адвярнулася ад залы, затым цёмны правал прасторы паміж сцэнай і гледачамі — і некалькі высвечаных настольнай лямпай твараў аматараў тэатра.

У эміграцыі Сорын стаў мастаком, партрэты якога каштавалі вельмі дорага. Яму пазіравалі Шаляпін, Горкі, Тэфі, Ахматава, балетмайстры “Парыжскіх сезонаў” Баланчын, Мясін, Фокін, балерыны Паўлава, Спясіўцава, Карсавіна, мастакі Судзейкін, Бенуа, князі і князёўны, асобы каралеўскай крыві… Паміраючы ў 1953-м у Нью-Ёрку, мастак завяшчаў перадаць 20 сваіх прац на радзіму ў СССР і размеркаваць іх па музеях краіны. Заўважце: “па музеях” — множны лік.

Але кіраўнікі Беларусі тых часоў нават не паварушыліся, нават не заявілі аб жаданні ўзбагаціць музеі Мінска ці Полацка творамі такога вядомага мастака. А як жа — эмігрант, а, значыць, ужо апрыёры “не наш”, і такія нам непатрэбныя!

Затое руплівыя ўкраінцы Сорына папрасілі — пагатоў, ён вучыўся жывапісу ў Адэсе. Сёння “Хвіліна натхнення” — гонар музея ў Дняпры!

Таму калі патрапіце ў гэты гасцінны горад — не прамініце магчымасці яе ўбачыць. Ды і ўвесь музей нікога з вас не расчаруе.

Уладзімір АРЛОЎ,
кінарэжысёр