Ціхая “Драма” не для ўсіх

№ 9 (1396) 02.03.2019 - 09.03.2019 г

У адным са сваіх твораў Альгерд Бахарэвіч пісаў, што жыццё кожнага чалавека — ужо самакаштоўная крыніца для гісторый. Гэтыя словы пісьменніка ты прыгадваеш, гледзячы кінаальманах “Драма” Мікіты Лаўрэцкага, Аляксея Свірскага і Юліі Шатун. Тры беларускія рэжысёры распавядаюць пра свае персанальныя “ціхія” драмы.

/i/content/pi/cult/734/15950/9.JPGАдна зламаная канапа на дваіх

Канцэптуальная рамка — некалькі дзён з жыцця аўтараў. Амаль што дзённік, які вядзецца без прыўкрасаў. У гэтым “пісьме” рэжысёры дапамагаюць адзін аднаму ў стварэнні навел, працуючы на фільмах калег у якасці аператараў ці гукааператараў.

“19, 20 і 22 лістапада” Мікіта Лаўрэцкага. Раніца звычайнага дня. Пакой кватэры. “Вось мы нібыта прачнуліся. Ты можаш успомніць, што магла б казаць у мінулую нядзелю ў гэты момант?”, — Мікіта звяртаецца да сваёй дзяўчыны Вольгі, стоячы перад разабраным ложкам. “Што ты сядзіш тут, чытаеш зноў інтэрнэт”, — адказвае Вольга. Гэта невялікая прэлюдыя, якая дае нам магчымасць адчуць пачатак гульні. І наступны кадр — Мікіта ляжыць на тым самым ложку, штосьці чытаючы ў мабільным, а Вольга намагаецца яго падняць і “сабраць” на працу.

Кіно пачалося. Яго плынь мала чым адрозніваецца ад жыццёвай завядзёнкі. Дыялогі і сцэны, у якіх шмат людзей могуць пазнаць свой пачатак дня. Спрэчкі, лёгкія жарты… Але праз размовы пары мы дазнаемся, што ў яе стасунках не ўсё выдатна. Мікіта патрабуе ўвагі, капрызнічае, дзеліцца планамі, выказвае сумневы. Вольга ўсё гэта часам відавочна трывае, іранізуючы над рэплікамі і паводзінамі свайго хлопца. Ад колкіх фразаў да пацалункаў і пяшчотных словаў — усяго нічога. Гэта гісторыя пары, якая жыве ў каханні — і адначасова ў назапашаных крыўдах адзін на аднаго.

У пэўны момант Вольга прызнаецца, што рэсурсы яе далёка не бясконцыя. Хлопец кажа: “Мы можам расстацца, калі ты так хочаш”. І пры гэтым абое застаюцца ляжаць у абдымках на адной канапе. (Нельга не адзначыць такой дэталі, што канапа таксама паламалася). Гэта існаванне ў прасторы выбару паміж сабой і блізкім. І шчасце, якое ў кожны момант сябе выпрабоўвае. Драма пары — у крохкасці і чароўнасці іх стасункаў, ды часам іх невыноснасці. У прыгажосці і цяжкасці кахання.

Фантомныя болі

Аляксей Свірскі ў сваёй навеле (“28 лістапада — 3 снежня”) таксама даследуе тэму паразумення. Персанажы гісторыі пазначаныя адно штрыхамі: дзяўчына Юля, якая знаходзіцца за мяжой, і Аляксей, што спрабуе выбудаваць з ёй стасункі на дыстанцыі. Стужку хочацца назваць акварэльнай, бо ў ёй шмат неба, халодных колераў, гарадскога асяродку, агнёў. Гісторыя ледзь улоўліваецца, ды настрой — больш празрысты, чым у працы Мікіты Лаўрэцкага. Самота тут — натуральны лад жыцця, яго непазбежнасць. А стасункі — амаль фантом.

 — Мне знаёмая сказала, што калі хочаш дзяцей, то завадзі сабачку. Я вырашыла коціка, — кажа яшчэ адна гераіня навелы.

Магчыма, коцік — гэта ўсё, што сёння могуць дазволіць сабе сучасныя маладыя людзі? І адчужанасць — непазбежны вынік капіталістычнай сістэмы, дзе кожны сам за сабе? Ды ўрэшце, ці сапраўды мы сумуем па блізкім, або наша прага блізкасці — адно фантом?

Дылема па Дастаеўскаму

Фільм Юліі Шатун (“28 лістапада і 1 снежня”) на кантрасце з лірічна-іранічнай замалёўкай Аляксея Свірскага выглядае творам-“цяжкаатлетам”. У тым сэнсе, што аўтар, не робячы рэверансаў у бок гледача, задае асаблівы рэжым успрыняцця кіно — менавіта яго пражывання, а не спажывання ўпрыкуску з поп-корнам. Ад такой прапановы ў кагосьці можа здарыцца “нестрававанне”, але мужнасці і волі аўтаркі трэба аддаць належнае.

Па-сутнасці, навела складаецца з некалькіх сцэн, зробленых адным планам. Першая — размова Юліі са сваім братам — доўжыцца паўгадзіны. Наступныя 25 хвілін гераіня ідзе з метро да сваёй кватэры. Яшчэ чатыры хвіліны — маўклівы сняданак ля вакна. І апошні — васьміхвілінны — план: Юля на працы ў атачэнні калег таксама маўкліва выконвае свае абавязкі. Перажыць гэты досвед дапамагае акурат “драма” аўтаркі, што пазначаецца ў першай сцэне, падчас размовы з братам. Аляксей і Юля гавораць пра “хлеб і свабоду”, філасофію быцця, агучаную Вялікім Інквізітарам у “Братах Карамазавых” Дастаеўскага. Наколькі гэтая дылема дапасуецца да іхняга жыцця? Што важнейшае: захаваць творчую свабоду ды перабівацца выпадковымі заробкамі, або мець стабільную працу, што забірае твой час і перашкаджае ажыццяўленню запаветнай мары? Што першаснае: ты ці твой асяродак? Гэтыя пытанні актуальныя сёння для чалавека кожнай творчай прафесіі.

У кантэксце гэтай складанай задачы ўжо інакш выглядае і шпацыр гераіні да сваёй кватэры. “Доўгую дарогу дадому” ў вечаровым святле можна трактаваць і як непазбежнасць, з якой даводзіцца мірыцца, каб арандаваць у Мінску годную кватэру, і як шлях у жыцці, які варта менавіта прайсці, а не праехаць. Як частку штодзённага жыцця гераіні, якую яна напаўняе музыкай. Дае поле для інтэрпрэтацый і сняданак у адзіноце, і праца ў офісе, сярод чужых для цябе людзей. Гэта драма, якая выглядае сапраўды надзённай: як зрабіць свой уласны жыццёвы праект аптымальным для сябе і блізкіх? Як не здрадзіць свайму прызванню? Як знайсці прыгажосць у звычайным?

Аўтары альманаха не пашкадавалі гледача: 30-хвілінная размова на фоне прыгожых вежаў на Прываказальнай плошчы ўспрымаецца няпроста. Аднак рэжысёрам нельга адмовіць у адным — яны свядома шукаюць сучасную мову кіно. Правакатыўную, нязручную і адначасова простую. Нават выкарыстанне “рабочых” момантаў, калі ў герояў навел гучаць фразы кшталту: “Чаму змяніўся аператар?”, парушаючы замкнёную прастору дзеяння, — свядомы ход. (Такі прыём, скажам, выкарыстоўвалі акцёры тэатра Оскараса Каршуноваса ў “Чайцы”, у кульмінацыйны момант ігры “выходзячы” з сваіх персанажаў). Дзе тая мяжа, якая дазваляе гледачу назваць тое, што ён бачыць на экране, кіно? Наколькі пераканаўчымі стануць для яго драмы маладых рэжысёраў, якія ствараюцца на базе іх уласных жыццяў?

“Драма”, вынаходзячы сваё слова, абапіраецца на мову “мамблкорна”: сучасныя медыя, культурныя коды, спалучэнне дакументалістыкі і ігравога кіно. Аднак, уласна, драма самой “Драмы” ў тым, што яе дэмакратызм, шчырасць, у пэўным сэнсе навацыя, іронія аўтараў у дачыненні да саміх сябе адкрыецца не кожнаму. І ці не занадта далёка самі аўтары зайшлі ў сваім, безумоўна, творчым, але правакацыйным нефармаце?

Прызнацца, адказы на многія пытанні тут завісаюць у паветры. Але я думаю пра гэтае кіно ўжо другі тыдзень.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"