Мюзікл як цягнік

№ 8 (1395) 23.02.2019 - 02.03.2019 г

У Маладзёжным тэатры эстрады з’явіўся новы мастацкі кіраўнік — Уладзіслава АРЦЮКОЎСКАЯ. Гэтае імя добра вядома прыхільнікам музыкі і тэатра. Выпускніца нашай Акадэміі мастацтваў, выхаванка небезвядомай Лідзіі Манаковай, яна працавала і ў тэатрах, і на эстрадзе (больш за 15 апошніх гадоў), выступала і выступае рэжысёрам многіх святаў міжнароднага і рэспубліканскага маштабу, вялікіх канцэртаў, асобных нумароў ды іншых праектаў. Багатую практыку сумяшчае з тэорыяй і падрыхтоўкай кадраў: выкладае на кафедры рэжысуры БДУКіМ. А летась у сталіцы ішоў яе мюзікл “Мэрылін Манро, пагуляем у каханне”, дзе яна была не толькі пастаноўшчыкам, але і аўтарам лібрэта і музыкі. Цікава, у што збіраецца “гуляць” на новай пасадзе Уладзіслава Ігараўна, якую і дагэтуль часцей называюць проста Уладай?

/i/content/pi/cult/733/15937/18.JPG— У мяне шмат задумак і творчых ідэй. А галоўная мэта — зрабіць беларускіх артыстаў папулярнымі. Хачу бачыць паўсюль іх афішы, перапоўненыя залы на выступленнях, любоў публікі да айчынных зорак. На гэта і буду працаваць!

— Сёння ў распаўсюджванні інфармацыі, у тым ліку музычнай, вялікую ролю адыгрывае Інтэрнэт. Але і тэлебачанне не здае сваіх пазіцый: чым часцей артыст мільгае на экране, тым хутчэй ён становіцца вядомым сярод шырокай аўдыторыі. Ці робяцца захады для супрацоўніцтва Тэатра эстрады з тэлебачаннем?

— Пакуль ёсць папярэднія дамовы з СТБ, але хацелася б больш увагі і з боку іншых тэлеканалаў. Ім, у сваю чаргу, адразу патрабуецца рэйтынг. Але як жа ён будзе высокім, калі штосьці толькі распачынаецца? Для ўсяго неабходны час.

— Разам з пасадай вы атрымалі не толькі творчы калектыў, але і публіку Тэатра эстрады — не самую, скажам шчыра, маладзёжную. Штосьці збіраецеся рабіць, каб змяніць сітуацыю?

— Эстрада ўжо сама па сабе — справа маладая. І аўдыторыя ў яе павінна быць адпаведнай. Гэта не значыць, што мы будзем пазбаўляцца ад той публікі, якая ў нас ужо ёсць! Наадварот, для прыцягнення новай аўдыторыі трэба выходзіць на іншыя сцэнічныя пляцоўкі, пашыраць культурную прастору. Не баяцца праводзіць гала-канцэрты і сольнікі ў тым жа Палацы Рэспублікі (дарэчы, некалькі такіх вечароў ужо запланавана на наступны сезон). Дый і наш будынак можа стаць надзвычай прыцягальным для моладзі. Узяць хаця б тое ж “знешняе аблічча”. Чаму б, напрыклад, не размаляваць фае? Каб маладыя людзі прыходзілі да нас не адно на спектаклі ды канцэрты, але і пасядзець, паразмаўляць, штосьці абмеркаваць, прапанаваць.

— Мастацкіх інсталяцый ці графіці на сценах для гэтага замала.

— Так, патрабуецца і адпаведная “начынка” — праекты, разлічаныя на маладую аўдыторыю. Хацелася б больш маладзёжнага гумару — пра тыя ж сацыяльныя сеткі, пра новую музыку. Вось, да прыкладу, праект “Гараж”. Гэтае слова па-рознаму гучыць для аўтамабілістаў — і для тых жа эстрадных гуртоў. Дзе маладыя музыканты звычайна ладзяць свае рэпетыцыі? Вядома, у гаражы. Адтуль выйшлі многія легендарныя калектывы — і колішнія ВІА, і пазнейшыя рок-гурты. І такія функцыі гаража застаюцца актуальнымі і сёння.

— Але што гэта будзе — канцэрт, спектакль з назвай “Гараж”?

— Канцэртная праграма з безліччу варыянтаў. Бо ў тым гаражы могуць збірацца як гаспадары, так і госці, прычым не толькі з ліку артыстаў нашага тэатра. Гаспадары будуць рэпетаваць усё новыя і новыя кампазіцыі, а ў госці да іх будуць прыходзіць штораз новыя музыканты і калектывы.

— Гэткая прэзентацыя? Але, наколькі я разумею, у іншым фармаце: замест афіцыйных прамоў — нязмушаныя сяброўскія гутаркі, нейкія “прыколы”. Магчыма, у сцэнарыі прапісаныя і асабістыя ўзаемаадносіны прыдуманых пастаянных персанажаў, нейкія гісторыі, што здараюцца з удзельнікамі. Дарэчы, гэта можа быць новы жанр — штосьці накшталт эстраднага “серыяла”. Сапраўды, вельмі цікава!

/i/content/pi/cult/733/15937/17.JPG— І гэта не адзіны праект. Думаю правесці конкурс па пошуку новых талентаў. Конкурсаў апошнім часам багата, ды большасць іх скіравана ў выканальніцтва. Між тым, галоўная праблема — у недахопе не спевакоў, а музычнага матэрыялу, свежага рэпертуару. Конкурс, упэўнена, дасць магчымасць рэалізацыі гэтага творчага патэнцыялу. Бо ў нас ёсць студыя, добрае абсталяванне, ёсць цудоўныя выканаўцы. Таму мы можам не толькі выявіць і неяк адзначыць кампазітарскія здольнасці, але і стварыць умовы для далейшага развіцця. Дапамагчы маладым аўтарам паэксперыментаваць, пачуць свой твор са сцэны, зрабіць адпаведныя высновы, магчыма, унесці карэктывы — і рушыць далей. Дый сярод нашых артыстаў ёсць тыя, хто піша песні, і гэта трэба падтрымліваць. Трэба штосьці прыдумаць і для такога калектыву ў складзе тэатра, як рок-фольк-дуэт “Піва ўдваіх”. У іх ёсць настолькі шыкоўныя нумары, што публіка папросту шалее ад энергетыкі і гумару. Але ж хочацца, каб яны развіваліся далей!

— А думала, што вы пачнеце з мюзіклаў. Гэты жанр, адзін з цэнтральных у замежным мастацтве, у нас пакуль не атрымаў надта шырокага развіцця — хаця мюзіклы ставяцца на самых розных пляцоўках, сіламі як стацыянарных тэатраў, так і антрэпрыз, а таксама студэнтаў Універсітэта культуры. Дый афіша Тэатра эстрады ўжо некалькі гадоў пярэсціла адпаведнымі спектаклямі.

— Так, я бачыла многія з іх. З дзяцінства хадзіла з маці “ў аперэту” — гэта хаця і вельмі розныя, ды ўсё ж крыху блізкія жанры. З ранейшых спектакляў Тэатра эстрады вылучу “Мікітаў лапаць”, які так любіць публіка. Увогуле, на нашай сцэне больш актыўна развіваўся гэткі канцэртны варыянт мюзікла, дзе выкарыстоўваюцца перайначаныя папулярныя песні і шмат гумару. І гэта добра, але тэатр павінен развівацца ў розных кірунках. Хацелася б, каб з’явіўся ў рэпертуары, да прыкладу, пластычна-вакальны спектакль на фальклорную тэму. А чаму б не зрабіць мужчынскі балет? У Беларусі такога не было, хіба
расійскія артысты прыязджалі. Падобныя калектывы заўжды маюць вялікі попыт, і ў нас ёсць творчыя сілы, каб гэта ажыццявіць.

— Усё пералічанае тычыцца перспектывы. Бліжэйшыя ж планы адлюстраваны на сакавіцкай афішы. Бачу там адразу дзве прэм’еры: “Імя любімае маё”, прымеркаванае да жаночага свята, і, крыху пазней, “Бурлеск” — да Міжнароднага дня тэатра.

— Канцэртная шоу-праграма “Імя любімае маё” нарадзілася падчас стасункаў з артыстамі. Прыйшоўшы ў тэатр, я імкнулася бліжэй пазнаёміцца з усімі, пагаварыць, запытацца пра асабістыя планы, пра тое, як кожны бачыць сваю далейшую кар’еру. У нас тры заслужаныя артысткі: Іна Афанасьева, Вікторыя Алешка, Іскуі Абалян. Ёсць такія знакамітасці, як той жа Аляксей Хлястоў. Але ж ёсць і шмат іншых! І высветлілася, што многія пішуць музыку — праўда, некаторыя ўвогуле баяцца яе камусьці паказваць. Адзін з артыстаў паказаў мне сваю песню “Сняжана” — і я раптам падумала, а чаму б не зрабіць канцэрт, дзе кожная песня была б прысвечана пэўнаму імені. І не толькі жаночаму! Там у нас ёсць песні і пра Мікалая, Валодзю, Валеру. Праграма будзе вырашана ў гэткім свецкім ключы: усе артысты — у вячэрніх строях, у фраках. Але песні — эстрадныя, сучасныя, з цікавай падачай, відэакантэнтам, светлавымі эксперыментамі.

— А “Бурлеск”? Чула, што ў тэатры гэты праект называюць яшчэ “Пяцьдзясят адценняў чырвонага”. Чаму так?

— Там усё вырашана ў чырвоных тонах. Дзеянне адбываецца ў клубе, мы ставім на сцэне столікі, і гледачоў таксама пераносім у клубную атмасферу. У галоўнай ролі — Жанэт. Я і раней з ёй працавала, была ўзрушана яе акцёрскімі здольнасцямі, гатоўнасцю на эксперымент. Дарэчы, наша знаёмства з ёй адбылося, калі я вымусіла яе выскокваць з торта — вядома, штучнага, адмыслова вырабленага муляжа. Яна пагадзілася без аніякіх сумневаў. І я падумала: якая цудоўная артыстка, нічога не баіцца! Я ўвогуле люблю тых, хто гатовы да ўсяго новага і складанага і будзе дзеля гэтага рэпетаваць дзень і ноч. Другую цэнтральную ролю выканае Кацярына Мядзведзева. Я адкрыла яе для сябе, бо раней не ведала. Цяпер хачу адкрыць і гледачам! Удзельнічае ў гэтым мюзікле і Аляксандр Саванец, які цікавы і вакалам, і акцёрскімі здольнасцямі.

— Ставіць мюзіклы няпроста...

— Я вучу сваіх студэнтаў, што любая пастаноўка — гэта цягнік. Вось пункт, адкуль пачынаецца рух, — і вось пункт прызначэння. Усё астатняе — гэта прыпынкі паміж імі. Трэба праехаць па ўсім гэтым шляху і разумець, што кожны прыпынак — гэта таксама няўмольны шлях да фіналу. Калі ж ты проста стаіш на нейкай “станцыі” і не думаеш пра далейшы рух — усё, спектакль рассыпаецца на асобныя сцэны. Кожная з іх быццам бы вырашана, але незразумела, дзеля чаго, бо не адчуваецца “пункту прызначэння”. І ўсё губляецца, цягнік трапляе ў
нейкія пасткі з парушанымі рэйкамі і сыходзіць з пуці — гэта ж катастрофа!

— А музыка? Менавіта яна задае драматургію.

— Лічу, у сапраўдным мюзікле павінен быць адзін кампазітар, а не падборка нумароў розных аўтараў. Каб было адзінае стылёвае рашэнне, а не эклектыка. І песні павінны рушыць сюжэт, а не прыпыняць яго для “лірычных адхіленняў”. У тым жа “Бурлеску” — музыка галівудскага кампазітара Крыстафа Бэка. Гэта быў не асобны мюзікл, а фільм 2010 года. Мы ўзялі адтуль усе дзесяць трэкаў, перарабілі іх, тэкст я напісала свой. Усё даволі дзёрзка, забаўна, смела.

— Пастаноўка мюзіклаў патрабуе вялікіх выдаткаў…

— Ну, Брадвею ў нас дакладна не будзе: нават памеры сцэны таму не спрыяюць. А сёння, як я заўважыла, увогуле пайшла гэткая хваля больш камерных мюзіклаў. Усе сыходзяць ад “грандыёзнасцяў” у бок пастановак, з якімі можна было б гастраляваць. Так што мы — яшчэ і ў рэчышчы сучасных тэндэнцый, дзе ўсё апраўдана эканамічна.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"