Час марцовых катоў

№ 9 (1396) 02.03.2019 - 09.03.2019 г

Гэта ж колькі, Божухна, часу прайшло з моманту майго даўгагрывага джынсова-рок-н-рольнага юнацтва? Сапраўды, момантам усё мільганула. Скончыў дзесяцігодку ў 1977-м. Было мне толькі 16. Сем гадоў дабіраўся да Веткі альбом Uriah Heep з песняй Jule Morning. Яна стала гімнам апошняга лета майго дзяцінства. І распачала адлік маёй спрадвечнай любові да класічнага рока. Таму факт, што чараўніку-энігматыку Чэславу Немэну споўнілася б 16 лютага 80 гадоў, лічу знакавым. Журналістка Юлія Цімашчук назвала Чэслава вялікім рок-музыкантам. Не маю аргументаў, каб запярэчыць. Менавіта Юлія даслала нам інфармацыю, як адзначылі 80-годдзе з дня нараджэння Чэслава Немэна на яго роднай Шчучыншчыне. І ўсё гэта не магло не скіраваць сённяшні агляд у рэчышча музыкі, любові, кахання. Лёгкі дотык да вобраза жанчыны пакінем для наступнага нумара “К”.

/i/content/pi/cult/734/15955/14.jpgЮлія Цімашчук распавядае, што Старыя Васілішкі, дзе цяпер працуе клуб-музей Чэслава Немэна, наведалі госці з Мінска, Варшавы, Масквы. У касцёле Святых апосталаў Пятра і Паўла, дзе хрысцілі будучую рок-зорку, прайшла імша ў гонар знакамітага земляка. Кінасцэнарыст і журналіст Вера Савіна, фотамастак Віталій Раковіч прэзентавалі кнігу-альбом, выдадзеную да юбілею музыканта. Ягоныя песні выканалі артысты з Васілішак і Шчучына. Гучала псіхадэлічная музыка мінскага гурта Dzivasil.

Напрыканцы 1970-х паслухаць сучасныя песні можна было толькі з дапамогай якасных транзістарных прымачоў “ВЭФ” і “Акіян”. Каштавалі яны нятанна, але ж вініл “ад фарцы” быў недасягальным. Дзесьці пасля дзявятага класа я ўсё лета адпрацаваў слесарам у Сельгастэхніцы і “Акіян” усё ж прыдбаў. Я проста купаўся ў хвалях тагачаснага року, дзе рэй вялі палякі, першым сярод якіх быў для мяне Чэслаў Немэн. Севярын Краеўскі нагадваў па меладызме Макартні, Немэн — Ленана. Як не хапала нам тады рока на роднай мове!

Вячаслаў Калацэй не толькі загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, але і лідар пост-фольк-гурта “Ветах”. Ён паведамляе пра Віленскую гімназію імя Францішка Скарыны — адзіную ўстанову за межамі нашай краіны, дзе можна атрымаць поўную сярэднюю адукацыю на беларускай мове. Тут вучацца каля 250 гімназістаў пераважна беларускага і рускага паходжання, працуюць больш за 40 выкладчыкаў. “Сто гадоў таму, — удакладняе аўтар, — у Вільні была адкрыта беларуская гімназія, якая праіснавала да 1944 года. Яе адкрывалі браты Іван і Антон Луцкевічы ў будынку праваслаўнай духоўнай семінарыі на тэрыторыі Базыльянскага кляштара побач з Вострай Брамай, якую апеў Максім Танк. Выпускнікамі гімназіі сталі многія вядомыя беларускія пісьменнікі, інжынеры, навукоўцы, медыкі. Сярод іх паэт Максім Танк, амерыканскі вучоны беларускага паходжання Барыс Кіт… Пасля закрыцця гімназіі ў Вільнюсе 1980-х адкрылася беларуская школа, якая паступова, дзякуючы самаадданым высілкам выкладчыкаў і яе першага дырэктара Галіны Сівалавай, стала гімназіяй ізноў”.

Яшчэ некалькі навін пра матчыну мову. Метадыст Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі Кацярына Кіселар піша, што мерапрыемствы з нагоды Дня роднай мовы прайшлі ва ўсіх бібліятэках раёна, але найбольш арыгінальныя акцыі былі прэзентаваны ў Гуронфельскай, Навадворскай, Жалудоцкай сельскай бібліятэках. Да прыкладу, Жалудоцкая правяла акцыю “Беларус, роднай мовы сваёй не цурайся!” Супрацоўнікі бібліятэкі прапанавалі кожнаму чытачу кніжку на беларускай мове.

У Свіслацкай раённай бібліятэцы праведзены гучныя чытанні “Люблю чытаць на роднай мове”. Старшакласнікі мелі магчымасць пабываць на ўроку беларусазнаўства. А дзецям спадабаліся інтэрактыўная гульня “Гавары са мной па-беларуску!” і тэст “У краіне цікавых слоў”. Напісала метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Свіслацкай раённай бібліятэкі Алена Рабчанка.

Ваўкавыская раённая бібліятэка падрыхтавала для чытачоў сустрэчу з гродзенскім паэтам, публіцыстам, літаратурным крытыкам, сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрыем Радзівончыкам і паэтамі-землякамі Віктарам Курловічам, Мікалаем Іваноўскім, Галінай Смок, Георгіем Кісялёвым.

Дык вось, музыка ўва мне гучыць пастаянна. Гэта нават маёй журналісцкай справе дапамагае. Прынамсі, жанравая разбіўка робіцца вельмі проста. Аналітычны артыкул па драматургіі сваёй падобны да рок-оперы, рэпартаж — да хуткага рок-н-рольнага баевіка, замалёўка пра героя — да балады, лірычны тэкст — да блюзу. А на што падобна нізка кароткай “тэлеграфнай” інфармацыі? Правільна. На барабаннае сола. Давайце паслухаем.

У краязнаўчым музеі Ганцавічаў працуе выстава, якая паяднала плён працы жывапісца Івана Караленкі і паэта-песенніка Аляксея Галаскока. Абодва — афіцэры ў адстаўцы.

Навагрудскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці стаў 28 лютага месцам правядзення чарговай прэм’еры народнага клуба аматараў тэатра “Мудрасць плюс”. Быў паказаны спектакль паводле п’есы Галіны Бразуль “Ну, мужыкі!”

Кіраўнік Рэчыцкага гарадскога палаца культуры Людміла Грызунова разам з удзельнікамі клубаў “Здравіца” і “Жывіца” арганізавала свята фальклору. Напісала пра гэта старшыня аматарскага аб’яднання народнай песні “Здравіца” Любоў Гаўрон.

Народны ансамбль яўрэйскай музыкі “Шалом” Палаца культуры горада Ліды (здымаўся ў фільме Аляксандры Міты “Шагал і Малевіч”) летась патрапіў у навуковае выданне «Беларускае канцэртна-выканальніцкае мастацтва сучаснасці 1991 - 2016”).

Свята-фэст “Улассе ў Луках” другі раз запар прайшло ў Карэліцкім раёне. Святы Улас, як вядома, ахоўнік свойскай жывёлы. Таму свята ёй і прысвячалася. На ім прысутнічалі госці са Стоўбцаў ды Іўя. Напісала Вікторыя Касцюк.

Традыцыйны Срэценскі баль праваслаўнай моладзі адбыўся ў Палацы мастацтваў Бабруйска. Баль ладзіўся ў традыцыях “галантнай эпохі” — з конкурсамі, гульнямі, бальнай поштай, канцэртнымі нумарамі. Даслала загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела Палаца культуры Бабруйска Наталля Чорная.

А лепшым рок-барабаншчыкам прызнаны музычнымі крытыкамі Томі Лі з Montle Crow. Сапраўды, яго канцэртным імправізацыям цяжка знайсці роўню.

Мастацтвазнаўца аддзела мастацкай творчасці Палаца мастацтваў Бабруйска Наталля Кулікова распавядае пра тое, што ў дзіцячай бібліятэцы імя Аркадзя Гайдара прайшоў урок ткацтва. Дапамог яго арганізаваць Палац мастацтваў. Такая супраца доўжыцца цягам некалькіх гадоў. Майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве ладзяцца штомесячна. А гэтым разам рэй вяла кіраўнік гуртка “Ткацтва” Палаца мастацтваў Вольга Шавель. Школьнікі вучыліся рабіць дэкаратыўныя сурвэткі на сапраўдным ткацкім станку.

У Дзяржынскім гарадскім доме культуры прайшоў ІІ Адкрыты фестываль-конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні MusicBoard. Гран-пры атрымала Таццяна Сыцік з Мінска. Тэмай фестывалю сёлета сталі Алімпійскія гульні, а пераможцы выбіраліся ў трох узроставых катэгорыях.

Калі б я паслухаўся маці, скончыў бы музычную школу і навучыўся б урэшце граць на гітары. А свой гурт я назваў бы “Час марцовых катоў”. Так, я яшчэ і катоў люблю. А марцовыя для мяне — сімвал непахіснай барацьбы за каханне, сімвал непазбежнага вясновага абуджэння. У нашым двары ўжо гучаў марцовы дуэт, поўны жарсці і рашучасці адстаяць сваё. Усё правільна, добрае нараджаецца толькі ў каханні, а за яго варта і пабароцца.

Увага! За акном — час марцовых катоў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"