Сярод лепшых — і наша Настасся!

№ 8 (1395) 23.02.2019 - 02.03.2019 г

Яшчэ 24 студзеня ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь падведзены вынікі Рэспубліканскага конкурсу па вылучэнні лепшых у сферы культуры за 2018 год. Ацэньваліся: практыка дзейнасці органаў мясцовай улады ў рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі; прэтэндэнты на званне “Чалавек года ў сферы культуры”. Па традыцыі, імёны пераможцаў былі названы 18 лютага, падчас выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

/i/content/pi/cult/733/15927/52642876_2329313723748099_2750678712000184320_n-N.jpgДадамо, што сярод узнагароджаных — прадстаўнікі лепшых абласных, гарадскіх (раённых), сельскіх (пасялковых) выканаўчых камітэтаў па рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі. Горадам культуры названы Гомель.

Але больш падрабязней спынімся на званні “Чалавек года ў сферы культуры”. Тым больш, што ў намінацыі “Асвятленне пытанняў культуры ў СМІ” гэтае званне атрымала аглядальнік нашай рэдакцыі Настасся Панкратава. Не магу не сказаць колькі цёплых слоў пра гэтую прыгожую дзяўчыну, здольную ў журналісцкай прафесіі на ўсё, якая яшчэ і двух дзяцей вырошчвае — малодшакласнікаў Арыну і Ярыка. (І невядома, як усё паспявае?!) У журналістыцы Насця — амаль 15 гадоў, большасць з іх — у “Культуры”. Вельмі лёгкая на ўздым, яна пачынала ў аддзеле рэгіянальнай культуры. Чым жывуць беларускія вёска, мястэчка, раён ведае не з чужых слоў. Патрабавальная да сябе, гэтага ж патрабуе і ад іншых. Крытычны аналіз рэчаіснасці быў уласцівы для кожнага “вясковага” артыкула Настассі Панкратавай. Не цураецца яна і сацыяльна скіраванай публіцыстыкі. Любы яе артыкул — спроба шчырай гаворкі з чытачом пра вечнае — веру, надзею, любоў… І спроба гэтая — заўжды ўдалая. Цягам апошніх гадоў журналістка паступова, але мэтанакіравана здолела стаць уплывовым тэатральным крытыкам. І ў развіцці сённяшняга нашага сцэнічнага мастацтва ёсць заслуга і Настассі Панкратавай.

У намінацыі “Бібліятэчная справа” званне “Чалавека года” займела дырэктар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя Уладзіміра Леніна Марына Рафеева; “Музейная справа” — загадчык экспазіцыйнага аддзела Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя Суворава Алена Рысь; “Эстраднае мастацтва” — салістка Маладзёжнага тэатра эстрады Іна Афанасьева; “Цыркавое мастацтва” — кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Беларусі, узорнай студыі цыркавога мастацтва “Арэна” (Мазыр) Марыя Кузняцова; “Кінавідэамастацтва” — аператар студыі “Летапіс” Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Анатоль Казазаеў; “Архітэктура і рэстаўрацыя” — генеральны дырэктар “Белрэстаўрацыі” Уладзімір Змушко; “Выяўленчае мастацтва” — мастак-графік, сябра Беларускага саюза мастакоў Васіль Шаранговіч; “Манументальнае мастацтва” — скульптар-рэканструктар Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура Сяргей Аганаў; “Тэатральнае мастацтва” — артыст драмы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Зоя Белахвосцік; “Музычнае мастацтва” — саліст Вялікага тэатра оперы і балета Станіслаў Трыфанаў, “Харэаграфічнае мастацтва” — вядучы майстар сцэны Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Ірына Яромкіна; “Захаванне гісторыка-культурнай спадчыны” — архітэктар праектаў майстэрні ландшафтнай архітэктуры і дызайну “Мінскпраекта” Ганна Аксёнава; “Народная творчасць” — кіраўнік народнага тэатра лялек “КапялюШ” (Наваполацк) Андрэй Рэцікаў; “Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” — глінамес, загадчык Германавіцкага дома ганчара (Шаркаўшчынскі раён) Сяргей Рымдзёнак, “Клубная дзейнасць” — галоўны рэжысёр аддзела традыцыйнага мастацтва і культурна-дасуговай дзейнасці Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Наталля Маісеева; “Педагагічная работа з творчай моладдзю” — загадчык кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Інэса Бадзяк.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"