У адных шлёпанцах
Пра тое, як Андрэй Жукаў патрапіў у “працоўнае рабства” (хаця ў такім вызначэнні, магчыма, ёсць пэўнае мастацкае перабольшванне) многа пісалася ў айчынных СМІ ды інтэрнэце. А калі хто прапусціў гэтую гісторыю, то коратка нагадаю.
Жукаў — легендарная асоба, гукарэжысёр-фанатык, саўндпрадзюсар-эстэт, а яшчэ і таленавіты музыкант. Ён запісваў мноства знакавых для беларускай культуры праектаў — ад “Сяброў” да “Ляпіса Трубяцкога” (менавіта на ўласнай студыі Жукава ў сярэдзіне 1990-х стваралася прарыўное для “ляпісаў” “Ранетое сердце”), ад “Троіцы” да “Серебряной свадьбы”, ад “Петли пристрастия” да “Крамбамбулі”. Працаваў з расійскімі зоркамі, многім рабіў аранжыроўкі, ездзіў па гастролях з Ace of Base, павышаў кваліфікацыю ў Лондане… І ў залежнасці ад натхнення можа расказаць процьму неверагодных гісторый са свайго насычанага жыцця. Балазе, розных “траблаў” у ім хапала, бо — па ягоным уласным прызнанні — па гэтай частцы Жукаў таксама майстар.
Пару гадоў таму ён прыйшоў да высновы, што ў Беларусі яму не хапае працы і няма куды расці прафесійна, а таму адгукнуўся на прапанову дапамагчы арганізаваць суперсучасную студыю ў Харкаве. Прыкласці ўсе свае тэхнічныя і творчыя таленты і сабраць там прадпрыемства па стварэнні гуку без перабольшвання сусветнага ўзроўню.
— Студыю я зрабіў і ганаруся ёю, — распавядае Андрэй. — З вялізным задавальненнем займаўся любімай справай, працаваў з найноўшай тэхнікай, якая каштуе вялікіх грошай, з самымі крутымі інжынерамі! І лавіў моманты сапраўднага шчасця ў гэтым. Да таго ж, як стваральнік песень я вельмі вырас, бо там былі жорсткія ўмовы па тэрмінах. За тры тыдні я рабіў песню з нуля — сачыняў музыку, тэкст, аранжыроўку, запісваў, майстарыў. Шэсць маіх песень гатовыя!
Але ўрэшце так сталася, што праз паўтара гады працы ў Харкаве на сваёй “студыі-мары” Андрэй Жукаў застаўся без грошай, без жылля і без дакументаў. Па ягоных словах, “у адных шлёпанцах” апынуўся на вуліцы ў чужым замежным горадзе, не ведаючы, куды ісці і што рабіць. А ён жа пры гэтым — яшчэ і чалавек з інваліднасцю: не мае абедзвюх рук, якія страціў у выніку няшчаснага выпадку ў сямігадовым узросце, пасля чаго быў адпраўлены бацькамі ў дзіцячы дом.
Мінулай восенню ладзілася ледзь не выратавальная аперацыя, каб знайсці Андрэю прытулак, разабрацца з дакументамі і ўрэшце вывезці яго ў Беларусь. Да яе падключыліся ўкраінскія і беларускія праваабарончыя арганізацыі, структуры ААН, фонды дапамогі інвалідам, прэса, юрысты, калегі… Спрычыніўся да гэтага нават лідар “Океана Эльзи” Святаслаў Вакарчук. І вось, незадоўга да Новага года Андрэй пры садзейнічанні Міжнароднай арганізацыі міграцыі дабраўся ў Мінск, дзе, паводле яе правілаў, знаходзіўся ў “сакрэтным месцы”.
Версіі падзей уладальнікаў студыі і самога Жукава розняцца. Хто вінаваты — ці “махляры з Харкава”, ці спецыфічны характар і жыццёвая летуценнасць Жукава, ці няправільныя дамовы, ці нейкі крымінал — мы разбірацца не будзем. Хай тое робяць кампетэнтныя органы — тым болей, яны гэтым цяпер, здаецца, займаюцца.
— Я на пазітыўны вынік не разлічваю, — прызнаецца сам Андрэй Жукаў. — Як гавораць дасведчаныя людзі, справа мёртвая.
Дома лепей
Аднак сёння, калі небяспека ўжо прамінула, Андрэй Жукаў ставіцца да харкаўскага перыяду ў сваім жыцці збольшага пазітыўна — пэўна, ізноў жа, праз свой характар:
— Нягледзячы на ўсё, не лічу гэтыя паўтара гады для сябе згубленымі. Я пражыў іх цікава, набыў велізарны прафесійны досвед. Дый гэта не самая страшная гісторыя ў маім жыцці — дзякуй сябрам і ўсім, хто адгукнуўся. У параўнанні з тым, як я застаўся без рук і што было пасля гэтага — увогуле дробязі.
На цяперашні момант яго становішча і сапраўды стабілізавалася. Дакументы адноўленыя, “сакрэтнае месца” замененае на здымную кватэру, з’явілася і праца — канешне, пры дапамозе сяброў.
— Я шчаслівы цяпер быць у Мінску, пачынаю працаваць на студыі музыканта Сяргея “Мікі” Навіцкага, якую ён ствараў калісьці для сябе, але прапанаваў мне там “прытулак”, — кажа Андрэй. — Канешне, былі прапановы папрацаваць і ў Маскве, і ў Піцеры. Але я ўжо болей не хачу звязвацца з незнаёмымі людзьмі. Лепей дома, з тымі, каго ты ведаеш дзясяткі гадоў.
Моцна дапамаглі і грашыма, і сувязямі музыканты Port Mone, імгненна адгукнуўся прадзюсар Яўген Калмыкоў.
— Шчыры яму дзякуй за тое, што ён адразу дапамог заказамі, — кажа Андрэй. — Вось цяпер, да прыкладу, зроблена ўжо шэсць песень для яго артыста Сіропа. Пішу гурт Flat, вельмі цікава мне з фальклорнай групай Guda. Галоўнае, каб была праца. А тэхніку будзем збіраць.
У адказ на пытанне, ці не думае ён паўтарыць харкаўскі досвед і стварыць студыю высокага ўзроўню ўжо ў Мінску, Андрэй хіба скептычна пасміхаецца:
— У праект у Харкаве ўкладваліся мільёны долараў. Мы рабілі аналагава-лічбавую студыю, і там моцна пацягнула менавіта аналагавая кампанента. Скажам, якісьці прыбор 1953 года выпуску каштуе дзесяць тысяч долараў, а іх трэба з дзясятак! У Беларусі пра такія грошы нават гаворка не ідзе. Хаця ў нас увогуле, лічу, няма студый, адпаведных сучасным патрабаванням: узровень ледзь не аматарскі! Нават калі ёсць дарагое абсталяванне, яно або састарэлае, або няправільна сабранае, скамутаванае… Таму я стаўлю за мэту проста выйсці на добры прафесійны ўзровень. Пагатоў, студыя — гэта не месца, а саўндпрадзюсар.
Хто дапаможа?
Вяртаючыся ў Мінск, Жукаў пакінуў ва Украіне сваю ўласную тэхніку, якую ён вывез з Беларусі, калі пераязджаў “усур’ёз і надоўга”. Каб працаваць і зарабляць на жыццё, гукарэжысёру цяпер патрэбнае прафесійнае абсталяванне. Менавіта дзеля збору сродкаў на яго набыццё група Drum Ecstasy і арганізавала свой дабрачынны канцэрт. У імпрэзе прыняла ўдзел яшчэ адна культавая персона — паэт Дзмітрый Строцаў, які на пачатку 1990-х разам з Андрэем Жукавым пачынаў ажыўляць мінскі фестывальны рух. І ў выніку — 20 прададзеных білетаў.
— 13 самых дарагіх квіткоў, набытых праз інтэрнэт — гэта, магу меркаваць, людзі з-за мяжы з фрэнд-стужкі маёй жонкі. З іх нават ніхто не прыйшоў на канцэрт: чыстая “акцыя салідарнасці”, — распавядае Філіп Чмыр.
І тут ёсць падставы паразважаць, у чым прычына такой абыякавасці. У нейкіх арганізацыйных хібах — або менавіта ў браку салідарнасці сярод нашай музычнай супольнасці? Насамрэч, нават не ўдаецца прыгадаць, калі б у музыканцкім асяроддзі ладзілі нешта дабрачыннае для жывога калегі. Можа, гэта якраз і была першая спроба? Аднак, як можна зрабіць выснову, няўдалая.
Філіп Чмыр не хавае лёгкага расчаравання:
— Я рабіў стаўку на тусоўку, на людзей, блізкіх да музычнага свету. Натуральна, не надта разлічваў, што на канцэрт прыйдуць музыканты і прынясуць свае грошы. Аднак спадзяваўся, што яны дапамогуць інфармацыйнай падтрымкай, неабыякавасцю, розгаласам. Многім дзеячам пісаў асабіста з просьбай хоць бы рэпост зрабіць. Нават гэтага яны не здолелі! Хіба толькі Лявон Вольскі адгукнуўся, хаця ў яго ў свой час былі не самыя простыя адносіны з Жукавым. Дык і што, маё знаёмства з Андрэем наогул пачыналася з бойкі. А Drum Ecstasy ён называў крыварукімі (смяецца).
Тым не меней, Філіп Чмыр практычна ад самага пачатку прымаў чынны ўдзел у “выратаванні” Андрэя Жукава. На пытанне, чаму лідар “бубначоў” так рупіцца пра лёс іншага чалавека, адказ прагучаў вельмі просты:
— Не кажучы пра дзясяткі гадоў знаёмства і сумеснай працы, мы яго вельмі цэнім як спецыяліста, як генія, як абсалютна вар’яцкага фаната сваёй справы. А гэта ж не толькі музыка, але яшчэ і фізіка, чыстая інжынерыя, з чым у беларускіх студыях зусім слаба. Па шчырасці, я шчаслівы, што яго выгналі з Харкава, бо ў Беларусі ён такі адзін, і здавалася, мы ўжо назаўсёды страцім гэтага ўнікума. Тое, што ўмее ён, болей не ўмее ніхто! Так, як Drum Ecstasy гучыць у запісе Жукава, мы нідзе больш гучаць не будзем!
Таму Філіп абяцае працягваць сваю кампанію салідарнасці і для набыцця неабходнай для гукарэжысёра тэхнікі плануе звярнуцца па дапамогу да бізнес-структураў.
— Дарэчы, карысная інфармацыя для беларускіх музыкантаў, — кажа ён. — Мы прапанавалі бясплатна для дзесяці калектываў ці артыстаў звесці і зрабіць майстарынг іх песні ў такога прафесіянала, як Жукаў. Пакуль шансам скарысталіся толькі дзве групы, так што звяртайцеся. Лепей ніхто не зробіць!
* * *
Хочацца спадзявацца, гісторыя з Андрэем Жукавым будзе мець шчаслівы фінал. Наша краіна не згубіць спецыяліста высокага ўзроўню, і ў Мінску з’явіцца яшчэ адна студыя з якасным гукам. Можна парадавацца, што ў гэтага чалавека ў складаны момант яго жыцця ўсё ж знайшлося некалькі ўдзячных калег, якія не кінулі ў бядзе.
Але што наконт салідарнасці прафесійнай грамады? Праявіць яе не атрымалася — ужо ў чарговы раз, бо здараліся ж і раней выпадкі, калі нехта марна чакаў падтрымкі. Так, жыццё ва ўсіх няпростае, кожны выжывае як можа. Плакаць па памерлых мы яшчэ здольныя, а вось дапамагчы жывым калегам — няхай нехта іншы? Ды, як кажуць, гэта не час такі — гэта мы такія.
Надзея КУДРЭЙКА
Фота прадастаўлена Міжнароднай арганізацыяй міграцыі.