Альтыст Дайнека

№ 7 (1394) 16.02.2019 - 23.02.2019 г

Вядома, ён не толькі альтыст. Ды і альтыст — далёка не ў першую чаргу, хоць у музычных установах вучыўся iгры і на гэтым інструменце, і на скрыпцы. У першую ж чаргу, Валерый ДАЙНЕКА — шматгадовы вакаліст “Песняроў”, голас якога навечна застанецца ў памяці меламанаў дзякуючы “Белавежскай пушчы”. Цікава, што пачынаў будучы заслужаны артыст Беларусі, як альтэрнатыўшчык (сёння б так сказалі), выконваючы рок і блюз. А ўсё жыццё ён любіць джаз. Але заслужыў пашану, спяваючы эстраду — як называлі гэты жанр у СССР і працягваюць называць дагэтуль. І як спявае! Сам пры гэтым крытычна адгукаючыся пра свае вакальныя здольнасці.

/i/content/pi/cult/732/15911/10.JPG— Да нас у рэдакцыю прыйшоў ліст ад Віталя Каляды з Мінска, у якім ён, у прыватнасці, піша: “У школу я хадзіў у ваенным гарадку Азёрны пад Жытомірам. Там у канцы 1960-х выступаў ансамбль “Лявоны”. Памятаецца, нешта было з “бітлоў”, здаецца, “Цёмная ноч” у сваёй апрацоўцы. А дзесьці праз год, напэўна, у 1970-м, прыехаў той жа калектыў, але зваўся ён ужо “Песняры”. Гэта была фантастыка! Гучанне інструментаў, пералівы гітары, высокія чыстыя галасы, беларускія народныя песні. Нічога падобнага ў СССР не было і блізка... Унікальны калектыў “Песняры” будзе жыць, пакуль людзі памятаюць пра яго...” Напэўна, ансамбль атрымліваў шмат падобных пасланняў?

— Вельмі шмат. І ў філармонію лісты прыходзілі, і на тэлебачанне. Хвалебныя, вядома. Гэта ў газетах разгромныя артыкулы пра “Песняроў” з’яўляліся — асабліва ў пачатку іх шляху, у 1971-м, пасля таго, як здарыўся канфлікт у Волжскім з
мясцовымі тэлевізійнікамі, калі тыя, парушыўшы дамоўленасць з Мулявіным, замест першага аддзялення, спрабавалі зняць увесь канцэрт. Ну і Валодзя сказаў Уладу Місевічу, каб той апусціў стойку мікрафона, які пісаў гук. Але канцэрт ансамбль адыграў цалкам. А праз нейкі час пайшлі публікацыі, у якіх гаварылася, што “Песняры” сарвалі выступ.

— Вас жа не адзін раз запрашалі ў ансамбль?

— Так, але я супраціўляўся, адмахваўся. Я ж “Песняроў” спачатку толькі па тэлевізары, у запісе чуў, і мне не падабалася, як яны гучалі. Але гэта не віна музыкантаў была, проста ў Саюзе ажно да 1980-х гадоў гукарэжысёрам не дазвалялася нармальна прапісваць рытм-секцыю — барабаны і бас. Іх прыглушалi, у выніку і гук быў плоскім, “пластмасавым”. Хтосьці прымудраўся абыходзіць забарону, але такое здаралася вельмі рэдка.

/i/content/pi/cult/732/15911/11.JPGАднак, калі я пачуў “Песняроў” жыўцом, то зразумеў — так, гэта Ансамбль. Я ўжо было “загарэўся”, але ўзяць мяне меркавалася замест Чэслава-Віктара Паплаўскага — хлопец ён добры быў, аднак перыядычна дысцыпліну парушаў. Мы з ім сябрамі былі, і я зноў засумняваўся. А потым з Чэсікам усё на час зноў нармалізавалася, і вакантных месцаў у “Песнярах” ужо не было. У 1976-м я з’ехаў да Ратару, у яе ансамбль “Червона рута”. Увесь год я там набіваў руку — працаваў і з прыцэлам на “Песняры”. І прыйшоў у іх у 1977-м — на месца Юры Дзянісава.

— Карыстаючыся тэорыяй Эдуарда Ханка, гэта быў час “другой хвалі” ансамбля, калі пайшлі вялікія формы, канцэптуальныя праграмы — кшталту абрадавых песень. Ці нармальна ўспрымаліся такія ідэі Мулявіна музыкантамі калектыву, прызвычаенымі да фольк- і поп-песень? Не бурчэлі — услых альбо пра сябе?

— Ні ў якім разе! Тады ўсё яшчэ грымела рок-опера “Ісус Хрыстос — суперзорка”, толькі што з’явілася першая савецкая зонг-опера “Арфей і Эўрыдыка”. Цікава было і нам сябе паспрабаваць у такой музыцы. У “Песні пра долю” я спяваў арыю Восені (змяніўшы Дзянісава), у “Гусляры” быў у свіце Князя. Ніякай унутранай апазіцыі з прычыны гэтых буйных формаў не з’яўлялася. Наадварот, пры ўяўнай іх манументальнасці, там было дзе паiграць, на канцэртах даць выхад музыкальнай свабодзе, імправізацыі. Багацце інструменталу дазваляла.

— Вось, дарэчы, амаль пра гэта. Вы ж вядомы знаўца і збіральнік джазу. У “Песнярах” гралі музыканты, якім ён быў не чужы — Гілевіч, Ткачэнка, Палiвода, Бярнштэйн, Эскін... Уладзіміра Георгіевіча не спрабавалі ўцягнуць у гэты стыль? Пагатоў, у 1970-я джаз-рок і фьюжн былі на піку папулярнасці ў свеце...

— Дык і ў “Песні”, і ў “Гусляры” былі элементы гэтага! Іншая справа, што Мулявін ніколі б цягам доўгага часу не стаў бы з тымі напрамкамі эксперыментаваць: ён, па-мойму, наогул недалюбліваў джаз. Але калі ў ансамблі працавалі Ткачэнка, Палiвода, Растопчын, мы нешта такое ў аранжыроўках дазвалялі сабе, “разнявольваліся” — і Мулявін скрозь вусы прымаў гэта. А потым ішла крытыка — і ад прафесіяналаў, і ад публікі: маўляў, навошта гэта нам? Маўляў, спяваеце народныя песні і эстраду — ну і спявайце, у вас выдатна атрымліваецца.

— Мой папярэдні “песняроўскі” суразмоўца Уладзіслаў Місевіч выконваў у калектыве і адміністрацыйныя функцыі. А вы якую дадатковую ношку ў ім неслі?

— Дакладней, ён быў адміністратарам па дысцыпліне. Не выпадкова ж у яго мянушка Змей. Ён — бы лепрыкон, які ахоўваў гаршчок з золатам — гэтаксама ахоўваў здароўе Уладзіміра Георгіевіча, засцерагаў яго ад рэчаў, якія не мелі непасрэднага дачынення да творчасці. Валодзя нікога не браў на працу сам і нікога сам не выганяў з ансамбля. Усё гэта ён даручаў Місевічу. А Улад “сваімі рукамі” таксама нікога не хацеў выганяць, таму за дысцыплінай і сачыў, імкнучыся, па магчымасці, выкарыстоўваць прэвентыўныя меры.

Але цяпер мы з яго гэтую казармшчыну выбілі, і ён зрабіўся наймілым чалавекам. Разумным, начытаным — у цягніках абкладзецца газетамі і часопісамі і ўсю дарогу чытае. Сам пісьменнікам стаў — не ведаю, праўда, колькі ў кнізе ён напрыдумляў. У яго ж памяць выбарчая: тое, што было ўчора, ён ужо не памятае, тое, што трэба зрабіць заўтра, ён каго-небудзь просіць запісаць на паперы. А вось тое, што адбывалася паўстагоддзя таму, — у падзеях, прозвішчах, датах — памятае, аказваецца, выдатна.

А маё амплуа ў “Песнярах” — гэта сольныя песні і спевы ў “пачках” — шматгалоссе, праца з вакалістамі, аранжыроўка і iгра на альце. Хоць я да сваіх вакальных дадзеных і тады ставіўся без піетэту, і цяпер.

— Нічога сабе! Многія ішлі канкрэтна “на Дайнеку”, калі вы спявалі ў “Песнярах”, ды і сёння менавіта на вас ідуць — хай не пакрыўдзяцца на мяне астатнія ўдзельнікі “Беларускіх песняроў”. Тая ж гісторыя была, і калі вы ў Міхаіла Якаўлевіча Фінберга працавалі.

— Я так думаю, што на “Песняроў” і Мулявіна прыходзіла як мінімум палова залы. Частка — на Барткевіча і “Песняроў”; частка — на Кашапарава і “Песняроў”; на Пеню; на Дзямешку, напэўна. Ну і на Дайнеку трошачкі. Наогул, мне пашанцавала з рэпертуарам, таму што Валодзя мяне шкадаваў і абы што не даваў выконваць. І заўсёды са мной раіўся — ці змагу я тое ці іншае праспяваць. Ён жа разумеў, чуў, што я не такі ўжо выбітны вакаліст, што з маім голасам трэба быць акуратней.

— Да амплуа вяртаюся. Я трошкі іншае меў на ўвазе. Напрыклад, гітарыст — яшчэ і хакейны фанат, бубнач збірае маркі...

— А я збіраю джаз, як вядома. І грыбы. І лаўлю рыбу. Але акрамя мяне, іншых грыбнікоў і рыбакоў у “Песнярах” не было. Ну, можа Алік Кацікаў трошачкі.

— А сябры ў ансамблі былі? Не прыяцелі, не калегі, а так, каб можна было паплакацца ў камізэльку, папрасіць парады па вельмі важным пытанні?

— Там жа такая цякучка была — толькі паспяваў, нібыта, з адным пасябраваць, як ён ужо сыходзіў. Як Валера Галаўко, напрыклад. У прынцыпе, у мяне амаль з усімі былі сяброўскія адносіны. Акрамя аднаго — двух чалавек, з ліку “зорак” — там выключна з-за пэўных чалавечых якасцяў разыходжанні былі.

— З “Песняроў” вы сышлі ў 1992-м...

— У 1993-м, да Фінберга. 17 гадоў аддаў “Песнярам”.

— У які з перыядаў вам у іх працавалася ў самы кайф?

— Калі там працавалі Гілевіч, Ткачэнка, Палiвода, Дзямешка, Бяляеў, Пеня, крыху пазней — Бярнштэйн і Растопчын. Час быў творча вельмі цікавы, я тады якраз шмат аранжыроўкамі займаўся. А калі іх было рабіць — мы ж па тры канцэрты ў дзень гралі? Вось уночы ў гатэлі і пісаў. А раніцай Валодзя пытаўся: “І дзе голас? Не спаў, ці што? Ноччу трэба спаць...” Але асалода ад атрыманага выніку апраўдвала ўсе гэтыя чуванні.

— Валерый Сяргеевіч, калі пафантазіраваць і ўявіць сабе, што канфлікт з Мулявіным вырашыўся ў станоўчым ключы… Ці маглі б вы працягваць з ім плённае супрацоўнітва?

— Я зараз жорсткую рэч скажу. Можаце са мною спрачацца, але гэта маё меркаванне. З таго моманту, калі ў 1993 годзе ад Мулявіна сышла частка музыкантаў, і да моманту перамоў з ім праз Міністэрства культуры — пра магчымасць аднаўлення супрацоўніцтва з Мулявіным часткі “старой гвардыі” — прайшло пяць гадоў. За гэты час з Валодзем у творчым плане станавілася ўсё горш.

— Што для вас “Песняры”?

— Гэта доўгі жыццёвы шлях — і радасны, і пакутлівы. Цяпер, напэўна, і наогул можна сказаць, што гэта ўсё маё жыццё, нават пры наяўнасці “Беларускіх песняроў”. Дакладней, уключаючы іх. Гэта З’ява і ў савецкай, і ў постсавецкай музыцы… I гэта лёс Чалавека, які стварыў іх, гадаваў, выхоўваў, адстойваў, адбіваў ад ворагаў, прыводзіў да перамог. І якi застанецца разам з ансамблем назаўжды ў гісторыі былой вялікай краіны і Беларусі.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"