Чаго хацела Хацім’я…

№ 7 (1394) 16.02.2019 - 23.02.2019 г

Хоцімшчына: паміж марай, явай і ўспамінам
Мы, журналісты, паўсюль сімвалы шукаем ды азначэнні, што пачынаюцца са слова “самы”. Вельмі дакладна яны сутнасць расповеду перадаюць ды добра ўзмацняюць акцэнты ў ключавых месцах артыкула. Вось таму і “палюем” на іх без стомы. А ў Хоцімску гэтыя сімвалы з азначэннямі і шукаць не трэба: самі ў вочы кідаюцца. У цэнтральным скверы летась з’явілася скульптура князёўны Хацім’і, якая, мяркуючы па паданнях, заснавала мястэчка, адрадзіла тут храм, арганізавала царкоўны хор, сама спявала і вельмі хацела, каб мясцовыя жыхары былі заможнымі ды шчаслівымі…

/i/content/pi/cult/732/15917/17.JPGТрошкі воддаль — знакаміты Свята-Троіцкі храм, узведзены ў 1873 годзе. Менавіта на яго званіцы падчас Нацыянальнага фэсту “Хоцімскія перазвоны” збіраюцца лепшыя званары краіны. Знаўцы сцвярджаюць, што ўвесну мясцовыя салаўі канкурэнцыі ўжо не вытрымліваюць і нервова сівеюць ад зайздрасці. Веру. Бо сам ледзь не выпаў з гасцінічнага акна ад радаснага замілавання з нагоды пераліўнага звону, што заклікаў да абедні.

А праз дарогу ад царквы — аглядавае кола. Такім могуць пахваліцца толькі абласныя гарады ды сталіца, а ў раённых цэнтрах (пагатоў, такіх маленькіх, як Хоцімск са сваім насельніцтвам усяго ў шэсць з паловай тысяч жыхароў) сустракаць пакуль не даводзілася. Дарэчы, той атракцыён знаходзіцца на балансе аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і прыносіць за летні сезон неблагія грошы. Але справа не толькі ў іх.

Тут трэба ведаць нюансы раённага жыцця. “Вось ёсць у нас кола, якога нідзе больш у раённых цэнтрах няма, і мы гэтую адказнасць разумеем ды імкнёмся ёй адпавядаць. Чаму ж вы такога кола не маеце і па сёння, няўжо слабо?” Пэўна, прыкладна такія словы трымае ў галаве кожны жыхар Хоцімска, але ніколі не скажа іх услых. Бо ганарыцца сваёй выключнасцю варта моўчкі.

Што яшчэ? Хоцімск — самы ўсходні і аддалены райцэнтр Беларусі, за гародамі — ужо Смаленшчына. Кажуць, гарпасёлак — і самы чысты ў экалагічным плане. Па гэтай прычыне ў раёне рэалізуецца некалькі прааанаўскіх праектаў: па рэнавацыі школьнага сада Бяседавіцкага сельсавета і па асвятленні аграгарадка Бярозкі лямпамі на сонечных батарэях... Але прыехаў я сюды па іншай прычыне: пасля таго, як даведаўся, што работнікі культуры прыдбалі за бюджэтныя сродкі навюткі аўтаклуб. І гэта пры тым, што раён лічыцца бедным ды атрымлівае немалыя датацыі.

І вечны батл

Што павінна здарыцца, каб работа сферы рэгіянальнай культуры набыла новы штуршок? Трэба, каб начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі падрыхтаваў сабе добрага наступніка, а сам стаў бы намеснікам старшыні райвыканкама па сацыялцы. Прыкладна такія змены адбыліся ў Хоцімску. Я быў тут гадоў восем таму. Аддзелам кіраваў Мікалай Хучаў. Цяпер ён — намеснік старшыні. Усё такі ж жвавы, уладарны. Да пары яму сённяшні начальнік аддзела Аляксандр Цішчанка.

— Дык што, выжываем? — пытаюся ў абодвух.

— Не, — адказваюць,— жывём!

Я паездзіў па раёне і горадзе, паглядзеў, паслухаў. Вельмі сцісла пастараюся перадаць свае ўражанні.

Куды ідуць гэтыя людзі азызлым надвячоркам, калі слізка, мокра, небяспечна? Адказ — на адной з афіш: “Музычны батл паміж фальклорнымі калектывамі “Пацеха” і “Быліна”. Першы — з РЦК, другі — гонар Трасцянскага СДК. Так, людзі спяшаюцца на музычны рынг. Сярод усіх — Аляксандр Цішчанка з жонкай. Купляюць у касе білеты, заходзяць у залу. У гэтым таксама псіхалогія раённага жыцця, дзе ўсё і ўсе — навідавоку. Зробіш што не так — век не апраўдаешся.

Цішчанка робіць усё як трэба. Услед за ім — астатнія. Добра відаць, што да платных імпрэзаў тут даўно прызвычаіліся. У зале — аншлаг. Рэжысура канцэрта — бездакорная. Якасць выканання — таксама. Пераможца вызначаецца па колькасці білетаў, што выкарыстоўваюцца як бюлетэні для галасавання публікі. На вуліцы пасля батлу толькі і размоў, што пра будучы рынг: “Хто, казалі, будзе выступаць у наступны раз?”

Вёска Іваноўка. Тут мадэратар усіх падзей і ў мясцовым СДК, і на гастрольным фронце — народны аўтэнтычны гурт “Вербіца”. Мы пілі з бабулямі гарбату, спявалі пра казачэньку і няшчаснае беларускае каханне эпохі крыважэрнага прыгонніцтва (штосьці вельмі шмат такіх песень на Гомельшчыне ды Магілёўшчыне). Гучанне ў “Вербіцы” неверагоднае па ўрачыстай прыгажосці (неспецыяліст, таму наступны вобраз выкарыстаю: так у паводку хуткаплынная рака гучыць, магутна і насычана).

Пахне дзёгцем

Што мне не спадабалася ў мястэчку і на раёне? Вельмі кепскае сцэнічнае святло, адсутнасць якаснай апаратуры, у тым ліку камп’ютарнай. І касцюмаў артыстычных, як я зразумеў, толькі па адным экзэмпляры. А бабулькі з “Вербіцы” самі свае мары агучылі:

— Мы шмат па Расіі гастралюем, нават да Арла дабіраліся. Але ў якіх умовах! У цеснаце страшэннай (і касцюмы трэба везці, і інструменты, і дэкарацыі). Тое, што “Газель” прыдбалі — добра. Але ўсё ж не бусік для такіх вандровак дальніх патрэбны, а ладны аўтобус.

Заўвага больш чым сур’ёзная. Удзельніцы бачаць перспектыву сваёй дзейнасці. Яны надзвычай запатрабаваныя на Смаленшчыне, дзе мастацкая самадзейнасць развітая не ў такіх маштабах, як у нас. І хацелі б выпраўляцца на гастролі з камфортам.

Як вырашыць усе тыя матэрыяльныя праблемы? Шкада, што культура раёна толькі падступаецца да наладжвання стасункаў з Еўрасаюзам. Бо, на мой погляд, выйсце — у праектнай дзейнасці экалагічнай скіраванасці. У тым ліку і ў фальклорнай спадчыне. Захаванне аўтэнтычнага мастацтва — урэшце, таксама адна са ступеняў экалогіі…

Пасля наведвання Бяседавіцкага СДК хачу вярнуцца да пачатку гэтага раздзела і паразважаць пра філасофію выжывання і філасофію жыцця. Бяседавіцкі клубік — як клубік. Я нават вылучыў бы яго ў шэраг лепшых. Хоць і дыскатэчнае тут асвятленне, але вельмі неблагое. Загадчык Вольга Сычова кажа, што прыдбалі яго за пазабюджэтныя грошы. А потым распавяла пра лёс
мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі. Ён настолькі незайздросны, што работнікі адміністрацыі той гаспадаркі, не маючы грошай на аплату канторы, змушаны арандаваць для сваёй працы частку клубнай сцэны, некалькі месцаў у зале і ў адным з кабінетаў. Шчыра прызнаюся, такога яшчэ не бачыў…

Калі я ўсведамляю перспектыву свайго развіцця, я жыву. Калі сілкуюся адно толькі ўспамінамі, я выжываю. Аспрэчце мяне, калі я памыляюся.

У крэсле пагушкацца

Дзіцячая бібліятэка ў Хоцімску мне яшчэ ў мінулы раз вельмі спадабалася. У яскравым афармленні нічога да горшага не змянілася. Бачна, што парадак тут падтрымліваецца жалезны. Яшчэ ўтульней стала. Загадчыца ўстановы Таццяна Уласенка сваімі рукамі зрабіла камін. Побач напагатове — крэсла-качалка. “Для лепшага чытача?” — пытаюся. — “Для любога,” — адказвае Таццяна Ягораўна. І тлумачыць, што мэблю гэтую з асабістага дома перадала дырэктар ЦБС Юлія Лобава — і сама вялікая аматарка чытання.

Мы прыходзім з Таццянай Уласенка да высновы, што кніжны палон — салодкі палон. Але не ўсе нашы выдавецтвы гатовы да шчыльнага ўзаемадзеяння з глыбінкай. Ёсць у Хоцімскай дзіцячай бібліятэцы зона чытацкай творчай самарэалізацыі. А вось літаратуры спецыяльнай, якая вучыла б дзіця крытычна разважаць, на вялікі жаль, не стае. Калі і ёсць, дык у асноўным — расійскай вытворчасці, бляклая і зроблена без належнай выдумкі.

У Іваноўскай сельскай бібліятэцы рэй вядзе Анжаліка Цвердахлебава. Вельмі сціплая жанчына. Хваліцца не любіць. Але бачна, што ўкладае ў сваю прафесію ўсё. Самае дарагое для яе — калекцыю лялек свету — яна захоўвае ў бібліятэцы. Вакол гэтага і круціцца ўся бібліятэчная справа, квэсты, віктарыны ды многае іншае. А вось выхаду ў інтэрнэт няма.

Інавацыямі славіцца і сельская бібліятэка аграгарадка Бяседавічы. Кіруе тут справамі Аляксандра Хрупакова. З 2011 года ўстанова называецца “Бібліятэкай флоры і фаўны”. Генеральны кірунак, вядома, экалагічны. Тут сабрана ўсё, што тычыцца жывёльнага і расліннага свету нашай краіны і не толькі.

Заўвага ў мяне, бадай, адзіная: пабольш бы дзяўчатам смеласці ў стасунках з заезджымі журналістамі.

Дарога жыцця

Шмат зменаў адбылося і ў штатным раскладзе Хоцімскага раённага дома рамёстваў. Прыйшоў новы кіраўнік — Вольга Каўтунова. Ідэй у яе — мора. Асобныя перасталі быць перспектывай, бо зрабіліся явай. Да прыкладу, адышоў ва ўласнасць РДР і другі паверх старасвецкага будынка, дзе раней займаліся асобныя класы дзіцячай школы мастацтваў. Цяпер тут арганізоўваецца галерэя. З новых набыткаў — і разьбяр па дрэве Андрэй Зубрыцкі. Разам з Каўтуновай ён задумаў абсталяваць пад майстэрню дрэваапрацоўкі цокальны паверх. А для таго, каб займець камплект станкоў, вырашана прапанаваць Еўрасаюзу праект развіцця разьбярства, якое калісьці было на Хоцімшчыне адным з вядучых умельстваў. Словам, лёд крануўся! Ёсць каму і парадам кіраваць.

Астатніх рамеснікаў памятаю з мінулай камандзіроўкі. Вось іхняе красамоўства — ды бібліятэкарам бы! Перавага майстроў-метадыстаў у тым, што яны яшчэ і педагогі. Я нават больш бы сказаў: філосафы! Ткачыха Таццяна Кавалёва кажа:

— Усё жыццё бяжыць перад вачыма па кроснах дарогай з нітак. А гэта ж дарога жыцця майго! І хто скажа, глянуўшы на маё ткацтва, што жыццё тое — сумнае ды непрыгожае? Таму гэтаму цуду і іншых навучыць стараюся!

Вось такая філасофія. І заўважце, філасофія не тужлівага выжывання, а стваральнага жыцця. А вось меркаванне кераміста і мастака Ніны Рагоўскай:

— Нават раней на працу прыходжу, каб сваім калегам не перашкаджаць шумам ганчарнага круга. Кожны рамеснік у нас — асоба. Яму, каб ісціну зразумець і да працы прыступіць, пабыць сам-насам неабходна.

Я пагадзіўся з кіраўніцтвам: перспектыва ў РДР — дай Бог якая. І справа не толькі ў тым, што і як прадаецца ў сувенірнай краме (кажуць, расіяне раз-пораз літаральна спустошваюць яе). Мала хто са знаўцаў у краіне даводзіў мне, што раённы дом рамёствам з цягам часу павінен арганічна пераўтварыцца ў… Давайце захаваем інтрыгу да канца артыкула. Як падаецца, гэта будзе пераканаўчай кропкай у сённяшнім расповедзе пра культуру Хоцімшчыны. Што будзе заўтра, пакажа час.

Бяседы на Беларускай

/i/content/pi/cult/732/15917/18.JPGВыпадковы госць мястэчка, гэтак жа выпадкова патрапіўшы напрыканцы дня на вуліцу Беларускую, не абы-як здзівіцца. Што гэта? Пасярод дарогі вогнішча, вакол яго людзі, на асветленых промнямі тварах — увага і засяроджанасць, калі яны слухаюць, азарт і дзёрзкасць, калі спрачаюцца з самым галоўным тут чалавекам. Калі з самым галоўным можна спрачацца і не баяцца вынікаў, дык ці не шчасце гэта? Пра шчасце мы яшчэ пагаворым. Цяпер важна данесці чытачу, што за вуліца і што за галоўны чалавек.

Беларуская — зусім не вуліца, а маленькі тупік, які летам зарастае духмянай травой. Своеасаблівы апендыкс у забудове ля мясцовага ільнозавода. Гэткая стрыт-артавая асаблівасць райцэнтраўскага нязмушанага стасункавання... А палымяны чалавек — Таццяна Паседзька, жыхар Беларускай ды двойчы рэжысёр: і Хоцімскага РЦК, і народнага тэатра “Прамень”. І, па вялікім рахунку, не вакол агменю збіраюцца ахвотныя, а вакол Таццяны Васільеўны.

І пра што не пачыналі б гаварыць, усё ўрэшце зводзіцца да тэатра. У сябе і вакол сябе. Мы ж ужо ведаем, што свет — тэатр, а людзі ў ім — акцёры. Вось з таго моманту ўсё і доўжыцца. На Беларускай — у тым ліку. Тупічок няскончаных п’ес. Летнія театральныя школы. Зрэшты, і ўзімку можна вогнішча на Беларускай заўважыць.

Рэжысёры — людзі нестандартныя. Ці мо наадварот: рэжысёры — норма, астатнія ж — выключэнне з правілаў? Вось і шчыруюць, імкнучыся да ідэалу. Абгаворанае пакрысе пераўтвараецца ў сцэнарый, а той — у пастаноўку. Самымі першымі спектаклямі былі “Сказ пра стральца…” Філатава, “Прымакі” Купалы.

А потым з’явіўся свой нязменны сцэнарыст — Аляксандр Аляксандрын (дарэчы, сябра рэзчыка і паэта з РДР Андрэя Зубрыцкага). Піша пакуль па-руску, Паседзька без праблем перакладае на родную. Матэрыял ён пачаў браць з мясцовага жыцця, спрабуючы выходзіць на тэмы высокай маральнасці, звяртаючы ўвагу і на драматызм, і на камічнасць сітуацый.

Паседзька — дыктатар. Іншадумства на сцэне не дапускае, вітае толькі разумныя імправізацыі. За спінай у яе — рэжысёрская адукацыя, атрыманая ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў, немалы стаж працы. Яна даўно зразумела, што наўкола вельмі шмат “прафесійных” рэжысёраў, якія не стамляюцца даваць парады, а яе справа — гэтыя парады выслухоўваць, адбіраць слушныя (з’ява даволі рэдкая), не звяртаць увагі на кепскія. І так — з дня ў дзень, з года ў год.

Так выпрацоўваецца стрэсаўстойлівасць, так загартоўваецца характар чалавека, які канцэнтруе вакол сябе таленты і максімальна загружае іх працай.

Зазірніце на агеньчык Беларускай. Захварэйце тэатрам. Зразумейце, у чым ваша шчасце.

P. S. Шаноўная Таццяна Васільеўна, зрэжысіруйце мне свята. Асабістае. Штосьці яго паціху паменела. Шкада. Я гатовы на любыя мізансцэны, толькі каб не было пакутліва горка за марна патрачаны час. Зрэжысіруйце, вы можаце. Сцэнаграфія, касцюмы і шчаслівыя твары наўкола — за кошт замоўшчыка.

/i/content/pi/cult/732/15917/19.JPGРамесніцкая школа? Чаму б і не!

Дык чаго хацела князёўна Хацім’я? Каб мясцовы чалавек у Бога верыў, каб спяваць мог ды на няўмеласць рук не скардзіўся. Толькі творца разумее свет і здатны яго ўпрыгожыць.

Таму цалкам натуральным падаецца тое, што сённяшнія супрацоўнікі Хоцімскага РДР жадаюць пераўтварыць сваю ўстанову ў рамесніцкую школу, дзе ахвотныя дзеткі могуць атрымаць асновы творчай прафесіі. Толькі творчы чалавек можа застацца вольным і ў думках, і ва ўчынках.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"